Беларусь рыхтуецца да выбараў

Да прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі застаецца менш за два месяцы. Але, як лічаць некаторыя з магчымых кандыдатаў, яны могуць скончыцца не пачаўшыся. Падставамі для такіх высноваў ёсьць шматлікія факты ціску й наўпростых пагрозаў сябрам ініцыятыўных групаў. Людзей, асабліва ў раёнах, папросту запалохваюць і прымушаюць спыніць працу. Ёсьць раёны, дзе ня можа працаваць ніводзін чалавек.

На сёньня вядомыя наступныя прэтэндэнты на кандыдатаў у прэзыдэнты: Сяргей Антончык, Сяргей Гайдукевіч, Уладзімер Ганчарык, Юры Данькоў, Сямён Домаш, Леанід Калугін, Сяргей Калякін, Канстанцін Канановіч, Яўген Крыжаноўскі, Валеры Леванеўскі, Аляксандар Лукашэнка, Міхаіл Марыніч, Мікалай Мякека, Зянон Пазьняк, Валянцін Сямак, Леанід Сініцын, Сяргей Скрабец, Віктар Цярэшчанка, Міхаіл Чыгір, Аляксандар Ярашук. Адзіная жанчына-прэтэн-дэнт, дачка былога беларускага камуністычнага сакратара Натальля Машэрава "па падказцы" Лукашэнкі ўжо зьняла сваю кандыдатуру, бо мела даволі высокі рэйтынг і магла адняць ад таго частку ягонага электарату. Цяпер трэба чакаць адыходу ад кампаніі другіх адносна папулярных кандыдатаў блізкіх паглядамі да сёньняшняга ўзурпатара. Калі з хаўрусьнікамі ўлады будуць змагацца ўгаворамі, то дэмакратычных кандыдатаў будуць адкідваць больш гвалтоўнымі шляхамі.

Магчымыя кандыдаты ў прэзыдэнты, якія супрацоўнічаюць з Каардынацыйнаю Радаю Дэмакратычных Сілаў павінны будуць да 15-га ліпеня вызначыцца з адзіным прадстаўніком, каб тады пачаць усім разам працаваць на яго. Зрабіць гэта раней ім не дазвалялі амбіцыі, але цягнуць з гэтым часу няма. Калі кандыдаты не дамовяцца, то гэта зробіць сама КРДС