Дэлегацыя беларускай дыяспары ў Вашынгтоне

30-31-га траўня ў Вашынгтоне адбыўся шэраг сустрэчаў прадстаўнікоў беларускае грамады Амэрыкі з афіцыйнымі асобамі ўраду ЗША і функцыянэрам кангрэсавай камісіі па бясьпецы й супрацоўніцтву ў Эўропе (Гэльсінская камісія). Мэтай сустрэчаў было падвысіць увагу ўладаў ЗША да праблемаў Беларусі, а таксама двухбаковыя кансультацыі ды інфармаваньне аб найбольш надзённых патрэбах у справе абароны незалежнасьці й дэмакратыі ў Беларусі.

У склад беларускае дэлегацыі ўваходзілі старшыня нью ёрскага аддзелу БАЗА сп. Віталь Зайка, каардынатар Кааліцыі ў абарону дэмакратыі й правоў чалавека ў Беларусі сп-чня Алеся Кіпель і др. Янка Запруднік, які рэпрэзэнтаваў Беларускі Інстытут Навукі і Мастацтва.

У Радзе Нацыянальнае Бясьпекі (РНБ, структура ў складзе адміністрацыі прэзыдэнта ЗША) адбыліся сустрэчы з загадчыкамі аддзелаў РНБ Джонам Тыдстромам і Маркам Бжэзінскім, а таксама з прадстаўнікамі Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Джынам Фішэлам і Джонам Армстронгам. Беларускія прадстаўнікі распавялі пра дзейнасьць сваіх арганізацыяў і беларускае дыяспары наогул у справе падтрымкі змаганьня беларускіх дэмакратычных сілаў супраць дыктатуры Лукашэнкі й расейскага экспансіянізму. Яны перадалі мэмарандум, у якім выкладзеныя прапановы пра больш актыўную падтрымку Злучанымі Штатамі дэмакратычнай апазыцыі ў Беларусі й мераў узьдзеяньня на рэжым у Менску і на Расею, як на краіну, што падтрымоўвае гэты рэжым. Беларускія прадстаўнікі выказалі мэтазгоднасьць падняць пытаньне аб спыненьні расейскае падтрымкі для рэжыму Лукашэнкі падчас маючай адбыцца сустрэчы прэзыдэнтаў Клінтана і Пуціна, а таксама шэраг іншых мераў. Яны адзначылі недапушчальнасьць запалохваньня Лукашэнкам беларускае апазыцыі і выказалі спадзеў на хуткія і цьвёрдыя захады ўраду ЗША ў гэтым пытаньні.

Мэмарандум і выказваньні прадстаўнікоў беларускае дыяспары былі з разуменьнем сустрэтыя суразмоўцамі, якія падкрэсьлілі неабходнасьць супрацоўніцтва і кансультацыяў з беларускай дыяспарай. Было адзначана, што амэрыканскія ўлады зырка назіраюць за ходам падзеяў у Беларусі, абсалютова здэтэрмінаваныя на падтрымку незалежнасьці Беларусі і здаюць справу з пагрозы ёй з боку шавінстычных колаў Расеі. ЗША працуюць у справе Беларусі ў шчыльным кантакце са сваімі эўрапейскімі аліянтамі і зьбіраюцца зрабіць шэраг больш рашучых крокаў для ўплыву на сытуацыю вакол Беларусі. Было адзначаная важнасьць кантактаў зь беларускай апазыцый.

У Дзяржаўным дэпартаманце беларуская дэлегацыя сустрэлася з амбасадарам Дэніэлам Фрыдам, дарад-цам дзяржсакратара па справах краін СНД, і з амбасадарам Гаралдам Коу, намесьнікам сакратара па дэмакратыі й правох чалавека. Было падкрэсьлена, што менавіта цяпер ёсьць крытычны час для фармаваньня стаўленьня Расеі да рэжыму Лукашэнкі, і амэрыканская рэакцыя на расейскую падтрымку яго будзе мець далёка сягаючыя наступствы. Беларускія прадстаўнікі адзначылі таксама этнацыд беларускае мовы і культуры ў Беларусі, падкрэсьлілі важнасьць спыненьня яго й абароны нацыянальных каштоўнасьцяў як неад'ёмнага складніка беларускае незалежнасьці.

Адбыўся шчыры абмен думкамі, у выніку якога канстатавалася ўзаемнае разуменьне праблемаў і патрэба ў далейшых кантактах. Было заяўлена, што прапановы амэрыканскіх беларусаў будуць вывучаныя і ўжытыя пры далейшым фармаваньні амэрыканскай палітыкі ў дачыненьні да Беларусі.

Дэлегацыя таксама сустрэлася са спэцыяльным дарадцам кангрэсавае Гэльсінскае камісіі сп. Арэстам Дэйчаківскім, які адзначыў важнасьць захаваньня незалежнасьці дэмакратычнай Беларусі як элемэнта ста-більнасьці ў Эўропе і азнаёміў з перадгісторыяй распрацоўкі рэзалюцыі № 304, ініцыяванай С. Гайдэнсонам, а таксама накідаў заканадаўчых ініцыятываў Хэлмса й Дурбіна. Прадстаўнікі беларускае дыяспары выказалі падзяку й заклікалі працягваць намаганьні ў справе ўсталяваньня дэмакратыі і свабоды ў Беларусі.

Па выніках сустрэчаў беларускіх прадстаўнікоў у Вашынгтоне 1-га чэрвеня выйшаў прэс-рэліз.

В. Зайка