АКЦЫІ БЕЛАРУСАЎ АМЭРЫКІ Ў ВАШЫНГТОНЕ

25-га сакавіка ў Вашынгтоне перад будынкам амбасады Рэспублікі Беларусь па адрасу 1619 Нью Гэмпшар Авеню адбылася дэманстрацыя пратэсту прадстаўнікоў беларускай грамады Амэрыкі супраць злачыннай палітыкі рэжыму Лукашэнкі, якая скіравана на этнацыд беларускага народу й ліквідацыю ягонай сувярэннай дзяржавы, а таксама супраць умяшаньня кіруючых колаў Расеі ва ўнутраныя справы Рэспублікі Беларусь. На працягу двух гадзін беларусы рознага веку, пераважна моладзь, з штатаў Нью Ёрк, Нью Джэрзі, Масачусэц і сталіцы - Вашынгтону, гучна выказвалі сваё абурэньне пануючым у Беларусі рэжымам і ягонай палітыкай. Дэманстранты скандавалі лёзунгі па-беларуску й па-ангельску: "Далоў Лукашэнку", "Беларусь-так! Лукашэнка-не!", "Жыве Беларусь!". Луналі дзясяткі бел-чырвона-белых нацыянальных сьцягоў. Дэманстранты трымалі плякаты з надпісамі па-беларуску й па-ангельску за незалежнасьць і дэмакратыю ў Беларусі, супраць дыктатуры, мінакам раздаваліся ўлёткі з выкладам мэтаў акцыі ды значаньня даты 25-га Сакавіка.

Перад дэманстрантамі выступіў Старшыня Галоўнай Управы Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня сп. Антон Шукелойць. Ён павіншаваў узельнікаў з найвялікшым нацыянальным сьвятам беларускіх людзей - Днём Неза-лежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. У сваім слове ён адзначыў, што словы "пасольства Рэспублікі Беларусь" на шыльдзе прыгожага будынку амбасады, нажаль, не адпавядаюць рэчаіснасьці. Дзякуючы антынароднаму рэжыму Беларусь фактычна ня мае сваёй зьнешняй палітыкі, выкон-ваючы дырэктывы маскоўскіх гаспадароў, і ад беларускіх дыпляматаў не пачуеш беларускага слова. Таму сёньня гэтае "пасольства"-фактычна філія амбасады Расеі. Але белару-сы ў Амэрыцы, разам са сваімі братамі й сёстрамі на Баць-каўшчыне, змагаюцца й будуць далей змагацца за ідэалы 25-га Сакавіка, за вольную, дэмакратычную й незалежную Беларусь. І надыйдзе дзень, калі беларускія амбасады ў сьвеце стануць сапраўды беларускімі, рэпрэзентуючы інтарэсы нашага народу, а не ўзурпатараў ці суседніх дзяржаваў.

Да дэманстрантаў і да супрацоўнікаў амбасады зьвярнуўся са словам сп. Зянон Пазьняк, старшыня КХП Беларускага Народнага Фронту "Адраджэньне". Ён павіншаваў прысутных са сьвятам і адзначыў, што Дзень 25-га Сакавіка, ідэалы незалежнасьці й свабоды накладаюць абавязкі на кожнага беларуса й грамадзяніна Беларусі, на якім баку палітычных падзелаў ён не знаходзіцца. Рэжым Лукашэнкі ня вечны, ён ужо пачынае хістацца, і таму кожны супрацоўнік рэжыму мусіць задумацца, з кім ён, і працаваць на карысьць Бацькаўшчыны, а не рэжыму. Сп. Пазьняк адзначыў, што 25-га Сакавіка 1918 году ёсьць самая значная для беларусаў падзея 20-га стагоддзя, і змаганьне за незалежнасьць як ніколі актуальнае сёньня, у 21-м стагоддзі.

Урачыста прагучэлі гімны: нацыянальны - "Мы выйдзем шчыльнымі радамі", і рэлігійны - "Магутны Божа". Была прачытаная рэзалюцыя мітынгу, якую потым перадалі сэнатарам і сябрам Кагрэсу ЗША, ва ўрадавыя ўстановы.

Затым дэманстранты правялі дэманстрацыю пратэсту супраць расейскага імпэрыялізму й плянаў анэксіі Беларусі перад расейскай амбасадай на Вісконсын Авеню ў Вашынгтоне. Уздож вялізнага блёку будынкаў расейскай амбасады былі расстаўленыя плякаты "Не - расейскай анэксіі", "Расея! Прэч рукі ад Беларусі!", "Амэрыка, не кармі імпэр-скай Расеі"", "Прэзідынт Буш, спыні крэдыты расейскаму імпэрыялізму!" Дэманстранты скандавалі адпаведныя лёзунгі, якія чулі шматлікія расейцы, што жывуць пры амбасадзе, і што заходзілі й выходзілі праз яе вароты.

Па дарозе, непадалёк ад Белага Дому, удзельнікі акцыі сфатаграфаваліся перад помнікам нашаму слаўнаму земляку генэралу Т. Касьцюшку й ушанавалі яго памяць.

Віталь Зайка

На здымках: беларускія акцыі пратэсту каля беларускай і расейскай амбасадаў у Вашынгтоне.