З А Я В А

АД ГАЗЭТЫ "БЕЛАРУС" ДА СЯБРОЎ БАЗА, ПРЫХІЛЬНІКАЎ ДЫ ПАДПІСЧЫКАЎ

Дарагія сябры! Як Вы заўважылі, а лісты да нас былі довадам таму - газэта "Беларус" нейкі час не выходзіла. У 50-ці гадовым стажы "Беларуса" быў гэта ня першы вымушаны перапынак. Гэтым разам застой-перапынак быў выкліканы прычынай фінансава й насамперш - трэба было расплаціцца з запазычанасьцяй, дапасавацца да новае тэхнічна-адміністрацыйнае рэальнасьці ды ашацаваць нашую пісацка-пісьменьніцкую базу. Не забывайма, што ні піянераў газэты, ні шматлікіх іх наступнікаў ужо няма, газэта блізіцца да 500 нумару ды жыцьцё беларускае крочыць наперад.
Дык вось! З задавальненьнем паведамляем, што пэрыяд затрымкі газэты перажыты. Неўзабаве адновіцца выданьне "Беларуса" з памаладзеўшай рэдакцыяй, у адноўленым стане, з улучаным у газэту бюлетэнем "Весткі й Паведамленьні".
Праўда, мусім адразу выказаць папярэджаньне - калі мы ў Нью Ёрку памаладзілі рэдакцыю, знайшліся маладыя рэдактары, якія ўзялі на сябе адказнасьць вядзеньня адзінага воргану-люстра беларускае дзейнасьці ў дыяспары - фінансавая адказнасьць за выданьне газэты ляжыць на Беларускай грамадзкасьці. Выдаўцы й супрацоўнікі чакаюць ад Вас - грамады - фінансавага высілку, каб сфармаваць Фонд "Беларуса" ды забясьпечыць газэце жывучасьць. Падтрымкі гэтае ад грамадзтва мы чакаем неадкладна.
Плянуем выдаваць газэту месячна, як і раней, і дзеля гэтага заклікаем асяродкі й прыватных сяброў дасылаць нам хроніку, агляды беларускае дзейнасьці й артыкулы.