Зацемкi на маргiнэсе найноўшае гiсторыi
Новыя імёны да бiябiблiяграфiчнага даведнiка
«Беларускiя пiсьменнiкi»

Лявон Юрэвiч
Нью Ёрская Публiчная Бiблiятэка

Шасьцiтамовiк даведнiка «Беларускiя пiсьменнiкi» меў на ўвеце сабраць зьвесткi пра ўсiх пiсьменьнiкаў, узбагацiўшы бiяграфiчныя дадзеныя бiблiяграфiяй. Як зазначалi па выхадзе выданьня аўтары, матэрыял зьбiраўся ў адзiн гiстарычны час, пiсаўся ў другi, а выдадзены быў у трэцi, што не магло не адбiцца на фармулёўках, трактаваньнi пiсьменьнiкаў, iхных твораў, мастацкiх i жыцьцёвых credo. Зьмены – нават у дачыненьнi да памеру бiяграфiяў, павелiчэньня ліку пэрсаналiяў – бачныя пры параўнаньнi першага тому й дадатку, зьмешчанага напрыканцы шостага тому. Зрэшты, гэта нармальная зьява для постсавецкага грамадзтва, i сёньня, пэўна, фармулёўкi былi б зьмененыя наноў. Iншая справа, што бiблiяграфiя магла быць дакладнейшай: у дачыненьнi да пiсьменьнiкаў-эмiгрантаў гэта часьцяком значыць – ня скончанай на перадваенных гадох. У пераважнай большасьцi выпадкаў зазначаны толькi асобныя зборнiкi (да таго ж – у бiяграфiчнай, а не бібліяграфічнай частцы). Тут можна зразумець складаную сытуацыю аўтараў даведнiка: праца зь некамплектнымi зборамi пэрыёдыкаў, адсутнасьць даведкавай лiтаратуры, бiблiяграфiяў. Росьпiс такiх выданьняў – нялёгкая справа нават для заходнiх установаў, якiя маюць немалыя зборы, архiвы, калекцыi. (Заўважым, што такая праца ўжо вядзецца ў Беларускiм Iнстытуце Навукi й Мастацтва, i неўзабаве можна будзе спадзявацца на поўную бiблiяграфiю эмiграцыйнай пэрыёдыкi).
У дадатак даведнiка трапiлi шмат якія прозьвiшчы пiсьменьнiкаў-эмiгрантаў, якiя па розных прычынах не былi ўключаныя ў папярэднiя тамы. Але, натуральна, таксама ня ўсе: пра кагосьцi зь пiсьменьнiкаў адсутнiчалi бiяграфiчныя зьвесткi, хтосьцi ня быў згаданы выключна праз рэдактарскi недагляд (прамiнулi ж нейкiм чынам прозьвiшчы неэмігрантаў Аляксея Каўкi й Рыгора Родчанкi), а чыёсьцi прозьвiшча наагул было невядомае. Сярод такiх новых (новых для даведнiка, але нiяк не для гiсторыi лiтаратуры!) iмёнаў можна назваць Рамуальда Карнасевiча, Мiколу Вярбу (Сiльвановiча), Юрку Жывiцу (Попка), Уладзімера Брылеўскага, Янку Палоннага, публікацыі пра якiх зьявіліся зусім нядаўна, – а таксама немалы сьпiс iншых літаратараў – складаньне іхных бiяграфiяў яшчэ наперадзе.
Задача ж гэтай публiкацыi – сьцiплая: зьвярнуць увагу толькi на чатыры імені з тых, што не зафiксаваныя ў даведнiку: айца Льва Гарошкi, Сяргея Хмары, Апалёнii Савёнак, Вольгi Таполi.