Сяргей Хмара

Неяк у лiсьце да Юркі Вiцьбiча Антон Адамовiч, спрабуючы вызначыць месца паэта Паўлюка Шукайлы ў лiтаратуры й – шырэй – у беларускай справе, прапанаваў назваць гэткi тып нацыянал-авантурыстам. Пэўна, нацыянал-авантурыстам можна назваць i Сяргея Хмару.
Пра постаць гэтага пiсьменьнiка, грамадзкага дзеяча ўжо даводзiлася пiсаць раней. Але вось выйшла кнiга «Сяргей Хмара» Андрэя Чэмера – чалавека, якi на працягу свайго жыцьця не парываў сувязi з сваiм героем, блiзкiм сябрам i паплечнiкам. I кнiга – на дзiва – засьведчыла, наколькi ён мала можа расказаць пра лёс С. Хмары, асаблiва ў даваенны час. Гэтым i была паклiканая неабходнасьць зьвярнуцца яшчэ раз да асобы Хмары, у прыватнасьцi, надрукаваць ягоную аўтабiяграфiю «Кароткiя данныя аб сабе» – пры ўсёй спрэчнасьцi, а часам i неверагоднасьцi пададзеных там зьвестак. Патрэба тлумачыцца адным бясспрэчным фактам: iмя Сяргея Хмары застанецца ў гiсторыi беларускай лiтаратуры й гiсторыi нацыянальнага руху.
Гэта, як выглядае, было зразумела яшчэ ў 1944 годзе, калi газэта «Беларускi Работнiк» запачаткавала рубрыку «Сучасныя беларускiя паэты». Адзiн з нарысаў – побач зь iншымi, прысьвечанымi Ўл. Дудзiцкаму, М. Сяднёву, А. Салаўю – быў пра яго. Аўтар невялiкага артыкулу, Л. Нiчыпарук пiсаў:
Жыцьцё i творчасьць Сяргея Хмары непарыўна зьвязаныя зь беларускiм вызвольным змагаьнем. Ужо ў першых творах Хмары моцнымi тонамi гучаць змагарныя матывы. Яны зьяўляюцца характэрнымi для ўсяе творчасьцi песьняра. Гэта пясьняр змаганьня, у якiм ён iдзе ў першых радох. ... У першых ужо творах Хмара выдзяляецца спамiж iншых заходня-беларускiх паэтаў сваёй тэматыкай. Яна, як мы ўжо зазначылi, чэрпаецца пераважна з таго бурнага змаганьня, якое вядзе беларускi народ пад Польшчай. Гэтае зьблiжэньне да жыцьця, да таго, чым жыў народ, робiць Хмару папулярным i агульнаведамым песьняром Заходняе Беларусi.
У час вайны С. Хмара быў дырэктарам Слонiмскай бiблiятэкi, у Камiтэце Самапомачы загадваў аддзелам культуры й прапаганды. Пазьней займаўся кальпартажам прэсы, працаваў у «Слонiмскiм Кур'еры», «Баранавiцкай Газэце», нават адчынiў сваю невялiкую кнiгарню.

У зборнiку «Жураўлiным шляхам» хапае радкоў, што нiбыта пацьвярджаюць напiсанае Л. Нiчыпаруком:
I хоць рваныя словы,
Кантаватасьцi скрозь, –
Час, стагодзьдзi што ломiць,
ў нашы вершы урос.

Але й гэты, наступны верш – з таго самага зборнiку:
Неба начой было яснае.. яснае!
Белае.. белае! – як малако!
Недзе жалезам дзьверы заляскалi,
Сэрца жалезам зьбяжалася ў ком.
Шыбы ў вокнах раптоўна завойкалi,
Глуха зьвярыны палiўся ў ноч стогн.
Чуеш! – безь плачу! – трэба быць стойкаю!
ў сэрца хоць ўбiты асьцён.
Неба начой было яснае.. яснае!
Белае, белае – як малако!
Недзе жалеза затворамi ляснула.
Сумна зайржаў ў хляве конь.

Ён быў розным, гэты Сяргей Хмара. Калi прыбраць непатрэбныя клiчнiкi – зь вершаў i жыцьця, якiмi ён сябе ды iншых глушыў, застанецца паэт, паэт-нацыяналiст, паэт-партызан. Няхай i авантурыст.
А ўсё ж не! Не вярнулiсь назад!
Хоць спаткалi нас злосныя сыкi.
Горда вулiц каменьне таптала лаза,
Бо за намi ён, Волат Вялiкi!
Не вярнулiсь назад! Свой рабiнавы хмель
Рассыпаючы мiж камянiцаў.
I буяны наш подых сялянскiх асель
Рве ляды зьледзянелай сталiцы.

Сяргей ХМАРА

КАРОТКIЯ ДАНЫЯ АБ САБЕ

Нарадзiўся ў 1905 годзе ў Адэсе, куды мае бацькi выэмiгравалi на працу зь Беларусi.
Бацька паходзiў зь вёскi Задвор'е Казлоўшчынскай воласьцi на Слонiмшчыне. Мацi – зь вёскi Нарбутовiч на Дзятлаўшчыне Наваградзкага павету (Магдалена з Шымукоў). Пасьля, як мне было пяць год, бацькi пераехалi ў Варшаву, дзе бацька служыў на пошце. Падчас Першай Сусьветнай вайны эвакуавалiся да Казанi, пасьля жылi ў Растове-на-Дану i ў Варонескай губэрнi, дзе ў 1918 годзе бандыты забiлi бацьку. Жывучы там, я знайшоў часапiс «Саха» зь дзiўнай для мяне мовай. Ня мог правiльна прачытаць словы. Мацi папраўляла, i так дазнаўся, што гэта беларуская мова й што мы беларусы.
Па забойстве бацькi мацi выбралася з намi, я й малодшая на сем год Нiна, на Беларусь. Iшла вайна. Цягнiкi дайшлi толькi да Дзьвiнска. Зь Дзьвiнска трапiлi возам да Эжэрэнаў у Лiцьве. Перахварэлi там на тыф. Пакiнуўшы клумкi зь везенымi рэчамi, пайшлi пехатою дабiвацца на бацькаўшчыну. Галодныя дабiлiся да Вiльнi, адтуль эвакуiцыйным цягнiком далей i пехатой да хаты ў Казлоўшчыне. Хата без страхi, бяз мэблi, без вакон. Латалi чым маглi. Печ палiлi сечаным ялаўцом і алешнiкам. Печ распарылася й завалiлася з комiнам. Сядзелi ў курной хаце, бо не было за што выставiць новы комiн. Тры гады ня бачылi хлеба, а нават бульбу рэдка. Зiмой хадзiлася зь сякерай i рубiлася выкiнутую мёрзлую бульбу зь ямаў у мясцовым маёнтку. Мацi хадзiла да багатых сялян на падзёншчыну за гарнец жытняй мукi цi кошык бульбы. Я наняўся пасьцi ў шляхцiча кароў. Хадзiў босы, бо нават лапцяў ня ўмеў сабе сплесьцi, а халявы на боты, што прынёс з сабой, мусiлi прадаць i купiлi за гэтае цяля-гадунца, зь якога з часам выгадавалi карову. Летам было добра, але на восень, калi буйны шрон пакрываў палi, пакуль сонца не прыгрэе, ногi дубелi, што хадзiлася як на дзеравяных, а потым пры адаграваньнi нясьцерпны боль. Чуць не памёр, наеўшыся хлеба з жалудоў i цёртай асiнавай кары ды верасу. Атрымаў курыную сьлепату й з заходам сонца зусiм асьляпаў. Хадзiў амацакам. Потым дастаўся на працу ў маёнтак; за пратэст, што не даюць амаль паўдзённага перапынку, выкiнулi й не хацелi нават выплацiць заробленага, а калi пачаў спрачацца ў прысутнасьцi купы работнiкаў, ён пiхнуў мяне з ганку. Схапiўшыся на ногi, у гарачцы схапiў вялiкi камень i шпурнуў у аканома. Была палiцыя, але грошы выплацiлi. Пайшоў касцом на касавiцу ў другi маёнтак, але плацiлi нам толькi адзiн злоты ў дзень. Пастанавiлi страйкаваць, дамагаючыся двух злотых. Мяне, вядома, як больш пiсьменнага, выставiлi дэлегатам. Палiцыя. Мянушка камунiста. Людзi трымалiся. Страйк выйгралi, але мяне выкiнута. Дзеля людзей, першы раз правёўшых i выйграўшых страйк, баранiць страйкам i свайго выкiнутага дэлегата было замнога! Пайшоў на будову дарогi. Зноў страйк i зноў я мусіў быць прадстаўнiком страйкуючых. Арыштавана як арганiзатара страйку, зноў работнiкi страйк выйгралi, атрымаўшы 50 адсоткаў падвышкi, мяне выкiнута на загад палiцыi як падбурвацеля, а праца пры дарозе была дзяржаўная. Будаваў яшчэ масты, працуючы пры ўбiваньнi слупой «бабай», а потым стаў памочнiкам агароднiка ў маёнтку «Падоле», бо знаўся на садаводзтве й гароднiцтве як аматар.
У 1921 годзе арыштаваны падчас вайсковай аблавы ў пошуках зброi.
У 1922 годзе кантактуюцца са мной прадстаўнiкi партызанскага адзелу БНР атамана Шэршня, прапануючы, каб я дапамог iм навязаць лучнасьць з кiраўнiцтвам, якое парвалася ў сувязi з арыштамi ў Беласточчыне й адыходам у Лiтву дзеючага Штабу 5-ай Групы Войскаў БНР, што знаходзiўся ў Белавескай пушчы. Еду да Варшавы з даручэньнем зьвязацца з пасламi Польскага Сойму Бараном цi Якавюком праз Рамуальда Зямкевiча, але гэтаму апошняму гаварыць, што патрабую паслоў у сялянскай справе процiў абшарнiка. Даручэньне выканаў, а разам пазнаёмiўся зь першым патрыётам-беларусам, да непрытомнасьцi ўлюблёным ува ўсё беларускае, дзядзькам Ромусем. Ён пазнаёмiў мяне й зь iншым выдатным нашым адраджэнцам, паэтам Гальляшом Леўчыкам. Чым гэта было для мяне, можна будзе зразумець, бо я тады ўжо прабаваў складаць свае першыя песьнi-вершы на папулярныя мэлёдыi. Праз Гальляша Леўчыка я пасьля ў 1924 годзе пазнаёмiўся з Рак-Мiхайлоўскiм i сэнатарам Уласавым i стаў сябрам Таварыства Беларускай Школы ў Вiльнi (старшыня тады С. Рак-Мiхайлоўскi) i Радашкоўскага Таварыства Беларускае Школы, якiм кiраваў Уласаў, бо Вiленскае ТБШ ня мела права дзеяць у нашым Наваградзкiм ваяводзтве.
У 1923 годзе арганiзую ўспамагаўчую групу партызанскага аддзелу Шаршня ў сваёй ваколiцы, а пасьля выдзяляемся ў асобны партызанска-паўстанчы аддзел Iскры (5-я Група Войскаў БНР). Аддзел Шаршня зьлiквiдаваны ў 1924 годзе палiцыяй. У 1925 годзе зьлiквiдаваны другi суседнi аддзел атамана Рудога. Мы засталiся адныя. Навязаны быў сталы кантакт празь мяне зь Беларускiм Пасольскiм Клюбам у Варшаве. Нам радзiлi лiквiдаваць збройную дзейнасьць, бо наш Соймавы Клюб мае намер хутка прыступiць да масавае легальнае працы на вёсцы.
У 1925 годзе выйшлi так званыя законы Грабскага аб праве меншасьцяў на свае прыватныя школы. Аднак калi Радашкоўскае Таварыства Беларускай Школы падало заявы на такiя школы, нягледзячы на пачатак школьных заняткаў, адказу ад ваяводзтва не атрымала. Тады пастаноўлена было зарганiзаваць такiя школы яўным парадкам без дазволаў. Я як прадстаўнiк ТБШ пачаў такую арганiзацыю школаў на ўсходняй частцы Слонiмшчыны, а М. Бурсэвiч на заходняй. Пасьпеў зарганiзаваць 12 школаў: падшукаць настаўнiкаў, зарганiзаваць сялян, каб правялi ў сваiх вёсках сходы з пастановамi адкрыць беларускiя школы й запрасiць адпаведных настаўнiкаў да iх. У нашых чатырох валасьцях аднаго дня пачало дзеяць 12 школаў, i ўсе дзецi пакiнулi польскiя дзяржаўныя школы. Улады спачатку хацелi змусiць сялян вярнуць дзяцей у польскiя школы страхам, накладаючы кару за кожны дзень адсутнасьцi дзiцяцi ў польскай школе пяць злотых (пуд жыта каштаваў тады два злотыя). Празь месяц, калi гэтае не памагло, палiцыя арыштавала ўсiх настаўнiкаў i некаторых старастаў вёскаў, а школьныя пакоi апячатана. Арыштавана й мяне як арганiзатара. Зьбiта дэфэнзывай, прычым перабiта зыкавую перапонку ў вуху. Сьледчы мусiў мяне звольнiць з турмы, бо доказаў, што я зарганiзаваў «нелегальныя» школы, не было, а быць прадстаўнiком ТБШ на сваю ваколiцу было легальным. Настаўнiкi на суду атрымалi па 3, 6 месяцаў турмы, а адна – год. Настаўнiца Шундрык атрымала ў турме сухоты й памерла па выхадзе на волю. Таму што сяляне й далей не пускалi дзяцей з паваротам да польскiх школаў, зьявiлiся сэквэстратары сьцягваць кары, забiраючы кажухi, каровы й iншае дабро. Сяляне сэквэстратараў папраганялi. Тады яны явiлiся з палiцыяй. У Лядзiнах адбыўся цэлы бой. Мусiлi выклiкаць войска. Беларускiя паслы ўнесьлi ў гэтай справе iнтэрпэляцыю* ў Сойме. Экзэкуцыя была спыненая.
Тыя законы прадбачылi права пасылаць лiсты па пошце ў нашых ваяводзтвах, адрасаваныя лацiнкай па-беларуску. Калi я зьявiўся й хацеў падаць у Вiльню да ТБШ замоўленае (заказное) пiсьмо з адрасам па-беларуску, пошта адмовiлася прыняць i на маё дамаганьне выконваць закон паклiкала палiцыю, якая мяне арыштавала й зьбiла. Беларускiя паслы злажылi зноў iнтэрпэляцыю ў Сойме ў гэтай справе. Пошту змусiлi прымаць такiя пiсьмы.
У 1924 годзе намовiлi сьвятара Казлоўшчынскага праваслаўнага прыходу Катовiча з амбону заклiкаць сялян, каб намагалiся беларускiх школаў i не пускалi моладзь у Беларускiя арганiзацыi. Польскiя ўлады пастанавiлi яго за гэта выселiць з Польшчы ў Гданск. Выклiкала гэта вялiкае абурэньне. Баючыся, што нашая партызанка яго адаб'е, бо такiя хадзiлi чуткi сярод сялян, а нашыя партызаны i ўзапраўду хацелi гэта зрабiць, польскiя ўлады прыслалi арыштаваць i вывезьцi з Казлоўшчыны сьвятара цэлы швадрон кавалерыi. Гэтак i вывезьлi яго ў суправаджэньнi двухсот вершнiкаў i палiцыi. Вызначылi новага сьвятара, былога белагвардзейскага афiцэра Баталiна, якi адразу пачаў выступаць з казаньнямi аб бандытах i iхных супольнiках ды камунiстах, што выдумалi нейкую беларускую мову. Намаўляў выдаваць прычасных да партызанкi палiцыi й наагул слухацца ўлады. Зь сялянамi паступаў, як з быдлам. Калi нешта хто меў да яго, не пушчаў на плябаню, мусiлi чакаць на панадворку. За шлюб гроб карову. На скаргi сялян да эпархii ў Гораднi не было адказаў, бо меў там «плечы».
Вернiкi зьвярнулiся да нас, асабiста да мяне, каб памаглi. З маёй iнiцыятывы заклалi Камiтэт Беларусiзацыi Царквы: настаўнiк А. Тарасюк – старшыня, я – сакратар, настаўнiк П. Коска – скарбнiк (усе дзейныя сябры партызанкi). Пайшлi да сьвятара ў нядзелю перад службаю й ад iмя камiтэту й парафiян зажадалi беларускiх казаньняў у царкве. Абзываючы нас бандытамi й камунiстамi, выгнаў з плябанi. У царкве, калi пачаў расейскае казаньне з выкрыкамi аб бандытах i камунiстах i нашым камiтэце, з народу адазвалiся выгукi: прэч расейскага правакатара, гавары па-беларуску. I ўсёй масай вернiкi выйшлi з царквы й тут жа на пагосьце зрабiлi веча, прыняўшы рэзалюцыю з патрабаваньнем выдаленьня папа-правакатара й беларусiзацыi царквы. Пакуль поп паведамiў палiцыю, веча разышлося. Рэзалюцыя й апiсаньне падзей паслалi да кансысторыi ў Гораднi й да вiленскiх беларускiх i польскiх газэт. Зрабiўся гук у прэсе. Перадрукавала й варшаўская. Кожную нядзелю рабiлiся дэманстрацыi ў царкве й пры царкве. Палiцыя не памагала. Кансысторыя была змушаная зьняць Баталiна й прыслаць нам беларуса. Гэта быў Сокал-Кутылоўскi, б[ылы] камандуючы Слуцкай Паўстанцкай Брыгадай. Царква была беларусiзавана. З амбону пачало заклiкацца аб патрэбе складаньня дэклярацыяў за беларускую школу й iншае.
Пры Баталiне быў нам прысланы дзяк – украiнец Алексiевiч, якi поўнасьцю разумеў нашыя нацыянальныя памкненьнi. Ён як з вышэйшай адукацыяй меў права выкладаць для праваслаўных вучняў у польскiх урадавых школах Закон Божы. Вось жа з мае iнiцыятывы, справадзiўшы беларускiя лемэнтары й Закон Божы ў беларускай мове, Аляксiевiч пачаў выкладаць падчас сваiх лекцый ня толькi па-беларуску, але праводзiў i навучаньне беларускае мовы ў чатырох школах. У канцы школьнага году (1924–1925) Алексiевiча па даносу кiраўнiцтва школаў у Гербелевiчах i Мiдзьвiнавiчах арыштавана за «тайнае» навучаньне беларускай мовы. Суд апраўдаў, бо Алексiевiч тлумачыўся, што мусiў вучыць беларускай кiрылiчнай абэцэды дзяцей, каб маглi чытаць кiрылiцай пiсаны Закон Божы. Але ўлады выдалiлi яго з Казлоўшчыны адмiнiстрацыйна.
Розгалас зь беларусiзацыяй царквы прыцягнуў увагу д-ра Паўлюкевiча, якi тады стварыў прапольскую арганiзацыю Беларускую Тымчасовую Раду з намерам зрабiць пасьля зьезд, на якiм выбраць Беларускую Нацыянальную Раду як прадстаўнiцтва Заходняй Беларусi. Паўлюкевiч быў знаёмы з Сокал-Кутылоўскiм па Слуцкiм паўстаньнi. Ён прыехаў да нас i запрапанаваў закласьцi аддзел ягонай Рады, што дасьць магчымасьць нам легальна дзеяць з забясьпекай ад арышту. Мы самыя шукалi выхаду, бо палiцыя наступала нам на пяты з нашай партызанскай, ужо замiраючай арганiзацыяй, бяз сувязi звонку. Мы рашылi замаскавацца ў Паўлюкевiча. Створана павятовы аддзел Тымчасовай Рады з Тарасюком як Старшынёй i мною як сакратаром ды выкапанай мною студэнткай Аленай Лябецкай. Залажылi 4 аддзелы «прасьветы», беларускую бiблiятэку. Паставiлi першыя канцэрты беларускай песьнi й драматычныя творы на сцэне.
Калi Паўлюкевiч паехаў на зацьверджаньне нас да ваяводзтва ў Наваградак, дык ваявода адмовiўся зацьвердзiць нас, бо мы былi на лiстах моцна падазроных у партызанцы, у камунiзме й наагул у авантурнiцтве. Паўлюкевiч давёў, што мы патрыёты, бо камунiсты не змагалiся б за беларусiзацыю царквы, а авантурызм – гэта, маўляў, паўната сiл i энэргii, якую ўласьне трэба абняць рамкамi ягонай арганiзацыi, ляяльнай да ўладаў, чым папусьцiць iх пайсьцi ў камунiсты перасьледам. Довады, казаў Паўлюкевiч, падзеялi, i нашая Рада была зацьверджаная. Калi даведалiся аб нашым кроку нашыя паслы ў Сойме, страшна нас скрытыкавалi за неразважны крок, якi дае карысьць палёнафiлам i можа ўплынуць у гэтым напрамку на мясцовае сялянства, якое ня можа ведаць нашых праўдзiвых тэндэнцыяў. Але калi наведалiся – спачатку Васiль Рагуля, а пасьля Сымон Рак-Мiхайлоўскi, прызналi нам рацыю, што трэба было так зрабiць, як зрабiлi. Мы аб'ядноўвалi каля соткi актывiстаў, маглi легальна зьбiрацца, дыскутаваць, чытаць, ставiць спэктаклi. Якось, слухаючы аб нашых паходжаньнях, захоплены Рак-Мiхайлоўскi ўскрыкнуў аба мне: «Вось сатана!» Так нарадзiўся неспадзявана мой псэўданiм, у сувязi з пасламi пазьнейшага Клюбу Грамады скарочаны на Сат.
Я ходаўся як найбольш моладзi выслаць у беларускiя гiмназіi Вiльнi, Клецка, Радашковiч. Паслалi мы iх 11 чалавек з Казлоўшчыны, у тым трох габраяў: двох братоў Кравецкiх i Валачынскага.
У 1925 годзе зьяўляюцца мае першыя вершы друкам у «Крынiцы». У Казлоўшчыне маем аж трох пачынаючых лiтаратуразнаўцаў: я, Мiхтар (Мiхась Тарасюк, празаiк) i Хаiм Кравецкі – беларускі паэта-габрай. У суседнiх Скрэндзевiчах трох паэтаў: Пiгулеўскi, Бякета й Бякецiк (дзядзька й пляменьнiк). Ня так далёка ў суседняй гмiне (Раготная) – М. Дубок (Язэп Сiняк). У Дзятлаўскай гмiне – Н. Жальба (Бяленка). Спрабавалi мы падняць i нашых каталiкоў на барацьбу за беларусiзацыю касьцёла ў Рандзiлаўшчыне. Сярод iх знайшлi каля 100 падпiшчыкаў на «Крынiцу». 120 асобнiкаў прыходзiла да нас агульнабеларускай газэты й 100 асобнiкаў паўлюкевiчаўскага «Беларускага слова», якое, на адмену ад iншых, не ішло на паасобныя адрасы, а на нашую Раду, а мы дзялiлi мiж сваiмi сьвядомымi сябрамi, а не пушчалi ў народ дзеля яе палёнафiльскага зьместу.
Мяне выклiкана ў 1925 годзе ў Варшаву й павядомлена, што нашая група паслоў пастанавiла залажыць асобны Пасольскi Клюб Беларускае Сялянска-Работнiцкай Грамады. Iмем нашае арганiзацыi, якая тады пачала мiж сабой называцца Незалежная Сялянская Група, укрываючыся пад шыльдай паўлюкевiчаўскай Рады, я дакляраваў поўную падтрымку й абяцаньне, што з момантам арганiзацыi Грамады на мясцох паслы могуць лiчыць за пэўнае 1000 сяброў у нашым раёне, што было прынята крыху як перахвалка, бо яны самi аблiчалi, што ўся арганiзацыя будзе мець якiх пяць тысяч сяброў. Зараз па афiцыяльным утварэньнi Грамады прыехаў да нас сьпешна наш часты госьць пасол Васiль Рагуля, якi да Грамады не ўвайшоў. Ён думаў, што мы пойдзем за iм у створаны iм i Ф. Ярэмiчам Сялянскi Саюз. Мы патрабавалi, каб ён або ўступiў у Грамаду, або мы парываем зь iм усе сувязi. Так скончылася мая дружба з Рагулем, бо ён мяне лiчыў закапёршчыкам.
Паўлюкевiч тым часам гатаваў зьезд у Вiльнi. Хацеў зрабiць гэта шырока й гучна, бо палякi далi грошы на бiлеты й на Кангрэс. Мы ж таксама гатавалiся да яго гучна. Нас ён лiчыў адзiнымi iдэоўцамi ў ягонай арганiзацыi, бо калi ён напачатку запрапанаваў нам грошы на арганiзацыю й аплату кожнага сябры Рады, мы з абурэньнем гэтае адкiнулi й асьведчылi, што працуем дзеля iдэi, а не для грошай, што яго вельмi ўразiла, i ён стаў нам вельмi верыць i паважаць, а нас брала агiда, што мы змушаныя былi быць з такiмi прадажнiкамi й пэцкацца.
Вось жа ён, ня маючы нiдзе прыхiльнiкаў, запрапанаваў нашай павятовай радзе ўзяць арганiзацыю дэлегатаў з суседнiх паветаў. Мы задакляравалi, што прывязем з сабой 200 дэлегатаў ад паветаў: Слонiмскага, Баранавiцкага, Наваградзкага й Лiдзкага. На сваiх паседжаньнях мы выпрацавалi пункты, дэклярацыю нашай Незалежнай Сялянскай Групы, якая мела быць пастаўленай на зьезьдзе. Яна галасiла аб патрэбе падзелу памешчыцкай зямлi, поўнага беларускага дзяржаўнага школьнiцтва, удзяржаўленьня беларускай мовы, супроць усякага супрацоўнiцтва з польскiмi ўладамi й права на самастаўленьне заходнебеларускага народу.
Усё гэтае мы парадкова ўпiсвалi ў кнiгу пратаколаў Рады, каб не закiнулi нам, што гэта тры групкi асоб звонкi. Склiкалi прышлых дэлегатаў i азнаямлялi iх з гэтымi пастановамi. На канец зьезду мы мелi агаласiць Тымчасовую Раду разьвязанай, выразiць вотуум недаверу д-ру Паўлюкевiчу й абвесьцiць Грамаду прадстаўнiчкай беларускага народу.
Тры днi перад зьездам мы атрымалi тэлеграму: «Зьезд адкладзены. Дэлегатаў спынiць. Еду». На ранiцу зьявiўся Паўлюкевiч. Зьявiўся данос: Хмара з 200 дэлегатамi едзе апанаваць зьезд i далучыцца да Грамады. Даносчык, наш дэлегат з Мураванкi, па даносе й атрыманьнi нагароды, скрыўся назаўсёды ў Горадню, баючыся партызанскай помсты. Разьяраны Паўлюкевiч патрабаваў кнiгу пратаколаў i, прачытаўшы iх, аж зароў аб здрадзе. Абвесьцiў аб лiквiдацыi нашага павятовага аддзелу Рады. На гэтым скончылася маё знаёмства з Паўлюкевiчам. Зьезд ён правёў на тыдзень цi два пазьней, усяго з 60 удзельнiкаў, сярод якiх i так пранiкла 10 нашых, якiя здолелi агаласiць сваю дэклярацыю аб Грамадзе й дэманстратыўна пакiнуць зьезд здраднiкаў. Палякi, пабачыўшы фiяска, па зьезьдзе Паўлюкевiча зьлiквiдавалi.
У 1925 годзе – сталы супрацоўнiк «Маланкi».
У маi 1926 году нарэшце атрымалi пастанову Грамады аб утварэньнi Цэнтральнага Сакратарыяту Грамады й прыступiлi да арганiзацыi на вёсцы. Я стаўся арганiзатарам i залажыў першы гурток Грамады ў Казлоўшчыне й наагул у Слонiмшчыне. Мой сяброўскi нумар быў 235. Разам на працягу паўгода залажыў 32 гурткi Грамады зь лiкам сяброў больш як тры тысячы. Для ўспраўненьня арганiзацыi трэба было залажыць у Казлоўшчыне раённы камiтэт на тры гмiны: Казлоўшчынскую, Дзераўнянскую й Рагоценскую. Сакратаром камiтэту стаў я.
У нашых ваколiцах сярод каталiкоў дзеяла й польскае «Вызваленьне». Потым Беларускiя паслы-каталiкi гэтай партыi залажылi радыкальную Незалежную Партыю Хлопскую*, на чале якой стаяў падазроны намi як агэнт контрразьведкi С. Ваявудзкi. Зараз пасьля пачатку арганiзацыi Грамады мы заатакавалi прыехаўшых паслоў НПХ – Галавача, Шэвеля, Балiна, Шакуна, каб яны як беларускiя паслы пакiнулi Ваявудзкага й далучылiся да Грамады, iначай мы iх прагонiм з нашых вечаў. Мы прыступiлi да лiквiдацыi гурткоў НПХ, якiх у нас некалькi iснавала. Зьлiквiдавалi па дарозе й аддзелы Саюзу Сельска-Гаспадарчых Работнiкаў, якiя падлягалi Польскай Партыi Сацыялiстычнай. Сябры гэтых арганiзацый улiлiся ў гурткi Грамады. Цэнтральны Сакратарыят Грамады патрабаваў, каб мы не лiквiдоўвалi НПХ як нашых саюзьнiкаў, а прафсаюз батракоў каб не лiквiдавалi, а апаноўвалi кiраўнiцтва, якое было ў ППС. Але мы iх такi зьлiквiдавалi.
У Дзераўнянскай гмiне былi камунiстычныя ячэйкi. Iм прыказалi не ўступаць да Грамады, але камсамольцы й камунiсты ў Шундрах i суседнiх вёсках палiквiдавалi свае ячэйкi й пайшлi ў Грамаду. Наказ iсьцi ў Грамаду й апаноўваць яе знутра дадзены быў толькi цераз 4 месяцы, калi ўбачылi, што яна ўжо мае дзясяткi тысяч сяброў.
На назначаны павятовы зьезд накiравалася толькi з нашага раёну больш 2 тысяч сяброў фурманкамi. У Слонiме сабралася каля пяцi тысяч сяброў. Заля кiна, дзе меў адбыцца зьезд, аказалася зачыненай. На дзьвярох была афiша, падпiсаная наваградзкiм ваяводам, што зьезд забаронены. Запрудзiўшы вулiцу, натоўп ня верыў афiшы й дамагаўся, каб я як найстарэйшы чынам, бо раённы сакратар i арганiзатар (больш раённых камiтэтаў не было), паразумеўся з пасламi тэлеграфiчна, што я й зрабiў, выслаўшы тэлеграму ў Вiльню. Вядома, навокал мяне зьбiралiся сябры агромнымi натоўпамi. На вулiцы зьявiлiся трохасабовыя патрулi палiцыi й вайсковай жандармэрыi, разганяючы натоўпы сялян ды загадваючы выяжджаць дадому. Выклiкала гэта спачатку сутычкi, а потым i наагул грозныя настроi ў натоўпах. Пачалiся арышты. Першага схоплена мяне, ўпакавана да дарожкi й адвезена да староства. Па-за мною арыштавана 12 сяброў з майго раёну за нашэньне кiёў i зялёна-чырвоных стужкаў на шапках цi на грудзёх, што палiчылi знакам «баявых дружын» Грамады. Заалярмаваныя маiм арыштам тысячы сяброў пастанавiлi iсьцi дэманстрацыяй да будынку староства з дамаганьнем майго й маiх сяброў звальненьня.
Палiцыя й жандармэрыя спрабавала натоўпы спынiць i разагнаць, але блiзу трохтысячная маса прарвала загароды й апынулася перад староствам з выгукамi: звольнiць арыштаваных. Гэта быў сапраўды грозны рык натоўпу, перастрашыўшы й старасту й камандзераў палiцыi й жандармэрыi. Да мяне ў пакой, у якiм я сядзеў пад ахаронай двух палiцыянтаў, ускочыў стараста й асьведчыў, што ён мяне звольнiць i маiх сяброў, калi я скажу дэманструючым ехаць дадому. Тут жа мне прынесьлi тэлеграфiчны адказ на маю тэлеграму, што зьезд такi адклiканы. Калi нас выпусьцiлi з староства, маса дэманстрантаў са сьпевам «Ад веку мы спалi i нас разбудзiлi» рушыла да сваiх вазоў i пасьля зь песьнямi цераз горад валкамi з соткамi вазоў да хаты.
Хутка па гэтым здарэньнi мяне выклiкаюць у староства. Там мяне арыштоўваюць па закiдах у сфальшаваньнi ў дакумэнтах майго ўзросту. Маўляў, у дакумэнтах стаiць век маладзейшы, чым я ёсьць. Нягледзячы на мае пратэсты, мяне адразу тут жа ў старостве павялi на прыгатаваную лякарскую камiсію апазнаваньня ўзросту з двох лекароў, якiя нiбы «па зубах» апазналi, што мой узрост на адзiн год старэйшы, чым стаiць у дакумэнтах (я ня меў мэтрыкi). Не пасьпеў я апамятацца, як мяне пацягнулi ў другой пакой, дзе сядзеў вiцэ-стараста й пару ваенных. Вiцэ-стараста прадставiўся, што ён сёньня выконвае абавязкi старшынi спэцыяльнай вайсковай рэкруцкай камiсіi, а таму, што лекары прызналi мяне цяпер на год старэйшым, дык падпадаючым пад набор у войска, i ўласьне яны тут залатвяюць справу пабору да войска. Нягледзячы на пратэсты, жандары прымусiлi мяне распрануцца, а вайсковы лекар абвесьцiў мяне годным. I тут жа пабаровы афiцэр прыдзялiў мяне недзе ў Быгдашч да палка. Усё было прыгатавана загадзя.
Тады я падаў, што маю балячае вуха й на яго ня чую (вынiк бiцьця ў дэфэнзыве ў 1925 годзе). Вiцэ-стараста знэрваваны крычаў, што я манкiрую, а доктар пераслаў мяне да камандаваньня корпусу ў Берасьцi дзеля агледзiн у лекара-спэцыялiсты. Мяне пад арыштам дастаўлена ў берасьцейскую турму, а адтуль у крэпасьць i здадзена войску. Жандары даставiлi да вайсковага лекара, якi й сьцьвердзiў перабiтую перапонку ў вусе. Ды на аснове гэтага я быў прызнаны нягодным да вайсковае службы й праз тыдзень вярнуўся дахаты.
Недзе ў кастрычнiку выклiкана мяне на спэцыяльную нараду да Вiльнi. Там нас паiнфармавана, што гатуецца лiквiдацыя Грамады польскiмi ўладамi, таму трэба загадзя шыкаваць «другiя акопы», гэта значыць, арганiзаваць усюды моцныя аддзелы Таварыства Беларускай Школы – нашай культурнай прыбудовы й выстаўляць на iхнае кiраўнiцтва людзей, менш замешаных у палiтычнай грамадаўскай працы. Я высунуў знойдзеную мной Алену Лябецкую, былую студэнтку, якая пасьля была сакратаром Галоўнае Ўправы ТБШ.
Вестка, што Грамаду могуць зьлiквiдаваць, выклiкала вялiкiя хваляваньнi ў нашым нiзавым актыве, якi быў калiсьцi нашым партызанскiм актывам. Сябрам было незразумела, чаму стотысячная арганiзацыя без супрацiву паддаецца насiльству. Усе выказалiся стыхiйна на нарадзе за паўстаньне на выпадак спробы лiквiдацыi. Зараз жа быў выпрацаваны плян збройнай акцыi: пераняцьце чыгунак, захоп турмаў з арыштаванымi й г. д., i выслана мяне сьпешна да Вiльнi з плянам. Паслы адкiнулi думку паўстаньня. Падтрымалі часткова толькi Валошын i Рак-Мiхайлоўскi. Процiў мадэрнай армii нашае паўстаньне не ўстаiць. Насельнiцтва ў вынiку будзе зьдзесяткаваным, а спадзяваньняў на нейкiх саюзьнiкаў з-за мяжы няма. Мне было загадана пад маю адказнасьць суцiшыць партызанскiя настроi, што мне зь цяжкасьцяй удалося.
З 14 на 15 студзеня адбылася паўсюдная лiквiдацыя Грамады. У нашым раёне лiквiдацыю праводзiла палiцыя ў асысьце батальёну пяхоты. Войска акружвала хаты, а палiцыя арыштоўвала. Соткi арыштаваных везьлi вазамi пад канвоем войска да найблiжэйшых турмаў. Нас 30 чалавек асадзiлi ў турме ў Слонiме.
Ужо церазь месяц мы ўзносiм у турме бунт, каб дабiцца правоў палiтвязьняў, якiх нам не давалi. У вынiку мы права здабылi, але нашую камэру бунтаўнiкоў хутка вывезена да Гораднi. Я быў дэлегатам камэры перад турэмнымi ўладамi. Сяляне Слонiмшчыны адразу зарганiзавалi нам, вязьням, масавую дапамогу харчамi, якая ўжо распачалася на вялiкдзень. Зьбiрана па вёсках вазамi й пасьля везена нам у вастрог. Мяхi булак, мяса кошыкi, з сотнямi валачонных.
У Гораднi сядзела палiтвязьняў нешта 10 камэраў. Гэта былi найбольш партызаны, камунiсты, а нават крыху анархiстаў. Я быў прадстаўнiком прыехаўшых грамадаўцаў, цi як у турме звалi «беларусаў». Старастам палiтвязьняў быў У. Тамашчык (на эмiграцыi – архiэпiскап Васiль). Ён сядзеў асуджаны як сакратар Берастовiцкага падраёну Камунiстычнай Партыi Заходняй Беларусi на чатыры гады. Зьвязаны быў з сэцэсіяй* Гурына. Спаткаўся з пачынаючым тады пiсьменьнiкам – Пiлiпам Пестраком-Зьвестуном, сядзеўшым па партызанскай справе. Незадаволеныя з швiндляў камунiстаў, якiя атрымоўвалi пакункi МОПРу** з сродкаў сабраных на нашых вёсках для палiтвязьняў, не дзялiлiся iмi з усiмi палiтвязьнямi, а спажывалi iх толькi ў сваiм асяродзьдзi, а партызаны й грамадаўцы сядзелi галодныя. Мы патрабавалi дзялiць на ўсiх, бо гэта народная дапамога на ўсiх.
Выдалi з маёй iнiцыятывы рукапiсны часопiс па-беларуску «За калектыў». Я быў рэдактарам. У рэдкалегii былi: А. Марчык, здольны карыкатурыст i фэльетанiст, А. Пронька-Трактар, Гiль i iншыя вучнi Наваградзкай Гiмназіi, арыштаваныя за камсамол.
На дамаганьне камунiстаў часапiс сканфiскаваў стараста як абражаючы камунiстаў. А на шпацыры адзiн з гэтых дзеячоў кiнуўся да мяне з кулакамi бiцца, бо ў часопiсе было выкрыта, што прысвойтаўшы сабе МОПРаўскiя грошы, ён устаўляў за iх сабе залатыя зубы.
Пасьля бунту ў турме й пяцiдзённай галадоўкi нас, грамадаўцаў, вывезьлi ў 1928 годзе на Лукiшкi ў Вiльню.
На Лукiшках сустрэўся з паэтамi: А. Салагубам, Хв. Iльляшэвiчам, Машарам ды iншымi.
У 1928 годзе арыштавана маю сястру Нiну (Антанiну) i асуджана на два гады «за дапамаганьне падрыўной акцыi».
У 1928 годзе адбыўся наш цэнтральны працэс Грамады на чале з Тарашкевiчам, гэтак званы «Працэс 56». Мяне асуджана на чатыры гады. Вывезена ў Каранова на Памор'i, дзе сядзеў з С. Рак-Мiхайлоўскiм, Максiмам Бурсэвiчам, паэтам Шкодзiчам i iншымi. Там залажылi нашыя «Лiтаратурныя серады». Друкаваўся ў нелегальным часопiсе палiтвязьняў, выдаваным польскiм пiсьменьнiкам Выгодзкiм, якi стаў з нашым прыездам польска-беларускiм. Я падпiсваў вершы С. Сьвiтка. Пасрэдна браў удзел у спробах залажыць у Вiльнi нашую лiтаратурную арганiзацыю «Рунь». Група вiленскiх студэнтаў з Арсеньневай, Бартулем, Сергiевiчам адстойвала свой назоў «Веснаход». Каб пагадзiць нашую сялянскую плынь «Рунi» й мяшчанскую «Веснаходу», галоўны дзеяч таго часу на гэтым полi, Iгнат Дварчанiн, запрапанаваў падвойны назоў «Рунь Веснаходу». I пад такiм назовам i выдана альманах, але арганiзацыi закласьцi не ўдалося.
У сувязi з амнiстыяй да Грамады ў 1929 годзе звальняюся. Адразу паклiкаюся на працу ў Пасольскi Клюб «Змаганьне» ў Вiльню. Накiроўваюся на самы небясьпечны адцiнак: у Пiнск на арганiзацыю ТБШ i як кiраўнiк павятовага сакратарыяту пасольскага Клюбу «Змаганьне». Пасьля вызначаюся на ваяводзкага палескага сакратара Клюбу «Змаганьне». Закладаю павятовы сакратарыят у Берасьцi i ў Гайнаўцы на Бельшчыне, якая знаходзiцца ў Беластоцкiм ваяводзтве, але падлягаюць мне, бо ў Беластоку сакратарыяту няма. Закладаю ТБШ у Пiншчыне й Лунiнеччыне. У Пiнску творым павятовую ўправу ТБШ на чале з Гасяй (Агатай) Невядомскай, якая з гэтага часу робiцца маiм верным памочнiкам. Невядомская – настаўнiца, паходзiла з Лагiншчыны. У Лунiнцы – кiраўнiчкай ТБШ сталася настаўнiца Алеся Томчык. Заклалi гурткi ў Давыд-Гарадку й на Столiншчыне ў Высоцку й на Камень-Кашыршчыне ў Любяшове, у Янаве Драгiчынскiм, Драгiчыне, Лахве, Пагосьце, Марочне. Зарганiзавалi масавае складаньне дэклярацыяў на беларускiя школы. У Любяшове-Кашырскiм заклаў аддзел Беларускага Каапэратыўнага Банку, сетку беларускiх каапэратываў.
Падгатаваў разам з Ключановiчам настаўнiцкiя кадры й будынак пад беларускую гiмназію ў Пiнску, але ўлады лiцэнзіi не далi. Таксама не далi дазволу на беларускi часопiс, якi меў выходзiць афiцыяльна пад рэдакцыяй Ключановiча, а яго самога потым выдалi з Польшчы як уцекача-случчака ў Гданск.
Прымаю ўдзел у зьезьдзе ТБШ. Арыштоўваюць усiх i этапам дахаты.
У 1930 годзе пачалiся вялiкiя непаладкi ў вярхах Пасольскага Клюбу. Павал Крынчык, якi прыйшоў у Клюб пазьней, замянiўшы Стагановiча, не падпарадкаваўся статуту Клюбу, якi забараняў належаньне па-за Клюбам да iншай палiтычнай арганiзацыi, а тым больш iнфармаваць iншыя арганiзацыi аб дзейнасьцi й пастановах «Змаганьня». Крынчык жа усё перадаваў Камунiстычнай Партыi.
У 1930 годзе вясной адбылася Канфэрэнцыя Сакратароў «Змаганьня» ў Вiльнi разам з пасламi. На другi дзень канфэрэнцыi ў будынак Клюбу, дзе адбывалася канфэрэнцыя, уварвалася палiцыя й шпiкi. Паслы пачалi валтузьню з палiцыяй, не пушчаючы iх у глыбiню залi й пратэстуючы процiў зламаньня экстэрытарыяльнасьцi пасольскага Соймавага Бюро. За гэты час я здолеў схапiць папку пратаколу канфэрэнцыi, якую я меў як пратакольны сакратар, i пасьпеў перадаць Грэцкаму, якi запхаў паперы за пазуху, а паслоў як недатыкальных палiцыя не абшуквала. Нас, 30 асоб, вывезьлi да турмы на Дунiлавiцкай вулiцы, дзе пасьля двох дзён допытаў адправiлi паасобку пад палiцыйнай экскортай па мясцох жыхарства.
На 1 мая ў сувязi зь дзiкiм тэрорам у Пiншчыне пастаноўлена правесьцi ў Пiнску вялiкую сялянскую дэманстрацыю з выступамi нашых паслоў, каб паддаць духу запалоханым i задэманстраваць перад панамi нашую сiлу. Трэба ведаць, што да гэтае пары дэманстравала на 1-е мая толькi групка гэтак званая ППС-Фракцыя, зложаная з баёвак шпiкоў i хулiганаў з палякаў, вывезеных да працы ў Порце. Яны разьбiвалi жыдоўскiя малыя бундаўскiя дэманстрацыi ды часам далучаючыхся да iх сотку цi дзьве жыдоўскiх камунiстаў.
Падгатова па вёсках вялася салiдна. Гатавалi ня толькi сялян, але й сялянскiя баёўкi ў прадугледжваньнi спробы разьбiць веча бандамi «фракаў». Вестка аб першамаёвым вечы на гарадзкiм пляцы з удзелам паслоў «Змаганьня», распаўсюджваная па вёсках, дакацiлася й да палiцыi, якая прыгатавалася добра, узброiўшы жалезнымi ламамi банды «фракаў», ачапiўшы падступы да гораду ды падставiўшы ў стан падгатоўя свой водна-ваенны гарнiзон. Спыняныя пры ўездах на вулiцы гораду, сяляне, сабраўшыся вялiкiмi групамi, праламалi палiцыйныя ланцугi й уварвалiся ў горад. Дзе не маглi, дык бокам, пераплыўшы Пiну на чайках, усё ж дабiвалiся да пляцу. Пляц быў запоўнены палiцыяй i баёўкамi «фракаў», разганяючымi сялян, якiя чакалi паслоў. Паслы Грэцкi й Дварчанiн зьявiлiся на пляцу неспадзявана й, калi пачалi клiкаць людзей згрудзiцца каля iх i калi прыгатаваныя людзi кiнулiся да iх i акружылi, туды ж кiнулiся й зарганiзаваныя палiцыйныя баёўкi з ламамi й жалезнымi рурамi. Прабiўшыся клiном цераз сялянскi натоўп, пераадзеты шпiк ударыў жалезным прутом Дварчанiна па галаве, разьбiўшы яе. Пачалася агульная бiтва на пляцы, якая прадаўжалася каля гадзiны на пляцу й пару гадзiн на вулiцах. Былi ўведзены ў дзеяньне сямiасабовыя матроскiя патрулi, якiя штыхамi разганялi групы сялян, а палiцыя арыштоўвала. Параненага Дварчанiна й Грэцкага палiцыя прывезла да мяне ў сакратарыят. Я завёз iх у шпiталь, а па перавязцы – на станцыю. Калi вярнуўся, Сакратарыят аказаўся абсаджаны палiцыяй. Мяне арыштавана як арганiзатара забурэньняў i антыдзяржаўнай дзейнасьцi.
У турме мяне выбралi палiтвязьнi сваiм старастам – прадстаўнiком у зносiнах з турэмнай адмiнiстрацыяй. У абароне правоў палiтвязьняў прыйшлося нам правесьцi сямiдзённую галадоўку. Быў рэдактарам турэмнага часопiсу «Голас Палiтвязьняў». Абвешчаныя былi новыя выбары да Сойму. Нашая Грамада ў Пiнску зарганiзавала свой выбарчы сьпiсак пад назовам: Сьпiсак Барацьбы за Правы Сялян i Работнiкаў. Сьпiсак быў палiцыяй не дапушчаны, а ўсё сябры выбарчага камiтэту пасоджаныя да канца выбараў да нас у турму. На сьпiску першым стаяў я, другiм Гук, трэцiм Мацукевiч.
Па годзе адбыўся суд. Баранiўся сам. Дабiўся, нягледзячы на супрацiў пракурора, беларускай мовы на судзе. Суд мяне апраўдаў, але пракурор падаў апэляцыю, па якой мяне пасьля асудзiлi на чатыры гады за дзейнасьць як ваяводзкага сакратара «Змаганьня».
Выпушчаны па судзе, я апынуўся ў хаце ў Казлоўшчыне й адразу паразумеўся з дзеючым тады нелегальным «Змаганьнем» у Вiльнi пад кiраўнiцтвам Бакача, Пяткуна ды Тарашкевiча з Бэрлiну. Даў указаньнi накiраваць кур'ера да Пiнска ды аднавiць там дзейнасьць «Змаганьня». Легальнымi пазыцыямi былi ў нас тады пасады iнструктараў ТБШ. Такiм iнструктарам перада мной быў iнж. Муха, але ён уцёк у СССР. Пабачыўся зь дзядзькам Шырмай i Стэцкевiчам. Пераняў пасаду аб'яздовага iнструктара Галоўнай Управы ТБШ i выправiўся да Лукашыка ў Беласток, каб дапамагчы яму ў разгортваньнi досыць буйнай дзейнасьцi ТБШ i Выдавецкага Таварыства «Сяўба». Карыстаючы з больш мяккай палiтыкi ў Беластоцкiм ваяводзтве, мелi замер выдаваць там i сваю газэту, што вельмi не падабалася кампартыi, якая закiдвала Лукашыку «ўгадоўства»* з палякамi.
Мяне арыштавана ў цягнiку ля Беластоку на наказ пiнскае пракуратуры па абвiнавачваньню ў арганiзацыi нелегальнага «Змаганьня» ў Пiнску на чале з Агатай Невядомскай i аб загадзе высланьня ў Пiнск для распаўсюджваньня нелегальнай лiтаратуры «Змаганьня». Аказалася, што быў арыштаваны кур'ер «Змаганьня» зь Вiльнi, вучань Беларускае Гiмназіi Маслоўскi, якi прызнаўся пасьля бiцьця ў дэфэнзыве, што прывозiў лiтаратуру ў Пiнск да Невядомскiх i што даручэньне яму далi ў кiраўнiцтве «Змаганьня» ў Вiльнi з майго наказу.
Арыштавана мужа й жонку Невядомскiх, якiя прызналiся, што распаўсюджвалi прывезеную лiтаратуру Маслоўскiм, якi паклiкаўся на мяне. У турме Маслоўскi адклiкаў паказаньнi процiў мяне як непраўдзiвыя, вымушаныя бiцьцём. У гэты час, дзякуючы правакацыi, арыштоўваецца пераяжджаючы з Бэрлiну да Гданску прафэсар Тарашкевiч i, дзякуючы захопленым у яго матэрыялам, арыштоўваецца тайны сакратарыят «Змаганьня» ў Вiльнi на чале з Бакачом.
У 1932 годзе адбываецца суд над тайным «Змаганьнем» на чале з Тарашкевiчам у Вiльнi. Нас асобна судзяць у Пiнску. Мне не ўдаводнена, што я ў тыя днi, калi Маслоўскi вазiў лiтаратуру ў Пiнск зь Вiльнi, быў у Вiльнi, аб чым прызнаўся быў Маслоўскi. Дзеўчына з Казлоўшчыны ў Слонiмшчыне, паданая як сьведак, сьцьвердзiла, што я быў цэлую ноч зь ёю, а яе прыяцелька гэта сьцьвердзiла. Суд мяне апраўдаў, але перад гэтым адбылося апэляцыйнае судзьбiшча (завочнае) па заяве пракурора па старым працэсе за сакратарства «Змаганьня» ў Пiнску. Асуджана на чатыры гады. Вывезена ў турму ў Седльцах. Адтуль вывозяць у Быдгашч, а пасьля ў Грудзёндз, дзе зьбiраюць усiх «непапраўных» правадыроў, а так як я быў старастам палiтвязьняў турмы ў Пiнску, дык i я трапiў у «непапраўныя» ў грудзёнскi iзалятар, якi на справе аказаўся вельмi добрым, бо як да непапраўных не стасавана там тэрору для зламаньня, дапушчана кнiжкi, нават лекцыi ў камэрах. А так як там апынулiся самыя камунiстычныя галавары, дык я пазнаў шмат каго зь iх i мог скарыстаць з кнiгаў i iхных лекцыяў. За мае зноў жа пазнаньнi ў розных немарксісцкiх галiнах веды, камунiстычныя начотчыкi паўнасьмешлiва ахрысьцiлi «хадзячая энцыкляпэдыя». У сваёй камэры выдавалi мы рукапiсны беларускi часапiс. Я быў радактарам. Пiсаў, вядома, вершы. Некаторыя сьпяваў наш хор.
Па заканчэньнi адсiдкi, звольнены пад палiцыйны надзор, бяз права выезду без мэльдаваньня ў палiцыi ў Казлоўшчыне. Усё ж адразу навязваю сувязi зь сябрамi па Грамадзе. Пачынаю ходацца па зарганiзаваньнi лiтаратурнай сялянскай арганiзацыi. Навязваю сувязь з польскай групай сялянскiх пiсьменьнiкаў «Nowa Wies»* ды iншымi радыкальнымi польскiмi пiсьменьнiцкiмi групамi, а так жа з кашубскай нацыянальнай. Камунiстычная Партыя выдае адозву, у якой таўруе мяне разам з 11 iншымi сакратарамi «Змаганьня» як «капiталiстычных агентаў», супрацоўнiкаў расстраляных «агентаў заходнiх контрразьведак» – паслоў «Змаганьня». Пастанаўляем на патайной нарадзе ў Вiльнi ў 1935 годзе склiкаць Зьезд Былых Грамадоўцаў, каб стварыць арганiзацыю вэтэранаў Грамады ды заняць становiшча да падзеяў у БССР у сувязi з арыштам нашых паслоў i iхных «сазнаньняў».
Просьбу аб дазвол на зьезд падаю да вiленскага ваяводы я як адказны распарадчык. Зьезд забараняецца з прычын «публiчнае бясьпекi» (1936 г.).
Не ўдалася так жа легальная спроба залажыць лiтаратурны часопiс сялянскага лiтаратурнага маладняка пад рэдактарствам запрошанага нашанiўца Гальляша Леўчыка. Тады ў 1937 годзе творым нелегальную лiтаратурную арганiзацыю «Маладая Ўскалось» на нарадзе ў мястэчку Дзятлаве. Да арганiзацыi ўступiлi прысутныя на нарадзе: я, Н. Жальба, М. Дубок, П. Гранiт, Прамень, Струмень, Крыга, Пiгулеўскi, Бякета й непрысутныя Iверс, Вiлькоўшчык, Пяюн, Крэнь, Скрундзiк, Пронька, Зосiм.
Хутка мяне запрошана ў Вiльню ад польскай радыкальнай групы Дэмбiнскага, якая выдавала «Папросту». Запранавана супрацу. Сувязiсткай была Марыя Жэромская. Яна зазнаёмiла мяне зь iхным супрацоўнiкам – Максiмам Танкам. З гэтай пары папрыяцельствавалi. Ён прызнаўся, што камсамолец. Калi прыяжджаў да «Папросту», дык начаваў у яго на Новым Сьвеце. Спалi разам на аднаасабовым ложку. Ён звычайна чытаў мне свае новыя творы, якiмi я захапляўся.
Аднак мая актыўнасьць хутка кончылася. М. Дубок аказаўся даносчыкам у нашай лiтаратурнай арганiзацыi. Мяне схапiла аднаго вечару палiцыя на вулiцы й вывезла да канцэнтрацыйнага лягеру ў Картуз-Бярозе. Зьдзекi, гвалт, голад, бiцьцё давялi да крыватокаў з грудзёў. Сустрэўся там з старым прыяцелем, пачынаючым паэтам Пронькам (Трактар), з лiтоўскiм Ёзасам Кекштасам, зь iмi й дзялiў лёс i камэру. Пазнаў польска-жыдоўскага пiсьменьнiка Л. Пастэрнака, украiнскага Гаўрылюка, былога цэкiста КПЗБ, а потым сэцэсіянiста-гурыноўца Канстанчука. Звычайна трымаюць тры месяцы й дамагаюцца падпiсаньня дэклярацыi ляяльнасьцi. Хто непапраўны, прадоўжваюць на далейшыя тры месяцы, а потым наагул трымаюць, покуль уважаюць, што ўжо дабiлi, i тады выпушчаюць. Прыяжджаў па дэклярацыi працаўнiк Мiнiстэрства з Варшавы, нейкi Нарбут. Выклiкалi й мяне. Калi адмовiўся падпiсваць якiя-колечы дэклярацыi, Нарбут крыкнуў: што, кiдаеце рукавiцу польскай дзяржаве? Забачым! Мы вас зьнiшчым! Сатром на попел!
Больш мяне ўжо не выклiкалi. Стаўся адным з старэйшых вязьняў Картуз-Бярозы. Па году прыйшоў наказ нарэшце зь Мiнiстэрства: звольнiць. Калi мяне ўжо сабралi ў дарогу з канвойным, раптам прыйшоў наказ затрымаць надалей. Як даведаўся, затрымалi па iнтэрвэнцыi слонiмскага староства. Трымалi яшчэ пяць месяцаў. Бiлi, катавалi, зьдзеквалiся. Сядзеў сем дзён у страшным падземным карцары, разабраны да сподняга бяльля й босы на ледзяным цэмэнце. Сядзеў i па iншых карцарах. Пiсаў, але лепш сказаць, укладаў у галаве, вершы аб Бярозе. Сталiся песьнямi «Баляда аб Амарантах», «Ах, Бяроза, ты, Бяроза!» Гаўрылюк перакладаў на ўкраiнскую мову. Чуць не памёр ад злоснае ангiны. Ляжаў пад вартай. Вывезены ў кобрыньскi шпiталь.
Выйшаўшы у 1938 годзе, высланы на месца жыхарства ў Казлоўшчыну пад палiцыйны надзор. Дакумэнты ўсе адабраныя разам з польскiм грамадзянствам. Што другую-трэцюю ноч налёты на хату палiцыi, цi я ўдома. Ажыўляю дзейнасьць «Маладой Ускалосi». Закладаю зь сябрамi Сялянскi Лiтаратурны Фонд. Са складак сялян выдаю свой першы зборнiк вершаў «Жураўлiным шляхам». Таму што афiцыяльна я ня мог зьяўляцца ў Вiльнi, а толькi ўкрадкам, прасiў Танка быць рэдактарам i карэктарам майго зборнiчка. Ён прасiў майго дазволу запрасiць ад майго iмя яшчэ тады студэнта ўнiвэрсытэту радыкала В. Тумаша. Зборнiк быў выданы. Перад выданьнем зьвярнулася да мяне Хадэцкае Выдавецтва «Крынiца» з прапановай выданьня багацейшага зборнiка на iхныя сродкi з умовай адданьня выдавецкiх правоў iм i пастаўленьне на зборнiку як выдаўца iх. Адмовiўся. Пастанавiлi тварыць беларускi «Зялёны штандар», дамовiлiся з Мiкалайчыкам даваць беларускую бачыну ў «Зялёным штандары». Мяне прызналi рэдактарам. Пасьля захопу палякамi Цешынскага Шлёнску ад Чэхаславакii нам было ясна, што ідзе да вайны. Ясна гэтае стала пасьля распадзелу Чэхаславакii. Мы склiкалi ў Баранавiчы грамадоўскую патайную канфэрэнцыю, каб агаварыць, што маем рабiць на выпадак вайны. Было нас 18 чалавек, а памiж iмi: Саковiч, Новiк (Харэўскi), Перагуд. Да нас далучылiся былыя сэцэсіянiсты КПЗБ, сябра ЦК Канстанчук, а што яшчэ цiкавей, былы правадыр камунiстаў зь Берасьцейшчыны Тарасюк, якi па распавязаньнi КПЗБ Сталiным не падпарадкаваўся гэтаму, але навязаў сувязь з намi й перайшоў на грамадоўскiя пазыцыi, а разам зь iм цэлая сетка кiраваных iм вясковых ячэек у Берасьцейшчыне, Кобрыньшчыне й Драгiчыншчыне. Быў так жа Пронька з Наваградчыны, якi таксама не падпарадкаваўся разьвязаньню КПЗБ i зарганiзаваў свой незалежны акруговы камiтэт. Iх арганiзацыя праводзiла тэрарыстычную акцыю й напады на палiцыю.
Прынялi такiя ўстаноўкi: вайна немiнучая. Польшча будзе разьбiтая. Каб не папасьцi пад гiтлераўцаў, трэба адразу на пачатку вайны арганiзаваць партызанку з мабiлiзаваных. Пры пачатку дэзарганiзацыi польскай улады захапляць меншыя гарадкi й потым Баранавiчы. Стварыць Часовы Ўрад Заходнебеларускай Рэспублiкi й праз радыё зьвярнуцца да ўсiх краiн сьвету, у тым лiку да Нямеччыны й СССР аб прызнаньнi яе de jure. Наступная канфэрэнцыя мела выбраць Штаб Дзеяньня, але вайна захапiла нас такi раптоўна. I я, i Саковiч не пасьпелi схавацца, бо гадзiну па пачатку вайны мы былi захопленыя палiцыяй i вывезеныя ў Картуз-Бярозу. Нам прапанавана падпiсаць дэклярацыю абароны Польшчы й барацьбы з гiтлераўскай Нямеччынай, як гэта рабiлi камунiсты. Падпiсаць адмовiлiся.
Прынятыя пастановы на ўспомненай канфэрэнцыi ў Баранавiчах пачалi ажыцьцяўляць пазасталыя на волi грамадоўцы: Харэўскi ў Пiншчыне й Камень-Кашыршчыне, Тарасюк у Драгiчыншчыне й Берасьцейшчыне, Перагуд у Быценьшчыне. Плян змадыфiкавана да абставiн, парашыўшы захапiць Пiнск i там абвесьцiць Заходнебеларускую Рэспублiку. Выступ Саветаў сарваў намераны на 18 верасьня захоп Пiнску, хоць у руках паўстанцаў ужо знаходзiлiся павятовыя цэнтры: Драгiчын i Янаў i шмат мястэчак i станцый. Саветы паўстанцаў раззброiлi. Частку арыштавалi й вывезьлi ў канцэнтрацыйныя лягеры. Адзiнкi больш актыўныя расстрэльвалi на месцы. Частка вярнулася ў лес, дзе й паўсталi першыя антысавецкiя аддзелы беларускай партызанкi – аддзел Нябабы (Харэўскага), аддзел Перагуда ды iншыя.
Нашая група грамадоўцаў, хоць i ня мела сьцiслых партыйных рамак, аднак дзеяла, i аб ёй ведалi. Мiж iншым, быў я ад групы сувязным з правадыром Хрысьцiянскай Дэмакратыi ксяндзом Адамам Станкевiчам, якi быў сасланы зь Вiльнi ў жаноцкi польскi кляштар у Слонiме на катэхета, каб iзаляваць яго ад беларускага асяродзьдзя. Кс. Адам Станкевiч вельмi радыкалiзаваўся ў той час. Расказваў ён мне, што хацеў на перакор забароны Папы выехаць да БССР, каб ачолiць там гіерархiю Каталiцкага Касьцёлу ды яго зьбеларусiзаваць, што запрапанавалi яму праз пасланцоў прафэсар Iгнатоўскi й Чарвякоў зь Менску. I толькi арышты, якiя пачалiся сярод патрыётаў, устрымалi яго ад гэтага кроку.
У 1939 годзе вясной мяне арыштоўваюць разам з групай моладзi з гурткоў Беларускай Нацыянал-Сацыялiстычнай Партыi Акiнчыца-Гадлеўскага па абвiнавачваньнi, што я кiрую iнфiльтрацыяй у гэтыя гурткi радыкальных (грамадоўскiх) элемэнтаў, а таксама i ў гурткi польскага «Стральца». Судзьдзя звольнiў з папярэджаньнем.
Потым мяне арыштоўваюць у дзень пачатку польска-нямецкай вайны. Вываз у Картуз-Бярозу. Праз два тыднi пасьля вызваленьня арыштоўваюць у Слонiме праз НКВД. Турма ў Слонiме. Гарадзкая турма ў Менску. Турма НКВД «Амэрыканка» ў Менску. Турма ў Чэрвенi. Самавызвалiўся падчас перагону нас пехатою ў Магiлёў. У 1942 годзе арыштоўвае гестапа ў Слонiме па спрэпараванаму даносу польскай палiцыi. Выратавалi сябры. У тым самым годзе ў Слонiме арыштавалi на вулiцы, калi адзiн правакатар родам зь Мiдзьвiнавiч, працуючы як шофер у немцаў, пачаў крычаць, убачыўшы мяне на вулiцы: «Гэта – небясьпечны камунiст i партызан». Выпусьцiлi на iнтэрвэнцыю* Менску.
У 1943 годзе арышт Акруговым Нямецкiм Камiсарыятам «за нацыяналiстычную дзейнасьць i прапаганду». Адабрана зброю, выдалена з Камiтэту Самапомачы. Камiтэт зьлiквiдаваны.
У 1944 годзе арыштаваны ў Слонiме ваеннай жандармэрыяй вайсковай камэндатуры за артыкулы ў слонiмскай газэце. Звольнены.
Усяго турмаў i лягероў – 11 з паловаю гадоў.