Стараславянска-беларускі слоўнік.
Праект. Літара Б.

Зьмiцер Саўка
Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва

Ідэя складаньня стараславянска-беларускага слоўніка ўзьнікла з прычынаў ня толькі практычнага й акадэмічнага характару, а таксама й «палітычнага».
«Практычна-акадэмічныя матывы» прадыктаваныя неабходнасьцю такога слоўніка для пэўнага кола карыстальнікаў, найперш для тых, хто знаёміцца са стараславянскімі тэкстамі як носьбітамі хрысьціянскае навукі (праваслаўныя багаслоўцы, сэмінарысты), а таксама для тых, хто вывучае стараславянскую мову зь лінгвістычнымі мэтамі (студэнты-філёлягі ды інш.). Сучаснаму беларусу тэкст, напісаны па-стараславянску, – малазразумелы, часам і наагул незразумелы, а дзякуючы немалой колькасьці міжмоўных, стараславянска-беларускіх амонімаў, пры уяўнай зразумеласьці такі тэкст мае зусім іншы сэнс, чымся здаецца неспрактыкаванаму чытачу.
Таксама стараславянска-беларускі слоўнік можа мець практычнае значэньне: яго матэрыял можа быць скарыстаны пры складаньні баўгарска-беларускага, македонска-беларускага й нават расейска-беларускага слоўніка (у дачыненьні да стараславянскіх запазычаньняў у расейскай мове).
«Палітычны аспэкт» гэтай задуме надае той факт, што расейская філялягічная навука да апошняга часу намагалася падтрымваць пачуцьцё шчыльнае лучнасьці расейскай і стараславянскай (у форме царкоўнаславянскай) моваў, што вылівалася ў ігнараваньне неабходнасьці стварэньня стараславянска-расейскіх слоўнікаў (такія слоўнікі зьявіліся толькі апошнія гады). У выніку – большасьць нават гуманітарна адукаваных людзей у Беларусі (а пагатоў у Расеі) атаесамляюць праславянскую мову (прамову, ад якой утварыліся іншыя славянскія мовы) і стараславянскую мову (мову, якая ўтварылася ад праславянскае мовы).
Такім чынам, стараславянскае ў сьвядомасьці шырэйшых колаў зьвязваецца з расейшчынай, што не адпавядае сапраўднаму стану рэчаў.
Стараславянская мова зрабіла выключны ўплыў на разьвіцьцё старабеларускай мовы, асабліва на першым этапе яе разьвіцьця. Аж да позьняга сярэднявечча ёю паслугаваліся як моваю літургіі ў Вялікім Княствае Літоўскім. На Беларусі было створана – напісана й надрукавана – мноства кніг на стараславянскай мове. Яшчэ ў скарынаўскіх выданьнях зьмяшчаліся глосы – правобраз стараславянска-беларускага слоўніка. Такім парадкам, беларусы маюць працяглую гісторыю карыстаньня гэтаю моваю бязь нейкага пасярэдніцтва трэцяга боку.
Сярод магчымых варыянтаў назвы мовы – у навуковым сьвеце яна таксама называецца старабаўгарская, старамакедонская – мы спыніліся на тэрміне стараславянская зь дзьвюх прычынаў. Па-першае, гэты тэрмін не аспрэчваецца ні баўгарыстамі, ні македаністамі, а значыць, з пункту гледжаньня «этнічнай прыналежнасьці» ён нэўтральны; па-другое, гэта адзіны шырака прыняты тэрмін. (Праўда, паслугаваньне гэтым тэрмінам супярэчыць адной з нашых мэтаў – імкненьню ўказаць на хібнасьць ўяўленьня пра стараславянскую мову як пра непасрэдны выток сучаснай расейскай мовы.)
Публікацыя часткі слоўніка менавіта на літару Б выклікана тым, што пад літарай А знаходзяцца выключна запазычаньні, таму лексычны матэрыял пад гэтай літарай дастаткова аднастайны. Пад літарай Б знаходзяцца розныя паводле паходжаньня й будовы клясы лексыкі, таму рэпрэзэнтатыўнасьць матэрыялу пад гэтай літараю значна вышэйшая, у параўнаньні з матэрыялам пад літарай А.