Развагі над пошукамі
крыжа Эўфрасіньні Полацкай

Сяржук Сокалаў-Воюш
Радыё «Свабода» (Прага)

Усе прапанаваныя вэрсіі, дзе як зьнік Крыж і дзе яго трэба шукаць, можна падзяліць на дзьве групы: «заходнюю» й «усходнюю». Разгледзім «заходнія» вэрсіі.

1.

Уладзімір Арлоў, які старанна сабраў усе зьвесткі, што тычацца лёсу сьвятыні піша:
У 60-я гады Магілёўскі абласны музей звярнуўся з запытам наконт лёсу Крыжа ў Эрмітаж. Адтуль прыйшоў не падмацаваны ніякімі дакументамі (вылучана мною – С. С.-В.) адказ, што Крыж Эўфрасінні Полацкай трапіў у зборы мільянераў Морганаў і знаходзіцца ў Нью-Йорку».
Гэткім чынам «непадмацаваны адказ» становіцца падставаю для ўзьнікненьня вэрсіі. Між тым мы ня бачылі ні самога гэтага адказу, ні подпісу пад ім. Мы нават ня ведаем, калі дакладна быў пасланы запыт у Эрмітаж і калі дакладна быў атрыманы адказ (прынамсі гэты дакумэнт яшчэ нідзе ня быў апублікаваны).
Праз нейкі час заблытаная гісторыя прыцягнула ўвагу вядомых вучоных, супрацоўнікаў Акадэміі навук Беларусі літаратуразнаўца Адама Мальдзіса і археолага Георгія Штыхава. Вынікам іхняе паездкі ў Магілёў стаўся зварот да вышэйшых рэспубліканскіх інстанцыяў, пасля чаго названых вучоных, а таксама дырэктара абласнога музея І. Скварцова і былога дырэктара І. Мігуліна выклікаў да сябе тагачасны намеснік старшыні Прэзыдыуму Вярхоўнага Савету Беларусі І. Клімаў, які ўзначальваў Рэспубліканскае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры2. Вось гэта ўжо больш пэўна. Калі ўзяць пад увагу, што Іван Клімаў быў намесьнікам Старшыні Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету БССР ад 1968 да 1974 году, а запыт у Эрмітаж датуецца 60-мі гадамі, можна меркаваць, што да Клімава зьвярталіся ў 1968 ці 1969 годзе. Што гэта дае?
На маю думку, падобны зварот на пачатку 60-х (пры Хрушчове) мог бы даць падзеям зусім (ці, прынамсі, крыху) іншы кірунак разьвіцьця й прывесьці да іншых вынікаў. Канец 60-х (часы Брэжнева) даў той вынік, які мы цяпер маем. Калі гэткія «дробязі» выпускаць з-пад увагі – плённыя пошукі весьці немагчыма. Пакуль жа, гісторыя выглядае досыць міталягічна, а, як вядома, адзін міт почасту спараджае другі.

2.

Адам Мальдзіс здолеў даведацца, што згаданы адказ у Магілёў пісаў доктар гістарычных навук, супрацоўнік Эрмітажу Барыс Сапуноў. Паводле самога Сапунова, Крыж Эўфрасіньні быў закуплены ў калекцыю Морганаў на аўкцыёне ў Заходняй Эўропе адразу па вайне. Адкуль гэтыя зьвесткі – невядома. У якой краіне й на якім аўкцыёне – таксама…

3.

Міталягічныя гісторыі пра скарбы позна ці рана пачынаюць абрастаць дэтэктывамі. Як даведаўся Адам Мальдзіс, у 60-я гады супрацоўнік Эрмітажу Бэбут Шаўкоўнікаў
прыватна езьдзіў у ЗША, імкнуўся пранікнуць у зборы Морганаў, але выявіў празьмерны імпэт і атрымаў ад нейкіх маладзёнаў атлетычнага выгляду ветлівую прапанову ўгамавацца. У адваротным выпадку яны не гарантавалі госьцю з СССР вяртаньня дадому.
Хто ж ён – Бэбут Шаўкоўнікаў? Чалавек, які ў 60-я гады (!) прыватна (!) паехаў у ЗША (!), дзе з празьмерным (!) імпэтам імкнуўся пранікнуць у зборы Морганаў(!). Усе гэтыя клічнікі можна было б лёгка паправіць на пытальнікі, калі б адказ не напрошваўся сам па сабе. Няясна яшчэ адно: чаму спадара Шаўкоўнікава цікавіла менавіта гэтая рэліквія?

4.

У сваёй кнізе «Сьв. Еўфрасіня-Прадслава» айцец Леў Гарошка пісаў:
На вялікі жаль, няма ведама, дзе гэты крыж знайходзіцца сёньня і агулам, ня ведама, якая яго спаткала доля. Каля 1930 г. былі паявіліся весткі ў газэтах, што бальшавікі мелі яго прадаць у Швэцыю. Ці сапраўды так сталася, можна будзе даведацца ў больш нармальных часох. Аднак пракляцьце, выпісанае на крыжы, не абміне бязбожнае, злачыннае рукі, якая яго вынесла са Спаскае царквы
У якіх газэтах? Якія весткі? Хто іх падаў? На колькі можна верыць аўтару (аўтарам?) тых публікацыяў і хто ён (яны)?
У 1931 годзе Леў Гарошка скончыў Наваградзкую Беларускую Гімназію. Гэта азначае, што каля 1930 году ён чытаў заходнебеларускую ці польскую прэсу, бо наўрад бальшавікі пісалі б пра ідэю прадаць Крыж на Захад: паводле сваіх прафэсійных звычак, яны ўсё рабілі патаемна. Гэткім чынам паўстаюць прынамсі два пытаньні: якія пэрыёдыкі даходзілі да Наваградка напрыканцы 20-х – пачатку 30-х гадоў і што з той прэсы мог чытаць Леў Гарошка? Адказы на іх я мяркую падаць пасьля заканчэньня адпаведных пошукаў.

5.

Настаяцель царквы ў імя Еўфрасіньні ў Полацку Міхаіл Кузьменка называў прозьвішча другога мільянэра – Ракфелера. Нібыта ў архіве Ракфелера працаваў у 1962 годзе прафэсар-гісторык з эмігрантаў Уладзімір Скаралеці, які і бачыў там крыж.
Хто такі Скарлеці? Што значыць працаваў? У якасьці каго ці ў якой справе? Што значыць «нібыта» побач з дакладнай датай? А чаго вартыя аргумэнты пра знаходжаньне Крыжа ў калекцыях Морганаў ці Ракфэлераў?!
Вядома, усе гэтыя, як і іншыя, не пададзеныя тут «заходнія» вэрсіі маюць права на існаваньне. Іх варта адпрацоўваць хаця б таму, што ў працэсе пошукаў могуць адгарнуцца іншыя, ня менш цікавыя старонкі нашай гісторыі, узьнікнуць новыя загадкі ці зьнікнуць старыя міты.
Яшчэ горш справа выглядае з усходнімі вэрсіямі, якія часам нагадваюць ня міты, а фальклёр. Вось, да прыкладу, аповед Пятра Паддубскага, які перакананы ў тым, што на пачатку вайны вывозіў каштоўнасьці магілеўскага музэю на ўсход.
Вайна застала чырвонаармейца Паддубскага ў Магілёве, дзе ён служыў вадзіцелем. У самы гарачы момант баёў за горад яго выклікаў камендант Ваяводзін і загадаў вывезці нейкі каштоўны груз. Які – не сказаў. 13 ліпеня ён падагнаў да будынка абкаму машыну, у кузаў якой людзі ў цывільным пачалі загружаць клункі і мяшкі. Пятру Харытонавічу, які стаяў непадалёк ад машыны, добра запамяталася фраза аднаго з іх: «Які крыж прыгожы!»
Потым груз пад ахову ўзялі супрацоўнікі НКВД на чале з маёрам.
Як бачым, ля банку загружаліся грошы, а каштоўнасьці і «крыж прыгожы» вынесьлі з абкаму… Да таго ж (пра што яшчэ будзе) Крыж ужо напрыканцы 30-х уяўляў сабой вартае шкадобы відовішча. Даюць падставы для сумненьняў і іншыя дробязі.
Напрыклад: важны груз з абкаму партыі ў пакунках я яшчэ магу сабе ўявіць, а вось у мяшках… Кіроўца, які бачыў, як «найдаражэйшыя рэчы запакоўвалі ў акутую жалезам скрынку», кіроўца, які памятае прозьвішча начальніка гарнізону, ранг кіраўніка канвою й дату падзеі – толькі чуў рэпліку пра крыж, але ні самога крыжа ня бачыў, ні іншых каштоўнасьцяў не прыгадаў.
Гісторыя Пятра Паддубскага – водгук на публікацыі супрацоўніка Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Магілеўскай вобласьці Сяргея Багдановіча, які займаецца пошукамі сьвятыні.
І ўсё ж, куды цікавейшай падаецца мне вэрсія А. Чарткова, паводле якой Крыж мог апынуцца сярод каштоўнасьцяў, утопленых у возеры Акнішча акружэнцамі 13-й арміі. Але й тут больш пытаньняў, чым адказаў.
Яшчэ напачатку мы зьвярталі ўвагу на адсутнасьць дакумэнтальных падмацаваньняў той ці іншай вэрсіі. Адзіным апублікаваным, а значыць вядомым дакумэнтам, які тычыцца Крыжа зьяўляецца акт перадачы рэліквіі зь Менскага Дзяржаўнага Музэю ў Магілеўскі ад 21 лістапада 1929 г. На маю думку, без сур’ёзнага аналізу гэтага дакумэнту, а таксама без адказу на шэраг пытаньняў, якія ўзьнікаюць пры такім аналізе, і «заходнія», і «ўсходнія» вэрсіі могуць існаваць толькі на ўзроўні вялікіх прыпушчэньняў. Але акт – гэта хучэй канец гісторыі, якая пачалася ці не з пачаткам ХХ стагодзьдзя.
Разгледзім некаторыя пункты апісаньня Крыжа, зробленага паводле акту, складзенаму у Полацку пры перадачы крыжа Ластоўскаму і акту прыёмачнаму, складзенаму ў Менску.
2) Крыж зроблены з дубовага дрэва і абложаны золатам і славянскімі буквамі.
3) Пад верхняй папярэчкай крыжа не дастае 2–х кавалкаў золата і дрэва.
4) На верхняй папярэчцы крыж, які быў вылажаны каменьнямі, каменьняў няма.
9) З ліцавога боку выламана тры эмалі прэабражэньня сьвятых.
10) 10–ць выабражэньняў сьвятых папсаваны.
11) У верхняй папярэчцы ў пазах 4–хкантовага крыжу 4 гнязды, у якіх няма каменьняў.
12) У ніжняй папярэчцы ў пазах 4–хкантовага крыжу 4 гнязды, у якіх няма каменьняў.
13) З ліцавога боку выламана тры эмалі прэабражэньня сьвятых.
14) На правым баку ніжняй папярэчцы круглы амэціст прыбіты 2-мя цьвікамі і на левым баку ніжняй папярэчцы белы камень.
17) Наадвароце крыж гладкі пакрыты эмалью з выабражэньнем 3-х сьвятых папсаван. З трох гнёзд рэліквіі адно пустое.
18) З верхняга боку крыжа паложана рубчатая акоўка, у якой трымаецца жамчуг, часьці яе з правага боку пад палукруглым пазухам абломана.
Кідаюцца ў вочы дзьве акалічнасьці. Па-першае, ува ўсіх іншых апісаньнях матэрыял, зь якога зроблены Крыж, – кіпарыс. Такі знаўца старасьвеччыны й матэрыяльнае культуры, як В. Ластоўскі наўрад мог бы пераблытаць дуб і кіпарыс. Па-другое, з апісаньня відаць, наколькі зьнішчаны быў Крыж.
Арлоў зьвяртае ўвагу на тую акалічнасьць, што на момант складаньня акту «Ластоўскі ўжо не працаваў дырэктарам, аднак нацыянальную рэліквію ён перадаваў «чэкісту» яшчэ за сваім подпісам, бо, відаць, быў за яе асабіста адказны». Да таго ж: «Яшчэ больш заблытвае гісторыю існаванне копій святыні. Пра адну з іх – так званы крыж Праскевы Полацкай – мы ўжо ведаем. Але ж быў і дублікат, зроблены ў Смаленску, і езуіцкая падробка».
На існаваньне яшчэ адной малавядомай копіі ўказвае фальклярыст, этнограф і пэдагог Сяргей Сахараў. Ён згадвае, што ў Абрэнскай царкве «знаходзіцца копія каштоўнага Крыжа найпадобнейшай Еўфрасіньні, князёўны Полацкай».
Лёс прынамсі дзьвюх з гэтых падробак – вядомы. Невядома якую зь іх – а хутчэй нядаўна створаную – трымаў у руках... Ластоўскі.
І яшчэ – наконт згаданай асабістай адказнасьці Ластоўскага за рэліквію. Падаецца, гэтая адказнасьць палягала на тым, што крыж мог бы перадаваць «чэкісту» й чалавек больш дасьведчаны, чым сам «чэкіст». Ды й на месца дырэктара Ластоўскага, які ўжо адчуваў над сабой «карны меч рэвалюцыі», у музэй прыйшоў новы дырэктар – нехта Шапавалаў.
Асьцярожнасьць Ластоўскага, як паказала гісторыя, была ня лішняй. Праз пару гадоў, у 1931-м, Дзяржаўны Музэй у Менску ўзначаліў Сымон Рак-Міхайлоўскі, – чалавек адукаваны, які, дарэчы, і на гаспадарцы працаваў і ў Крыме (гэта пра кіпарысы) жыў. Гэткім чынам, не перадай Ластоўскі крыжа ці напішы ману (кіпарыс) – усё магло б адкрыцца.
Такім чынам, верагодна, у рукі Ластоўскага трапіла падробка, таму ўсе намаганьні знайсьці Крыж былі накіраваныя на пошукі не арыгінала, а больш ці менш дакладнае копіі. Зыходзячы з гэтага, ня выключана, што Крыж да сёньняшняга дня знаходзіцца ў Беларусі.