Сяргей Шабельцаў
Менск

Палітыка савецкай амбасады
ў Буэнас-Айрэсе
ў дачыненьні да беларускіх эмігрантаў
(1940 — 1950 гг.).

Аргентына — адна з традыцыйных краінаў беларускай эміграцыі, куды нашыя землякоў пераяжджалі яшчэ да Першай сусьветнай вайны. Аднак найбуйнейшую хвалю беларускай эміграцыі ў “Рэспубліку Срэбра” даў міжваенны пэрыяд, калі толькі з 1925 г. па 1939 г. сюды пераехала каля 50 тыс. нашых суайчыньнікаў1. У Аргентыне яны набывалі зямлю ў маланаселеных правінцыях ці ўладкоўваліся на будаўніцтве чыгунак, нафтаздабычы, металургічных заводах ды тэкстыльных фабрыках. Гэта была эканамічная эміграцыя, якая, пераважна, сымпатызавала СССР, і ад якой розьнілася трэцяя хваля беларускіх перасяленцаў пасьляваеннага пэрыяду (да 1 тысячы чалавек), што мела яскравы палітычны антысавецкі характар.
У 1946 годзе ў Аргентыне пачала працу амбасада СССР. Гэта адбылося ва ўмовах росту сымпатый да саюзьнікаў пасьля разгрому нацызму. Неад’емнай часткай працы амбасады былі стасункі з эмігрантамі, якія паходзілі з тэрыторый, падуладных СССР. Аднак узаемаадносіны савецкіх дыпляматаў і эмігрантаў не афішаваліся і ўсяляк замоўчваліся ў савецкай гістарыяграфіі. За савецкім часам выйшла адзіная навуковая праца, што тычылася беларусаў у Аргентыне — кандыдацкая дысэртацыя А.В.Рудэнкі “Общественно-политическая и культурная деятельность прогрессивных белорусских иммигрантов в Аргентине (1925—1955)”. Кіраўнікі прасавецкіх арганізацый самой Аргентыны нічога не казалі пра супрацоўніцтва з савецкай амбасадай2, бо гэта была забароненая для друку тэма. Толькі пасьля развалу СССР у прэсе пачалі друкаваць успаміны былых жыхароў Аргентыны, якія ў 50-х гадах пераехалі ў Савецкую Беларусь. Найбольш цікавымі зьяўляюцца эсэ Карляса Шэрмана3.
Пра ўплыў амбасады на беларусаў згадвалі толькі палітычныя эмігранты трэцяй хвалі, што стварылі Згуртаваньне Беларусаў у Аргентыне (ЗБА), актыўным лідэрам якога зьяўляўся Кастусь Мерляк. Таму яго ўспаміны4, публікацыі ў беларускай эміграцыйнай прэсе (звычайна пад псэўданімам Конрад Мацкевіч)5, а таксама надрукаваны ў 1953 г. у Буэнас-Айрэсе зь яго ініцыятывы даведнік “Bielorusia y los bielorusos en la Republica Argentina” зьяўляюцца надзвычай каштоўнымі крыніцамі інфармацыі.
Каб зразумець стасункі савецкіх дыпляматаў да міжваенных эмігрантаў (з эмігрантамі трэцяй хвалі яны не супрацоўнічалі), неабходна зьвярнуць увагу на асноўныя рысы супольнасьці тых беларусаў, што пераехалі з Польскай Рэспублікі. Па сацыяльным складзе гэта былыя сяляне (інтэлігэнцыі не было), якія пакідалі заходенебеларускія землі з прычыны цяжкога эканамічнага становішча. Але і Аргентына была краінай зь нестабільным сацыяльна-палітычным ладам і частымі эканамічнымі крызысамі. Такім чынам, частка беларусаў, незадаволеных сваім жыцьцём у новай краіне, прыходзілі да Камуністычнай Партыі Аргентыны (КПА), якая заклікала сваіх сымпатыкаў да клясавай барацьбы. У выніку, камуністычныя асяродкі беларусаў на першае месца паставілі змаганьне за камуністычныя ідэалы, а не прапаганду нацыянальнай культуры. Як адзначыў А.Рудэнка: “Зьяўленьне … беларускіх культурна-асьветных таварыстваў у сярэдзіне 30-х гадоў было абумоўлена не столькі імкненьнем да захаваньня нацыянальных традыцыяў і звычаяў, колькі імкненьнем выстаяць у новай для іх эканамічнай і палітычнай сытуацыі”6.
У сьнежні 1934 г. ўзьнікла “Беларускае Культурна-Асьветніцкае Таварыства”, якое ўзначальваў член КПА В.Качарга7. Пазьней былі створаныя беларускае таварыства “Культура”, “Бібліятэка імя І.Луцкевіча”, “Белавеж”. 21 траўня 1939 г. беларускія таварыствы аб’ядналіся ў “Фэдэрацыю Беларускіх Арганізацыяў у Аргентыне” (ФБА), да якой далучыліся пазьней створаныя таварыствы на Док-Суд (1939 г.) і ў Бэрыса, які знаходзіцца за 60 км ад Буэнас-Айрэса (1941 г.). Узначальвалі гэтае аб’яднаньне У.Гайлевіч, М.Мярэчка і Я.Пятрушак8. Фэдэрацыя выдавала расейскамоўны штогадовы “Белорусский иллюстрированный календарь” і выкарыстоўвала для сваіх мэтаў расейскамоўную газэту “Эхо”, дзе была “Белорусская страница”9.
У асяродзьдзі гэтых эмігрантаў галоўнай была агульнасьць палітычных поглядаў, наяўнасьць мары аб справядлівым камуністычным грамадзтве. Менавіта таму гэтыя таварыствы ў савецкай гістарыяграфіі было прынята зваць “передовыми” і “прогрессивными”. Што да нацыянальнага разьвіцьця, то яно было слаба акрэсьлена. Рэч у тым, што беларускія перасяленцы з Заходняй Беларусі не вучыліся на радзіме ў беларускіх школах. Калі яны мелі пачатковую адукацыю, то яе здабылі ці ў расейскіх школах (яшчэ да рэвалюцыі), ці ў польскіх школках (пасьля 1921 г.). Менавіта з гэтай прычыны друкаваныя выданьні ФБАА выходзілі па-расейску, што лічылася абсалютна натуральным.
Да Савецкага Саюзу беларусы ставіліся як да дзяржавы, дзе рэалізаваліся ідэалы і памкненьні іх суайчыньнікаў. Таму падчас Другой сусьветнай вайны беларусы-эмігранты арганізавалі дапамогу СССР: зьбіралі грошы, адзеньне, лекі і інш. Культурная дзейнасьць у гэты час была накіраваная, паводле “Белорусского иллюстрированного календаря на 1943 г.”, на тое, каб беларусы адчувалі “любоў да радзімы, асабліва зараз у гераічныя дні вайны”10. Ня дзіўна, што гэтыя людзі з радасьцю сустрэлі пасьля вайны зьяўленьне савецкага амбасадара ў Аргентыне.
Савецкія дыпляматы ад самага першага дня свайго знаходжаньня ў Буэнас-Айрэсе навязалі цесную сувязь з “прогрессивными” эмігрантамі: беларускую дыяспару можна было выкарыстаць дзеля распаўсюду камуністычных ідэй і стварэньня прывабнага іміджу СССР. Праўда, спачатку неабходна было пазбавіць беларускія таварыствы папярэдняй “самадзейнасьці”, накіраваўшы іх у патрэбнае рэчышча. Пра актыўнае ўмяшальніцтва амбасады СССР у арганізаваную дзейнасьць беларусаў сьведчаць зьмены ў дзейнасьці эмігрантаў, кадравыя перастаноўкі ў кіраўніцтве грамадскіх аб’яднаньняў ды перайменаваньне беларускіх таварыстваў.
Пасьля вайны ў кіраўніцтве “прогрессистов” зьявіліся новыя асобы. Былыя стваральнікі Федэрацыі Беларускіх Арганізацыяў, у прыватнасьці У.Гайлевіч, сышлі ў цень. Лідэрам беларусаў стаў член КПА Трафім Ляшук. К.Мерляк адзначае, што ініцыятыва гэтая сыходзіла ад амбасады СССР. Пасьля новае кіраўніцтва пачало надаваць “русіфікатарска-бальшавісцкі кірунак арганізацыйнаму жыцьцю”11. Пачалі мяняцца назвы беларускіх таварыстваў, якія займелі імёны, дазволеных у СССР асобаў. Так, аб’яднаньне ў горадзе Бэрыса стала звацца “імя Георгія Скарыны”; “Белавеж” — “імя Якуба Коласа”. Новыя таварыствы, якія арганізоўваліся пасьля вайны, наагул насілі імёны расейскіх пісьменьнікаў – “імя А.Талстога” і “імя А.Пушкіна”. Трэба зазначыць, без “дапамогі” савецкай амбасады беларусы наўрад ці здолелі б зьмяніць назвы таварыстваў на “правільныя”.
У верасьні 1946 г. адбыўся Першы Кангрэс Беларускіх Арганізацыяў у Аргентыне, дзе быў створаны Саюз Беларускіх Культурных Арганізацыяў. З 18 членаў кіраўніцтва больш за палову былі камуністы, а ўзначаліў аб’яднаньне Т.Ляшук12. Паказальна назва кангрэсу — “Першы”, бо вядома, што такія зьезды былі й раней. Так, сапраўдны Першы Кангрэс прайшоў 26 траўня 1940 г., а У.Гайлевіч у лісьце да А.Коршуна згадвае Другі Зьезд Беларускіх Таварыстваў, які адбыўся ў 1942 г. Беларускія эмігранты трэцяй хвалі тлумачылі сітуацыю тым, што новае кіраўніцтва, якіх яны называюць “рускімі агентамі”, не лічыла папярэднія зьезды за сапраўдныя13. Супраць “амбасадаўскага” пункту гледжаньня выступала толькі “Бібліятэка імя І.Луцкевіча”, і менавіта таму, што яе дэлегаты не пагадзіліся з назвай “Трэці” Кангрэсу 1948 г., гэтае таварыства тады было выключана зь беларускага аб’яднаньня.
Зьдзіўленьне таксама выклікае лёгкасьць, зь якой савецкая амбасада ўсталявала кантроль над таварыствамі ды паслухмянасьць беларускіх эмігрантаў. Але гэта тлумачыцца тым, што “прогрессивные” беларусы, былыя грамадзяне Польшчы, у другой палове 40-х гадоў прынялі грамадзянства СССР і сталі залежыць ад савецкага консульства. Т.Ляшук агітаваў: “…мы павінны даказаць сабе й іншым, што зьяўляемся дастойнымі дзецьмі Савецкай Радзімы і гатовы працаваць з Аргентынскім народам дзеля справы міру й прагрэсу чалавецтва”14. У выніку, беларусы ўжо праз год пасьля зьяўленьня амбасады СССР залежылі ад яе па грамадзянству і былі арганізаваныя ў таварыствы пад кіраўніцтвам “надзейных” асобаў, зьвязаных з КПА. Акрамя гэтага, савецкія дыпляматы прысутнічалі на ўсіх пасьляваенных беларускіх кангрэсах, ладзілі прыёмы ў амбасадзе для кіраўнікоў беларускіх таварыстваў, забясьпечвалі неабходнымі матэрыяламі газэту “прогрессистов” “Наш голос”. Амбасада стала ланцужком сувязі паміж эмігрантамі і іх Бацькаўшчынай: тут можна было паглядзець савецкія фільмы, прачытаць бэсэсэраўскія газэты.
Галоўным накірункам дзейнасьці “прогрессивных” беларусаў было распаўсюджваньне камуністычных ідэй, перш за ўсё, у межах беларускай дыяспары, а пасьля і ў асяродзьдзі ўсяго аргентынскага грамадзтва. Гэтай справе беларусы аддаліся разам з прагрэсістамі іншых нацыянальнасьцяў, якія былі аб’яднаныя ў “Славянскі Саюз у Аргентыне”. Славянскі рух узьнік падчас вайны і быў ініцыяваны Масквой дзеля падтрымкі Савецкага Саюзу славянамі ўсіх краінаў, у тым ліку і ў Паўднёвай Амэрыцы. Але ўлады Аргентыны сімпатызавалі падчас Другой сусьветнай вайны Нямеччыне й Італіі і забаранілі ў 1942 г. праводзіць зьезд славянскіх арганізацый з-за “камуністычнага характару славянскага руху і яго падтрымкі Масквы”15. Першы Лаціна-Амэрыканскі Славянскі Кангрэс адбыўся з-за гэтага ў 1943 г. у Монтэвідэа (Уругвай), дзе былі дэлегаты-беларусы Аргентыны, але ў час вайны славянскі рух не набраў тут моцы. А пасьля зьяўленьня савецкай амбасады дзейнасьць “Славянскага Саюзу” актывізавалася: у лістападзе 1946 г. у Буэнас-Айрэсе адбыўся ІІ Славянскі зьезд, дзе бралі ўдзел і беларусы, а Т.Ляшук быў абраны ў цэнтральнае кіраўніцтва “Саюзу”. К.Мерляк сьцьвяржаў, што савецкая амбасада фінансавала “камуністычныя газэты ў Аргентыне ў пяці мовах, выплачваючы на кожны нумар па 2.000 пэсаў”16.
Славянскі рух садзейнічаў кансалідацыі пракамуністычна настроеных славян Аргентыны (беларусаў, украінцаў, сербаў, чэхаў, палякаў і г.д.), а распаўсюду камуністычных ідэй спрыяла цікавая канцэпцыя, аб якой можна здагадацца па артыкулах у падначаленых “Саюзу” газэтах. Згодна зь ёй, камуністычныя ідэі — самыя “перадавыя” ў сьвеце, што і пацьвердзіла перамога СССР над фашызмам. Ідэалы ж камунізму перамаглі менавіта ў Расеі, бо яны больш адпавядаюць культуры расейскага народу. Але паміж славянамі няма прынцыповай розьніцы, таму “перадавыя” ідэі блізкія ўсім славянам, што і пацьвердзіла ўсталяваньне камуністычных урадаў ва Ўсходняй Эўропе. Да таго ж кіраўнікі “Славянскага Саюзу” сьцьвярджалі, што славянская калёнія не зьбіраецца адасабляцца ад іншых аргентынцаў, каб стварыць “больш прагрэсіўную” меньшасьць, а запрашае да супрацоўніцтва ўсе “здаровыя” сілы “Рэспублікі Срэбра”.
Арыентацыя “Славянскага Саюзу” на распаўсюд камуністычных ідэяў не спадабалася кіраўніцтву Аргентыны, бо КПА была палітычным канкурэнтам партыі пэраністаў. Прэзыдэнт Хуан Пэрон, які і ўсталяваў дыпляматычныя стасункі з СССР, адзначаў: “Я не крытыкую расейскі камунізм, але я вораг гэтага камунізму ў Аргентыне…У гэтым на два лагеры — Усход і Захад — падзеленым сьвеце мы стаім, безумоўна, на баку Захаду. Усходні напрамак процілеглы нашай культуры, нашай рэлігіі, нашай гісторыі й нашым пачуццям. Я не прыхільнік ні капіталізму, ні камунізму, а прымаю той пункт гледжаньня, які мы пазначаем як “трэці” …”17. Таму аргентынскія ўлады перашкаджалі развіцьцю “Славянскага Саюзу”, а ў 1949 г., выкарыстаўшы раскол “славян” на прыхільнікаў Ціта й прыхільнікаў Сталіна, забаранілі яго дзейнасць і ўсіх арганізацыяў, якія ўваходзілі ў гэтае аб’яднаньне (у тым ліку і беларускіх).
Пасьля прэзыдэнцкага дэкрэту 1949 г. незабароненай засталася дзейнасьць “Бібліятэкі імя І. Луцкевіча”, бо яна была выключана са “Славянскага Саюзу”, і ЗБА, што займала антысавецкія пазіцыі. ЗБА нават прэтэндавала на канфіскаваную маёмасьць беларускіх арганізацыяў, што ўваходзілі ў “славянскі рух”. Але гэтыя захады ня мелі вынікаў. Наогул ЗБА ўсталявала добрыя стасункі з аргентынскімі ўладамі, што было зьвязана зь іх агульным антыкамунізмам.
Для савецкіх дыпляматаў прадстаўнікі трэцяй хвалі беларускай эміграцыі зьяўляліся “здраднікамі радзімы”. Нацкаваныя сябры “Славянскага Саюзу”, у тым ліку й беларусы, зьбіраліся на Пляц Рэціро перад эміграцыйным гатэлем і нападалі на новапрыбылых, вінавацячы іх у здрадзе Радзіме й калябарацыі зь немцамі. “Калябаранты” давалі адпор, даходзіла часам да боек, пакуль не ўмешвалася паліцыя18. Сутыкненьні працягваліся й надалей, што прыводзіла нават да забойстваў, і аніякі кампраміс паміж прадстаўнікамі “старой” і “новай” эміграцыі быў немагчымы.
Калі ЗБА была незалежнай арганізацыяй, то “прогрессивных” эмігрантаў савецкія дыпляматы выкарыстоўвалі ў сваіх інтарэсаў, гуляючы на іх жаданьні вярнуцца на радзіму. Гэта пацьвердзілі й падзеі вакол “Бібліятэкі ймя І.Луцкевіча”. Незабароненая дэкрэтам прэзыдэнта, але тым ня менш прыхільная да СССР, яе дзейнасьць стала замінаць савецкаму дыппрадстаўніцтву ў Аргентыне, у якім было вырашана арганізаваць інтэрнацыянальныя клубы савецкіх грамадзян. У выніку, у амбасадзе пачалася праца па ліквідацыі непатрэбнай “Бібліятэкі”. Наступныя падзеі падрабязна апісаў у газэце “Бацькаўшчына” К.Мерляк.
“Пры праводжаньні ліквідацыі савецкі консуль спаткаўся са здаровым беларускім супрацівам, якім кіраваў Мікалай Жданеня з Бэрыса і Я.Пятрушак з Буэнас-Айрэсу. Яны гаварылі: “Усё разумеем, але каб савецкі консуль намагаўся разьвязаць арганізацыю й расьцягваць грамадскае дабро, дык гэта зусім не разумеем. Калі б гэта рабілі аргентынскія ўлады, капіталістычныя, дык было б лягчэй на гэта глядзець.
Бачачы, што да ліквідацыі ў нармальны спосаб ня дойдзе, савецкія прадстаўнікі пайшлі на іншым шляху. Савецкі кансулянт піша пісьмо ў гішпанскай мове й падкладае яго сп. Мікалаю Жданеню, у якім гаворыцца, што “калі не перастанеце дзейнічаць супраць ліквідацыі Бібліятэкі, дык будзеце простым спосабам зьліквідаваныя” Па атрыманьні ліста, сп. Жданеня пайшоў у паліцыю й там прадставіў усю справу. У паліцыі яму заявілі, што надалей можа рабіць, што ён захоча, але на падставе гэтага ліста й замэльдаваньня мае права ўжыць у собскай абароне ўсялякай зброі. Даведаўшыся пра гэта, савецкі падхалім Карчык усё данёс консулю, які выклікаў сп. Жданеню й пачаў яму гразіць усімі спосабамі, якіх ужываюць на бацькаўшчыне энкавэдзістыя. Ён заявіў, што напіша аб гэтым у Маскву. Аднак сп. Жданеня гэтага не спалохаўся й даў яму адказ такі, што консулю аж пена выступіла на губы”19. Далей Мерляк сьцьвярджае, што гэта ўжо трэці такі выпадак адпору прадстаўнікоў “старой эміграцыі” палітыцы савецкай амбасады.
Магчыма Мерляк некалькі перабольшвае, калі распавядае пра пагрозы забіць Жданеню й пра пену на губах савецкага консула, бо вядома, што Жданеня пазьней стаяў на чале клюбу савецкіх грамадзян імя В.Бялінскага. Але прыведзены аповяд паказвае значную ролю савецкай амбасады. Дарэчы, “Бібліятэка імя І.Луцкевіча” сапраўды была самарасфарміраваная, і гэта адбылося не ў СССР, а ў вольнай краіне. Рашэньню савецкага консула падпарадкаваліся людзі, якія перад ім ня несьлі ніякіх афіцыйных абавязкаў, але дзеля добрых адносінаў з савецкім амбсадарам “прогрессивные” эмігранты маглі прынесьці ў ахвяру сваю самастойнасьць у грамадзкім жыцьці.
На пачатку 50-х гадоў замест нацыянальных таварыстваў былі створаныя інтарнацыянальныя клюбы савецкіх грамадзян, якія звычайна насілі імёны расейскіх пісьменнікаў: М.Горкага, М.Астроўскага, У.Маякоўскага, А.Пушкіна і г.д. У гэтыя аб’яднаньні ўваходзілі “прогрессивные” прадстаўнікі беларускай, украінскай, жыдоўскай, а пазьней і літоўскай дыяспараў. У гэтых установах яны ўжо актыўна не займаліся палітыкай. Клюбы кантактавалі з Таварыствамі па культурных сувязях з замежжам, якія знаходзіліся ў Маскве, Кіеве й Менску. Але гэтыя таварыствы наладжвалі кантакты толькі з рэкамэндацый савецкай амбасады20. Пасьля гэтага яны дасылалі эмігрантам розную літаратуру, кружэлкі, кінастужкі і г.д. Былі выпадкі, калі карэспандэнцыя спачатку накіроўвалася ў амбасаду дзеля таго, каб дыпляматы если сочтут возможным перадалі матэрыял прогресссистам21.
Нацыянальныя рысы новых аб’яднаньняў страчваліся, і ініцыятыва ў гэтым была за савецкімі дыпляматамі, якія намагаліся “зьняць нацыянальнае пытаньне”. Пра становішча ў клюбах згадваў Карляс Шэрман, які двойчы наведваў “Беларускі клюб імя В.Бялінскага”, куды яго зацягнуў бацька.
“У клубе была чытэльня, у якой пераважалі савецкія часопісы на іспанскай мове. Можна было запісацца на курсы рускай мовы, іх вяла сівая ахайная старая, якая, напэўна, эмігравала шчэ задоўга да прыходу бальшавікоў.
Цяпер я разумею, што ўся гэта расейскасць беларускага клюба ішла ад савецкай амбасады ў Буэнас-Айрэсе, яна якраз праводзіла нацыянальную палітыку імперскай дзяржавы, імкнулася да унітарнасці, да русіфікацыі “на благо всех народов”, да ложнага разумення інтэрнацыяналізму, да каланіяльнай вялікадзяржаўнасьці й апекавання “старэйшага брата”… Тым ня менш люд ня ўцяміў наўмыснай хлусні аб рускасьці беларусаў, якая заўжды падавалася як штосьці ўвогуле зразумелае: прапаганда вялася зладжана, гісторыя была надзейна фальсіфікавана, праверыць дакладнасць фактаў было немагчыма перадусім з-за замкнёнасці шостай часціны свету, а ўсялякія выкрывальныя публікацыі абвяшчаліся інтрыгамі імперыялізму”22. Ніжэй Шэрман, калі расказвае пра рэпэртуар беларускага хора, згадвае: “Беларускі хор выканаў “Эх, дороги”, “Катюшу”, “Очи чёрные”, “Слушай, Ленинград” і мноства слаўных рускіх песень. Прыручаны палітыкамі, даведзены да поўнай страты памяці, хор не ведаў ніводнай песні свайго ж народа. Аднак гэтая акалічнасць нікога не засмуціла. Нікога. Ні супрацоўнікаў амбасады, ні актывістаў беларускага клуба, ні саміх беларусаў”23.
Савецкія грамадзяне ў Аргентыне таксама мелі таварыства ўзаемадапамогі “Белорусский очаг”, у якое ўваходзіла звыш 11 тысяч чалавек. Уся дакумэнтацыя (нават сяброўскія білеты) вялася на гішпанскай мове, але “Белорусский очаг” утрымаў дом, пабудаваны беларусамі ў складчыну, замовищ музычныя інструмэнты й нацыянальны строй кожнаму ўдзельніку хору клюба імя Бялінскага. Але “беларускі” было толькі у назве гэтага таварыства, а яго сябрамі былі савецкія грамадзяне ўсіх нацыянальнасьцяў. Нават матэрыялы для хору й для танцаў прасілі даслаць на рускай ці ўкраінскай мове24.
Такім чынам, у палітыцы савецкай амбасады ў Аргентыне магчыма вызначыць наступныя накірункі. Па першае, у клюбах савецкіх грамадзян не выкладалася родная мова беларускіх імігрантаў, а былыя жыхары Заходняй Беларусі не вывучалі яе на радзіме. Падчас жыцьця ў Паўднёвай Амэрыцы маладое пакаленьне ўжо зьведала моцную аргентынізацыю. І менавіта ў гэты час у клюбах прапаноўвалася вывучаць мову “міжнацыянальных зносінаў” – рускую. Таму беларусы павінны былі пераўтварыцца ў звычайных расейскамоўных грамадзян, толькі якія жылі ў Паўднёвай Амэрыцы.
Па-другое, адным з галоўных накірункаў дзейнасьці амбасады СССР у пасьляваеннае дзесяцігодзьзе была папулярызацыя й прапаганда савецкага ладу жыцьця. Для гэтага выкарыстоўваліся газэта “За возвращение на Родину”, якую службоўцы амбасады бясплатна адпраўлялі на ўсе магчымыя адрасы. Актыўная прапаганда прыводзіла да захапленьня савецкім ладам жыцьця ў прогрессивных эмігрантаў. У выніку гэтай кампаніі яны імкнуліся як мага хутчэй трапіць у СССР – “цуд гармоніі і справядлівасьці”. Пераехаць у Савецкі Саюз тысячы падманутых украінцаў і беларусаў змаглі толькі ў сярэдзіне 50-х гадоў. У 1956 годзе, калі выяжджала найбольшая колькасьць рээмігрантаў, савецкія ўлады зафрахтавалі некалькі караблёў для “возвращающихся на родину”. Але ўжо ўвосень таго ж году кампанія масавага перасяленьня спынілася, хоць асобныя беларусы пераяжджалі і ў наступныя гады: напрыклад, у 1960 годзе толькі праз станцыю Чоп ва Ўкраіне ў Беларусь было накіравана 26 чалавек з Аргентыны25.
Дакладная колькасьць беларускіх “рээмігрантаў” з Аргентыны да сёньняшняга часу невядомая, а лічба 10-15 тысяч26 выглядае занадта высокай. Напрыклад, калі параўноўваць на адным з караблёў колькасьць украінцаў і беларусаў, што вярталіся з Аргентыны, то украінцаў было ў 2,5 разы больш27. Зьвесткі на канец 1956 году сьведчаць: у БССР з-за мяжы прыехала на сталае жыхарства 1.128 савецкіх грамадзян28, абсалютную большасьць якіх складалі аргентынскія рээмігранты, а УССР у гэты час прыняла 3.343 чалавекі з Аргентыны29. Такім чынам, калі ўлічваць нязначную колькасьць беларусаў, якія сяліліся ва Украіне, то суадносіны 2,5:1 колькасьці ўкраінцаў і беларусаў значна не зьмяніліся. У савецкай Украіне да 1966 г. асела 4.195 “вяртанцаў” з Аргентыны30, а ў сярэдзіне 60-х гадоў назіраўся ўжо адваротны працэс вяртаньня рээмігрантаў у Лацінскую Амэрыку. Таму можна меркаваць, што колькасьць беларускіх рээмігрантаў з Аргентыны, што пераехалі да сярэдзіны 60-х гадоў, не перавысіла 2 тысячаў чалавек.
У другой палове 50-х гадоў з Аргентыны з-за эканамічнага крызысу выехала таксама й большасьць беларусаў трэцяй хвалі, якія накіраваліся ў ЗША. Часы эканамічнага буму “Срэбнай Рэспублікі”, які назіраўся ў ваенныя часы і ў гады пасьляваеннай разрухі ў Еўропе, незваротна прайшлі. З другой паловы 50-х гадоў Аргентына трапляе ў працяглую паласу палітычных катаклізмаў, якія суправаджаліся ўсталяваньнем ваенных дыктатур. З-за выезду актыўных членаў ЗБА дзейнасьць гэтай арганізацыі паступова затухае. Што ж датычыцца клюбаў савецкіх грамадзян, то да 1960 году яны ўсе былі зачыненыя аргентынскімі ўладамі. Гэта было зроблена, у прыватнасцьі, і з той прычыны, што іх “небясьпечная” дзейнасьць прывяла да масавага выезду з Аргентыны грамадзян, якія дзясяткі год жылі на берагах Ла-Платы, а многія й нарадзіліся тут.
Калі падвесьці рысу пад палітыкай амбасады СССР у дачыненні да беларускай дыяспары ў Аргентыне, то можна ахарактарызаваць яе як выключна дэструктыўную. Перш за ўсё, яна садзейнічала расколу паміж рознымі арганізацыямі беларусаў. Эмігранты міжваеннага пэрыяду з-за ідэалягічнага прэсынгу савецкіх дыпляматаў адмоўна ставіліся да пасьляваенных уцекачоў і не супрацоўнічалі зь імі. Больш за гэта, з-за палітыкі амбасады СССР адбыўся адкрыты раскол у асяродзьдзі прасавецкіх таварыстваў, калі з “Саюзу беларускіх культурных арганізацыяў” была выключана “Бібліятэка імя І.Луцкевіча”. Вынікам гэтага было падпарадкаваньне беларускіх арганізацыяў “агентамі Масквы” і немагчымасьць іх самастойнага развіцьця.
Пазыцыя савецкіх дыпляматаў не садзейнічала нацыянальнаму развіцьцю беларускай дыяспары, бо ніхто не намагаўся далучыць эмігрантаў да нацыянальнай культуры. Наадварот, з амбасады СССР насаджаліся хлуслівыя інтэрнацыянальныя стэрэатыпы. А з-за ўдзелу ў інсьпіраванай амбасадай камуністычнай дзейнасьці значная колькасьць беларусаў апынулася ў сітуацыі глыбокай канфрантацыі з аргентынскімі ўладамі. Урэшце ў 1949 годзе з-за гэтага былі зачыненыя амаль усе беларускія арганізацыі. Такім чынам, можна сьцьвярджаць, што пазыцыя савецкіх дыпляматаў у дачыненьні да беларусаў была антынацыянальнай па зьмесьце.
Савецкія дыпляматы нясуць цяжар адказнасьці і за зламаныя лёсы тысяч беларусаў, якія з-за прапаганды пераехалі з Аргентыны, вольнай краіны, у таталітарную дзяржаву СССР, дзе сустрэліся з пасьляваеннай разрухай і нястачай. Савецкае жыцьцё на самой справе аказалася зусім іншым за тое, аб чым марылі “рээмігранты”, і многія зь іх пажадалі зьехаць назад у Аргентыну, але дасягнуць гэтае мэты змаглі далёка не ўсе. Па падліках аўтара (на падставе дадзеных Архіва МУС РБ) з 1963 г. па 1971 г. уключна з БССР у Аргентыну выехала толькі 214 чалавек31.


1 Руденко А.В. Общественно-политическая и культурная деятельность прогрессивных белорусских иммигрантов в Аргентине (1925—1955гг). Москва, 1975. С. 3.

2 Кунда П. В поисках заокеанского рая. Минск, 1963; Шостаковский П.П. Путь к правде. Минск, 1960.

3 Шэрман К. Таямніцы почырку. Мінск, 1995.

4 Мерляк К. Дзейнасьць Кастуся Мерляка на эміграцыі. Мінск, 1994.

5 Бацькаўшчына. 1949. № 5, 9; Бацькаўшчына. 1952. 21 верасьня.

6 Руденко А.В. Общественно-политическая и культурная деятельность…С. 24.

7 Тамсама. С. 20.

8 Bielorusia y los bielorusos en la Republica Argentina”. Buenos-Aires, 1953. Р. 50.

9 Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (НАРБ), ф.4, воп.62, спр. 516, арк. 123.

10 Белорусский иллюстрированный календарь на 1943 г. Буэнос-Айрес, 1942. С. 100.; Руденко А. В. Общественно-политическая и культурная деятельность … С. 25.

11 Бацькаўшчына. 1952. 21 верасьня.

12 Руденко А.В. Общественно-политическая и культурная деятельность … С. 21.

13 Bielorusia y los bielorusos en la Republica Argentina. Buenos-Aires, 1953. Р. 53.

14 Белорусский иллюстрированный календарь на 1947 г. Буэнос-Айрес, 1946. С. 22.; Руденко А. В. Общественно-политическая и культурная деятельность … С. 22.

15 Стрелко А.А. Солидарность славян Аргентины с СССР в годы Великой Отечественной войны // СССР – Аргентина: 30 лет дипломатических отношений. Москва, 1976. С. 43.

16 Бацькаўшчына. 1952. 21 верасьня.

17 Українське слово. 1948. 1 лютого.

18 Мерляк К. … С. 64.

19 Бацькаўшчына. 1952. 21 верасьня.

20 Центральний державний архів висших органів влады та управління України (ЦДАВО). ф. 5110, оп. 1, спр. 253, арк. 18.

21 Тамсама. Арк. 14.

22 Шэрман К. Таямніцы почырку. … С. 210 – 211.

23 Тамсама. С. 222 – 223.

24 НАРБ, ф. 904, воп. 3, спр. 70, арк. 56.

25 НАРБ, ф. 904, воп. 1, спр. 33.

26 Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 3. Мінск, 1996. С. 333.

27 НАРБ, ф. 7, воп. 4, спр. 3443, арк. 35.

28 НАРБ, ф. 4, воп. 62, спр. 461, арк. 6.

29 Центральний державний архів громадських об’еднань України (ЦДАГО) Ф. 1, воп. 24, спр. 4309, арк. 197.

30 Тамсама. Спр. 6167, арк. 5.

31 Архіў Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Ф. 49, воп. 1.