Юры Шальц,
Варшава

“...на карысьць Нямеччыны й Беларусі”

(Зь гісторыі беларусізацыі каталіцкага Касьцёлу ў
Беларусі ў гады Другой Сусьветнай вайны)

Рэлігія, як вядома, зьяўляецца важным чыньнікам, які ўдзельнічае ў працэсах фарміраваньня і трансфармацыі этнічных адзінак у самастойныя народы. Прыкладам тут могуць паслужыць літоўцы ды палякі. Аднак у беларускай гісторыі гэтая творчая функцыя рэлігіі была заўсёды ўскладнена культурна-цывілізацыйнымі фактарамі. І, у першую чаргу, пэрманэнтным суперніцтвам праваслаўнай Царквы з каталіцкім Касьцёлам, інсьпіраваным дзяржаўнай палітыкай як Польшчы, так і Расіі. У выніку гэтай палітыкі ў Беларусі каталіцызм стаўся польскай верай, а праваслаўе — рускай.
Каб выкарыстаць рэлігію як творчы чыньнік, беларускім адраджэнцам — палітыкам і грамадзка-культурным дзеячам — трэба было пачаць ад беларусізацыі праваслаўнай Царквы і каталіцкага Касьцёлу. Інтэнсыўнасьць і характар гэтага працэсу ў ХХ ст. вызначалі ня толькі ўнутраныя прычыны, але спэцыфіка і адкрытасьць кожнай з гэтых духоўных інстытуцыяў, а перадусім зьнешнія фактары. А яны пераважна не спрыялі беларускім справам. Спрычыніліся да гэтага ня толькі падзел Беларусі у 1921 г. паміж Польшчай і Савецкай Расеяй, але і палітыка Апостальскага Пасаду, які ў рамках канкардату з 1924 г. бараніў польскай рацыі стану.
Выбух Другой Сусьветнай вайны, а ў хуткім часе і акупацыя беларускіх этнічных земляў нямецкімі войскамі стварала, на думку шэрагу беларускіх палітычных і грамадзка-культурных дзеячоў, належныя варункі й пэрспэктывы для пасьпяховага вырашэньня рэлігійнага пытаньня на карысьць беларускага народу.
З гэтай прычыны ў ліпені 1942 г. група беларускіх палітычных дзеячоў падрыхтавала мэмарыял у справе беларусізацыі каталіцкага Касьцёлу ў Беларусі. Перадаць яго нямецкім акупацыйным уладам мусіла адмысловая дэлегацыя, узначаліць якую меўся Ўладзіслаў Казлоўскі, рэдактар “Беларускай Газэты”, якая выдавалася ў Менску ў 1941—1944 гг.
Паводле рэляцыі польскага выведу (ZWZ-AK )1 зьмест апрацаванага мэмарыялу выглядаў наступным чынам.
Ва ўступе тлумачылася, што размова ў мэмарыяле вядзецца выключна пра беларусаў-каталікоў лацінскага абраду, а не пра грэка-каталікоў (уніятаў). Далей падаваўся час узнікненьня беларускіх каталікоў (XV ст.), іх колькасьць (3-3,5 млн.) і абшар расьсяленьня: найперш у Заходняй Беларусі, у Барысаўскай, Магілёўскай, Менскай акругах, у раёнах: Дрыса і Лепель, а таксама у Генэральных Камісарыятах Літвы і Латвіі. У гістарычнай зацемцы аўтары мэмарыялу паказвалі ролю і адносіны Польшчы да беларусаў-каталікоў у 1920—1939 гг. Зьвярталі ўвагу на факт іх перасьледу польскімі ўладамі і мэтады, якімі былі: палянізацыя, тэрор, турмы, забарона беларускіх казаньняў, недапушчэньне сьвядомых беларусаў у духоўныя сэмінарыі і выключэньне адтуль клерыкаў, што ангажаваліся ў справы беларусізацыі каталіцкага Касцёлу ў міжваеннае дваццацігодзьдзе. Усё гэта, паводле аўтараў мэмарыялу, прывяло да трагічных наступстваў. У выніку, частка беларускага сьвятарства апынулася ў Манчжурыі, іншыя — у Паўночнай Амэрыцы, рэшта — у Генэральнай губэрні. Далей паказваўся лёс беларускіх каталікоў у падсавецкай Беларусі, дзе, паводле польскай апініі, праваслаўнымі лічыліся толькі беларусы, у сваю чаргу каталікамі — выключна палякі. Падкрэсьлівалі варожыя адносіны польскіх камуністаў, якія, выяўляючы свой нацыянальны шавінізм, у падсавецкай Беларусі перасьледвалі й ліквідавалі беларускіх сьвятароў.
Прадстаўляючы актуальны ўзровень нацыянальнай самасьвядомасьці беларускіх каталікоў, аўтары мэмарыялу падкрэсьлівалі, што найбольшы ён у Заходняй Беларусі й найменшы на абшарах, што ўваходзілі ў склад БССР. Найбольш высокі ўзровень нацыянальнай сьвядомасьці, на іх думку, выяўлялі вернікі ў акругах: Баранавічы, Вялейка, Глыбокае, Ліда, Наваградак і Слонім. На абшарах Генэральнага камісарыяту Літвы ў раёнах: Ашмяны, Браслаў, Смаргонь. Тут жа падаваўся сьпіс і месцы жыхарства 45 нацыянальна-сьведамых беларускіх сьвятароў.
Аўтары мэмарыялу прапанавалі зрабіць наступныя крокі:
Стварыць беларускую касьцельную адміністрацыю і прапаноўвалі наступных кандыдатаў на біскупаў:
а/ Гадлеўскі Вінцук — Менск, галоўны школьны інспэктар. Паходзіць з Ваўкавыскага павету;
б/ Гарошка Леў — працуе ў парафіі на Палесьсі. Паходзіць з Наваградчыны;
в/ Станкевіч Адам — Вільня. Паходзіць з Ашмянскага павету.
г/ Хамёнак Віталіс — марыянін, што быў выдалены польскімі ўладамі з Друі ў Генэральную губэрню. Цяпер жыве на Бялянах пад Варшавай. Паходзіць з Глыбоччыны;
· Вярнуць ксяндзоў-беларусаў, якія апынуліся па-за межамі Беларусі (З.Філіповіч — Люблін, Ч.Наўмовіч — Любешаў, П.Татарыновіч — Варшава, Д.Лапошка — Лодзь).
· Выкарыстаць для беларусізацыі касьцёлу 45 сьвятароў-беларусаў паводле сьпісу з адрасамі.
· Звальнiць з працы ў адміністрацыйных установах ўсіх беларускіх сьвятароў, бо гэта выклікае падазрэньне з боку праваслаўных беларусаў (канкрэтным прыкладам можа служыць асоба кс. Вінцука Гадлеўскага зь Менску, які многімі падазраецца ў супрацоўніцтве з Гестапа).
· Адкрыць ў Менску беларускую духоўную каталіцкую сэмінарыю.
· Выдаць беларую каталіцую літаратуру для набажэнстваў.
· З той прычыны, што ў 1920—1939 гг. шмат клерыкаў паходзіла з польскіх этнічных земляў і ўсе яны пасьля заканчэньня тэалягічнай навукі засталіся ў Заходняй Беларусі і працавалі агентамі ген. Сікорскага, прапаноўвалася іх выслаць у Генэральную губэрню.
· Ліквідаваць польскія ўплывы з боку ўсіх іншых сьвятароў прапольскай арыентацыі.
· Шмат беларусаў было запісана ў пашпарты як палякі. У сучасны момант трэба даць ім магчымасьць перапісацца на беларусаў. Аднак у дачыненьні да інтэлігенцыі трэба захаваць асцярожнасьць, каб ідэалягічны паляк, зьмяніўшы ў пашпарце сваю нацыянальнасьць, ня мог пасьпяхова весьці шкодную [для Беларусі і Немцаў — прыпіс аўтара рэляцыі] працу. Спрыяць зьмене нацыянальнасьці (у тым ліку інтэлігенцыі) толькі тым, хто падасьць пераканаўчыя доказы, што займаўся беларускай, а ня польскай дзейнасьцю. Усё гэта робіцца на карысьць Нямеччыны і Беларусі, а таксама ўнармуе важную справу і дасьць немцам праўдзівых сяброў, якімі зьяўляюцца сапраўдныя беларусы.
Рэляцыю зь Менску завяршаў асобна выдзелены дакумэнт, анатаваны адпаведным подпісам:
Lista 45 księży, stojących na usługach białoruskich
(Сьпіс 45 сьвятароў, якія знаходзяцца на беларускіх паслугах):
1. кс. Альшэўскі Антон — Рыга
2. кс. Аляшкевіч Францішак — Удзял (Глыбоцкі р-н Віцебскай вобл. 2)
3. кс. Аношка Вацлаў — Балашыха (Палесьсе?)
4. кс. Аўгустыновіч Аляксандр — Нецеч (Лідзкі р-н Гарадзенскай вобл.)
5. кс. Аўліх Леапольд — Камень (Валожынскі р-н Менскай вобл.)
6. кс. Бакіноўскі Альбэрт — Шарашова (Пружанскі р-н Берасьцейскай вобл.)
7. кс. Барташэвіч Павел — Мсьцібава (Ваўкавыскі р-н Гарадзенскай вобл.)
8. кс. Бернацкі Уладыслаў — Смаргонь (Гарадзенская вобл.)
9. кс. Борык Міхал — Нястанішкі (Астравецкі р-н Гарадзенскай вобл.)
10. кс. Гадлеўскі Вінцук — Менск
11. кс. Гайлевіч Язэп — Рыга
12. кс. Гарошка Леў — працаваў на Палесьсі
13. кс. Глінскі Віктар — ст. Ельня (магчыма Наваельня Дзятлаўскі р-н Гарадзенскай вобл.)
14. кс. Далецкі Міхал — Навагрудак (Гарадзенская вобл.)
15. кс. Дашута Язэп — Скужэц каля Седльцаў (Польшча)
16. кс.Дулінец Антон — Гранная каля Бельску (Польшча)
17. кс. Жалудзевіч Міхал — Геранёны (Івейскі р-н Гарадзенскай вобл.).
18. кс. Кашыра Юры — Іўе (Гарадзенская вобл.)
19. кс. праф. Кулак Казімір — Ляндвараў (Літва)
20. кс. Лапошка Данат — Лодзь (Польшча)
21. кс. Маскалік Міхал — Мюнхен (Нямеччына)
22. кс. Наўмовіч Часлаў — Любешаў (Польшча)
23. кс. Падзява Антон — Бяляны пад Варшавай
24. кс. Піпік [Пусік. – прыпіс аўтара реляцыі] Віктар — Рыга
25. кс. Раманоўскі Вацлаў — Парэчча (Гарадзенскі р-н)
26. кс. Рыбалтоўскі Казімір — Камень (Валожынскі р-н Менскай вобл.)
27. кс. Семашкевіч Янка — Міхалова-Незабудка (Беласточчына)
28. кс. Сьмяян Антон — Піншчына
29. кс. Сядляр Станіслаў — Кляпачы (Падляшша)
30. кс. Смулька Казімір — Скужэц каля Седльцаў
31. кс. Станкевіч Адам — Вільня
32. кс. Талочка Уладыслаў — Вільня
33. кс. Тарасэвіч Юльян — Рубяжэвічы (Стаўпецкі р-н Менскай вобл.)
34. кс. Тарашкевіч Віктар — Рыга
35. кс. Татарыновіч Пётр — Варшава
36. кс. Філіповіч Зьміцер — Люблін (Польшча)
37. кс. Хаданёнак Браніслаў — Вільня
38. кс. Хадыка Аляксандр — Беласток
39. кс. Хадыка Станіслаў — Гервяты (Астравецкі р-н Гарадзенскай вобл.)
40. кс. Хамёнак Віталіс — Варшава
41. кс. праф. др Хвецька Люцыян — Хатаў (Стаўпецкі р-н Менскай вобл.)
42. кс. Чарняўскі Францішак — Францыя
43. кс. Шалкевіч Міхал — Тракелі (Воранаўскі р-н Гарадзенскай вобл.)
44. кс. Шымкевіч Зянон — Гародна (Столінскі р-н Берасьцейскай вобл.)
45. кс. Шутовіч Віктар — Харошч каля Беластоку

Цяжка адназначна казаць, што мэмарыял такога зьместу быў пададзены нямецкім акупацыйным уладам. Тым больш меркаваць пра рэакцыю на яго нямецкай адміністрацыі ў Менску. Тут пытаньне застаецца адкрытым і чакае дакумэнтальнага пацьверджаньня з архіваў. Вядомы затое лёс пераважнай большасьці сьвятароў са “сьпісу 45-ці” 3.
Не да канца аднак застаюцца высьветленымі прычыны, якія прывялі да арыштаў і ліквідацыі шэрагу польскіх і беларускіх каталіцкіх святароў, і роля ў гэтым, з аднаго боку, нямецкіх акупацыйных уладаў і мясцовай беларускай адміністрацыі, а з другога — польскіх кансьпірацыйных арганізацый і праваслаўных груповак прамаскоўскай арыентацыі.


1 Архіў архідыяцэзіі ў Беластоку: Teczka abpa R. Jałbrzykowskiego

2 Рэд.: Тут і далей, паводле сёньняшняга адміністрацыйнага падзелу.

3 Garbinski J., Turonek J.. Białoruski ruch chrześcijański XX wieku. Słownik biograficzno-bibliograficzny, Warszawa, 2003.