Л. Юрэвіч. Беларуская мэмуарыстыка на эміграцыі / БІНІМ. Нью Ёрк, 1999. 361 с.

Сярод разнастайных сьведчаньняў пра мінулае мэмуары зьяўляюцца, бадай, самым інтымным дакумэнтам гісторыі чалавечага духу. Мэмуарыстыку можна лічыць штрыхамі сумарнага аўтапартрэту этнасу ў пэўную эпоху яго гісторыі. Менавіта такое ўражаньне застаецца адразу пасьля знаёмства з чарговай кнігай беларускай мэмуарыстыкі на эміграцыі, мэтанакіравана скампанаванай ужо добра вядомым беларускаму чытачу літаратуразнаўцам Лявонам Юрэвічам.
Пераконваесься, што без успамінаў нельга ўзнавіць асноўныя тэндэнцыі гістарычнага жыцьцядзеяньня нацыі. Для беларускай нацыянальнай сьвядомасьці мэмуарыстыка зьяўляецца асабліва важным кампанэнтам самавыяўленьня: больш за чвэрць агульнай колькасьці этнічных беларусаў у ХХ ст. апынуліся за межамі краіны. І большасьць не па сваёй волі.
Янка Купала ў 1918 г. у вершы «Свайму народу» пісаў:

Чужак-дзікун, крывёю ўпіўшысь сьвежай,
Запрог цябе ў няволю, у батракі
І тваю маці – Бацькаўшчыну рэжа,
Жывую рве на часьці, на кускі.
Сыноў тваіх расьсеяў па ўсім сьвеце,
Як птушак ястраб з гнёздаў разагнаў;
Бацькі дзяцей, а бацькоў сваіх дзеці
Сярод магіл шукаюць і канаў.

Інтарэсы разбэрсанага беларускага этнасу не скансалідаваныя як сьлед і ў сябе дома, у мэтраполіі, што дае падставы для інсынуацыяў палітыканам калябарацыянісцкага кшталту. У апошні час пэўнымі коламі мусіруецца хлусьня пра нібыта існуючую ў Беларусі нейкую беларускую культуру на іншанацыянальнай мове. На справе ж час разьвіцьця нацыянальных культураў у форме іншанацыянальных моваў даўно мінуў, ён быў толькі больш ці менш працяглым этапам пераходу ад “агульнай” мовы (“обчага языка”, як гаварыўз Леў Сапега) да ўласнай, да сваёй “адзежы душы”, у якой культура толькі і можа расьці і ўзбагачацца. Сёньня відавочным становіцца той факт, што этнічнае самавызначэньне асобы мае перавагі ў справе яе культурнай самарэалізацыі над іншымі фактарамі. Гэта, аднак, ніколькі не зьмяншае ролі нацыянальна-культурнага асяродзьдзя.
Менавіта пра гэта думаецца, калі знаёмісься зь “Беларускай мэмуарыстыкай...”. Яе духоўны зьмест ніяк нельга абмежаваць толькі настальгічнай “тугой па Радзіме”. Дзейны, творчы пачатак, мэтанакіраванае асэнсаваньне адраджэнцкай дзейнасьці дае выдатны плён. Мае рацыю Лявон Вашко, які пісаў у лісьце да Л. Юрэвіча:
Тут рэч не ў палітыцы, а самой беларускай творчасьці: нягледзячы на ўсе тагачасныя падзеі, беларушчына ня толькі не загінула, але яна пашырыла свае геаграфічныя межы і паглыбіла нашу ідэю .

Сёньня беларуская культура і, значыць, ідэя беларускай незалежнасьці куюцца ўсюды, дзе ёсьць носьбіты беларускай самасьвядомасьці.

Асэнсаванае стаўленьне да фармаваньня нацыянальнай культуры складае адметную рысу беларускага адраджэньня, і гэта нельга выпускаць з-пад увагі перад пагрозай ірацыянальнага насланьня. Беларуская маральная філасофія зыходзіла з ідэі катастрафізму ХХ ст. “Кепска будзе”, – сьцьвярджаў Ф. Багушэвіч. Філёзаф у паэзіі М. Багдановіч на золку ХХ ст. ўбачыў пачатак цёмнай ночы – абезгалоўлены, без будучыні час. Гэткі ж юны і ня менш таленавіты мысьляр І. Канчэўскі растлмачыў прычыны:

Прыклад Расіі кажа нам, што рэвалюцыя без індывідуальнае творчасьці – толькі вялікая смута без канца і прасьвету .

Знакі бяды, так выразна абазначаныя ў творчасьці В.Быкава, “чулыя сэрцам”, “душы жывыя” бачылі ў пачатку 20-х гадоў. У. Дубоўка папярэджваўу 1922 г.:

І скогат, і скарга – спакою нідзе,
пад засьцілай ночы – варожасьць.
А ўпартасьць да мэты вядзе і вядзе,
пра шчасьце і радасьць варожыць…
(“Імжа, і склізота, і прыкрая золь…”)

Па-купалаўску патрабавальна прагучаў у час вайны голас Натальлі Арсеньневай – “Годзе!”:

Досыць падаць прад кожным ніцма!
Лепш на момант
агнём успыхнуць
Чымся літасьцей век давіцца!

Мэмуарыстыка беларусаў у Амэрыцы добра ілюструе вынікі духоўнага станаўленьня беларускай самасьвядомасьці ў ХХ ст. – фарміраваньне той якасьці, якую К. Чорны назваў “абвостранай цьвёрдасьцю”, У. Дубоўка – упартасьцю. Паэзія Натальлі Арсеньневай прасякнута духам зацятасьці ў духовастваральнай працы. Увесь матэрыял “Беларускай мэмуарыстыкі...” разьвейвае падхоплены афіцыйнымі коламі ў Беларусі міт пра бязьмежную, аж да абыякавасьці да самога сябе талерантнасьць беларуса. Неагрэсіўнасьць – гэта так. Цярплівасьць – гэта таксама паказчык культуры, як і ўпартасьць, зь якой беларусы раз за разам пачынаюць сваё адраджэньне.
У нататках Апалёніі Радкевіч (Савёнак) “Беларуская хатка” літаральна некалькімі штрыхамі намалявана выразнае аблічча самаахвярнай у адраджэнцкай працы і так непасрэднай і шчырай у зносінах з дарослымі і дзецьмі Ванды Лявіцкай – дачкі Ядвігіна Ш. “Надзвычай ветлівая й прыемная маладая паненка ці жанчына з лёгкай касавочынкай” сваёй натуральнай беларускай гаворкай імгненна знаходзіла шлях да дзіцячай душы. Гэтак жа натуральна ішоў і творчы працэс у “Беларускай хатцы”: нібы мімаходзь арганізоўваліся вечарыны, у якіх былі ўдзельнікамі Багдановіч, Смоліч, Ядвігі Ш., Гарун, Галубок, Купала, Колас, браты Гарэцкія, сёстры Бадуновы, Захарка, Тэраўскі і яшчэ многія іншыя, чый талент вярнула да жыцьця беларуская ідэя.
Юрка Віцьбіч (1905–1975) выкарыстоўвае своеасаблівую жанравую форму, у якой спалучаюцца элементы і навэлістыкі з анкетнымі дадзенымі. У замалёўцы “не чарнілам, а крывёю” першае слова прамаўляе Ўладзімір Жылка – рэпрэсаваны аўтар доўга невядомага беларускаму чытачу “Тастаманту”. Выкрышталізаваная ў паэме аўтарская думка, заўсёды ўласьцівая Ў. Жылку, нагадвае “Ліст з-пад шыбеніцы” Кастуся Каліноўскага, “Маналог” Аркадзя Куляшова, вянкі санетаў А. Звонака, Н. Гілевіча, А. Сербантовіча, мікрапаэмы выніку А. Разанава:

На зломе дзьвюх эпох злавесных,
У неспрыяльным ветры злым,
Сваё жыцьцё прайшоў я чэсна:
Пясьняр, змагар, бядняк праз век, –
Быў перш за ўсё я – чалавек.

У гэтым ёсьць і першая “віна” асобы ў дэспатычнай дзяржаве – прыналежнасьць да дэспатычнага роду. Другі цяжкі “грэх” –

За тое,
Што я толькі – беларус,
Мне такая кара.

Апошнія радкі – з “Надпісу на сьцяне 95 камэры” Тодара Лебяды. Далей эстафету пераймаюць Язэп Пушча, Уладзімер Хадыка, Уладзімер Дубоўка, Алесь Дудар, Власт, Масей Сяднёў… Трапілі ў жорны і тыя, хто абслугоўваў людажэрскую машыну, – Андрэй Александровіч, Якаў Бранштэйн. Літаратуразнаўцаў зацікавіць арыгінальная заўвага Юркі Віцьбіча пра ролю трагічнага фіналу ў рамане Сымона Баранавых “Калі ўзыходзіла сонца”:

Усе папярэднія апавяданьні і аповесьці Баранавых здаваліся “пробай пёрка” ў параўнаньні з гэтым вялікім раманам…

Сьмерць на ўзлёце ў С. Баранавых, як і “недапетыя песьні” ці высечанае “чырвонае ляда” ў Лынькова – гэта эмблема Беларусі ў ХХ ст.
Успаміны Льва Гарошкі пра 1930–1944 гг. “Праз навальніцы й нягоды” можна аднесьці да жанру гістарычнага дасьледаваньня пра залітае крывёю ляда беларускай духоўнай нівы. Зацята высякалі вунію на Беларусі расейскія манархісты, бальшавікі, польскія вялікадзяржаўнікі – за тое, што уніяцтва, насуперак задуме ііцыятараў, народ змог ператварыць ужо ў ХVІІІ ст. у сваю нацыянальную рэлігію.
Багаты матэрыял для роздуму даюць зьмешчаныя ў кнізе жыцьцяпісы і аўтабіяграфіі. Зь іх вырысоўваецца вобраз нацыянальна сьвядомага беларуса ХХ ст. – асобы з моцным духоўным імунітэтам. Такі тып сфармаваўся ўжо ў ХVІ ст., а галоўная яго рыса – прывязаць да роднай зямлі – ужо выразна бачыцца ў духоўным абліччы Рагнеды, Усяслава Полацкага, сьв. Ефрасіньні. Адзін толькі паслужны сьпісок Канстанціна Езавітава зьдзіўляе і захапляе чытача багацьцем энэргіі, якая праявілася ў палітычнай і ваеннай сфэрах адраджэнцкай дзейнасьці гэтага чалавека – сына афіцэра Расійскага войска, выхадца зь сялянскай сям’і на Полаччыне. Напружанае творчае жыцьцё кампазітара Міколы Равенскага пачалося з пяцігадовага ўзросту. Беларускае адраджэньне мела вострую патрэбу ў музычнай творчасьці. Мікола Равенскі стаўся дзейным творцам і пэдагогам ва ўмовах перасьледу за нацдэмаўшчыну, у час вайны, у акупацыі. Прыходзіцца шкадаваць, што на Бацькаўшчыне мала вядомыя ягоныя творы, напісаныя на словы беларускіх паэтаў, па матывах беларускага меласу, сюіты, духоўная музыка. Радуе тое, што малітва на словы Натальлі Арсеньневай “Магутны Божа” стала эмблемай штогадовага фестывалю духоўнай музыкі. А вось “Уласны жыцьцепіс сьпевака Вячаслава Сэлях-Качанскага для многіх культурных дзеячаў стане адкрыцьцём невядомай старонкі ў гісторыі беларускай тэатральнай і музычнай культуры.
З “Майго жыцьцяпісу” Алеся Змагара (Яцэвіча) – пісьменьніка й грамадзкага дзеяча – вырысоўваецца аблічча чалавека вялікай энэргіі, для якога перашкоды існуюць, каб іх пераадольваць. Гэтая рыса беларускага нацыянальнага характару выдатна праявілася ў «ліцьвінізме» часоў Альгерда. Невыпадкова ў радаводзе Яцэвічаў мужчыны былі дужыя фізычна, а дзед “па кудзелі” перадаў Алесю Змагару духоўны гарт – памяць пра нацыянальныя карані:

Ведайце, дзеткі, што мы ня рускія. Мы й не беларусы. Мы – ліцьвіны. На слаўнае калісь магутнае Вялікае Княства Літоўскае заваявалі маскалі, назвалі сябе рускімі, а нам далі назоў беларусы дзеля падабенства з рускімі. Не забудзьце гэтага, як вырасьцеце. Любеце волю.

Гэткай жа энэргіяй у сфэры гаспадарчай дзейнасьці вылучаўся і сялянскі клан, зь якога выйшаў Юры Жывіца – заснавальнік Беларускага музэю ў Нямеччыне, пісьменьнік, грамадзкі дзеяч, арганізатар беларускага школьніцтва ў час вайны. Грамадзкі і рэлігійны дзеяч Аляксандар Калодка ў нарысе “Беларусы ў Аўстраліі” раскрывае карціну духоўнага станаўленьня беларускай дыяспары на пустым, можна сказаць, месцы. Варта адзначыць характэрны штрых – занёмства аўстралійскага міністра іміграцыі з культурай беларусаў:

Яму вельмі спадабаліся нашыя экспанаты: вышываная вопратка, настольнікі, посьцілкі, шкатулкі, скрыначкі, наклееныя саломкай.

Так міністар даведаўся, што беларусы – не расейцы, і пасьля гэтага быў дадзены дазвол на прыезд новай партыі беларусаў у Аўстралію. Павучальным таксама зьяўляецца прыклад супрацоўніцтва ў Аўстраліі ўкраінскай і беларускай цэркваў.
Нажаль, не заўсёды беларусы, у тым ліку і інтэлігенцыя, усьведамляюць, што крыніцай духоўнай моцы асобы зьяўляецца духоўнасьць, нацыянальная самасьвядомасьць. У такіх выпадках асоба траціць свой духоўны імунітэт. Пра гэта сьведчаць аб’ектыўна і вельмі тактоўна напісаныя “Ўспаміны пра Алеся Салаўя” Зінаіды Кадняк – удавы таленавітага паэта. З-за недахопу сацыяльна-палітычнага досьведу беларускія адраджэнцы нацыянальна-камуністычнага кірунку паплаціліся жыцьцём. Віну й бяду разам з кіраўнікамі вымушаная браць на сябе нацыя. К. Каліноўскі не памыляўся, калі з-пад шыбеніцы папярэджваў:

Но як дзень з ноччу ня ходзіць разам, так ня ідзе разам наука праўдзіва з няволяй маскоўскай. Дапокуль яна ў нас будзе, у нас нічога ня будзе, ня будзе праўды, багацтва і ніякай наукі, – адно намі, як скацінай варочаць будуць не для дабра, но на пагібель нашу” .

У “Аўтабіяграфіі” Ўладзімера Брылеўскага адзначаецца:

З прыходам Саветаў міт пра шчасьлівае жыцьцё “пад сонцам сталінскай канстытуцыі” пырснуў, як мыльная бурбалка.

Пырснуў ён у вачах гаспадара-ўласьніка, а люмпенізаваныя слаі і рамантычныя інтэлігенты ад ілюзіяў вызваляюцца запаволена. У гэтай сувязі вельмі каштоўным зьяўляецца дасьледаваньне ўкраінскага гісторыка Сямёна Підгайнага “Беларусы на Салаўках”. Ачышчэньне галавы ад “савстафільскага мэтлаху” прыйшло запозьнена – у час знаходжаньня на Салаўках. “Так нам і трэба”, – успамінае Підгайны словы вядомага дзеяча Грамады Рак-Міхайлоўскага. Там жа ў ізалятары скончылася жыцьцё Мятлы, Дварчаніна, Гаўрыліка… Трыццатыя гады шчодра ўзбагацілі Мартыралог Беларусі, але не спынілі канвеер сьмерці.
Вылучаецца “Аўтабіяграфічны нарыс” Натальлі Арсеньневай:

Датаў у гэтым нарысе (ці ўспамінах), – піша аўтарка, – мала, я датаў не люблю, бо жыцьцё-ж ня ў датах, а ў перажываньнях, у тых, аб якіх пішацца, ці-ж не?

Праз перажываньні раскрываецца філасофскі сэнс эпохі ў лірыцы Натальлі Арсеньневай:

Мы знаем – час плыве, па кроплі
кропля, у змрок.
У кволай чары рук яго не ўтрымаеш.
Налета – ў цішыні
прысадаў і муроў
Ён расьцьвіце мо зноў,
але ўжо іншым маем…

Гэтыя мэдытацыі добра кладуцца ў плын беларускай філасофскай лірыкі – спрэчку з грозным memento mori, якую так сьмела распачаў Максім Багдановіч, а потым праз завалы пагромнай крытыкі Бранштэйна, Бэндэ, Кучара працярэблівала шлях да сьвятла задумная муза Танка, Куляшова, Пысіна, Разанава. Арсеньнева была сярод пачынальнікаў. Яе “Нарыс” і намаляваны ў ім творчы шлях – гэта своеасаблівы трактат “у перажываньнях”. Трактат пра псыхалёгію творчасьці й фазы ў разьвіцьці эстэтычнай культуры суб’екта – асобы й этнасу – ад нагляднага самавыяўленьня ў пластыцы ды абагульнена-вэрбальнай творчасьці ў паэзіі.
У багатым думкамі нарысе Н. Арсеньневай тут варта зьвярнуць увагу на два моманты. Першы – гэта роля Віленскай Беларускай гімназіі і Максіма Гарэцкага ў творчым лёсе паэткі. Па-за нацыянальным беларускім адраджэньнем яе творчы патэнцыял наўрад ці быў рэалізаваны. Зьяўляючыся па крывы расейскай арыстакраткай, Натальля Арсеньнева пражыла свой лепшы пэрыяд творчага жыцьця ня ў “Северо-Западной” правінцыі, а ў Беларусі, “ціхой і ветлай”, “краіне сьветлай” Багдановіча.
Другі момант – гэта яе сустрэчы з магутным талентам Максіма Танка, праўда, тады яшчэ не рэалізаваным у творчасьці. “Мы вельмі пасябравалі з Танкамі ягонай Любай”, – піша Арсеньнева. Максім Танк не пабаяўся прыслаць ліст Арсеньневай у ссылку. Талент Н. Арсеньневай патрабаваў “самазаглыбленьня”. Максім Танк заглыблена асэнсоўваў цану і плату за даверлівасьць (“Доўга чакалі мы вас”). Крытычнае стаўленьне да савецкай рэчаіснасьці ў яго склалася ўжо ў даваенны час, пра што сьведчаць яго дзёньнікавыя запісы, ды і вобразы-алюзіі, асацыятыўны рад і сымволіка яго мэдытацыя?, вельмі густа замешаная на нацыянальнай традыцыі і побыце.
Жанр рэцэнзіі, на жаль, не дазваляе ацаніць па заслугах значэньне зробленай Л. Юрэвічам і ўсімі, хто яму дапамагаў, працы. Яго аглядны артыкул насычаны багатай інфармацыяй. Аўтар знайшоў крытэрыі для сістэматызацыі матэрыялу. У выніку атрымалася кніга, якая пераканаўча адлюстроўвае шлях узмужненьня беларускага этнасу й спрыяе яго кансалідацыі, далейшай крышталізацыі нацыянальнага духу.

Аляксей Рагуля