А.Трафімчык
Інстытут эўрапейскіх
даследаваньняў НАН Украіны

Да пытаньня беларускага школьніцтва
на Віленшчыне (1939—1941)

Сацыяльна-палітычны й дэмаграфічны кантэкст[1]

Падрабязных дасьледаваньняў на гэтую тэматыку не існавала да 1990-х гг. Ці ня першым зрухам тут зьяўляецца зборнік артыкулаў польскіх, беларускіх і літоўскіх вучоных “Społeczeństwo białoruskie, litewskie i polskie na ziemiach północno-wschodnich II Rzeczypospolitej w latach 1939 – 1941”, выдадзены ў Варшаве ў 1995 г. Аднак у адрозьненьне ад “польскага” аспэкту, праблемы беларускай гісторыі і культуры на землях, перададзеных у кастрычніку 1939 г. Масквою Літве, у ім уздымаюцца мала[2].
З прыходам бальшавікоў у Вільню 19 верасьня 1939 г. у горадзе распачаліся тыя ж працэсы, зьвязаныя са зьменай улады і каранізацыяй, якія былі характэрныя для заходнебеларускіх земляў. Сярод іншага, сталі выдавацца дзьве беларускія газэты (“Віленская праўда” і “Свабодная Беларусь”)[3]. “Віленская праўда”, як і бэсэсэраўская прэса, была напоўненая прапагандысцкімі тэкстамі пра гістарычныя правы беларускага народу на Вільню і Віленшчыну[4].
Ні кіраўніцтва БССР, ні часовыя ворганы ўлады на новазанятых тэрыторыях не падазравалі, які сцэнар для Вільні і Віленшчыны рыхтавала Масква. Больш за тое, на агульным зьезьдзе беларускай грамадзкасьці, які адбыўся 24 верасьня ў беларускай гімназіі з удзелам высокіх прадстаўнікоў савецкіх часовых органаў улады, адзін зь іх — камандарм Іван Клімаў — выказаў упэўненасьць, што Вільня застанецца належыць Беларусі. А яшчэ ў адной размове ён заявіў, што атрымаў адпаведныя паўнамоцтвы для абвяшчэньня Вільні сталіцай Заходняй Беларусі[5]. (Перад інкарпарацыяй земляў Польскай дзяржавы існавала задума стварэньня трох “дзяржаўных” наватвораў, у тым ліку Заходняй Беларусі[6]). У канцы верасьня 1939 г. нават зьявілася інфармацыя пра перанос сталіцы Беларусі зь Менска ў Вільню[7].
Такім чынам, палітычная прэлюдыя падзеяў паўплывала на тое, што на Віленшчыне пачала арганізоўвацца школьная сыстэма, у тым ліку і пачатковае і сярэдняе (у гімназіі) беларускае школьніцтва. Прычым колькасьць кандыдатаў у беларускую гімназію так узрос, што за пару дзён у Вільні прыйшлося арганізаваць другую беларускую гімназію[8]. Агулам абедзьве сярэднія школьныя ўстановы мелі каля 600 вучняў[9]. Наладжвалася таксама студэнцкая дзейнасьць[10].
Што ж чакала беларускае школьніцтва ў Вільні і яе ваколіцах, разьвіцьцё якога набывала шпаркія тэмпы ў бок пашырэньня, зыходзячы з прыярытэтаў “ленінска-сталінскай” нацыянальнай палітыкі і дэмаграфіі тых тэрыторый, калі б яны не былі перададзеныя ў склад Літвы?
Каб адказаць на гэтае пытаньне, неабходна прасачыць якімі былі этнічныя суадносіны ў той час у Вільні і прылеглых да яе гмінах. Розныя перапісы і дасьледнікі трактавалі нацыянальныя пытаньні па-рознаму, аднак можна гаварыць аб нейкім дыяпазоне, у межах якога і будзе знаходзіцца адсотак той ці іншай нацыянальнасьці ад агульнага складу насельніцтва. Вынікі такога супастаўленьня дадзеных прадстаўленыя ў табліцы.

Крыніца дадзеных Тэрыторыя,
якую
ахопліваюць
дадзеныя
Па нацыянальнасьцях (у адсотках) Усяго
насельніцтва
Беларусы Палякі Літоўцы
(ліцьвіны)
Рускія
(вялікарусы,
расейцы)
Яўрэі
Перапіс
насельніцтва
Расейскай
Імпэрыі, 1897 г.
(паводле роднай
мовы)[11]
Віленскі павет 26,5 20,5 21,5 10,7 21,7 355213
у т. л. Вільня 4,2 30,9 2,1 20,0 40,0 154532
Троцкі павет 25,6 11,3 58,1 4,6 9,5 203401
Агулам абодва паветы 26,1 17,2 34,8 8,5 17,3 558614
Уся Віленская губэрня 56,0 8,2 17,6 4,9 12,7 1591207
Усеагульны
перапіс
ІІ Рэчы Паспалітай,
1931 г.
(паводле
роднай мовы)[12]
Усё Віленскае
ваяводзтва
22,7 59,7 5,1 3,4 8,5 1276000
Горад 3,0 63,0 3,7 29,0 261300
Вёска 27,8 58,9 3,3 3,3 1014700
Тое ж па Вільні
і Віленшчыне[13]
горад Вільня 0,9
(разам з
“тутэйшымі”)
65,9 няма
дадз.
(але ня
больш
за 1,4)
3,8 28,0 195100
“Вільня – Трокі”[14] 2,6
(разам з
“тутэйшымі”)
84,1 7,9 1,7 3,0 214500
Агулам
“Вільня – Трокі”
зь Вільняй
1,8
(разам з
“тутэйшымі”)
75,5 ня больш
за 4,8
2,7 14,9 409600
Інтэпрэтацыя
і карэктура
польскага
перапісу 1931 г
. Ежы
Тамашэўскім[15]
Усё Віленскае ваяводзтва 32,1 52,0 ня больш
за 4,0
3,4 8,5 1276000
у т. л. Вільня[16] 1,9 60,2 2,3 няма
дадз.
36,1 195000
Дадзеныя А. Юшкі
(былога старшыні
Зьвязу вызваленьня
Вільні)[17]
Вільня і Віленскі павет 5,3 18,4 Меней за 0,1 няма дадз. 23,7 380000[18]
Паводле
літоўскіх
дадзеных[19]
Вільня і
Віленшчына,
якая адышла
да Літвы
10.10.1939 г.
14 59 6 няма
дадз.
няма
дадз.
457000[20]
Дыяпазон
min – max
Вільня 0,9 – 4,2 30,9 – 65,9 меней
за 0,1 – 6
3,8 – 20,0 28,0 – 40,0
Віленшчына,
якая адышла
да Літвы
10.10.1939 г.
2,6 – 26,1 17,2 – 84,1 меней
за 0,1 – 34,8
2,7 – 8,5 14,9 – 23,7
Віленскае
ваяводзтва
(губэрня)
22,7 – 56,0 8,2 – 59,7 Ня больш
за 4,0 – 17,6
3,4 – 4,9 8,5 – 12,7

Матэрыялы табліцы адлюстроўваюць пэўныя разыходаньні ў ацэнках беларускага насельніцтва ў Вільні і ваколіцах, якія выкліканыя палітычнымі варункамі правядзеньня перапісаў, а таксама асаблівасьцямі міграцыйных працэсаў на працягу чатырох дзесяцігодзьдзяў. Аднак дадзеныя сьведчаць, што непасрэдна ў Вільні ў першай палове ХХ ст. пражывала няшмат беларусаў (у межах 4%), значна болей (каля 26%) іх было ў ваколіцах Вільні й Трокаў, дзе існавалі кампактныя пасяленьні[21].
Літоўскія ўлады з прыходам на Віленшчыну пры канцы кастрычніка 1939 г. праводзілі больш памяркоўную ў дачыненьні да нацыянальных меншасьцяў палітыку, якая розьнілася і ад былой польскай і ад будучай савецкай, бо прыярытэты рабіліся на адраджэньні ў рэгіёне літоўскай культуры[22]. Літоўская прапаганда вызнавала віленскіх палякаў за спаланізаваных літоўцаў, што прыводзіла да пасыўнага, а нярэдка і актыўнага (у выглядзе дэманстрацый) польскага супраціву[23].
Беларуская інтэлігенцыя Вільні, пазбаўленая праз НКУС бальшыні лідэраў, была вельмі слабая і нацыянальныя праблемы вырашала ў рэчышчы дзяржаўнай палітыкі, карыстаючы з тых магчымасьцяў, якія ёй былі гарантаваныя Канстытуцыяй Літвы, сярод іх — права на адкрыцьцё нацыянальных школаў[24].
Арганізацыя нацыянальнай адукацыі, паводле літоўскага “Закону аб пачатковых школах”, мела наступныя юрыдычныя акалічнасьці:
§ 14. У пачатковай школе з выкладовай літоўскай мовай дзецям нелітоўскай нацыянальнасьці, калі іх ёсьць ня менш за 32, выкладаецца як асобная навука мова той нацыянальнасьці.
§ 26. Выкладовай мовай у пачатковай школе ёсьць літоўская. У раёне пачатковай школы, у якім ёсьць ня менш за 50 дзяцей нелітоўскай нацыянальнасьці, можа быць арганізавана пачатковая школа зь нелітоўскай выкладовай мовай. У такіх школах літаратурная мова выкладаецца як асобны прадмет, пачынаючы з другога аддзелу; пачынаючы з трэцяга аддзелу на літоўскай мове выкладаецца пазнаньне Бацькаўшчыны, гісторыя й геаграфія.
§ 28. У пачатковыя школы зь нелітоўскай мовай выкладаньня могуць быць прынятыя дзеці толькі той нацыянальнасьці, якой мова зьяўляецца выкладовай у школе. Дзеці, каторых адзін з бацькоў ёсьць літоўскай нацыянальнасьці, павінны вучыцца ў школе зь літоўскай мовай навучаньня.
§ 29. У школах зь нелітоўскай выкладовай мовай канцэлярыя павінна весьціся ў літоўскай мове.
Практыка арганізаваньня нелітоўскіх пачатковых школаў паказала, што довадам нацыянальнай прыналежнасьці зьяўляўся пашпарт. Дзеля гэтага кожны беларус, які жадаў, каб яго дзіця атрымлівала асьвету ў беларускай мове, мусіў у пашпарце на пытаньне, якой ён нацыянальнасьці (мовы), адказаць, што ён “Gudas”, г. зн. беларус[25].
Нягледзячы на патэтыку закона й высілкі грамадзкіх дзеячоў, арганізацыя школак для дзяцей беларусаў ішла павольна з прычыны браку вучняў з-за польскай асыміляцыі і беднасьці беларускіх сем’яў, якім было матэрыяльна складана выправіць дзяцей нават у бясплатную школу. Менавіта такая школа адчынілася пры прагімназіі, і ў сьнежні 1939 г. у адной яе клясе вучылася 35 чалавек. Прычым настаўнікі школы мелі вышэйшую пэдагагічную адукацыю[26] (у адрозьненьне ад значнай часткі настаўніцтва савецкай пачатковай школы Заходняй Беларусі[27], якое камплектавалася іншы раз нават учорашнімі школьнікамі сёмых-восьмых клясаў[28]).
Далучэньне Вільні да Літвы спыніла наплыў вучняў, большасьць зь якіх, паводле Б.Кіта, паходзілі з Наваградчыны[29], бо яны як і некаторыя настаўнікі выехалі дамоў – у цяпер ужо Савецкую Беларусь. Такім чынам, беларуская гімназія асталася зь невялікай колькасьцю вучняў і з дэкамплектаваным вучыцельскім пэрсаналам[30]. Такое становішча вымусіла беларускіх дзеячоў рэарганізаваць навучальную ўстанову ў прагімназію (адзін з арганізатараў і яе дырэктар – Адам Станкевіч[31]), у якой адкрыліся тры клясы, у першай зь якіх на сьнежань 1939 г. навучалася 40 вучняў. Прыём працягваўся да Новага году[32]. У будучым меркавалася адкрыць і чацьвёртую клясу, што дазволіла б установе зноў здабыць статус гімназіі[33].
Пляны “Беларускага Цэнтра ў Літве” наконт разьвіцьця беларускамоўнай адукацыі былі маштабныя: шукалі беларускіх настаўнікаў, якіх шмат працавала ў польскіх школах, прапаноўвалі ім супрацоўніцтва[34]. Меркавалася таксама, што зь цягам часу ў Віленскім унівэрсытэце адкрыецца катэдра беларускай мовы і літаратуры, што менавіта на той момант зрабіць было немагчыма, бо шмат беларускай студэнцкай моладзі зьехала ў Савецкую Беларусь, а многія ня мелі сродкаў для атрыманьня вышэйшай адукацыі. Гэта стала адной з прычын развалу Беларускага Студэнцкага Саюзу, які існаваў амаль дваццаць гадоў і быў зьліквідаваны 17 красавіка 1940 г.[35]
Аднак збыцца плянам беларускіх дзеячоў не было наканавана: улетку 1940 г. Савецкі Саюз анэксаваў Літоўскую Рэспубліку. З прыходам Саветаў актывізаваліся падвіленскія вёскі. У школьныя ворганы паплылі заявы з подпісамі насельніцтва, патрабуючы навучаньня ў школах у мясцовай беларускай мове. Пры такім становішчы падвіленскага насельніцтва новыя школьныя ўлады пачалі накіроўваць у школы настаўнікаў-беларусаў[36]. Паводле праведзенага ў Вільні “школьнага плебісцыту” вынікала, што польскіх школаў жадае 50% гарадзкога насельніцтва, расейскіх – 20%, беларускіх – 12%, жыдоўскіх – 10%, літоўскіх – 8% (гэтыя лічбы былі ня столькі аб’ектыўнаю выяваю нацыянальных дачыненьняў у Вільні, колькі паказьнікам тагачасных настрояў[37]). Савецкая ўлада юрыдычна зраўнавала беларусаў у правох зь літоўцамі, дазволіла адчыніць пару беларускіх народных школаў у Віленскай акрузе, але не давала ніякіх надзеяў на магчымасьць разьвіцьця шырэйшае беларускае працы[38]. І хаця да вайны зь Нямеччынай беларускія школкі праіснавалі (прагімназія стала называцца адпаведна няпоўнай сярэдняй школай[39]), лёс іх быў прадвызначаны – пасьля чарговага прыходу Саветаў беларуская прагімназія была далучана да расейскамоўнай школы[40].
Варта адзначыць, што з розных прычынаў беларуская культурная дзейнасьць (у прыватнасьці школьніцтва) пэрыяду 1939 – 1941 гг. у Вільні і прылеглым да яе рэгіёне разьвівалася ня так інтэнсыўна, як планавалі яе рупліўцы. Але і тыя невялікія посьпехі былі ліквідаваныя сталінска-бальшавіцкай дыктатурай.
P. S. Зараз у Вільні функцыянуе адна беларуская сярэдняя школа (заснавана ў 1994 г.), у якой вучацца 152 вучні (у тым ліку з ваколіц горада) і выкладаюць 37 настаўнікаў[41], у Вісагінасе (паўночны-ўсход Літвы) працуюць дзьве пачатковыя беларускія клясы, дзейнічае беларуская школа ў санаторыі “Беларусь”, дзе лечацца дзеці з Чарнобыльскай зоны, існуюць факультатывы па беларускай мове й літаратуры ў Вільні і Шальчынінкаі[42], на факультэце славістыкі Віленскага унівэрсытэту ў пачатку 1990-х гг. была адкрыта катэдра беларускай мовы, літаратуры і этнакультуры, а ў 1993 г. адноўлена Таварыства Беларускай Школы[43].


[1] Аўтар шчыра ўдзячны навуковаму супрацоўніку ГрДзУ Э. Мазько за дапамогу пры падрыхтоўцы артыкулу.

[2] Савецкія гісторыкі ж наагул пазьбягалі асьвятленьня нацыянальнага аспэкту (Напр. Народное образование в СССР. Москва, 1967; Народное образование, наука и культура в Литовской ССР. Статистический сборник. Вильнюс, 1972), а абсалютная большасьць беларускіх аўтараў нібы спатыкалася на пэрыядзе 1939-1941 гг.

[3] A. K. Z naviеjšaj minuuščyny // Krynica. 1939. 17 listapada. s. 2-3.

[4] Грозаў Н. Вільна сёння // Звязда. 1939. 5 кастрычніка. С. 2; 75-тысячны мітынг у г. Вільна // Звязда. 1939. 8 кастрычніка. С. 2.

[5] Iwanow M. Sprawa przynależności Wilna i problemy narodowościowe na Białorusi // Społeczeństwo białoruskie na ziemiach północno-wschodnich II Rzeczypospolitej w latach 1939 – 1941. Warszawa, 1995. S. 88-89.

[6] Стжембош Т. Введение // Zachodnia Białoruś. 17.IX.1939 – 22.VI.1941. T. 1. Wydarzenia i losy ludzkie. Rok 1939. Żrodła do historii Polski ХХ wieku ze źbiorów Narodowego Archiwum Republiki Białoruś. Warszawa, 1998. S. 38-39.

[7] Iwanow M. Sprawa przynależności … S. 89.

[8] J. N. Biełaruskaja himnazija u Vilni iznou užo pracuje // Krynica. 1939. 21 listapada. s. 2.

[9] A. K. Z naviеjšaj minuuščyny. … s. 2-3.

[10] Тамсама, s. 2-3.

[11] Первая всеобщая перепись населения Российской империи, 1897. IV. Виленская губерния. Тетрадь 2. С.-Петербург, 1900. С. 70; Карский Е. Ф. Этнографическая карта белорусского племени Ординарного Академика Е. Ф. Карского. Петроград, 1918. С. 9. Я. Карскі, у сваю чаргу, дадае да вынікаў перапісу (у тым ліку па Віленшчыне), што “многія “палякі” належаць да беларусаў католікаў, беларускія праваслаўныя часткова трапілі ў аддзел вялікарусаў”.

[12] Mały rocznik statystyczny. 1939. Warszawa, 1939. S. 22. Дарэчы, як адзначае польскі дэмограф П. Эбэрхарт, колькасьць людзей, якія карысталіся польскай мовай, завышана: Eberchardt P. Struktura narodowości Polski północno-wschodniej w latach trzydziestysh XX wieku // Społeczeństwo białoruskie na ziemiach północno-wschodnich II Rzeczypospolitej w latach 1939 – 1941. Warszawa, 1995. S. 46, 48.

[13] Eberchardt P. Struktura narodowości Polski... S. 47.

[14] Так у аўтара (гл.: Eberchardt P. Struktura narodowości Polski... S. 47.). Думаецца, тут мелася на ўвазе сельская мясцовасьць, прылеглая да гэтых гарадоў, – як раз прыблізна тая тэрыторыя, што была перададзена Літве.

[15] Стжембош Т. Введение … S. 40; Е. Тамашэўскі схіляецца да значнага памяншэньня колькасьці палякаў на карысьць іншых нацыянальнасьцяў.

[16] У статыстыку па Вільні пранікла памылка (у суме атрымліваецца 100,5%) – невялікая, але канструктыўная.

[17] Kasperovičius A. Stosunek władz i społeczeństwa Litwy do Polaków na Wileńsczyźnie wrzesień 1939 – czerwiec 1940 (na podstawie prasy litowskiej) // Społeczeństwo białoruskie, litewskie i polskie … s. 308.

[18] 200 тысяч зь іх вызначаліся як не маючыя нацыянальнай самаідэнтыфікацыі.

[19] Tomaszewski L. Społeczeństwo Wileńszyzny wobec władzy litewskiej i sowieckiej (wrzesień 1939 – czerwiec 1941) // Społeczeństwo białoruskie, litewskie i polskie … s. 327.

[20] Снапкоўскі У. Савецка-Літоўскі дагавор 1939 // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 6. Кн. 1. Мінск, 2001. С. 194.

[21] У тагачаснай віленскай газэце “Крыніца” былі пералічаныя населеныя пункты пражываньня беларусаў (J. N. Patreba biełaruskich pačatkovych škołau // Krynica. 1939. 24 listapada. s. 2.)

[22] Прызнаючы шматнацыянальны характар гораду, які ўсталяваўся на працягу стагодзьдзяў, задачай дзяржавы прэзідэнт Антанас Сьмятона абвясьціў “uczynienie (цыт. па: Kasperovičius A. Stosunek władz... s. 308.).

[23] Tomaszewski L. Społeczeństwo Wileńszyzny... s. 327.

[24] З гэтага найбольш скарысталі палякі, якія на Віленшчыне мелі сваіх нацыянальных школаў розных ступеняў больш, чым літоўцы (Kavalkou A. Što palaki majuć u Lićvie // Krynica. 1940. 30 krasavika. s. 1.), а ў Вільні функцыянавалі 4 гімназіі з польскай мовай выкладаньня супраць 2 літоўскіх (S. Vilnia // Раніца. 1940. 14 красавіка. С. 4.). Марай жа іхняй было вяртаньне старой польскай школы, што прыводзіла нават да страйкаў ([б. а.] Na polskim školnym froncie // Krynica. 1939. 12 śniežnia. s. 1.). Варта заўважыць, польскія школьныя страйкі адбываліся і на савецкай частцы заходніх земляў Беларусі, але па якасна іншых прычынах і зь іншымі наступствамі (Дзяржаўны архіў грамадскіх аб’яднаньняў Гарадзенскай вобласьці, ф. 6195, воп. 1, спр. 291, арк. 9; Вабішчэвіч А. З нацыянальна-культурнага жыцьця заходніх абласьцей БССР ў 1939 – 1941 гг.: моўны аспэкт // Radziecka agresja 17 września 1939 r. i jej skutki dla mieszkańcόw ziem pόłnocno-wschodnich II Rzeczypospolitej. Białystok, 2000. S. 201.).

[25] A. B. Arhanizacyja biełaruskich pačatkovych škołau // Krynica. 1939. 19 śniežnia. s. 2.

[26] J. N. Biełaruskaja dzicia – u biełaruskuju škołu! // Krynica. 1939. 1 śniežnia. s. 2; Barovič Ł. Jašče u spravie biełaruskaj škoły // Krynica. 1939. 19 śniežnia. s. 2.

[27] Напрыклад, у Баранавіцкай вобласьці працавалі 3072 настаўнікі: з іх толькі 7% з вышэйшай адукацыяй, 49% – зь сярэдняй пэдагагічнай, 27% – зь сярэдняй, а 17% – наогул зь незакончанай сярэдняй і пачатковай (Падлічана аўтарам па: Дзяржаўны архіў Брэсцкай вобласьці, ф. 7580"П", воп. 1, спр. 430, арк. 17.).

[28] Новик Е. К. Формирование кадров народного образования Белоруссии (1917 – 1941 гг.). Минск, 1981. С. 250-252.

[29] Цярновы шлях. Аповяды Барыса Кіта, запісаныя Васілём Быкавым улетку 2001 году ў Франкфурце-на-Майне // Полымя. 2002. № 3-4. С. 52.

[30] J. N. Biełaruskaja himnazija u Vilni iznou užo pracuje. … s. 2.

[31] Багдановіч Т. Э. Станкевіч Адам // Беларускія пісьменнікі: Бібліягр. слоўн. У 6 т. Т. 5. Мінск, 1995. С. 411.

[32] Barovič Ł. Jašče u spravie biełaruskaj škoły. … s. 2.

[33] J. N. Biełaruskaja himnazija u Vilni iznou užo pracuje. … s. 2.

[34] S-ki A. Da vučycialou biełarusau // Krynica. 1940. 20 lutaha. s. 1.

[35] V. J. Biełaruskaje studenctva i Vilenski Universytet // Krynica. 1940. 19 sakavika. s. 2; Зінук М. Беларускае грамадзкае жыцьцё ў Вільні // Раніца. 1940. 19 траўня. С. 2; [рубрыка “Беларускія навіны”] // Раніца. 1940. 19 траўня. С.4.

[36] Летапіс Віленскай Беларускай Гімназіі. 1919 – 1944 // Спадчына. 1999. № 1.С. 43.

[37] Малецкі Я. Пад знакам Пагоні. Успаміны // Спадчына. 1994. № 2. С. 127.

[38] Найдзюк Я., Касяк І. Беларусь учора і сяньня: Папулярны нарыс з гісторыі Беларусі. Мінск, 1993. С. 246.

[39] Луцкевіч Л. А. Віленская беларуская гімназія // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 2. Мінск, 1994. С. 281.

[40] Багдановіч Я. На жыццёвым шляху. Успаміны. Мінск, 1992. С. 85.

[41] Мілаш Л. Беларуская школа ў Літве // Край – Kraj: (Polonika – Albaruthenika - Lithuanika): 1-2 (2-3). Мінск, 2001. С. 82.

[42] Казлоў А. Кафедра беларускай філалогіі ў Вільнюсе // Маладосць. 2000. № 3. С. 2-8.

[43] Ткачоў М. А., Таляронак С. В., Ліс А. С., Сакалова М. А., Шаўцоў Ю. Вільня // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 2. Мінск, 1994. С. 302.