СЬНЕЖАНЬСКІ СХОД АДДЗЕЛУ БАЗА
У Фундацыі імя Крэчаўскага 14-га сьнежня прайшоў чарговы сход аддзелу БАЗА. Напачатку старшыня аддзелу сп. В. Зайка пазнаёміў прысутных з падзеямі ў Беларусі. Адною з апошніх навінаў было запрашэньне рэжымам Лукашэнкі групы з трох сэнатараў і кангрэсмэнаў ЗША, К. Бэрнза, Р. Бартліта і К. Ўэлдана, для быццам пошуку шляхоў нармалізацыі беларуска-амэрыканскіх адносінаў. На справе аказалася, што амэрыканскія палітыкі былі выкліканыя для ўдзелу ў прапагандысцкай акцыі рэжыму. На перамовах, якія ішлі больш за чатыры гадзіны, абмяркоўвалася наданьне візаў прадстаўнікам АБСЭ. Калі візы для іх дадуць, тады амэрыканскія палітыкі будуць рабіць захады аб зьняцьці абмежаваньняў на паездкі беларускіх урадоўцаў у ЗША.
У выніку госьці з ЗША аказаліся ашуканыя - у прэс-рэлізе Лукашэнкі было заяўлена пра тое, што "дэлегацыя Кангрэсу ЗША прызнала Лукашэнку абраным сумленна й дэмакратычна, і што сябры дэлегацыі маюць намер рэкамэндаваць адміністрацыі ЗША скасаваць візавыя абмежаваньні ў адносінах да беларускіх урадоўцаў". Дарэчы, амбасадар ЗША ў Менску М. Козак ня раіў кангрэсмэнам прымаць запрашэньне Лукашэнкі. Курт Ўэлдан, сябра дэлегацыі, які на момант выхаду прэс-рэлізу яшчэ знаходзіўся ў Менску, назваў інфармацыю ў прэс-рэлізе "абуральнай хлусьнёй", а дзеяньні адміністрацыі прэзідэнта Беларусі - "палітыкай ніжэйшага гатунку".
Зь іншых навінаў былі ўзгаданыя захады Лукашэнкі й Мітрапаліта Філарэта аб наданьні расейскаму праваслаўю статусу дзяржаўнае царквы, перашкоды да ўдзелу партыяў у выбарчых камісіях на маючых адбыцца мясцовых выбарах, продаж ўрадам Беларусі беларускага пакету акцыяў кампаніі "Славнефть", праект бюджэту на наступны год, выдаткі на "сілавыя міністэрствы" ў параўнаньні да міністэрстваў культуры й адукацыі, пераезд Васіля Быкава ў Прагу, "негатовасьць" Беларусі й Расеі да ўвядзеньня адзінае валюты й інш.
Сп-ня Валя Якімовіч прадэклямавала верш Натальлі Арсеньневай "Над паўстанцкай магілай", прысьвечаны памяці герояў-случакоў і санэт М. Багдановіча "Паміж пяскоў эгіпецкай зямлі" да 101-й гадавіны зь дня народжаньня паэты.
Затым перад прысутнымі выступіў Старшыня Беларускага Народнага Фронту сп. Зянон Пазьняк. Ен даў аналіз сёнешняй палітычнай сытуацыі ў Беларусі, а таксама сытуацыі вакол Беларусі ў міжнародным супольніцтве, у тым ліку недапушчэньне Лукашэнкі на сустрэчу на вышэйшым узроўні дзяржаваў НАТО ў Празе.
Пасьля гэтага сп. Віталь Зайка, Др. Ганна Бартуль і сп. Сяржук Сокалаў-Воюш паведамілі пра ініцыятыву прадстаўнікоў Міністэрства замежных справаў Беларусі скліканьня Кангрэсу беларусаў замежжа. Шэраг прамоўцаў выказаліся пра неабходнасьць дэтальнага аналізу прапановаў і каардынацыі адказу на іх зь іншымі беларускімі арганізацыямі. Прагучала перасьцярога супраць сытуацыі, у якую нядаўна трапілі ў Менску амэрыканскія кангрэсмэны, калі зьмест і сутнасьць перамоваў былі перакручаныя рэжымам, а самыя перамовы скарыстаныя нават як дадатковы доказ "легітымнасьці" рэжыму. Між тым трэба памятаць, што апошнія прэзыдэнцкія выбары не былі прызнаныя свабоднымі й дэмакратычнымі, і рэжым прадказальна імкнецца скарыстаць кожную нагоду, у тым ліку кантакты з дыяспараю, для прапагандысцкіх мэтаў, не зважаючы на наступствы фальшаваньняў ці хаця-б на стварэньне выгляду прыстойнага захаваньня. Па гэтым пытаньні выказаліся таксама сп. Антон Шукелойць і сп. Зянон Пазьняк.
Затым у "Розным" прагучэлі аб'явы й паведамленьні. (Гл. аб'явы ніжэй).

Віталь ЗАЙКА