Вітаю Вас з Днём 25-га Сакавіка, нашым вялікім нацыянальным сьвятам, якое Вы называеце Днём Волі, а мы тут, на чужыне, называем Днём Незалежнасьці.
Усе мы ведаем, што народ наш сёньня ня ёсьць вольным. Ці-ж можна гаварыць аб волі, калі людзі зьнікаюць за тое, што думаюць інакш як улады; калі закрываюцца незалежныя газэты ды арыштоўваюцца прадпрымальнікі за прыдуманыя праступствы, калі штрафуюць ды зьбіваюць нашую моладзь за тое, што яна дамагаецца права жыць бяз страху; калі зьдзекуюцца над нашымі навукоўцамі, бо яны кажуць праўду? Баліць мне сэрца за ўсіх гэтых мучанікаў нашых часоў - ахвяраў нялюдзкага рэжыму, які пануе над Вамі. Баліць яно мне таксама за тых з Вас, мае дарагія суродзічы, што яшчэ вераць у прапаганду чалавека, які ня толькі ня дбае пра Ваш дабрабыт, але які гатовы прадаць Вас, каб утрымацца пры ўладзе. Бо-ж Вы, якія верыце дыктатару, таксама ахвяры, ахвяры нячэснасьці ды ілжы гэтага рэжыму.
Але хацела-б я ў гэты Сьвяты дзень папрасіць Вас, каб задумаліся Вы таксама над пытаньнем незалежнасьці Рэспублікі Беларусь.
Ці забаранялася-б Вам сьвяткаваць 25-га Сакавіка, каб край наш быў незалежным? Ці баяліся-б Вы гаварыць па-беларуску ў прысутнасьці ўніформаў, калі-б Вы адчувалі сябе жыхарамі незалежнай беларускай дзяржавы? Ці ўважалі-б Вы, што карысьней для Вашых дзетак вучыцца на чужой мове, каб даць сабе рады ў жыцьці, калі-б сапраўды верылі, што жывяцё ў сваёй уласнай краіне, у сваім уласным доме, дзе толькі Вы зьяўляецеся гаспадарамі? І ці трэба было-б бараніць магілы сваякоў і суродзічаў, закатаваных у часы сталінскага тэрору, калі-б Беларусь была незалежнай дзяржавай? Бо-ж якая незалежная дзяржава будавала-б дарогу на касьцях свайго ўласнага народу?
Нажаль, край наш і надалей пад ботам чужакоў ды іхных паплечнікаў. Таму і змушаныя мы прадаўжаць змаганьне за незалежнасьць. Бо толькі ў незалежнай Беларусі пазнае наш народ, што такое сапраўдная воля, што такое сапраўды быць гаспадаром у сваім доме.
Дарагія мае суродзічы, у нашых руках і толькі ў нашых будучыня нашага народу і нашага прыгожага краю. Бог нам паможа, сьвет нам паспрыяе, але толькі мы можам зрабіць Беларусь вольнай і незалежнай дзяржавай ды выратаваць яе ад сьмерці. Гэта наш Сьвяты абавязак перад Богам, Бацькаўшчынай ды тысячамі папярэднікаў-патрыётаў, што змагаліся за справядлівасьць і свабоду.
Жыве Беларусь!
Івонка Сурвілла
Старшыня Рады
Беларускай Народнай Рэспублікі
Канада. Сакавік 2002-га году