ШТО РОБІЦЬ РАДА БНР
Ад Рэдакцыі: Сярод чытачоў "Беларуса" ёсьць суродзічы, якія недастаткова паінфармаваныя аб Радзе Беларускай Народнай Рэспублікі, ейных заданьнях і сучаснай дзейнасьці. Мы зьвярнуліся ў Сакратарыят Інфармацыі Рады БНР з просьбай паінфармаваць пра дзейнасьць Рады. Ніжэй зьмяшчаем адказ.
Беларусы павінны ведаць і сваю гісторыю, і сваю палітычную сучаснасьць. Такая паінфармаванасьць вельмі патрэбная, бо яна ўплывае на нашу калектыўную актыўнасьць ды на ход таго вялікага змаганьня за свабоду, што вядзецца цяпер на Бацькаўшчыне.
У Беларусі ды па-за ейнымі межамі патрыёты вядуць абарону сувэрэнітэту й незалежнасьці беларускае дзяржавы. Канцэптуальныя й прававыя падмуркі гэтае дзяржавы, Беларускае Народнае Рэспублікі, былі закладзеная тварцамі Акту 25-га Сакавіка 1918-га году. Больш за 80 гадоў Рада БНР стаіць на варце ідэі незалежнасьці, не дае забыцца аб праве беларускага народу быць гаспадаром свае зямлі.
Апошнімі гадамі, ад часу ўсталяваньня ў Беларусі дыктатарскага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, Рада БНР уважліва сочыць за падзеямі ў Беларусі ды намагаецца пашыраць і ўмацоўваць пазыцыі абаронцаў беларускай дзяржаўнасьці й дэмакратыі.
Вельмі важнаю справаю для Рады БНР было й застаецца інфармаваньне замежных урадаў аб пагрозе беларускай незалежнасьці з боку Расеі ў сувязі з падпісанымі паміж Менскам і Крамлём пагадненьнямі аб так званай інтэграцыі, што пагражае праглынуць дзяржаўнасьць Беларусі.
За апошнія гады былі высланыя ад імя Рады сотні лістоў і мэмарандумаў з аргумэнтамі на карысьць незалежнасьці дэмакратычнай Беларусі як фактару стабільнасьці Ўсходняй Эўропы. Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла гаворыць пра гэта ў сваіх шматлікіх інтэрв'ю замежным карэспандэнтам, мела цэлы шэраг спатканьняў з палітыкамі й дзяржаўнымі лідэрамі ў розных краінах, брала ўдзел у канфэрэнцыях, выступала на беларускіх форумах з тлумачэньнем пазыцыі Рады БНР у дачыненьні да падзеяў у Беларусі.
Каб магчы праводзіць усю гэтую дзейнасьць, патрэбныя, зразумела, фінансавыя сродкі. Іх можна атрымаць толькі ад свайго грамадзтва, ад самых радных ды прыхільнікаў ідэі незалежнасьці Беларусі, бо няма ніякіх іншых крыніцаў. Фінансы патрэбныя ня толькі на збор і пашыраньне інфармацыі, але й на пасільнае падтрымваньне найбольш важных палітычных ініцыятываў ды культурных праектаў як у замежжы, гэтак і на Бацькаўшчыне. Вялікую працу ў зьбіраньні грошай прарабілі за апошнія гады й далей робяць Скарбнік Рады сп. Віталь Кажан ды тыя суродзічы, якія бяруць удзел у зборы ахвяраў на "Дар Сакавіка" ці проста самі прысылаюць ахвяраваньні.
Дзейнасьць Рады БНР робіць уплыў на стан нацыянальнае сьведамасьці беларускага грамадзтва. Уплыў гэты будзе тым глыбейшы, чым шырэйшая будзе падтрымка Радзе. Пра гэта трэба памятаць. Бо, як пісаў год таму ўплывовы брытанскі тыднёвік "Эканаміст" (успамінаючы пры гэтым і Раду БНР), экзыльныя ўрады робяць справу адным сваім існаваньнем, а тым больш, калі яны эфэктыўныя, калі карыстаюцца падтрымкаю дыяспары.
Адным з важных заданьняў для Рады БНР на сучасным этапе змаганьня застаецца ўплываць на электарат у Беларусі, пашыраючы ў ім перакананасьць, што ў незалежнай і дэмакратычнай Беларусі ляжаць найбольшыя шанцы на матэрыяльны й духовы дабрабыт для ўсіх грамадзянаў. Рада БНР глыбака ўсьведамляе сабе, што толькі ў супольных намаганьнях усяго беларускага народу зможа ўжыцьцёвіцца ідэя вольнай, сувэрэннай і заможнай Беларускай Народнай Рэспублікі.
Жыве Беларусь!

Сакратарыят Інфармацыі Рады БНР