СЬВЯТА Ў ЧЫКАГА
Прадстаўнікі розных хваляў эміграцыі зь Беларусі, што жывуць у Чыкага і ваколіцах, сабраліся ў нядзелю 24-га лістапада ў рэлігійна-культурным цэнтры пры Беларускай праваслаўнай царкве сьвятога Юр'я. Сьвята было прысьвечанае юбілеям дзеячоў культуры, творчасьць якіх непарыўна звязаная зь Беларусьсю: 120-годзьдзю нашых вялікіх песьняроў Янкі Купалы й Якуба Коласа, 115-годзьдзю мастака Марка Шагала і 90-годзьдзю аднаго з майстроў віцебскай мастакоўскай школы Хаіма Ліўшыца, які апошнія гады свайго жыцьця жыў і працаваў у Чыкага. Усе гэтыя юбілеі прыпадалі на гэты год.
Пасьля царкоўнай службы арганізатар сьвята а. Дзьмітры Башко назваў гэты фэст урачыстым актам, асабліва падкрэсьліўшы важнасьць еднасьці й творчых зносін людзей розных рэлігійных канфэсыяў, якія праз усё жыцьцё нясуць любоў да Беларусі. Прачытаўшы верш Янкі Купалы "Зашумела гулка восень…", ён настроіў прысутных на лірычны лад, навеяны вобразамі роднай зямлі.
Вялікі сьвяточны канцэрт распачаў беларускі вакальна-інструмэнтальны гурт у складзе: Уладзімер Вераб'ёў (акардэон, кіраўнік гурта), Ірына Грыгаровіч (цымбалы), Андрэй Васіленка (альт), Валеры Явар (флейта) і Пятро Кляпацкі (ударныя). Гучалі папулярныя беларускія мелёдыі, песьні, танцы. Танчылі амаль усе, хто прыйшлі на гэты фэст.
Вяедоамы ў Чыкага кампазытар і паэт Міхась Клейнер зь велізарнейшым пачуццём і глыбокім пранікненьнем у вобразную структуру паэтычных тэкстаў выканаў напісаныя ім рамансы на вядомыя вершы "О Беларусь, мая шыпшына" Уладзімера Дубоўкі, "Я ад вас далёка" Янкі Купалы й "Якія вы ўсе маладыя" Генадзя Бураўкіна. З захапленьнем сустрэлі ўсе Алену Бярнат, якая выканала беларускія народныя песьні "Купалінка" і "Ажаніла маці маладога сына". У канцэрце прынялі ўдзел таксама сьпевакі Ноах Марсэлл і Галіна Паўлава. Амэрыканскі нацыянальны гімн прасьпявала зусім яшчэ юная Ганна Васіленка.
І зноў пранікнёна гучаў у гэтым зале Янка Купала: адзін з ведамых ветэранаў беларускай эміграцыі Міхась Каленік прачытаў вершы "Раніца ў нядзельку" і "Над Нёманам". У гэты дзень у зале разгорнулі мастацкую экспазыцыю, на якой былі выстаўленыя карціны мастака Х. Ліўшыца "Янка Купала і ягоная Муза", "Янка Купала і Кузьма Чорны ў Пячышчах у 1942 годзе", а таксама ягоныя цудоўныя пейзажныя палотны, на якіх - краявіды Віцебска і другіх прыгожых мясьцінаў Беларусі.

Ванкарэм НІКІФАРОВІЧ

Выступае вакальна-інструментальны гурт.