"ДЗЕНЬ ДУМАНЬНЯ" - ПРА БЕЛАРУСЬ
У сярэдняй школе нью джэрзыйскага гораду Радзэрфорд, дзе вучыцца 7-гадовая Крыстына Гайда (на здымку крайняя зьлева), раз на год праводзіцца "Дзень думаньня" (Thinking Day). Арганізуюць яго скаўты й скаўткі, да якіх належыць і Крыстына. А ейная мама, Галіна Бахар-Гайда (трымае плякат зьлева), кіруе дружынай скаўтак. Сёлета Галініна дружына пастанавіла зьвярнуць увагу на Беларусь у "Дзень думаньня". Супольнымі сіламі сабралі народную вопратку, патрэбныя эспанаты, літаратуру ды іншае й наладзілі ў школе беларусаведны стэнд. Вялікую дапамогу ў арганізаваньні выстаўкі аказаў Крыстынін дзядзька, а Галінін брат, Коля Бахар.
Бацькі Крыстыны - Барыс Гайда й Галіна (зь сям'і Міхася й Любы Бахараў) - вырасьлі, адпаведна, у ўкраінскай і беларускай атмасфэры, хоць абое нарадзіліся ў Амэрыцы. Дачушка іхная вучыцца пераймаць спадчыну абаіх бацькоў, якія разумеюць важнасьць перадаваньня наступнаму пакаленьню ведаў пра краіны дзядоў.
На "Дзень думаньня" пра Беларусь Барыс Гайда стаўся нават "пачэсным беларусам". 9-га лютага ў школу зыйшліся скаўты з бацькамі, каб даведацца пра Беларусь. На сталох ляжалі калярытныя беларускія народныя вырабы, кніжкі, здымкі. На таблё, упрыгожаным бел-чырвона-белым сьцягам была вывешаная інфармацыя пра Беларусь. Скаўткі Галінінай дружыны адказвалі, як умелі, на пытаньні пра далёкі цікавы край, адкуль прыбылі ў Амэрыку Крыстыніны дзяды.
(Я.З.)