Рэцэнзіі

Рок-н-рол і нашчадкі Паўлінкі

"P.L.A.N." - "Blues у канцы тунэлю", Мн., 2003, "Элайн-М"
"P.L.A.N." - "Bам слова, Джон Ячмень!", Мн., 2003, "Мaster records"
У беларускай культуры ёсьць імёны, сьвятыя для кожнага беларуса, ведамыя ўсім: Скарына, Багдановіч, Купала, Багушэвіч... А ці спрабаваў хто пацікавіцца, чым займаюцца нашчадкі нашых славутых фаміліяў? Я ведаю, што Стэнлі Скарына ўвайшоў у пантэон брытанскай клясычнай музыкі, нашчадкі Багушэвіча працуюць на беларуска-польскім культурным памежжы, а мяне асабіста лёс зьвязаў з пляменьнікам славутай Паўліны Мядзёлкі, якой сам Купала прысьвяціў клясычную сваю п'есу "Паўлінка". Андрэй Плясанаў цётку Паўліну, стрыечную сястру ягонай маці, памятае цудоўна, неаднойчы расказваў сямейныя згадкі ў музэі Янкі Купалы на Мядзёлкаўскіх вечарынах, нават сьпяваў там, бо сам Андрэй, калекцыянэр, кінарэжысэр і мастак, займаецца цяпер рок-н-ролам. Зрэшты, ягоны лёс складваўся ў рок-музыцы даволі традыцыйна для сучаснай Беларусі: пасьпеў пасьпяваць і па-ангельску, і па-польску, і па-расейску, але адмыслоўцы сьцьвярджаюць, што з пэўнага часу яго пачалі заўважаць на ўсіх беларускамоўных канцэртах. Потым ён патлумачыў у адным з інтэрв'ю, што, заўважыўшы моц роднай мовы ў року, прыслухоўваўся да тых, хто дасьпеў раней: "N.R.M.", "Крама", "Troitsa", "Kriwi", "Уліс", А. Памідораў...
Калі ягоны гурт "P.L.A.N." у 2003-м годзе нарэшце дасьпеў да паўнафарматнага альбому, гэты альбом - "Blues у канцы тунэлю" - аказаўся выключна беларускамоўным. Мне асабіста прыемна, што сярод авангарду беларускага паэтычнага вальнадумства (Андрэй Бурсаў, Вера Лойка, Мікола Адам) гурт не абмінуў увагаю і мае пякучыя рыфмы ("Цені гісторыі", "Даміно"). Пра апошнюю песьню ўплывовая менская "Музыкальная газэта" асьмелілася нават напісаць: "Рэфрэн гэтага твору пабудаваны на паўторы вельмі характэрнай сэнтэнцыі - забі казла, забі казла. Гэта даміно маецца на ўвазе, а ня тое, што вы ўсе падумалі" ("МГ" № 4, 18.02.2003).
Па шчырасьці, мяне асабіста больш захапляе геніяльнасьць мэлёдыі "Ценяў гісторыі", іх дасканалая аранжыроўка, дзе зьмешваюцца традыцыі клясычнага блюзу і віртуознага акустычнага фламэнка. А сам Плясанаў для прома-сінглу выбраў старую сваю песьню часоў гіпісаў "Шукальнікі сэнсу". Ен напісаў яе ў 1968-м, калі быў арганізатарам першых менскіх біт-фэстываляў, а сталася так, што тэма ўсеабдымнай улады каханьня прабрала і сёняшніх мэляманаў: песьня доўга лідыравала ўва многіх гіт-парадах Беларусі й стварыла добрае паблісіці для дэбютнага альбому гурта "P.L.A.N.".
Але 2003-ці год стаў для калектыву яшчэ больш плённым, бо ў канцы яго на музычных паліцах Беларусі зьявіўся і другі альбом - "Вам слова, Джон Ячмень!". Назву яму даў піўны гімн Робэрта Бёрнса, па-майстэрску перакладзены на беларускую мову Язэпам Семяжонам яшчэ ў 80-х гадох. А адкрывае дыск яшчэ адзін плясанаўскі гіт на мае словы - "Ой, Дуся, Дуся...", якім "P.L.A.N." здолеў імпэтна ўзьняць з месцаў публіку перапоўненай канцэртовай залі "Менск" на гучным трыб'ют-канцэрце "Viza N.R.M." Кавэр песьні "Маё пакаленьне" з названага трыб'юта таксама ўвайшоў у другі альбом калектыва, як і беларускамоўная пераробка песьні Віктара Цоя (легендарны піцерскі гурт "Кіно") "Рок-н-рол шанц".
Усё астатняе ў альбоме - сваё, плясанаўскае, або напісанае адмыслова для гурта "P.L.A.N." знакамітымі сябрамі. Напрыклад, песьні "Скрып-блюз" і "Віртуальная хуткасьць" падарыў калега Плясанава, лепшы рок-гітарыст Менску на біт-фэстывалі 1968-га году Яўген Канавалаў. Але ўся гэтая гіпісаўская клясыка трапіла ў прамысловы тыраж упершыню.
Цікава, як у рок-музыцы прасочваецца свая пераемнасьць традыцыяў. Хто прыгадае суровы альбом інды-рока "Сьвята пакрадзенае" Аляксандра Памідорава (2002), знойдзе і ў гурта "P.L.A.N." цікавае разьвіцьцё гэтай тэмы - "Тост пакрадзеных сьвятаў". Гэта надзвычай актуальна ў краіне, дзе сьвяты скончыліся там, дзе празднікі кожны адвольна прыдумвае сабе сам. Абы выпіць:
За тых, каго няма ў паміне,
За Божы дар, бацькоўскі дом,
Да скону верныя Цусіме,
Мы п'ём.
А сапраўды: беларусы сьвяткуюць Дзень абаронцаў Айчыны, ... калі расейская армія перамагла некага пад Выбаргам, а Дзень незалежнасьці пераносяць пяты ўжо раз. Якая-ж тут сьвятасьць?
Выхад другога альбому гурта "P.L.A.N." быў прымеркаваны да 55-годзьдзя Плясанава, таму ў праграму ўвайшлі ня толькі песьні, але і цэлая выстава жывапісных палотнаў і працаў бады-арту. Плясанаў ня сябра Саюзу мастакоў, але ягонае імя стаіць у прэстыжных каталёгах сусьветнага авангарду. Акрамя таго буклет альбому ўпершыню ўпрыгожваюць экспанаты ягонай прыватнай калекцыі - карціны Д. Сурыновіча і А. Меранкова.
Вітаўт МАРТЫНЕНКА

Каб замовіць гэтыя СД поштаю дашліце $12 (кожны СД) на адрас рэдакцыі "Беларуса".