Мясцовыя выбары ў Беларусі:
некаторыя асаблівасьці местачковага аўтарытарызму
Ведама, што кожны аўтарытарны рэжым праводзіць выбары не дзеля таго, каб зь іх дапамогаю фармаваць структуры прадстаўнічай і выканаўчай улады, а з мэтаю падвышэньня сваёй легітымнасьці, сацыялізацыі насельніцтва, праверкі дзеяздольнасьці структураў дзяржаўнай улады ў цэнтры й на месцах.
Разгляданыя ў такім кантэксьце выбары ў мясцовыя саветы, першы тур якіх адбыўся 2-га сакавіка сёлета, сталі ў цэлым пасьпяховымі для кіруючага ў Беларусі рэжыму. Ня гледзячы на сымбалічнае значэньне саветаў (Лукашэнка пазбавіў іх сапраўдных паўнамоцтваў яшчэ ў 1995-м годзе), сам факт правядзеньня выбараў мусіў засьведчыць, што ў Беларусі "ўсё як у людзей": мясцовая ўлада існуе, і народ абірае сваіх дэпутатаў.
Для большасьці жыхароў Беларусі выбары ня сталі значнай палітычнай падзеяй. Многія людзі ў вялікіх гарадох іх праігнаравалі, але афіцыйныя ўлады ў нас добра навучыліся выходзіць з такога становішча. У большасьці акругаў паказчыкі ўдзелу былі йстотна завашаныя. У адпаведнасьці з заяваю сакратара Цэнтральнай выбарчай камісіі М. Лазавіка, у выбарах узялі ўдзел каля 73,4% усіх выбаршчыкаў. У некаторых акругах улады рапартавалі аб больш чым 90% яўцы.
Яшчэ адною "таямніцаю" гэтай кампаніі зьяўляецца колькасьць галасоў, пададзеных "супраць усіх" кандыдатаў. Дакладных дадзеных аб такім галасаваньні афіцыйна ніхто не падаваў, але з назіраньняў многіх людзей можна зрабіць выснову, што так прагаласавала значная частка выбаршчыкаў, пазбаўленых альтэрнатывы: моладзь, людзі з высокім узроўнем адукацыі, жыхары буйных гарадоў, і асабліва Менску.
З гэтага вынікае, што ў пляне сацыялізацыі беларускія ўлады наўрад ці дасягнулі посьпеху. Людзі ў чарговы раз пераканаліся, што зь іхнаю думкаю ніхто ня лічыцца, што ў межах існуючай палітычнай сыстэмы яны ня могуць свабодна абраць тую ўладу, якую жадаюць і якой давяраюць. Узровень цынізму ўладных структураў пабіў усе рэкорды. Кіраўнікі розных узроўняў і рангаў прымушалі людзей удзельнічаць у так званым датэрміновым галасаваньні, якое немагчыма пракантраляваць з дапамогаю незалежных назіральнікаў. Лічбы па яму склалі аж 20,7%, што амаль удвая перавысіла паказчыкі прэзыдэнцкіх выбараў. У многіх акругах дадзеныя атрыманыя незалежнымі назіральнькамі істотна разыходзіліся з афіцыйнымі. Надзвычай вялікаю была і колькасьць несапраўдных бюлетэняў (у 3 разы большая чым на прэзыдэнцкіх выбарах), што, як ведама, сьведчыць аб высокай верагоднасьці фальсыфікацыі.
Затое намэнклятура цалкам спраўдзіла спадзяваньні вышэйшага кіраўніцтва на яе здольнасьць максымальна выкарыстоўваць адміністратыўны рэсурс пад час "волявыяўленьня грамадзянаў". Мясцовыя выбары для Лукашэнкі былі ў першую чаргу рэпэтыцыяй перад будучым рэфэрэндумам па канстытуцыйнаму акту так званай саюзнай дзяржавы й па ўнясеньню зьменаў у дзеючую Канстытуцыю, каб падоўжыць свае паўнамоцтвы. У чарговы раз беларускае чынавенства прадэманстравала поўную ляяльнасьць прэзыдэнту, ня гледзячы на дастаткова вялікія аб'ектыўныя супярэчнасьці інтарэсаў бакоў.
Безумоўна, беларуская намэнклятура не задаволеныя палітыкаю Лукашэнкі. Яна-б хацела, як і яе калегі з суседніх краінаў, удзельнічаць у працэсе пераўтварэньня ўлады ў маёмасьць. Яна марыць аб замацаваньні свайго становішча пануючай клясы ў прававых нормах, ёй надакучыла выступаць "хлопчыкамі для біцьця" ў папулярным народным шоу: "бацька наводзіць парадак і ставіць на месца зарваўшыхся бюракратаў". Але, нажаль, гэтая група няздольная адыгрываць самастойную палітычную ролю ў сучаснай Беларусі. У чым-жа палягаюць прычыны такой зьявы?
Па-першае, беларускае адміністратыўнае і гаспадарчае кіраўніцтва нагадвае савецкую бюракратыю, якой уласьцівыя прыстасаваньне да вышэйшага кіраўніцтва, свавольства ў адносінах да простых грамадзянаў, невысокія прафэсыяналізм і кампэтэнтнасьць. Як асобная група інтарэсаў яна ня хоча дэмакратыі, таму што баіцца канкурэнцыі й ня ўмее працаваць ва ўмовах вызначанасьці палітычных працэдураў, але няпэўнасьці палітычных вынікаў. Таму беларуская бюракратыя імкнецца захаваць аўтарытарны рэжым, але ў іншай не пэрсаналісцкай, а алігархічнай яго форме.
Па-другое, палітычная сыстэма Беларусі вызначаецца мінімальнаю ступеньню аўтаноміі ўладных структураў, як у цэнтры, так і на пэрыфэрыі. Службовае становішча чыноўнікаў, кар'ерныя перспэктывы, магчымасьці атрыманьня прывілеяў цалкам залежаць ад іх ляяльнасьці да прэзыдэнта. Адсюль - прыстасавальніцтва, асабістая адданасьць, неініцыятыўнасьць і баязьлівасьць. Канешне, ёсьць і выключэньні з гэтага правіла, але яны толькі падмацоўваюць самое правіла.
Гэта трэба ўлічваць дэмакратычнай апазыцыі, якая не павінна ўскладваць спадзяваньні на "ціхі бунт" намэнклятуры супраць Лукашэнкі. Гэта здарыцца толькі тады, калі балянс сілаў у грамадзтве істотным чынам зьмяніцца на карысьць антыдыктатарскага руху.
Пасьля байкоту папярэдніх мясцовых (1999-ы год) і парляманцкіх (2000-ы год) выбараў, беларуская апазыцыя, за выключэньнем Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі (КХП), прымала ўдзел у выбарах у мясцовыя саветы.
Выбары адбываліся ў больш спрыяльнай для дэмакратаў сытуацыі, у сэнсе палітычных настрояў насельніцтва, чым прэзыдэнцкія. Па дадзеных Аксэямэтрычнай лябараторыі НОВАК за лістапад 2002-га году, упершыню з 1994-га году большасьць беларускіх выбаршчыкаў хацела-б прагаласаваць на мясцовых выбарах за кандыдата, які зьяўляецца праціўнікам Лукашэнкі. Аднак рост антыпатыяў да Лукашэнкі не суправаджаўся ростам сымпатыяў да апазыцыі. Каля 65,5% беларускіх грамадзянаў не змаглі вызначыцца са сваімі адносінамі ні да адной з палітычных партыяў. Пераважная большасьць праціўнікаў прэзыдэнта хацела галасаваць за незалежных кандыдатаў. З улікам гэтага павінна была будавацца і стратэгія апазыцыі на мясцовых выбарах.
На вялікі жаль, гэтая праграма мінімум дэмакратычнай апазыцыяй так і не была выкананая. Беларускія грамадзяне павінны былі абраць 2-га сакавіка 24 012 дэпутатаў саветаў розных узроўняў. Усяго было вылучана 26 567 кандыдатаў, а зарэгістравана мясцовымі выбарчымі камісыямі 25 805 прэтэндэнтаў. Калі казаць аб вылучэньні кандыдатаў ад асноўных апазызыцыйных партыяў, то мы ўбачым наступную карціну: Аб'еднаная Грамадзянская Партыя (АГП) вылучала 130 кандыдатаў, Сацыл-Дэмакратычная Партыя (Народная Грамада) БСДП (НГ) (Статкевіча) - 103 кандыдаты, Партыя БНФ (Вячоркі) - 76 кандыдатаў. Да гэтага варта дадаць кандыдатаў умоўна апазыцыйных Партыі Камуністаў Беларускай ПКБ (Калякіна) каля 500 чалавек і Ліберальна-Дэмакратычнай Партыі ЛДПБ (Гайдукевіча) - 329 чалавек. Такім чынам, разам уся апазыцыя вылучыла 1138 кандыдатаў, альбо 4,3% ад усяе колькасьці прэтэндэнтаў.
Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісыі Лідзія Ярмошына заявіла, што ў цэлым па краіне было адмоўлена ў рэгістрацыі толькі 762 прэтэндэнтам, але-ж сярод гэтых "адмоўнікаў" 42% складалі апазыцыйныя прэтэндэнты. Такім чынам, бар'ер рэгістрацыі скараціў прадстаўніцтва партыяў сярод прэтэндэнтаў да 619 чалавек.
Другім бар'ерам стала "здыманьне з дыстанцыі" найбольш актыўных прэтэндэнтаў ад апазыцыі. Пад ціскам з боку ўладаў 35 чалавек ад ПКБ самыя зьнялі свае кандыдатуры. С. Чыслаў быў пазбаўлены магчымасьці ўдзельнічаць у барацьбе за мандат дэпутата Менскага гарсавету з-за вострай крытыкі прэзыдэнта ў сваіх агітацыйных матэрыялах. С. Альфер, Я. Лабановіч, С. Каралева, І. Лабачоў з АГП, Р. Міхайлоўская з БСДП (НГ) без грунтоўных падставаў былі выключаныя са сьпісу прэтэндэнтаў ў Менску. Аналягічныя выпадкі мелі месца і ў іншых рэгіёнах краіны. Усё гэта зрабіла мясцовыя выбары фактычна безальтэрнатыўнымі. Як у часы СССР у пераважнай большасьці акругаў было вылучана толькі па аднаму кандыдату (такія акругі склалі 93% ад усіх).
Нарэшце, апошнім бар'ерам сталі фальсыфікацыі пад час галасаваньня. У выніку толькі адзінкі прадстаўнікоў апазыцыйных партыяў змаглі перамагчы. Канчатковыя вынікі галасаваньня за партыйных кандыдатаў (з улікам другога туру) зьяўляюцца наступнымі: АГП здолела атрымаць 13 мандатаў, БНФ і БСДП (НГ) - па 15 кожная, ПКБ Калякіна - 126, ЛДПБ - 5 мандатаў. Такім чынам, ўся апазыцыя разам атрымала на мясцовых выбарах 174 дэпутацкія месцы, што складае 0.7% ад іх агульнай колькасьці. Прычым асноўная маса апазыцыйных кандыдатаў прайшлі па раёнах і невялікіх населеных пунктах, дзе кантроль наменклятуры быў меншым чым у буйных гарадох.
Ці маглі вынікі быць іншымі? Бясспрэчна маглі, таму што выбары адбываліся ў час самых істотных, пачынаючы з 1994-га году, зьменаў грамадзкай сьведамасьці. У 2002-м годзе стабільным зрабілася падзеньне электаральнага рэйтынгу Лукашэнкі, які скараціўся за год ў 2 разы і складаў у канцы году 25-27%.
Пасьля выбараў можна пачуць самыя супярэчлівыя думкі наконт прычынаў паражэньня апазыцыі. Адныя кажуць, што ня варта было ўвогуле ўдзельнічаць у гэтым "цырку". Другія хваляць апазыцыю за тое, што яна, нарэшце, стала сыстэмнай і "абіраемай" і спадзяюцца, што праз пэўны час толькі праз выбары яна пераможа існуючы рэжым. Нам здаецца, што і першы, і другі падыходы памылковыя. Апазыцыя ня можа ня ўдзельнічаць у самых недэмакратычных выбарах, таму што яны - гэта легальны сродак камунікацыі з насельніцтвам, і адмаўляцца ад яго - гэта значыць заганяць сябе ў кут, умацоўваць той бар'ер паміж народам і дэмакратычнымі сіламі, які паўстаў дзякуючы намаганьням Лукашэнкі і яго маскоўскіх кансультантаў. Другі шлях - "бязагляднага ўдзелу" - гэта шлях прыстасаваньня да той самай сыстэмы, якую апазыцыя мусіць разбурыць, таму што яна замінае сапраўдным рынкава-дэмакратычным рэформам, адрывае Беларусь ад цывілізаванай супольнасьці эўрапейскіх народаў і дзяржаваў, цягне краіну ў багну расейскага дэспатызму.
Галоўнымі ўрокамі мясцовых выбараў для беларускай апазызыцыі, на нашу думку, зьяўляюцца наступныя.
Па-першае, выбары ў чарговы раз паказалі, што ніводная партыя самастойна і ў адрыве ад іншых ня можа разлічваць на посьпех. Такія шанцы ёсьць толькі ў адзінага незалежніцкага і дэмакратычнага руху, альбо ў трывалай кааліцыі дэмакратычных партыяў і арганізацыяў. У Беларусі няма аб'ектыўных перашкодаў для аб'еднаньня апазыцыі, а тыя што існуюць носяць выключна суб'ектыўны характэр і могуць быць лёгка пераадоленыя пры наяўнасьці волі кіраўніцтва партыяў да аб'еднаньня і разуменьня неабходнасьці кансалідацыі.
Па-другое, аднаго ўдзелу ў недэмакратычных выбарах недастаткова для дасягненьня стратэгічных мэтаў апазыцыі. Трэба абавязкова дапоўніць электаральную барацьбу агульнанацыянальнай кампаніяй негвалтоўнага супраціву. Масавыя акцыі павінны быць новымі па свайму зьместу і форме.
Па-трэцяе, неабходна пачынаць працу па падрыхтоўцы да парляманцкіх выбараў ужо зараз. Паралельна з арганізацыйнымі захадамі па кансалідацыі апазыцыі зьверху, неабходна наладзіць працу па збору і аналізу інфармацыі па найбольш хвалюючых людзей сацыяльна-эканамічных праблемах у гарадох. На гэтым грунце вылучыць пакеты патрабаваньняў да мясцовых і цэнтральных уладаў, прадумаць фармат акцыяў у падтрымку гэтых пакетаў, падключыць да прамоцыі вылучаных патрабаваньняў тых людзей, якія заўтра стануць дэмакратычнымі кандыдатамі на парляманцкіх выбарах, каб зрабіць іх ведамымі й папулярнымі.
Нарэшце, вынікі мясцовых выбараў, як гэта не здаецца на першы погляд парадаксальным, пацьвярджаюць тую тэндэнцыю, якая набірае моц у апошнія гады ў Беларусі. Усё менш і менш застаецца прыхільнікаў у лукашэнкаўскай палітыкі, усё больш і больш становіцца прыхаваных і адкрытых праціўнікаў яго курсу. Той факт, што кандыдаты ад апазыцыі змаглі стаць дэпутатамі ў маленькіх гарадох і раёнах сьведчыць, што нават у цьвярдынях "лукашызму" прэзыдэнт губляе свой электарат. Таму ўлады й пайшлі на бяспрэцэдэнтныя парушэньні заканадаўства і фальсыфікацыю вынікаў галасаваньня, што баяліся паражэньня. Кансалідацыя апазыцыі на незалежніцкай плятформе, вылучэньне папулярнай альтэрнатывы збанкрутаваўшаму палітычнаму курсу і ўмелае спалучэньне электаральнай барацьбы зь негвалтоўнымі акцыямі пратэсту могуць пераламаць сытуацыю ў Беларусі й ужо ў бліжэйшай перспэктыве прывесьці да зьмены балянсу сілаў у грамадзтве на карысьць прыхільнікаў незалежнасьці й дэмакратыі.
Уладзімер РОЎДА
Др. Уладзімер Роўда выкладае паліталёгію на Беларускім Дзяржаўным Унівэрсытэце, зьяўляецца аўтарам шэрагу артыкулаў на палітычныя і сацыялягічныя тэмы. Цяпер ён займае пасаду выканаўчага дырэктара інфармацыйнага і аналітычнага цэнтру для беларускіх недзяржаўных арганізацыяў.