Гадавы зьезд ЗБВБ
Гадавы агульны зьезд Згуртаваньня Беларусаў Вялікай Брытаніі прайшоў сёлета ў 57-ы раз. Сабраўся ён 31-га траўня ў залі Беларускага культурна-рэлігійнага цэнтра ў Лёндане пры 39 Holden Rd.
Зьезд адкрыла ўступаючая Старшыня ЗБВБ Лёля Міхалюк. У Прэзыдыюм зьезду былі выбраныя: старшыня М. Швэдзюк і сакратары І. Лабацэвіч і І. Іваноў. Сп. С. Пяткевіч прачытаў пратакол з папярэдняга зьезду, які быў прыняты. Справаздачу Нагляднай Рады прачытаў сп. Швэдзюк. Спн. Л. Міхалюк ад імя ўступаючай Галоўнай Управы дала справаздачу дзейнасьці арганізацыі за мінулы год. Дзейнасьць гэтая адбывалася ня толькі ў Англіі, але і за яе межамі. Яна распавяла пра падарожжы ў Беларусь, Летуву і Бэльгію, пра сустрэчы з прадстаўнікамі беларускіх арганізацыяў у гэтых краінах, пра шырокую дзейнасьць Харытатыўнай арганізацыі пры ЗБВБ. Таксама нагадала пра прыняцьце ў ангельскім Парляманце, арганізаваным Беларуска-Ангельскім таварыствам, на якім былі прысутнымі, апрача мясцовых беларусаў, Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла і запрошаныя госьці зь Беларусі.
Справаздачу скарбніка даў сп. Пяткевіч. Усе справаздачы былі прынятыя зьездам з падзякаю.
У новую Галоўную Ўправу ЗБВБ абралі: старшыня Л. Міхалюк, заступнік старшыні П. Шаўцоў, сакратар М. Пачкаеў, скарбнік С. Пяткевіч, сябра ўправы Джоан Дзейка. У Наглядную Раду выбраныя: Калінін, В. Еўдакімаў, М. Швэдзюк.
Пасьля закрыцьця зьезду прысутныя адсьпявалі беларускі нацыянальны гімн і былі запрошаныя ўзяць удзел з чаркаю віна ў прыняцьці, смачныя стравы да якога прыгатавалі паважаныя жанчыны.
М. БАЯРОЎСКІ