А Б ' Я В Ы

Выйшаў чарговы 25-ы нумар "Запісаў" БІНіМ. Гэтым разам на Бацькаўшчыне, у Менску. Зьмест 25-га нумару "Запісаў": Галiна Сяргеева "Беларуская дыяспара ў нацыянальнай гістарыяграфіі ХХ стагодзьдзя", Ян Максімюк "Аднаўленьне Рады БНР пасьля Другой Сусьветнай вайны", Alexander Nadson "The Belarusan Greek Catholic (Uniate) Church", Генадзь Сагановiч "Вітаўт Тумаш як гісторык", Настасься Гулак "Славянафіл думае пра Беларусь", Уладзiмер Мальцаў "БДТ-2 у тэатральных дыскусiях 1927-1928 гадоў", Ванкарэм Нікіфаровіч "Пясьняр волі й хараства: Згадваючы Ўладзімера Дубоўку", Юрась Гарбінскі "З эпісталярнае спадчыны Ўладзімера Самойлы", Андрій Даниленко, Лев Чабан "Юрій Шевельов як дослідник українсько-білоруських взаємин", Зьміцер Саўка "Стараславянска-беларускі слоўнік. Праект. Літара В", Кветка Вітан "Зацемкi аб будаўляным мастацтве гораду Вiльнi", Уладзiмер Глыбiнны "Тэстамэнт. Апавяданьне". Апрача таго ў нумары шэраг цікавых рэцэнзіяў на кнігі: "Беларускiя рэлігійныя дзеячы ХХ стагоддзя" (Ларыса Языковіч), Л.Савёнка "Беларусізацыя пад №..." (Лідзія Савік), Л.Юрэвіча "Беларуская мэмуарыстка на эмiграцыi" (Аляксей Рагуля) ды інш. Пры канцы "Запісаў" - традыцыйная "Хроніка навукова-культурнага жыцьця ў замежжы (1998-2000)". Пачытаць "Запісы БІНіМ" можна ў Сусьветным сеціве, адрас наступны: zapisy.cjb.net

"НОВАЯ ЗЯМЛЯ" ПА-АНГЕЛЬСКУ
2-га лютага ў Лёндане ў залі Беларускага культурна-рэлігійнага сэнтру пры бібліятэцы Ф. Скарыны адбылася прэзэнтацыя перакладу паэмы Якуба Коласа "Новая Зямля", зробленага спадарыняй Верай Рыч.
Адкрыў вечар айцец Аляксандар Надсон. Праграму распачаў выступ групы дзяцей зь Беларусі, якія прыехалі ў Брытанію праз дабрачынны фонд "Сакавік". Дзеці выканалі беларускія народныя танцы й сьпевы, дэклямавалі паэзію Якуба Коласа. Урыўкі з твораў беларускага песьняра чыталі сябры паэтычнага асяродку пры часапісе "Manifold", рэдактаркай якога зьяўляецца Вера Рыч. Прысутнымі былі сябры Ангельска-Беларускага Таварыства, ЗБВБ. Таксама наведаў імпрэзу сп. В. Садоха, амбасадар Рэспублікі Беларусь у Аб'еднаным Каралеўстве, разам з сям'ёю і дарадчыцай па пытаньнях культуры сп-яй З. Калантай. На імпрэзе прысутнічала таксама ўнучка Якуба Коласа, кіраўнічка дабрачыннага фонду "Сакавік" сп-ня Марыя Міцкевіч.

7-га лютага 2002-га году выйшаў чацьверты нумар часапіса "Спадчына" за 2001 год. Выхад нумару прымеркаваны да 50-годзьдзя з дня заснаваньня найбольшае эміграцыйнае навуковае ўстановы акадэмічнага тыпу - Беларускага інстытуту навукі й мастацтва ў Нью-Ёрку. Падрабязны артыкул пра дзейнасьць БІНіМ напісала Анфіса Ляднёва. Апрача таго, "Спадчына" друкуе працы некаторых сябраў БІНіМ: Лявона Юрэвіча, Антона Адамовіча ды інш.
У рубрыцы "Гісторыя й мы" публікуецца "Споведзь нацыяналіста" ведамага эміграцыйнага дзеяча, маёра Беларускае Краёвае Абароны Ўладзімера Шнэка. Тут-жа друкуецца і ўнікальны альбом уніформы й азнакаў БКА, выдадзены сп. Шнэкам у 1984-м годзе. Матэрыялы пра Ўладзімера Шнэка, варта зацеміць, аздобленыя надзвычай цікавымі фатаздымкамі з жыцьця Менску апошніх дзён перад вяртаньнем у горад бальшавікоў у 1944-м годзе. З фатаздымкаў пазіраюць шчырыя сыны й дочкі свайго народу - сябры Саюзу Беларускае Моладзі й ваяры Беларускае Краёвае Абароны.

Завершана праца над "Творамі" Антона Адамовіча, чарговым томам зь БІНІМаўскай серыіі "Паэты й пісьменьнікі эміграцыі". 800 бачынкавы том, ілюстраваны ўнікальнымі здымкамі, днямі йдзе ў друк. Замовы на кнігу і ахвяраваньні дасылайце на адрас газэты "БЕЛАРУС".

Каб набыць кнігу "Беларуская мэмуарыстыка на эміграцыі", укладзеную Лявонам Юрэвічам, дасылайце замовы й аплату ($20) на адрас газэты:
BIELARUS
P. O. Box 3225
Farmingdale, NY 11735

Жадаючыя набыць нядаўна выдадзеную ў Беларусі кнігу Міколы Панькова "Хроніка беларускага жыцьця на чужыне" (1945-1984)" зьвяртайцеся, калі ласка, да Сп. Віктара Камінскага ў Нью Джэрзі па тэл. (201) 398-9274.

Лепшыя артыкулы з беларускіх газэтаў сабраныя разам у штомесячнай газэце Міколы Прускага "Беларускі Дайджэст". Наконт падпіскі зьвяртайцеся па адрасу:
Nikolas Prusky
1086 Forest Hill, SE
Grand Rapids, MI 49546-3616

Газэта "Беларус" надрукуе бясплатна кароткія прыватныя абвесткі некамерцыйнага характару. Таксама зьмесьцім вашыя віншаваньні, запрашэньні, спачуваньні ды іншыя сямейныя абвесткі.

Наконт разьмяшчэньня рэклямы кантактуйце рэдакцыю.

Шукаем адказных асобаў, якія жывуць замяжою (акрамя Беларусі) і хацелі-б распаўсюджваць нашую газэту ў сваіх краінах. Пра ўмовы супрацоўніцтва можаце даведацца ў рэдакцыі.