Газэта "БЕЛАРУС"
надрукуе бясплатна кароткія прыватныя
аб'явы некамэрцыйнага характару.
Таксама зьмесьцім віншаваньні, запрашэньні,
спачуваньні ды іншыя абвесткі.
Наконт разьмяшчэньня рэклямы
кантактуйце рэдакцыю.

БЕЛАРУСКАЯ БІБЛІЯ
ў перакладзе Васіля Сёмухі выдадзеная накладам у 10 тысяч асобнікаў у Менску сёлета. У выданьне ўвайшлі кананічныя кнігі Старога, Новага Запаветаў і Псалтыра. Друк зроблены на тонкай рысавай паперы й прашыты для трываласьці. На вокладцы выцісьнены крыж Сьв. Еўфрасіньні Полацкай.
Біблію можна набыць ў менскіх кнігарнях "Вільна", "Кнігачэй", "Вянок", "Сьветач" і "Акадэмкніга". У Берасьці - у кнігарнях і шапіках "Брэсткніга", "Іскра", "Дружба", у Бабруйску ў кнігарнях "Крыніца Ведаў" і "Сказ".
Прыбытак ад продажу пойдзе на аплату пазыкі на выданьне і распаўсюджваньне Бібліі. Дзеля пашырэньня ведаў пра беларускую рэлігійную літаратуру асобнікі Бібліі дасланыя ў Бібліятэку Кангрэсу ЗША, Нью ёркскую Публічную Бібліятэку, Бібліятэку Францішка Скарыны ў Лёндане, Асацыяцыі, Унівэрсытэты й Каледжы краінаў Захаду, якія займаюцца вывучэньнем усходнеэўрапейскіх культураў.
Ахвочыя набыць Біблію могуць зьвяртацца да Алесі Сёмухі па тэлефоне (703) 534-4089 або па электроннай пошце на адрас asmukha@yahoo.com. Кошт выданьня $50. Перасылка ўваходзіць у кошт. Студэнты й нядаўна прыбылыя эмігранты могуць атрымаць 50% зьніжку.
Калі вы жадаеце набыць Біблію для сваякоў ці знаёмых на Бацькаўшчыне, то кошт выданьня будзе $10 (US).

НОВЫЯ ВЫДАНЬНІ

У Беларускім Інстытуце Навукі і Мастацтва ў Бібліяграфічнай сэрыі выйшаў чарговы том - "Беларускія слоўнікі і энцыкляпэдыі". Укладальнікі - дырэктар БІНІМ доктар Вітаўт Кіпель і навуковы супрацоўнік Зьміцер Саўка, які далучыўся да праекту ў 1997-м годзе і быў запрошаны дзеля гэтага на адмысловую стыпэндыю.
Выданьне падобнага даведніка ажыццёўленае ўпершыню, а праца над ім працягвалася амаль паўстагодзьдзя.
Даведнік складаецца зь двух частак - каталягічнай (у трох каталёгах сабраныя зьвесткі пра беларускія слоўнікі й энцыкляпэдыі ад часоў Лаўрэнція Зізанія да сёлетніх выданьняў і публікацыяў, а таксама інфармацыя пра рукапісныя і электронныя слоўнікі й картатэкі) і індэксавай (яна дае магчымасьць шукаць матэрыял паводле моваў, тэмаў, гадоў і месцаў выданьня, па тыпах слоўнікаў, па асобах і мясьцінах).