Нью Ёркаўскі абразок
Мы пазнаёміліся выпадкова. У чаканьні замоўленага я чытаў рацэпт ўпадабанай стравы (спакусьліва выглядала "праская салята": роўныя порцыі смажанай цяляціны, парасяціны, салёных агуркоў, да якіх дадаецца цыбуля, яблыкі, перац, сок цытрыны або воцат, соль усё наразаецца палоскамі і перамешваецца з маянэзай) ён, гучна сёрбаючы нейкую поліўку, ад якой пахла тмінам, шалфеям і яшчэ нечым, старэчымі пальцамі гартаў самаробны блякнот, штораз прыціскаючы старонкі кнэдлікам. Мабыць, нешта я сказаў заголасна, бо, кінуўшы вокам на сваё чытанае, той нетаропка ўзьняў выцьвілыя вільготныя вочы на ўзровень майго ілба ды сказаў: "Ня ўсё, што па-беларуску, можна назваць беларускай літаратурай".
Пачуць гэткае ў невялікай чэскай рэстарацыі на адной з вуліц самага яблычнага гораду было прынамсі нечаканым ды ня зусім лягічным. Ён тыцнуў далоньню ў зэдлік насупраць сябе. Крыху павагаўшыся, я сабраў свае рэчы і перасеў да яго.
- Раю смажаную сьвініну з капустай, - працягваў ён. - Яна тут выключная, быццам у Ражмбэкаў, хрумсьціць і пахне букам. І неадменна з клецкамі, сьлівовымі.
Я ўсё яшчэ пачуваўся неяк нядобра. Але зусім сумеўся, калі на мае запытаньне імя зласьліва бліснуў вачыма:
- От нашто Вам?
Я пачаў казаць пра нейкія свае там зацікаўленьні, маўляў, можа некага Вы ведалі, сустракаліся.
- Так, дзякуй Богу, на людзях жыў, - казаў ён. Нешта ў ягонай манэры гаварыць здавалася штучным, падробленым. - Ведаў Язэпа Вазёрнага, брата нашага Дубоўкі, таксама паэту, Вільгельма Гараўскага, Уласюка Кандрата, прозу пісаў, была такая Ганна Базыленка, паэтка, Тройца Вацлаў, Натальля Шутко, Алесь Ляжневіч, Левін Саламон, Янка Гарбуз, Міхал Ключаноўскі, Захар Бульбяньнік, Беразоўскі, імя ня памятаю. А яшчэ Макар Шалай, Янка Мазуркевіч, Цімох Зарэчны... З адным да сёньня лістуемся.
Анікога ня ведаючы, я паспрабаваў зьвесьці гутарку на жарт:
- Вы, мабыць, Ядвігіна Ш. засьпелі?
- Што за нялюдзкасьць, - пырснула з вуснаў поліўка. - Калі ня клічыце Лявіцкім, дык мусіце ведаць, вашэць, што псэўдонім ягоны - Ядвігін Швагер, з націскам на першым "і", не другім. Але не пра тое гаворка ходзіць. Лепш бярыце еміну.
Напанадворку гамана лілася хвалямі, часам набліжаючыся да нас, часам бадай што зьнікаючы. Куды яна ходзіць, а галоўнае, куды мусіць, я ня меў ані каліва ўяўленьня, таму сьцішыўся. Неўзабаве замоўленае прынесьлі і я далучыўся да стравасьвяткаваньня.
- Ці вашэць ведае Цэнтралпарк? - ініцыятыва была цалкам на ягоным баку, як і адмысловы гляк з танным віном. Смага ўсё больш цьвяліла, але папрасіць перадаць гляк неяк не выпадала. - Там помнік нашаму Вітаўту стаіць.
- І колькі Вы ўжо тут? - насьмеліўся я на клясычнае. Замест адказу пачуў гняўлівае:
- Немцы былі толькі кароткі час, і іхняя акупацыя была фізычная, - Ен удаў у голас, быццам мы спрачаліся, і спрэчка тая адлічвала гады. - А яны ўвесь час пануюць, і іхняя акупацыя горшая, бо нутраная, духовая. І не кажыце мне!
Я і не казаў. Я падумаў, што ежа неяк яднае зь Сяржуком у Празе, нарэшце адноўлены часапіс, што у маёй торбе, - з Ірынай у Лювэне, а гаворка - з Ганнай у Менску. І стары насупраць мяне - на самой справе не на эміграцыі, не ў выгнаньні, а зь нейкай вельмі адказнай місыяй. Зрэшты, зразумела, зь якою: быць першым, працярэбіць дарогу. Між тым, стары працягваў:
- Ці бачылі Статую Волі? Яна зьяўляецца падарункам дзядзьку Сэму ад Марыяны ў Фрыгійскім каўпаку. Стварыў яе французкі скульптар Бартольдзі, а сталёвы падмурак пад яе - Эйфель - бязь вежы якога цяжка ўявіць сабе Парыж. Бадай заўсёды, пры любым надвор'і, Статую, што ўвасабляе сёньня апошнюю надзею вольналюбівага чалавецтва - ЗША, нібы імкнуцца агарнуць чорныя хмары. Аднак хочацца верыць, што паходня ў ейных руках ніколі не пагасьне. Таксама, як ніхто ніколі не закрэсьліць выбіты на ейным падмурку верш Эммы Лярус, у якім Статуя Волі зьвяртаецца да "старых краінаў": "Дайце мне вашых стомленых, вашых бядакоў, вашыя масы, што жадаюць вольна дыхаць. Шлеце іх, бясхатніх, патрапаных наваламі да мяне".
Апошнія словы ён казаў ужо ўзьняўшыся, адлічваючы грошы. Потым паклаў блякнот у валізку, матнуў мне галавой і сышоў. Неўзабаве пайшоў і я.
Станіслаў ГАЛЬКЕВІЧ