Адважны беларус
Летась, 29-га лістапада, англямоўная "Chicago Tribune" зьмясьціла артыкул карэспандэнта Расэла Воркінга (Rassell Working) пра падарожную адысэю 62-гадовага беларуса Ўладзімера Ярца, былога мэханіка, які глухі і нямы. Гэты фэнамэнальны чалавек праехаў на матацыкле чэскай прадукцыі "Ява-350" 29 краінаў і 50 штатаў Амэрыкі. Але ў штаце Іліной 14-га кастрычніка летась здарыўся няшчасны выпадак, у якім грузавік разьбіў ягоны матацыкль і пакалечыў самога, прычыніўшы пераломы некалькіх касьцей. Яго зьмясьцілі ў шпіталь Сьв. Францыска ў Пэарыі, Іліной, а пасьля доўгага лячэньня ў дом старцаў гэтага шпіталю.
На вестку аб няшчасным выпадку беларускага падарожніка адгукнулася амэрыканская арганізацыя матацыклістаў, перадаўшы паведамленьне аб ім у інтэрнэце, і пачаўшы зьбіраць грошы на новы матацыкл. Паасобныя матацыклісты й клюбы прыйшлі з помаччу, сабраўшы грошы на вопрадтку і адведаўшы Ўладзімера Ярца ў шпіталі. Дырэктар прэсы ўнівэрсытэту Мінэсота, таксама матацыкліст доўгіх дыстанцыяў Джым Вінтэрэр (Jim Winterer), выказаў надзею, што Ўладзімер Ярэц здолее ўстанавіць рэкорд падарожжаў вакол сьвету і паабяцаў дапамагчы яму.
Уладзімер страціў слых у дзяцінстве, але ад самых раньніх гадоў лятуцеў аб падарожжы. Любіў ён гэаграфію і ў 12 гадоў добра арыентаваўся ў ёй. У 1965-м годзе купіў матацыкл, але ня мог атрымаць права на язду ад беларускіх установаў. Нягледзячы на адмову, Уладзімер паехаў матацыклам па тэрыторыі Савецкага Саюзу і, будучы ў Сібіры, пасьпяхова праехаў праз балоты, нягледзячы на зьнішчаныя праліўным дажджом масты, часамі цягнучы свой матацыкл з клункамі, прарабіў 60 км за гадзіну і дасягнуў свае мэты, дзякуючы ўпартасьці беларускага быка, як зазначае аўтар артыкулу.
Калі Ўладзімер вярнуўся на Бацькаўшчыну, беларускія ўстановы, даведаўшыся аб ягоных пасьпяховых падарожжах, далі яму дазвол на язду, як першаму матацыклісту, які і глухі, і нямы.
Пасьля гэтага падарожнік аб'ехаў Савецкі Саюз, Канаду, частку краінаў Карыбскага мора, спыняючыся ў незнаёмых людзей і атрымліваючы ад іх грошы на далейшае падарожжа. На Кубе Ўладзімер правёў тры месяцы ў ізалятары, бо ня меў адпаведных дакумэнтаў, казаў у тэлефоннай гутарцы зь Беларусьсю сын Уладзімера Ярэца, ды зазначыў, што спачатку ня мог зразумець любоў ягонага бацькі да падарожжаў матацыкламі, але пазьней зразумеў, што гэтая страсьць дадзеная ад Бога, што гэта не дзеля славы ці грошай.
Спадзяёмся, што Ўладзімер Ярца хутка паправіцца і асягне сваю мэту - падарожжа матацыклам вакол сьвету.
А для ўсіх нас гэта яркі прыклад, як чалавек нямы й глухі, дзякуючы моцнай волі й хуткай арыентацыі, пераадольвае ўсе перашкоды.
Шчасьці яму, Божа, у будучых падарожжах.
Падрыхтаваў да друку
Др. Вітаўт РАМУК

Ўладзімір Ярац на сваім матацыкле.