НАРОДНАЕ АДЗЕНЬНЕ -АДУКАЦЫЙНЫ СРОДАК
Доктар мэдыцыны Ірына Грышкевіч прыехала зь сям'ёю ў Злучаныя Штаты няпоўныя два гады таму. Спадарства Грышкевічаў пасялілася ў горадзе Эдысане, штат Нью-Джэрзі. З мужам Янкам і дзьвюмя дочкамі школьнага веку адразу-ж энэргічна ўзяліся наладжваць быт у новай краіне, не забываючыся аднак пра сваю родную Беларусь.
Др. Ірына інтэнсыўна вывучае ангельскую мову, спадзяецца з часам выкарыстаць свае веды ў мэдыцыне. Яна наведвае Мідлсэкскі Каледж, дзе вучацца студэнты з розных краінаў сьвету. З мэтай узаемнага азнаямленьня ейная кляса пастанавіла правесьці паказ нацыянальнага адзеньня. У групе апрача беларускі Ірыны аказаліся студэнткі з Карэі, Індыі й Дамініканскай Рэспублікі. Кожная зь іх прыйшла ў дамоўлены дзень на заняткі ў сваёй нацыянальнай вопратцы. Кожная расказала пра сваю краіну й народнае адзеньне. Як выявілася, беларускі строй найбольш працаёмкі сваёй вышыўкай, бо іншыя шытыя з гатовай тканіны. Затое, прынамсі, для Ірыны Грышкевіч ён і найпрыгажэйшы.

(Я.З.)

На здымку: Ірына Грышкевіч у беларускім строі.