ВАНДРОЎКА Ў SALT LAKE CITY

Паглядзець Алімпійскія гульні - была мая запаветная мара. Хто ведае, калі яшчэ выпадзе такая магчымасьць. Адному ехаць, вядома-ж, дорага і небясьпечна, ды й ня так цікава. Як апынулася, мае сябры таксама былі ня супраць пахварэць за беларусаў ды паглядзець Амэрыку. Назьбіралася нас чацьвёра падарожнікаў, парамантавалі сваю старэнькую машыну ды выправіліся ў дарогу. А яна мелася быць доўгай. Выехалі мы з паўднёвай Флёрыды, горада West Palm Beach. Квіткі на спаборніцтвы папярэдне набылі па інтэрнэце. Балазе, пачалі займацца ўсім загадзя, бо ўжо за месяц да адкрыцьця гульняў квіткоў было не дакупіцца. Вядома-ж, першымі зьніклі квіткі на адкрыцьцё і закрыцьцё гульняў, а таксама на фінальныя і паўфінальныя спаборніцтвы. На гакей усяго было дзьве коштавыя катэгорыі квіткоў: па $50 і $100, хутчэй раскупляліся таньнейшыя.

Нязвыкла было ехаць праз халодныя штаты Сярэдняга Захаду пасьля цёплай Флёрыды. Прыпынкі ў прыдарожных матэлях і месцах хуткага харчаваньня крыху аздаблялі доўгія гадзіны язды. Як мы й думалі, усе гатэлі ў горадзе Салёнага возера былі перапоўненыя, таму мы спыніліся за пару гадзінаў язды, у штаце Вайёмінг. Юта належным чынам падрыхтавалася да Алімпійскіх гульняў: горад упрыгожвалі вялізныя палотнішчы з малюнкамі на алімпійскую тэматыку, іх бачна было паўсюдна. Намаляваныя лыжнікі аглядалі горад са сьценаў гмахаў. Беларусы папрыяжджалі на Алімпіяду з розных штатаў ЗША, перш за ўсё з тых, што недалёка ад Юты. Так ужо на гакеі мы пазнаёміліся з беларускай групай падтрымкі, знайшліся агульныя знаёмыя, як гэта звычайна бывае...

Мы мелі квіткі на гакейную гульню Беларусь-Швайцарыя, і там ужо галасоў не шкадавалі. Служба аховы лядовай арэны стамілася змагацца зь беларускімі заўзятарамі. Нягледзячы на ўсе іх папярэджаньні й пагрозы беларусы не сядалі, махалі сьцягамі, ускоквалі пры кожнай атацы нашых. Якія-ж сьцягі папрыносілі? Адзін дык аж чацьвёра трымалі! Нажаль, колеры пераважалі ўсё больш чырвона-зялёныя, хаця было шмат і бел-чырвона-белых сьцягоў, акрамя тых двух, што прынеслі мы. А трапілі яны да нас амаль выпадкова. Зайшлі мы перад матчам у краму, дзе прадаваліся сьцягі ўсіх краінаў сьвету, быў там і беларускі, але дзяржаўны, так званы "сутоньне над балотам". Пахадзілі, прыгледзяліся, тут вазьмі я і запытайся, ці ёсць у іх бел-чырвона-белыя, ды яшчэ і ўзор паказаў. А мне ў адказ:"Дык гэта-ж стары беларускі сьцяг! - кажа гандляр - а мы хацелі іх пазбавіцца!" І паказаў на скрыню на падлозе. У перапынках гульні камандаў прадавалася піва, яго можна было браць з сабою на трыбуны. Нашыя месцы былі далёка, пад самою стольлю, адтуль мы-б наўрад ці што ўбачылі. Ды беларусы падказалі, маўляў, хадзеце з намі, усё роўна самыя дарагія месцы пуставаць будуць, ды й не правярае ніхто... Пасьля ўжо зь Беларусі прыйшлі лісты, кажуць бацькі, што бачылі нас на гульні. Жыхарам Юты квіткі на спаборніцтвы прадавалі са зьніжкаю. Дзіўна было бачыць, як прыводзілі на гакей групу дзяцей ды раздавалі ім сьцяжкі на выбар беларускія альбо швайцарскія... А ў нас амэрыканцы ўвесь час пыталіся, як разумець тое, што ў Беларусі два розныя сьцягі...

Пасля гульні са Швайцарыяй нашая машына не завялася, і мы на ноч вымушаныя былі застацца ў горадзе Салёнага возера. Дзякуй Богу, гэта не здарылася дзе-небудзь у горах і халадэчы адкуль нават патэлефанаваць немагчыма... А на наступны дзень мы паехалі далей, паглядзелі Каліфорнію, адведалі сяброў у Сакрамэнта і Сан Дыега ды праз колькі дзён былі дома ў Флёрыдзе.
Дрэй