Ангельскі друк пра Беларусь

З нагоды саміту НАТО ў Празе ў лістападзе 2002-га году, на які А. Лукашэнку не дапусьцілі, брытанскія газэты шмат пісалі пра Беларусь. Усе артыкулы былі крытычныя і поўныя нараканьняў. Газэта "Guardian" ад 16.11.2002 у артыкуле пад назваю "Эўразьвяз забараняе ўезд у Эўропу для аўтарытарнага правадыра Беларусі", у якім гаварылася пра магчымасьць забароны ўезду ў Эўропу А. Лукашэнку і пяцідзесяці ягоным памочнікам. Як ведама, да таго часу забароне да ўезду ў ЭЗ падлягалі Слабадан Мілошавіч і ягоныя службоўцы. Цяпер такая забарона датычыцца яшчэ і прэзыдэнта Зімбабве Робэрта Мугабэ. Думаю, усе ведаюць, чаму на гэтых асобаў накладзеныя такія абмежаваньні.
Такая забарона была-б пратэстам Лукашэнку за ягоны перасьлед апазыцыі й свабоды слова. Для АБСЭ гэта было-б адплатаю за выгнаньне зь Беларусі ейных наглядальнікаў, якія скрытыкавалі прэзыдэнцкія выбары ў 2001-м годзе і назвалі іх падробнымі.
Фінансавая газэта "Financial Times" ад 16.11.2002 пад загалоўкам "НАТО закрывае дзьверы для непажаданых гасьцей" пісала аб кіраўніках Беларусі й Украіны. На саміце ў Празе не хацелі бачыць ні аднаго, ні другога. Адносна А. Лукашэнкі чэскі міністар замежных справаў сказаў, што ягоная заяўка на візу будзе адкінутая, бо Беларусь не паважае правы чалавека, і прыезд А. Лукашэнкі на саміт будзе выкарыстаны ім для ўмацаваньня свайго становішча ў Беларусі. Справа прысутнасьці А. Лукашэнкі і Л. Кучмы на саміце была трохі скамплікаваная, бо яны мелі права там быць.
Яшчэ ў адной ангельскай газэце "The Times" ад 16.11.2002 было аж два артыкулы пра Беларусь. Першы апавядае пра намер Эўрапейскага Зьвязу забараніць беларускім урадоўцам уезд у Эўропу. А другі, названы "Сапраўдная падтрымка на радзіме для кішэннага Сталіна, які апынуўся ў нерэальным, скажоным сьвеце". Цэлы артыкул апісвае А. Лукашэнку і пералічвае ўсе ягоныя недахопы. Пералічу толькі некаторыя зь іх.
Аўтар артыкулу Роджэр Бойс ўспамінае двух беларускіх журналістаў, якія апынуліся за кратамі за напісаньне артыкулу, у якім спрабавалі разгадаць "таямніцу зьнікненьня апанэнтаў Лукашэнкі". Успамінаецца пра будаўніцтва дарогі праз месца пахаваньня ахвяраў сталінскіх рэпрэсыяў. Сп. Бойс не абмінае і "эскадронаў сьмерці", мэтаю якіх было "пазбыцца крытыкаў".
У артыкуле згадагая гісторыя з фільмам рэжысэра Ю. Хашчавацкага "Звычайны прэзыдэнт". Бедны Хашчавацкі шмат пацярпеў за гэты фільм: "адведалі" яго няпрошаныя маладыя людзі, якія паламалі яму нагу. Аўтар артыкула ня піша, ці знайшлі й пакаралі вінаватых таго бандыцкага нападу. Сьпіс закідаў Лукашэнку досыць доўні й прыкры, і ня хочацца тут яго поўнасьцю ўспамінаць і перакладаць на беларускую мову. У канцы артыкула аўтар піша, што імыдж Лукашэнкі як "чалавека з народа" выпарыўся".
Міхась ШВЭДЗЮК