УЛАДЗІМЕРУ АРЛОВУ - 50 ГАДОЎ!

У 1986 годзе ў Менску ў сэрыі "Першая кніга празаіка" выйшла кніга пад вельмі свойскім назовам, - "Дзень добры, мая Шапшына"; яна выбухнула падобна вершам Алеся Разанава, сталася сапраўдным адкрыцьцём для чытачоў - паказала, як і пра што можна пісаць па-беларуску.
Ці насамрэч зборнік пачынаўся "Маналёгам", ці гэта сёньня так памятаецца?
"Ачхі! Вы ўжо даруйце, шаноўныя, трэба начхацца ў запас, бо дзе гэта вы бачылі сьвятога Пётру, які чхае на музэйных наведнікаў?
Ну так, цяпер я экспанат. Але, калі хтосьці з вас скажа: "Sic transit gloria mundi", я запярэчу. Хіба рацыя наракаць мне на свой лёс? Было нас шасьцёра братоў, а застаўся на сьвеце адно я. А ці не паважны век маё без малога чатырыста гадоў, пражытыя ў гэтых барочных мурах, што памятаюць ядры маскоўскага цара, швэдзкага караля і французкага імпэратара ды град нялічаных асколкаў ад нямецкіх бомбаў?
Часам я шкадую, што ў мяне драўлянае сэрца, а часам радуюся з тае самае прычыны, бо іначай яно не вытрывала б усяго, што мне выпала пабачыць. Але, відаць, яно не зусім драўлянае, бо такімі вось чыстымі вясновымі ранкамі, калі маладыя сонечныя промні запальваюць пазалоту капітэляў і гзымсаў, а на белыя сьцены шматкалёрна кладуцца цёплыя водсьветы вітражоў, я адчуваю, як маё сэрца прачынаецца і дзесьці там, у душы, нараджаецца ціхая музыка... ..
У мяне грубаваты, але мужны й нават паглядны твар з шырока пасаджанымі вачыма. Вятрыска жыцьцёвых нягодаў ваяўніча ўскудлаціў мае густыя валасы і бараду. На дужых рамёнах - апанча. Ці трэба дадаваць, што, як і належыць сьвятому, трымаюся я з годнасьцю. Тым больш у маіх каструбаватых руках звыклага да працы чалавека не абы-што, а ключ ад райскае брамы".
Так увайшоў у нашае жыцьцё Ўладзімер Арлоў. Мінула зусім троху чалавечага часу, і Ўладзя Арлоў, як ласкава клічуць яго знаёмыя, - бясспрэчны клясык беларускае літаратуры, аўтар больш як дваццаці кнігаў прозы, паэзіі, эсэ, гістарычных нарысаў, ляўрэат літаратурнае прэміі Францішка Багушэвіча Беларускага ПЭН-Цэнтру. Здаецца, за што-б ні ўзяўся ён, посьпех - наканаваны, кожная кніга - бэстсэлер. Але ня толькі.
Некалі яму прадказвалі ролю новага Ўладзімера Караткевіча. Ен абраў свой уласны шлях, стаўся ня меншым, але іншым. І значнасьць Арлова зрабілася асабліва відавочнаю па сьмерці Васіля Быкава.
Сёньня ў руках Ул. Арлова ключы ад нашае гісторыі, ад, спадзямся, будучых посьпехаў нашае літаратуры, і - чаго тут хаваць! - ад нашых сэрцаў.
Як кажа др. В. Кіпель, "Пакаленьні будуць расьці з прозьвішчам Арлова".
Рэдакцыя газэты "Беларус", Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва, Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне, уся беларуская дыяспара віншуе Ўладзімера Арлова з угодкамі, зычыць трываласьці й здароўя ды чакае на новыя кнігі!