Стагодзьдзе Натальлі Арсеньневай

Сёлета 20-га верасьня спаўняецца 100 гадоў найвыдатнейшай беларускай паэтцы Натальлі Арсеньневай. Напачатку творчасьці, у Вільні, яе заўважыў і падтрымаў Максім Гарэцкі. Ад таго часу Арсеньнева, як паэтка, штогод набірала болей моцы. Па сіле ўзьдзеяньня і выразнасьці мастацкіх сродкаў яна стаіць у першым шэрагу творцаў у Пантэоне дзеячаў беларускай культуры. Ейнаму таленту былі падуладныя ўсе жанры паэзіі, ад прыродаапісальнай ды інтымнай лірыкі й да патрыятычнай паэзіі, маршавых песень, гімнаў. Яна сталася выразьніцай памкненьняў і перажываньняў беларускай душы ў самыя складаныя і трагічныя часы беларускай гісторыі 20-га стагодзьдзя.
Натальля Арсеньнева - аўтарка словаў беларускага рэлігійнага гімну "Магутны Божа". На Віленшчыне ў міжваенны час, вайной у Менску, а з 1944-га году - на эміграцыі ў Нямеччыне, а пазьней у ЗША, паэтка працягвала ствараць адметныя па сіле й пранікнёнасьці творы. Жывучы ў Злучаных Штатах, яна таксама супрацоўнічала ў газэце "Беларус", на радыё "Свабода", у Беларускім Інстытуце Навукі й Мастацтва ў Нью Ерку, брала актыўны ўдзел у жыцьці беларускай грамады Амэрыкі.
Творчасьць Натальлі Арсеньневай і памяць пра паэтку яшчэ зоймуць належны пасад на Бацькаўшчыне.

Магутны Божа

Магутны Божа! Уладар сусьветаў,
вялізных сонцаў і сэрц малых,
над Беларусяй ціхой і ветлай
рассып праменьне Свае хвалы.
Дай спор у працы будзённай, шэрай,
на хлеб штадзённы, на родны край.
Павагу, сілу і веліч веры
у нашу праўду, у прышласьць - дай!
Дай урадлівасьць жытнёвым нівам,
учынкам нашым пашлі ўмалот.
Зрабі свабоднай, зрабі шчасьлівай
краіну нашу і наш народ.