КНІГА ПРА БЕЛАРУСКІЯ ГЭБРАЙСКІЯ АРХІВЫ
Дакумэнты па гісторыі й культуры гэбраяў у архівах Беларусі. Даведнік. (На расейскай мове; тытул, зьмест і прадмова таксама па-ангельску: Документы по истории и культуре евреев в архивах Беларуси. Путеводитель./ Jewish Documentary Sources in Belarus Archives. A Guide.). Рэдактары Марк Купавецкі, Эдуард Савіцкі, Марэк Вэб. Выдавецкі Цэнтар РДзГУ, Масква, 2003. 607 ст. Наклад 1000 ас.
Некалькі тыдняў таму у Маскве выйшла кніга, прысьвечаная матар'ялам, што датычацца гісторыі гэбраяў, у архівах Рэспублікі Беларусь. Гэта другая кніга ў сэрыі выданьняў, прысьвечаных гэбрайскай спадчыне ў пост-савецкіх архівах, і ёсьць вынікам пагадненьня паміж Камітэтам па Архівах і Справаводзтве пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь і Расейскі Дзяржаўным Гуманітарным Унівэрсытэтам (РДзГУ) пры фінансавай падтрымцы "Праекту Юдаіка" (ЗША).
Даведнік зьмяшчае пералік архіваў, што існуюць сёньня ў Рэспубліцы Беларусь, і анатаваны сьпіс фондаў у гэтых архівах, што ў нейкі спосаб зьвязаныя з гэбарйскаю тэматыкаю, з паданьнем нумароў фондаў, уключных датаў і колькасьці дакумэнтаў(т. зв. "адзінак захоўваньня").
Асноўнаму тэксту даведніка папярэднічае зьмястоўны артыкул М. Купавецкага "Гэбраі ў Беларусі. Кароткі гістарычны нарыс", дзе у сьціслай форме (12 старонак) выкладзеныя асноўныя падзеі з жыцьця беларускіх гэбраяў ад старажытных часоў да сёнешняга дня.
Даведнік, акрамя сваёй непасрэднай функцыі, можа лічыцца найноўшай публікацыяй, што падрабязна закранае беларускія архівы наагул. У прадмове даецца кароткі агляд археаграфічных досьледаў па гісторыі гэбраяў Беларусі, у тым ліку дзейнасьці гэбсэктару Інбелкульту і Беларускай Акадэміі Навук (БАН). Прыведзены агляд сучаснай сыстэмы архіваў Беларусі, коратка прааналізаваныя ёйная інфармацыйная мэтадалёгія й навукова-даведачны апарат, гісторыя архіўнай справы ў Беларусі. Між іншага, канстатуецца тое, што ў час вайны загінула 60-70% архіўных фондаў Беларусі, а таксама тое, што міграцыя дакумантаў зь беларускіх архіваў за апошнія стагодзьдзі прывяла да таго, што шмат матар'ялаў, у тым ліку па гісторыі гэбраяў Беларусі, апынуліся па-за сёнешнімі межамі Рэспублікі Беларусь (нават у ЗША, дзе цяпер знаходзіцца частка архіву Менскага кагалу). Даецца пералік архіваў па-за межамі Беларусі, што зьмяшчаюць інфармацыю пра гэбраяў Беларусі, у тым ліку дзяржархівы Расейскай Фэдэрацыі, Летувы, Украіны, Польшчы; фэдэральны вайсковы архіў Нямеччыны ў Александрыі й ньюёрскі Інстытут гэбрайскіх досьледаў ІВО ў ЗША; цэнтральны архіў гісторыі гэбрайскага народу і цэнтральны сіянісцкі архіў у Ерусаліме.
Даведнік ахоплівае практычна ўсе выяўленыя фонды гэбрайскага паходжаньня ў дзяржаўных цэнтральных і рэгіянальных архівах Беларусі (за выключэньнем архіваў МЗС і МУС) пачынаючы ад сярэднявечча і да найноўшага часу. Прыводзіцца таксама кароткае апісаньне Дакумэнтальнага фонду Архіву Камітэту Дзяржаўнай Бясьпекі Рэспублікі Беларусь, дзе падаецца, між іншага, колькасьць судовых справаў сталінскіх часоў (175 тыс. справаў на 250 тыс. чалавек). У канцы зацемкі напісана, што "поўнымі зьвесткамі па тэматыцы даведніка ў архіве КГБ РБ навуковыя рэдактары-укладальнікі па зусім зразумелых прычынах не валодаюць".
У прадмове адзначаецца, што шмат матар'ялаў пра гэбраяў ёсьць у актавых кнігах, што захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі, але дзеля фінансавых ды іншых цяжкасьцяў тэматычна распрацаваныя толькі 55 актавых кнігаў з агульнай колькасьці 10 000.
Выданьне дае пералік асноўных архіўных фондаў з кароткім апісаньнем фонду, ягонага памеру і храналягічных рамак. Гэта фактычна кароткая энцыкляпэдыя пра гістарычныя дакумэнты ў Беларусі, бо матар'ялы па гэбрайскай тэматыцы знаходзяцца амаль ва ўсіх архіўных фондах, якія толькі можна сабе ўявіць: вялікакняскіх, расейскіх, польскіх, нямецкіх і савецкіх структураў, ад губэрнскіх управаў, павятовых судоў і абкамаў КПБ(б) і да Дзяржаўнага гэбрайскага тэатру БССР, Белнацкаму й Інбелкульту.
Вельмі абшырны дапамаговы апарат выданьня - ёсьць паказьнікі установаў і выданьняў, імёнаў, геаграфічных назваў, сьпіс скаротаў. Таму гэты даведнік будзе карысны ня толькі сьпэцыялістам у галіне юдаікі, але ўсім, хто цікавіцца гісторыяй Беларусі. Інфармацыю пра набыцьцё выданьня можна знайсьці на інтэрнэт-старонцы http://publisher.rsuh.ru/price.htm.
Віталь ЗАЙКА