25 САКАВІКА Ў БЕЛАРУСКІХ АСЯРОДКАХ

Аўстралія

Мэльбурн
Угодкі 25-га Сакавіка, Слуцкага Збройнага Чыну, 2-га Ўсебеларускага Кангрэсу разам зь Беларускаю Краёваю Абаронаю - гэта тыя сьвяты, якія кожны год адзначае Беларускі Цэнтральны Камітэт у Віктрыі супольна з парафіяй царквы Віленскіх Мучанікаў БАПЦ.
Сёлета ўрачыстую акадэмію, прысьвечаную 85-м угодкам абвешчаньня незалежнасьці БНР, правялі 30-га сакавіка. Людзі пачалі зьбірацца на Сьвятую Літургію ўжо з раніцы, бо як раз быў зьменены час зь летняга на зімні. Айцец А. Кулакоўскі адслужыў Багаслужбу і, пасьля кароценькага перапынку, пачаў гаварыць пра дзень нашага нацыянальнага сьвята, а менавіта, што нашым абавязкам ёсьць шанаваць усё нашае, бо яно бліжэй сэрцу, але часта мы забываемся і адносімся да свайго абыякава, што і паказвае наш сучасны стан. Хоць мы й большы народ за іншыя, але, на жаль, маем толькі тое, што прыдбалі для сябе. Вось дзе нашая слабасьць. Толькі наракаем часта, што нехта мае, а мы не.
Адслужыўшы малебен, сьвятар запрасіў усіх у царкоўную залю на сьвецкую частку нашага сьвята. Пасьля кубка гарбаты пачалася акадэмія. Так як Старшыня БЦК сп. Паўлюк Гуз папраўляецца пасьля апэрацыі, то ўрачыстасьць вёў сп. Аўген Груша, які прывітаў прысутных ды зачытаў прысланыя віншаваньні ад розных беларускіх арганізацыяў, а менавіта: Старшыні Рады БНР спн. Івонкі Сурвілла, газэты "Беларус", Фэдэральнай Рады Беларускіх Арганізацыяў Аўстраліі, Беларускага Аб'еднаньня ў Адэляйдзе, беларусаў Пэрту, Згуртаваньня Беларусаў Канады, Згуртаваньня Беларусаў Вялікабрытаніі, ЗБС "Бацькаўшчына" зь Менску.
Пасьля выступіў сп. Ян Барысевіч, які прачытаў Заклік да беларусаў сьвету Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы. Пры нагодзе сп. Паўлюк Гуз сабраў 220 аўстралійскіх даляраў ахвяраваньняў на “Дар Сакавіка”.
Тады перайшлі да мастацкае часткі, у якой спн. Вера Шэйпак прачытала верш а. М. Бурноса, а сп. А. Груша верш Янкі Купалы. Пасьля гэтага нашыя дзяўчаты з хору "Каліна" пад кіраўніцтвам спн. Тамары Субач, усе ў нацыянальных строях, прасьпявалі чатыры песьні.
Пасьля гэтага ўсе ў вясёлым настроі сталі купляць квіткі на лятарэю, якую арганізавала сястрыцтва, а прыбытак пайшоў на іхную дзейнасьць. У дадатак да ўсяго настаяцель царквы меў дзень народзінаў і частаваў усіх адмысловым тортам, а яму сьпявалі "Многае лета".
На разьвітаньне ўсе зрабілі агульнае фота і ў вясёлым сьвяточным настроі сталі памалу разьяжджацца па дамах, жадаючы адзін аднаму весела правесьці Сьвятую Пасху.

Паўлюк ДУБРОЎСКІ ГУЗ

Удзельнікі сьвяточнае імпрэзы ў аўстралійскім штаце Вікторыя.

Пэрт
У нядзелю, 23-га сакавіка, сабраліся сябры Беларускага Аб'еднаньня ў Заходняй Аўстраліі, каб ужо ў 52-га раз запар адсьвяткаваць Дзень абвешчаньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.
Урачыстасьць пачалася адыграньнем нацыянальнага гімну "Мы выйдзем шчыльнымі радамі". Затым вітаў сяброў і дзякаваў ім за прыбыцьцё, а таксама пажадаў усім добрага здароў'я, вытрываласьці ды сілаў да змаганьня за канчатковае вызваленьне Бацькаўшчыны ад розных панявольнікаў Старшыня Аб'еднаньня сп. Міхась Раецкі-малодшы. Пасьля гэтага сп. Міхась Раецкі-старэйшы прачытаў прысланы Старшынёю Рады БНР Івонкаю Сурвілла "Адкрыты ліст да беларускага народу", "Зврот да старшыняў беларускіх арганізацыяў і радных БНР" і вітаньне з 25-м Сакавіка, а таксама вітаньні ад Згуртаваньня Беларусаў Сьвету, Фэдэральнай Рады Беларускіх Арганізацыяў Аўстраліі й Беларускага Аб'еднаньня ў Паўднёвай Аўстраліі.
Па кароткім перапынку з дакладам аб значэньні 25-га Сакавіка для Беларусі, яе народу ды нас на чужыне выступіў Міхась Раецкі-старэйшы. Як выглядала, даклад спадабаўся прысутным, бо яны ўзнагародзілі прамоўцу гучнымі воплескамі.
Па афіцыйнай частцы правялі збор ахвяраваньняў на "Дар Сакавіка".
Закончылася сьвяткаваньне пачастункам, падрыхтаваным спадарынямі Ніжнік і Мароз, за што ім прысутныя шчыра ўдзячныя.
26-га сакавіка беларуская радыёпраграма была поўнасьцю прысьвечаная 85-м угодкам абвешчаньня незалежнасьці БНР. Па радыё прагучалі матэрыялы, дасланыя Старшынёю Рады БНР Івонкаю Сурвілла.

Р. М.

Бэльгія

Сьвяточны дзень 25-га Сакавіка Беларускі цэнтар у Бэльгіі пачаў а 11-й гадзіне пікетам ля беларускай амбасады ў Бруксэлі. Як заўсёды, ня гледзячы на працоўны дзень, зьехаліся людзі з усіх куткоў Бэльгіі. Прысутнічалі сябра Рады БНР сп. Янка Жучка, сьвятар а. Майсейчык, сем'і Гурскіх, Брылеў, сп. сп. Лазарчук, Курлюк, Раманаў, Маталыцкі, Удаўлоў, Навіцкі, спн. Спн. Курбацкая, Калкоўская, Піліпенка, Брэль ды іншыя. Пад бел-чырвона-белымі сьцягамі людзі трымалі плякаты "25 Сакавіка - Дзень незалежнасьці!", "Свабоду і дэмакратыю ў Беларусь!", "Свабоду палітычным вязьням!", "Стоп карным акцыям у Беларусі!", "Праўду аб зьніклых!"
Пікет прайшоў спакойна і скончыўся а 12-й гадзіне. Як і на працягу апошніх чатырох гадоў ніхто з супрацоўнікаў амбасады да ўдзельнікаў пікету ня выйшаў.
Напярэдадні пікету Беларускі цэнтар прымаў у сябе намесьніка галоўнага рэдактара газэты "Народная Воля" сп. А. Сіліча. На сумесным паседжаньні прынялі заяву, ў якой адзначаецца, што "незалежная дзяржава - неацэнная каштоўнасьць кожнае нацыі. Але беларуская незалежнасьць, не пасьпеўшы замацавацца, зноў знаходзіцца пад пагрозаю зьнішчэньня, якая ідзе ад імпэрскае Расеі, кіраўніцтва якой праз антыбеларускі рэжым Лукашэнкі імкнецца да інкарпарацыі нашай краіны. Мы зьвяртаемся да дэмакратычных краінаў сьвету з заклікам падтрымаць дэмакратычныя сілы ў Беларусі".
Гэты зварот быў накіраваны ў Эўрапрлямант.
Увечары 28-га сакавіка ў спэцыяльнай зале адбылася ўрачыстая акадэмія, прысьвечаная 85-м угодкам абвешчаньня незалежнасьці БНР. На ўрачыстасьці прысутнічалі сябры Рады БНР Янка Жучка і Арэшка, а таксама старшыня менскага абласнога Гельсінскага камітэту сп. Лявон Мархотка, які прыехаў зь Беларусі.

Аляксандар КУРЛЮК

Удзельнікі пікетаваньня беларускай амбасады ў Брукселі.

Вялікабрытанія

Сябры Згуртаваньне Беларусаў у Вялікай Брытаніі сьвяткавалі 85-я ўгодкі агалошаньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі 29-га сакавіка ў доме пры Беларускай бібліятэцы імя Ф. Скарыны па адрасу 37 Holden Rd у Лёндане. Пасьля кароткай Багаслужбы, якую адправіў а. Аляксандар Надсон, пачалася ўрачыстая акадэмія.
Сяброў і гасьцей вітала спн. Л. Міхалюк, старшыня ЗБВБ. Яна сказала, што ідэя незалежнасьці БНР прадаўжаецца сёньня ў Беларусі, хаця і з перашкодамі ад цяперашняга ўраду. Праф. Дынглі вітаў прысутных ад Англа-Беларускага Таварыства па-ангельску.
Сп. Сяргей Пяткевіч прачытаў прывітаньні ад Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы, Каардынацыйнага Камітэту Беларусаў Канады, Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня, Грамады Беларускай Культуры з Масквы, Таварыства Беларускай Мовы, сп. Аляксея Ганчарыка зь Менску.
Сп. Мікалай Пачкаеў прачытаў даклад на тэму сьвяткаваньня па-ангельску і зьвярнуў увагу на тое, як беларускі ўрад у Менску рэагуе на імкненьне маладых людзей да незалежнасьці, калі іх хапаюць падчас шэсьцяў, брутальна вырываюць бел-чырвона-белыя сьцягі, а сам Лукашэнка сьпяшаецца да як найхучэйшай інтэграцыі з Расеяй.
У мастацкай частцы сп. Павал Шаўцоў чытаў вершы Вінчука Адважнага і Натальлі Арсеньневай, а спн. Вера Рыч і Ігар Лабацэвіч прачыталі верш "Свабода" па-ангельску і па-беларуску. Ад нядзельнай школкі пад кіраўніцтвам Караліны Мацкевіч выступілі дзеткі, прыгожа апранутыя ў беларускія нацыянальныя строі. Дзяўчаткі ўпрыгожылі сукенкі бел-чырвона-белымі кветачкамі, якія яны самыя зрабілі. Чацьвёра дзяўчынак дэклямавалі беларускія вершы.
На заканчэньні ўрачыстай часткі ўдзельнікі прасьпявалі беларускі нацыянальны гімн "Мы выйдзем шчыльнымі радамі", і былі запрошаныя на пачастунак, смачна прыгатаваны жанчынамі. З чаркаю віна ў сяброўскіх гутарках прыемна правялі час.

М. БАЯРОЎСКІ

Канада

Монтрэаль
Сьвяткаваньне ўгодкаў абвешчаньня незалежнасьці БНР уадбылося 23-га сакавіка. Прысутнічалі госьці з Таронта і Атавы.
У мастацкай частцы выступіў ведамы ў Паўночнай Амэрыцы гурт “Яваровыя людзі”, які адмыслова прыехаў на ўрачыстасьць з Таронта.

Таронта
Сьвята плянавалася 30-га сакавіка ў залі парафіі Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы. На жаль, запрошанаму сьвятару Вячаславу Логіну, што цяпер служыць у Гайланд Парк, Нью Джэрзы, амэрыканскія ўлады з прычынаў бясьпекі ваеннага часу адмовілі ў пропуску ў Канаду, якая тым часам у вайне з Іракам не бярэ ўдзелу.
У прыгожа ўдэкараванай залі а 12-й гадзіне пратэстанцкі сьвятар а. Юры Рапэцкі ўрачыста прачытаў "Ойча наш" і "Малітву да Сьвятога Кірылы Тураўскага".
Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла, што нядаўна вярнулася з Прагі, заклікала да яднаньня беларусаў пад сьцягам Беларускай Народнай Рэспублікі, перасьцерагала Рэспубліку Беларусь ад так званай "інтэграцыі" - г. зн. ліквідацыі дзяржаўнасьці ў адноўленай "імпэрыі зла" - Маскоўшчыне. Шлях да захаваньня волі Беларусі здабудзецца супольнымі намаганьнямі па ўмацаваньні дэмакратыі й супрацоўніцтву з Эўрапейскім Зьвязам ды аднаўленьню сапраўды беларускай улады ўва ўсіх галінах жыцьця нашай цяпер паняволенай Бацькаўшчыны.
Спадарыня Сурвілла прывязла з Прагі істужку з запісам голасу нашага выдатнага пісьменніка Васіля Быкава. Дзякаваць Богу, ён добра вытрымаў цяжкую апэрацыю і жадаў нам посьпехаў і добрага здароўя. Прысутныя пажадалі Васілю Быкаву скарэйшага выздараўленьня, шчасьлівай будучыні.
З кароткім прывітаньнем выступала д-р Раіса Жук-Грышкевіч. Старшыня Каардынацыйнага Камітэту Беларусаў Канады др. Руслан Качаткоў згадаў прывітаньні іншых з нагоды сьвята ды прачытаў даклад пра гісторыю 25-га Сакавіка.
Старшыня Галоўнай Управы Згуртаваньня Беларусаў Канады др. Пётра Мурзёнак вітаў прысутных і прапанаваў апрацаваную ім і ўжо прынятую ў папярэднюю нядзелю ў Монтрэалі сябрамі Згуртаваньня Беларусаў у Квебэку дэклярацыю нашага палітычнага становішча з нагоды ўгодкаў БНР.
Адбылося ўрачыстае знаёмства з Вольгай Іпатавай, паэткай і пісьменьніцай, якую ўдзячныя чытачы за яе прозу і паэзію на гістарычныя тэмы назвалі ЗОРКАЙ беларускай культуры. Сп. К. Акула прачытаў кароткую характарыстыку змагарнага, плённага творчага жыцьця Зоркі. Прысутныя мелі выдатную нагоду паслухаць цудоўную дэклямацыю яе вершаў, за што ўзнагародзілі госьцю, устаўшы, гучнымі воплескамі.
Пасьля заканчэньня ўрачыстай часткі на сцэну выйшлі ўдзельнікі гурту "Яваровыя людзі". Яны сьпявалі дый танцавалі й у мінулую нядзелю ў Монтрэалі, а летась і ў Нью Ерку, весялілі нашым багатым фальклёрам, дзякуючы выдатнаму кіраўніцтву Віялеты Кавалёвай і дасканаламу майстэрству. Гэтых дзяўчат, жанчын, дзяцюкоў маем шанаваць і ўзнагароджваць. Іхныя прыгожыя нацыянальныя вопраткі чаго вартыя!
Яны атрымалі ад слухачоў і гледачоў вялізнае "дзякуем!"
Наапошку прысутныя былі паінфармаваныя пра заклік Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва ў Злучаных Штатах, каб як найскарэй правесьці сярод суродзічаў і іншых збор фінансаў на пакрыцьцё коштаў выданьня беларуска-ангельскага слоўніка, які надта неабходны для пашырэньня беларускай навукі й культуры.
Нашым спадарыням - Марыі Ганько, Вользе Манькоўскай і Іне - вялікая падзяка за падрыхтоўку страваў да абеду.
Сп-ру А. Моніду вялікае дзякуй за збор фінансаў на фонд Рады БНР.
Сьвята закончылі адсьпяваньнем нацыянальнага гімну "Мы выйдзем шчыльнымі радамі".
Увага: жыхары Канады ахвяраваньні на выданьне слоўніка могуць накіроўваць на мой адрас:
Mr. K. Akula
57 Riverdale Ave
Toronto, ON M4K 1C2

Кастусь АКУЛА

Атава
Сьвяткаваньне Дня незалежнасьці беларусы Атавы правялі 6-га красавіка. Пачалося яно пікетаваньнем расейскае амбасады, каб высказаць пратэст супраць планаў расейскіх уладаў па анэксыі Беларусі. На акцыю прыехалі таксама беларусы з Таронта і Монтрэаля. Яны скандыравалі разам лёзунгі: "Жыве Беларусь!", "Пуцін, ганьба!", "Independent Belarus!", "Hands off Belarus!", прасьпявалі нацыянальны гімн "Мы выйдзем шчыльнымі радамі".
А імпрэза сьвяткаваньня Дня Незалежнасьці прашла ў атаўскім City Hall. Пасьля правомаў і афіцыйных віншаваньняў пачалася мастацкая частка. Яе адкрыў дуэт "Простыя рэчы" з удзелам Міхаіла Рыкава і Ўлады Шамецька.
Потым выступаў гурт "Яваровыя людзі" з Таронта. Гэты гурт ужо другі раз з гонарам і задавальненьнем выступае ў атаўскім City Hall. Новая праграма гурта, з абрадам "Загуканьне вясны", прайшла на біс.

РЭЗАЛЮЦЫЯ,
прынятая на ўрачыстых сходах у Монтрэалі, Таронта і Атаве
Мы, сябры Згуртаваньня Беларусаў Канады й Згуртаваньня Беларусаў у Квэбэку, святкуючы, 85-я ўгодкі абвешчаньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, заяўляем:
1. Абвешчанне незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі 25-га сакавіка 1918-га году - важнейшая гістарычная падзея ў жыцьці беларускага народу. Трэцяя Ўстаўная Грамата юрыдычна замацавала ўтварэньне незалежнай дзяржавы й гарантавала дэмакратычныя свабоды яе грамадзянам. Працэс вяртаньня гістарычнай справядлівасьці ў адносінах да Беларускай Народнай Рэспублікі, пачаты ў 1991-м годзе, быў вераломна перапынены прэзыдентам Беларусі А. Лукашэнкам.
2. Сёньня незалежнасьць нашай краіны зноў у небясьпецы. Як і 85 гадоў назад, Расейская дзяржава адкрыта праводзіць палітыку экспансыі ў адносінах да Беларусі. Аб гэтым сьведчаць як заява прэзыдэнта Расіі сп. У. Пуціна ад 14-га жніўня 2002-га году аб уваходжаньні Беларусі ў склад Расейскае Фэдэрацыі, так і Канстытуцыйны акт аб стварэньні Саюзу Расеі й Беларусі, прыняцьце якога плянуецца ў красавіку 2003-га году.
3. Звяртаемся да ўраду Расейскай Фэдэрацыі і яе парляманту з патрабаваньнем неадкладна спыніць захопніцкую палітыку ў адносінах да Беларусі. Пара палажыць канец ганебным імпэрскім памкненьням Мураўёва, Сталіна і пазнейшых лідэраў з мэтаю зьнішчыць беларускі народ і ягоную культуру.
4. Зьвяртаемся да адказных і разважлівых чальцоў беларускага ўраду - зрабіце ўсе магчымыя намаганьні, каб не дапусьціць гандлю дзяржаўнай незалежнасьцю і спыніць чорны расейскі капітал. Незалежнай краіне - незалежную эканоміку, арыентаваную як на Захад, так і на Усход, як на Поўдзень, так і на Поўнач. Не - валюнтарысцкім эканамічным рашэньням А.Лукашэнкі.
5. Зьвяртаемся да народаў сусьветнай супольнасьці, да Арганізацыі Аб'еднаных Нацыяў, ЮНЕСКА, да ўрадаў дэмакратычных краінаў з просьбаю выказаць сваю падтрымку беларускаму народу, яго дэмакратычным сілам і інстытутам у барацьбе за незалежнасьць Беларусі.
6. Падтрымліваем намаганьні Рады БНР і яе Старшыні сп. Івонкі Сурвіллы скіраваныя на вяртаньне свабоды й незалежнасьці ў Беларусь.
Жыве Беларусь !

Чэхія

У суботу 22-га сакавіка беларусы, якія жывуць у Чэхіі, сабраліся ў Люстраной залі ў будынку старажытнага Клементынуму, які лічыцца адным з найпрыгажэйшых архітэктурных комплексаў Прагі. Менавіта ў гэтай залі ў 1923-м годзе заснавальнікі БНР, якія апынуліся ў эміграцыі, адзначалі 5-годзьдзе яе ўтварэньня.
Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі спн. Івонка Сурвілла, павіншавала прысутных са сьвятам і адзначыла, што, каб будаваць свабодную, незалежную дзяржаву беларусам трэба знайсьці салідарнасьць і аб'яднацца вакол асноўнай ідэі, нягледзячы на перашкоды. Са словамі вітаньня выступілі таксама пісьменьнік Васіль Быкаў; рэдактар "Радыё-Свабода" Сяргей Навумчык; пісьменьнік, сябра ПЭН-цэнтру Валянцін Тарас; прадстаўнік праваабарончай арганізацыі "Чалавек у бядзе" Любаш Вэсэлы; старшыня менскай абласной рады БНФ дэпутат Пухавіцкага райсавету Алесь Міхалевіч. Былі зачытаныя віншавальныя лісты сусьветна ведамага навукоўца прафэсара Барыса Кіта, які жыве ў Нямеччыне, др. Раісы Жук-Грышкевіч з Канады, спн Лёлі Міхалюк зь Вялікай Брытаніі, сп. Янкі Жучкі з Бэльгіі, Лявона Шыманца з Францыі, беларусаў Аўстраліі. Зь вершам Натальлі Арсеньевай "Дваццаць Пяты Сакавік" выступіла спн. Марыя Лукашук зь Берасьця.
Зь віншавальным словам і кветкамі да патрыярха беларускага руху ў Празе сп. Юркі Станкевіча, якому напярэдадні споўнілася 75 гадоў, зьвярнуліся сябра ЗБЗ Галіна Куніна і старшыня суполкі "Скарына" Ганна Сурмач.
Па афіцыйнай частцы са сьпевамі выступілі барды Андрэй Мельнікаў і Сяржук Сокалаў-Воюш. Абодва музыкі прасьпявалі патрыятычныя творы са свайго рэпэртуару. Прагучалі як старыя, усім вядомыя песьні, так і новыя, спэцыяльна напісаныя да сьвята Дня Незалежнасьці.
ПА абедзе беларуская грамада наведала Альшанскія могілкі, дзе ўшанавала памяць і ўсклала кветкі да магілаў славутых беларусаў: Пётры Крэчэўскага, Міхася Забэйды-Суміцкага і сям'і Захаркаў.
Увечары культурная праграма працягнулася ў адной з рэстарацыяў у цэнтры Прагі, дзе выступы й сьпевы дапоўнілі добрыя напоі й ежа.
Працяг сьвяткаваньня 85-ых угодкаў БНР пачаўся а 10-ай гадзіне раніцы 25-га сакавіка. Ня гледзячы, што ў Чэхіі гэта быў працоўны дзень, каля 20-ці чалавек з арганізацыі Зьвяз Беларусаў Замежжа, іх украінскія калегі зладзілі пікет насупраць беларускай амбасады. Мэта - патрабаваць ад беларускіх уладаў гарантый незалежнасьці. Стоячы пад беларускімі й украінскімі нацыянальнымі сьцягамі, трымаючы ў руках плякаты з калажамі на "апошняга дыктатара Эўропы" прысутныя выказалі рашучы пратэст супраць дзеяньняў рэжыму ў Беларусі, супраць так званага "едіненія Беларусі і Расеі", патрабавалі спыніць перасьлед беларускіх грамадзянаў па палітычных матывах.
Быў зачытаны супольны зварот Зьвязу Беларусаў Замежжа і суполкі "Скарына" да беларускага грамадзтва з заклікам адчуць адказнасьць за лёс Дзяржавы й Народу і ўсімі магчымасьцямі бараніць Незалежную Беларусь.
Прадстаўнікі беларускай амбасады не адгукнуліся на званкі ў дзьверы з мэтаю перадаць Зварот і сустрэцца зь землякамі. Больш таго, жалюзі на вокнах амбасады заставаліся зычыненымі нягледзячы на сярэдзіну дня і тыдня. Гэта дае падставы меркаваць, што як і шэраг дэпутатаў "палаты прадстаўнікоў ", беларускія дыпляматы ў Чэхіі таксама вызнаюць Дзень Незалежнасьці сьвятам, таму аўторак 25-га сакавіка 2003-га году зрабілі сваім выходным днём.
Андрэй Мельнікаў
Аўген Сідорык
Сьвятлана Нех

ПРАМОВА
ВАСІЛЯ БЫКАВА на ўрачыстай акадэміі ў Празе

Дарагія беларусы, шаноўныя нашыя госьці! 85 гадоў таму ў слотны й шэры дзянёк на зачыне вясны беларусы зьдзейсьнілі цуд. Не, яны не панішчылі ворагаў, не вызвалілі краіну, не дамагліся свабоды, - але яны запалілі кволую сьвечку надзеі. Пры яе сьціплым сьвятле яны, як маглі, змагаліся з бальшавіцкай навалай, з фашыстоўскай акупацыяй, з роспаччу і паняверкай, што за стагодзьдзі ўкараніліся ў гаротным народзе.
Мы ўсьцешаныя, што гэтая сьвечачка гарыць і дасюль, і хоць яе зыркі агеньчык слаба сьвеціць, часам капціць і ня грэе, але ён дае спадзяванак шмат якім пакаленьням беларусаў на сьвятло і цяпло, на свой дом і сваю сям'ю. Тое, без чаго ў гэтым драпежным сьвеце нікому няма і ня будзе жыцьця.
Дык няхай яна гарыць, нашая кволая спадзяванка, якую мы песьцім і тулім, ашчаджаем і беражэм, як лепшыя зь беларусаў яе бераглі да нас з думкаю: а раптам яна ўспыхне сонечным зьзяньнем, калі надарыцца спрыяльны для таго час. Бо, калі ня будзе таго хай сабе слабога агеньчыку, ня ўспыхне нічога. І для нас настане вечная ноч. Але мы ня хочам вечнай начы, мы - божае стварэньне людзі, і маем права на боскую долю.
Памажы нам, Гасподзь!
Жыве Беларусь!