САКАВІК У АЎСТРАЛІІ
ВІКТОРЫЯ
У гэтым годзе ў Вікторыі ўгодкі 25-га Сакавіка 1918-га году сьвяткаваліся ў Мэльбурне 31-га сакавіка Беларускім Цэнтральным Камітэтам супольна з парафіяй БАПЦ Сьв. Віленскіх Пакутнікаў. Беларуская грамада, як і заўсёды раніцай, а гадзіне 10-й пачала запаўняць царкву, каб прысутнічаць на Сьв. Літургіі ды памаліцца Ўсявышняму, каб даў беларускаму народу незалежнасьць і дабрабыт. Хор пад кіраўніцтвам М. Усьцінава сьпяваў цудоўна, за што ім належыць падзяка.
Пасьля Сьв. Літургіі настаяцель прыходу, протапрасьвіцер Аляксандар Кулакоўскі перад пачаткам малебну за Беларускі Народ сказаў вельмі патрыятычную прамову пра гістарычны дзень 25-га Сакавіка, што прывяло прысутных да ўспаміну пра мінулыя часы. А былі яны й вясёлымі падчас нашага адраджэньня й сумнымі, асабліва калі пакідалі Радзіму і ехалі ў няведамае. Асабліва ў старэйшых людзей нявольна накаціліся сьлёзы.
У канцы ўсе ўсталі на калені й адсьпявалі "Магутны Божа". А. Аляксандар запрасіў усіх прысутных у залю, каб прадоўжыць сьвецкую частку ўрачыстасьці. Пасьля кубка гарбаты старшыня ЗЦК сп. Паўла Гуз прывітаў прысутных ды стаў зачытваць дасланыя віншаваньні, адзначыўшы нашую беларускую нядбайнасьць, а менавіта: трэба было-б, каб на гэты дзень беларуская грамада была куды большай як сабралася. Магчыма, у выніку такой нядбайнасьці мы й на Бацькаўшчыне маем тое, што прыдбалі.
Прамоўца зачытаў прывітаньне й Зварот да беларускага народу Старшыні Рады БНР сп-ні Івонкі Сурвілла, а таксама прывітаньні сп. Р. Цупрыка ад Беларускага Кангрэсовага Камітэту, сп. В. Зайкі ад Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня, сп. П. Гуза ад Выканаўчага Камітэту Фэдэральнай Рады Беларускіх Арганізацыяў у Аўстраліі, сп. М. Раецкага ад Беларускага Аб'еднаньня ў Заходняй Аўстраліі, сп. В. Каранеўскага ад Беларускага Аб'еднаньня ў Паўднёвай Аўстраліі, сп. П. Саўчанкі ад рэдакцыі газэты "Рунь", сп. М. Клакоцкага ад рэдакцыі газэты "Беларус", сп. Х. Нюнькі ад Таварыства Беларускай Культуры ў Літве, ад пісьменьніка Яўгена Лецкі.
Потым слова атрымаў сп. Алег Шнэк, які прачытаў даклад на тэму дня. Сп. Ян Барысевіч у сваёй кароткай прамове апісаў прабег гісторыі ад 1918-га году да нашых дзён, адзначыўшы, што каб не было БНР, то не было-б і Рэспублікі Беларусь ды сёньняшняга "хрыстапрадаўцы" Лукашэнкі.
Потым пачалася мастацкая частка, у якой сп-ня Вера Шэйпак прачытала верш Міхася Гарасюкова "Табе, Беларусь", а сп. С. Жук (Алесь Холад) свой собскі верш "Сакавік", напісаны адмыслова да гэтага дня, і другі - "Запавет". На гэтым мастацкая частка скончылася.
Старшыня Павал Гуз падзякаваў і папрасіў усіх устаць і адсьпяваць гімн "Мы выйдзем шчыльнымі радамі". Пасьля гэтага ўсе ў вясёлым настроі пачалі абменьвацца думкамі пра бягучыя справы ды ўспамінамі. На гэтую нагоду сп-ры П. Гуз і Р.Шнэк раздалі надыйшоўшыя газэты "Беларус", каб гэтым самым прыдбаць новых падпісчыкаў. Пусьціўшы падпісную лісту на Дар Сакавіка, сабралі 290 аўстралійскіх даляраў.
Пакідаючы залю, усе жадалі адзін аднаму весела правесьці надыходзячыя сьвяты Вялікадня ды разьвітваліся да новай сустрэчы.

Паўлюк Дуброўскі

ПАЎДНЁВАЯ АЎСТРАЛІЯ
Парафія Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы Сьв. Апосталаў Пятра і Паўла ў Адэлайдзе адзначала Дзень Незалежнасьці Беларусі ў нядзелю 24-га сакавіка. Урачыстасьць пачалася пасьля Божай службы. Настаяцель царквы пратапрасьвіцер Пятро Касацкі адправіў малебен за Беларусь і беларускі народ, які пачаўся адсьпяваньнем малітвы "Магутны Божа". Вернікі сьпявалі малітву стаўшы на калені. Два чалавекі трымалі сьцягі, беларускі бел-чырвона-белы й аўстралійскі. Пратапрасьвіцер сказаў вельмі прачулую пропаведзь за Беларусь.
Па заканчэньні малебні ўдзельнікі сьвяткаваньня перайшлі ў прыцаркоўную залю, дзе сястрыцтва прыгатавала вельмі смачны абед. Стравы ўсе былі посныя і рыбная, але вельмі смачна прыгатаваныя. Старшыня Міхась Шчурко-малодшы папрасіў сьвятара блаславіць ежу на стале. Усе ўсталі, сьвятар сказаў малітву, блаславіў ежу, і пасьля гэтага пачаўся абед.
Калі ўсе падмацаваліся, Старшыня адкрыў урачыстую акадэмію, сказаўшы першае слова па-ангельску. Пасьля перадаў слова сп. Уладзімеру Акавітаму, які папрасіў выйсьці царкоўны хор наперад. Хор разам з удзельнікамі сьвяткаваньня адсьпяваў беларускі нацыянальны гімн "Мы выйдзем шчыльнымі радамі". Пасьля гэтага хор пад кіраўніцтвам сьвятара выканаў усім вядомыя й любімыя песьні "Люблю наш край, старонку гэту..." і "Трэці год на выгнаньні ў чужыне...". Прысутныя ўзнагародзілі сьпевакоў доўгімі й гучнымі воплескамі.
Затым сп. У. Акавіты прачытаў рэфэрат на тэму Дня Незалежнасьці Беларусі, напомніўшы аб падзеях 84-гадовай даўніны, аб няроўным змаганьні з чырвонымі маскоўскімі дывізіямі за незалежную Беларусь. Пасьля рэфэрату сп. Акавіты прадэклямаваў вершы Натальлі Арсеньневай "Прысяга" і Міхася Машары "25-га Сакавіка".
Імпрэза ў прыязнай і сяброўскай атмасфэры цягнулася да 4-й гадзіны папаўдні, калі ўдзельнікі сьвяткаваньня ў добрым настроі пачалі разыходзіцца.

Уладзімер Акавіты

ЗАХОДНЯЯ АЎСТРАЛІЯ
Сёлета, а гэта ўжо 51-ы раз з чаргі, беларусы Заходняй Аўстраліі адзначалі гадавіну абвешчаньня 25-га сакавіка 1918-га году незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі ў нядзелю 24-га сакавіка ў Беларускім Народным Доме на 43 Драйнан вуліцы - Байсвотэр.
Урачыстасьць была папярэджаная службай Божай, якую адправіў айцец Уладзімер Зайка. Затым у агульнай залі вітаў прыбыўшых з 84-мі ўгодкамі абвешчаньня незалежнасьці БНР і падзякаваў за ўзяцьцё ўдзелу ў адзначэньні Старшыня Беларускага Аб'еднаньня ў Заходняй Аўстраліі сп. Міхась Раецкі (малодшы).
Прынагодныя вітаньні суродзічам у Заходняй Аўстраліі былі атрыманыя ад Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы й Выканаўчага Камітэту Фэдэральнай Рады Беларускіх Арганізацыяў у Аўстраліі сакратара Паўлюка Гуза, якія прачытаў сп. Міхась Раецкі. Па-ангельску даклад на тэму дня зрабіў Старшыня Беларускага Аб'еднаньня ў Заходняй Аўстраліі, а па-беларуску сп. Міхась Раецкі. Абодва даклады былі суправоджаныя воплескамі.
Пасьля дакладаў была праведзеная зборка ахвяраваньняў на Дар Сакавіка і адбыліся разважаньні адносна аднаўленьня выхаду газэты "Беларус". Новы нумар газэты, які толькі што атрымалі ад адказнага рэдактара газэты сп. Марата Клакоцкага быў спатканы вельмі прыхільна.
Кэнінгтон. 24-га сакавіка 2002-га году

РМ