УШАНАВАЛІ ПЕРШАГА ЯРАРХА БАПЦ
85-я ўгодкі народжаньня архіяпіскапа Мікалая сьвяткавалі ў Тароньце сёлета 26-га траўня. Сьвятую Літургію правіў а. Вячаслаў. Закончылі яе сьпевам архіяпіскапу Мікалаю "Многія лета".
У прыгожа ўдэкараванай царкоўнай залі зьмясьцілася звыш паўсотні прысутных сяброў парафіі Сьв. Кірылы Тураўскага й гасьцей.
Уладыка Мікалай благаславіў харчы й прысутных малітваю. Ад арганізацыяў і асобаў наплыло шмат пажаданьняў. Старшыня таронцкага аддзелу Згуртаваньня Беларусаў Канады Дробіна Надзея запрашала прысутных выказацца. У згадках, што аднаўлялі больш паўстагодзьдзя, прысутныя з удзячнасьцю і любоў'ю чулі пра выдатнага, працавітага, надзвычай любячага родны Моталь, Палесьсе і ўсю бацькаўшчыну Беларусь, адданага служэньню Госпаду Богу й "сьвятой Беларусі" архіяпіскапа Мікалая. Згадкі перапляталіся і гумарыстычнымі пажаданьнямі, як прыкладам пра той стодаляровы банкнот, які, быццам, выдаў канадыйскі фэдэральны ўрад з выяваю на ім Уладыкі Мікалая. Не забыліся і пра баброў, якія некалі былі зрабілі інвазію ў адпачынкавым пасёлку Слуцаку, ды як Уладыка Мікалай іх абхітрыў, асушыўшы іхны аграмадны басэйн у нашай "слуцкай пушчы", што кілямэтраў каля двухсот на поўнач ад Таронта.
Самадзейная група сьпевакоў з моладзі, арганізаваных Кавалёвай Вітай і Шаўчэнка Валентынай, прасьпявала Ўладыку Мікалаю "Мотальскае вясельле". Ен-жа з Моталя, што ля Янава на Берасьцейшчыне. Былі й падарункі. І зноў "Многае лета" ад ўсяе грамады. І падзякі нашаму выдатнаму Архіпастыру за лідэрства, натхненьне, ахвярнасьць, вытрываласьць, дабрачыннасьць, любоў.
Асобная падзяка належыцца пераважна нашым руплівым жанчынам за падрыхтоўку, ня толькі кухонную, гэтага выдатнага сьвята.
К. Акула.