НЯ МЕЧ, А ДУХ ВЫРАШАЕ ЛЁС ЦЫВІЛІЗАЦЫІ
Тое, што з нараджэньня, з даўняга дзяцінства кожнага беларуса знаходзіцца на ўскрайку гістарычнай сьвядомасьці, і ёсьць сапраўдным эпіцэнтрам усьведамленьня таго, хто мы й адкуль. Бо каго з нас пакідалі раўнадушнымі старажытная беларуская песьня, бабуліна старая вышыванка ў куфэрку або вышываны абрус на стале, ці відовішчы падмуркаў разбураных цэркваў і касьцёлаў, палацаў і замкаў? Міжволі кожны задумваўся:"Хто-ж гэткі варвар і дзеля чаго зруйнаваў усё гэтае сьвятое?" Ды нават і рэшткі даўніны хвалююць душу ўсьведамленьнем былой велічы нашага народу і нашае дзяржавы!
Менавіта таму нашыя ворагі ў першую чаргу нішчылі й па сёньня нішчаць усё, што узвышае наш дух і ўласную годнасьць. Вядзецца мэтанакіраванае разбурэньне архітэктурных і літаратурных помнікаў, твораў мастацтва. Ідзе рабаваньне дашчэнту, расьцягваньне па сьвету, зьнішчэньне традыцыйнае культуры, і у першую чаргу, мовы, якая зьяўляецца асноўным апірышчам любой нацыі, пазбаўляючы нас тых крылаў, якія ўсяму сьвету, а найперш самым сабе сьведчаць, што мы, беларусы, ёсьць народ адметны ад іншых і непаўторны.
Таму мабыць стагодзьдзе за стагодзьдзем ворагамі нашага народу і дзяржавы вядзецца паляваньне на тое, што даражэй золата і ўсіх дыямэнтаў сьвету, што недасягальна вышэй матэрыяльнага - наш нацыянальны дух і жыцьцё носьбітаў гэтага духу, на тых, хто не скараецца, на выдатнейшых сыноў і дачок зямлі беларускай. У мірны, здавалася-б, час Радзіму нашую ўсьцілаюць магілы няскораных лепшых людзей, зьнішчаных фізычна. Працягваецца даўняе "дзікае паляваньне" па вынішчэньню нашае нацыі.
Хто той нечысьцівец? Чорныя злобныя груганы й шэранькія зайздросьлівыя гультаяватыя вераб'і, надзеленыя ўладаю некалі царамі, потым камуністычнай партыяй, а цяпер - ягадкамі таго рэжыму гэбістамі, што прыйшлі да ўлады й цяпер нішчаць усё і ўсіх, хто ня згодны зь імі. Бо прыгнятальнікам патрэбен народ бяскрылы, бязмоўны.
Зноў навідавоку даўняя ісьціна, што лёс нацыі вырашае ня меч, а дух.
4-га сьнежня 1928-га году ў Талачыне нарадзіўся Лявон Баразна. Прырода навакольнага краю і родны люд абудзілі ў ім рамантычную душу мастака. 19-гадовы Лявон паступіў у мастацкую вучэльню ў Менску, дзе навучаўся да 1955-га году. Выкладчыкі прарочылі яму вялікае мастацкае будучае. Было відавочным, што ён валодаў тонкім пачуцьцём колеру і паветранай перспэктывы. Краявіды, напісаныя пэнзлем Лявона Баразны, былі поўныя такога шчымліва-пранізьлівага лірызму, што, здавалася, перадавалі ня толькі настрой, але і гукі роднай зямлі. Ягоныя алейныя партрэты "не прэтэнцыёзныя, адметныя выяўленчай прастатою і вялікаю цеплынёю ў адлюстраваньні ўнутранага сьвету чалавека". "Увогуле, для ўсіх ягоных працаў раньняга перыяду ўласьцівыя густоўная выяўленчая сьціпласьць і стрыманасьць рэалістычнай манэры пісьма". Так пісаў пра мастака кандыдат мастацтвазнаўства Зянон Пазьняк, здаецца, у часапісе "Мастацтва" ў 1974-м годзе.
Мастак ведаў, што нашая народная творчасьць яшчэ мала вывучаная і сабраная. Ен разумеў значэньне нацыянальнае культуры й, як Язэп Драздовіч, ператварыўся ў вандроўнага мастака-дасьледчыка. У той час бракавала транспартных сродкаў ня толькі паміж вяскамі, але і паміж райцэнтрамі. "Таму мастак з неабходным рыштункам і кіём у руцэ хадзіў пешшу ад сяла да сяла. Для яго гэта быў сваеасаблівы рытуал, акт пасьвячэньня народу, сымбаль служэньня роднай зямлі" - пісаў З. Пазьняк.
Перад дабразычлівым і рамантычна-узьнёслым мастаком людзі адкрывалі ня толькі куфры, а і душы. Лявон зрабіў мноства этнаграфічных замалёвак арнамэнтаў і нацыянальных строяў. У выніку ім былі створаныя тры альбомы малюнкаў: "Беларускі народны арнамэнт Палесься" (1957 год), "Беларуская народная вопратка (1958 год), "Арнамэнты Гродзеншчыны" (1960 год).
Лявон Баразна быў адным зь першапраходнікаў, які зрабіў вялікую працу па збору і клясыфікацыі беларускай народнай вопраткі й строяў. Паралельна з навучаньнем у 1962-68-м гадох у Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце, ён быў галоўным мастаком фонду Саюзу мастакоў БССР (1966-69 гады), удзельнічаў у выставах, займаўся навукова-дасьледчай дзейнасьцю, маляваў графіку, акварэлі.
У тыя-ж гады, з 1963-га па 1972-гі, грунтуючыся на здабытых ведах, Лявон стварае сцэнічныя касьцюмы розных часоў уласьцівыя розным мясцовасьцям і слаям насельніцтва, стараючыся пазьбегнуць уніформы ў строях артыстаў.
З густоўнымі й умела скарыстанымі арнамэнтамі, ужыванымі ў старадаўняй Беларусі, згарманізаманыя па колеру, з уводам народнай вышыўкі, ткацтва і натуральных тканінаў, выразныя па сілуэту без дылетанцкай бутафорнасьці сцэнічныя строі Лявона Баразны стварылі сапраўдны мастацкі пераварот, акрэсьліўшы тэндэнцыі й перспэктывы разьвіцьця сцэнічнага беларускага народнага касьцюму. Баразна паставіў справу на прафэсыйную глебу, паказаўшы ва ўсім яго багацьці, разнастайнасьці, гармоніі й харастве беларускі строй.
У апошнія гады жыцьця Л. Баразна стварыў для Беларускай Савецкай Энцыкляпэдыі малюнкі па гісторыі беларускага адзеньня ад ХІ-га стагодзьдзя да сёньняшняга дня. Ен падрыхтаваў і выдаў манаграфію "Гравюры Франьцішка Скарыны" (1972 год) - самы поўны збор усіх вядомых гравюраў вялікага гуманіста.
Выяўленчая манэра Лявона Баразны, якая зьмянялася пад уплывам народнага мастацтва, набыла дэкаратыўнасьць, схільнасьць да імпрэсыянізму. Аб гэтым сьведчаць шмат ягоных малюнкаў, накідаў, плякатаў, паштовак, вітражоў.
Лявон выдатна разумеў значэньне сваёй працы па вывучэньні этнаграфічнага мастацтва і адзеньня Беларусі, таму ён імкнуўся надрукаваць свае альбомы.
Мастак быў вялікім беларускім патрыётам, выхаваным на спадчыне нашых продкаў, і таму не выпадкова ён стаўся адкрытым змагаром за захаваньне беларускай мовы, этнаграфіі, геральдыкі, архітэктурных помнікаў. Ведама, што ў часы абсалютовай улады КПСС нават выпадковае слова ўплывала на лёсы. Калі зьявіўся зьневажаючы народ лёзунг "Хто першым пяройдзе на расейскую мову, той першым прыйдзе да камунізму", шмат кім так паважаны Машэраў з услужлівым хрустаў у сьпіне запэўніў сваё кіраўніцтва, што ён ня будзе "выпячываць беларускій язык", і пачаў дзейнічаць. Па ўсёй Беларусі беларускія школы пачалі пераводзіць на расейскую мову.
Аб Машэраве наўмысна распаўсюджвалі й распаўсюджваюць легенды, як аб дабрадзеі беларусаў. А менавіта пры Машэраве пачаўся наступ на беларускія школы, перасталі рыхтаваць беларускамоўных настаўнікаў, скарацілася выданьне беларускіх падручнікаў. Менавіта ён быў правадніком палітыкі па зьнішчэньню, лоўка названых "нерэнтабельнымі", тысячаў беларускіх вёсак, старажытных забудоваў, вуліц і назваў іх. Фактычна, гэты "дабрадзей" утварыў вялікі пагром па разбурэньню этнічнай культуры, найперш, мовы, што сталася для нас катастрофаю, амаль татальнаю зьяваю.
У 1967-м годзе на адно з партыйных паседжаньняў, дзе абмяркоўваліся пытаньні фальклёрнай дэкады, прысьвечанай дзевяцьсотгодзьдзю Менска, быў запрошаны Лявон Баразна. Мастак запярэчыў партыйцам, што ўсё афармленьне сьвята павінна быць па-беларуску. Гэтыя словы аж узьбясілі Машэрава.
У 1969-м годзе Зянон Пазьняк напісаў ліст у газэту "Правда" ў абарону менскай Нямігі, і ніхто не адважыўся падпісацца разам зь ім акрамя Лявона Баразны. Ліст той надрукавалі, і Машэраў, які быў галоўным завадатарам разбурэньня старой Нямігі, тады заявіў: "Я не знаю, кто этот Пазьняк, но этого націоналіста Баразну мы остановім!" У выніку надрукаваньня таго ліста разбурэньне Нямігі ўдалося затрымаць на тры гады.
Усім гэтым "інтэрнацыяналістам" на чале з Машэравым Баразна быў як бяльмо на воку. Аднойчы летнім вечарам, калі мастак вяртаўся ў сваю майстэрню, ён убачыў, як двое малойцаў пачалі абражаць маладую жанчыну, цягнуць яе ў двор непадалёку ад кінатэатра "Победа". Побач быў міліцэйскі пастарунак, зь якога, закончыўшы дзяжурства, выйшаў міліцыянт. Лявон паклікаў яго на дапамогу і першым кінуўся бараніць жанчыну. Падбегшы міліцыянт бачыў, як Лявон, узмахнуўшы рукамі, са словамі: "Сэрца... маё сэрца..." асунуўся на зямлю. Жанчына недзе зьнікла. Міліцыянт быў лёгка паранены.
На судзе высьветлілася, што гэтыя бандыты, абодва беспрацоўныя, прыехалі з расейскага гораду Калініна і былі сынамі палкоўніка КГБ, начальніка аховы Савета Міністраў БССР Золатава. Машэраў выказаў сваю антыпатыю да забітага мастака, і тым самым паспрыяў ухіленьню забойцаў ад вышэйшай меры пакараньня. Старэйшаму 28-гадоваму бандыту далі 15 гадоў турмы, а малодшаму 23-гадоваму - 8 гадоў. Старэйшы забойца пачаў прытварацца, што ён звар'яцеў, паўтараючы: "Я сын Сталіна". І хоць дактары не знайшлі ў ягоным здароў'і ніякіх адхіленьняў ад нормы, але тэрміны зьняволеньня забойцам скарацілі, першаму да 5 гадоў, другому да 3-х.
Так, выконваючы свой грамадзянскі абавязак, загінуў вечарам 15-га жніўня 1972-га году мастак Лвон Баразна на 44-м годзе жыцьця, поўны сілаў, праектаў і спадзяваньняў, быў забіты (ёсьць падставы меркаваць наёмнымі забойцамі) нажом у сэрца, якое так прагнула жыць і працаваць.
Усе тры альбомы Лявона Баразны, якія ён так і не пасьпеў выдаць, сталі ўласнасьцю Дзяржаўнага мастацкага музэя Беларусі. У 1975-м годзе адбылася пасьмяротная выстава працаў мастака, на якой экспанавалася добрая палова малюнкаў альбому "Беларуская нацыянальная вопрадтка", які мае асабліва вялікую навукова-мастацкую каштоўнасьць.
У 1992-м годзе мне захацелася бліжэй пазнаёміцца з тымі альбомамі. Супрацоўнікі музэя ледзь ўзгадалі, дзе знаходзіцца толькі адзін зь іх, "Беларускія народныя арнамэнты Палесься". Яны выцягнулі яго аднекуль зьнізу запыленым, некаторыя старонкі былі ўжо пашкоджаныя. Маё сэрца аж зайшлося. Ці-ж такога лёсу вартая гэтая тытанічная праца? Што можна сказаць? Нам нельга "спаць у шапку"!
Прайшло 30 гадоў, як перастала біцца сэрца мастака. І дзе тыя альбомы цяпер? Добра, калі цэлыя. Хто-ж ведае? У наступным годзе Лявону Баразьне споўнілася-б 75 гадоў. Ці не час усім нам аддаць яму дань павагі, на якую ён сапраўды заслугоўвае, і выдаць тыя альбомы, ня гледзячы на ўсе перашкоды, каб гэта сталася сваеасаблівым помнікам ягонаму шчыраму беларускаму сэрцу, бо мастацкія дасягненьні Лявона Баразны ў галіне народнага сцэнічнага касьцюму і этнаграфічным дасьледаваньні беларускага народнага адзеньня зьяўляюцца фактам бясспрэчным, скіраваным менавіта на тое, каб жыў ДУХ наш!
Валянціна ЯКІМОВІЧ