БАРОНЯЧЫ КОЖНАГА - БАРОНІМ ЎСІХ
24-га чэрвеня 2002-га году Горадзенскі суд засудзіў рэдактара газэты "Пагоня", дэпутата Вярхоўнага Савета ХІІ-га скліканьня Міколу Маркевіча на два з паловаю гады абмежаваньня волі (гэтак званай "хіміі"), а журналіста Паўла Мажэйку -- на два гады. Людзі, якія не абазнаныя ў сутнасьці палітычнага канфлікту ў Беларусі, былі вельмі зьдзіўленыя закрыцьцём газэты "Пагоня" і неадэкватнымі паводзінамі суду ў дачыненьні да М. Маркевіча і П. Мажэйкі.
Тое, што зрабілі з газэтай "Пагоня", робяць з М. Маркевічам і П. Мажэйкам, гэта ёсьць чарговы "крок" у "пакрокавай палітыцы" Расеі па зьнішчэньні Беларусі, якую яна рэалізуе праз рэжым Лукашэнкі й праз акупаваныя структуры беларускай улады. Судзілішча над М. Маркевічам - гэта характэрнае ў цяперашняй Беларусі палітычнае здарэньне. Тут няма юрыдычнага складу злачынства, а прыдуманая вэрсія - фальшывая. Але палітычным заказчыкам неабходна зьнішчыць, перш за ўсё, беларускі Адраджэнскі нацыянальна-вызвольны друк і тых журналістаў беларусаў, якія прафэсыйна і ідэёва могуць такі друк стварыць. Дзеля гэтага непрыяцелі шукаюць фальшывыя зачэпкі й уяўныя прычыны.
Пра сутнасьць палітыкі вынішчэньня Беларусі й пра дэталёвасьць гэтага маскоўскага пляну ужо ня раз гаварылася. Але грамадзтва, дзе бальшыня людзей пазбаўленая неабходнай нацыянальна-культурнай сьведамасьці й гонару, ўсьведамленьня свайго адзінства з лёсам нацыі, - такое грамадзтва да пэўнага часу ня ў стане адэкватна ацаніць, што зь ім робяць.
Дарога сьляпых у нашай гісторыі і ў нашай рэчаіснасьці вядзе звычайна да курапацкай ямы, дзе, так нічога не зразумеўшыя, задаюць апошняе недарэчнае пытаньне: "За што?".
Загоншчыкі Беларусі зноў выгналі яе на "дарогу сьляпых" і гоняць. Гэта трэба зразумець цяпер, а не праз тры, пяць ці праз дзесяць гадоў (як прывыклі думаць беларусы), калі будзе ўжо позна.
Пляны аслабленьня і паступовага паглынаньня Беларусі рэалізаваліся з 1994-га году на вачах цэлага пакаленьня, пад шырмай псіхічнай падрыхтоўкі і дэмагогіі пра "інтэграцыю". За гэты час вялася мэтадычная работа па захопу вышэйшых структураў улады ў Беларусі праз расейскія КГБ-ФСБ. Былі зьнішчаныя беларускія нацыянальна-дзяржаўныя сымбалі, практычна ліквідаваная беларуская школа, беларуская мова выгнана з афіцыйнага ўжытку, абмежавана і пакладзена на лапаткі прадпрымальніцтва, мэтанакіравана разбурана эканоміка, гандаль, сельская гаспадарка, намерана не абнаўлялася тэхнічнае забесьпячэньне ўсіх гаспадарча-вытворчых галінаў у дзяржаве і г.д. Падарваныя нацыянальна-культурныя палітычныя і эканамічныя асновы беларускай дзяржавы. Беларусь ужо падрыхтавалі да здачы пад Расею, а маёмасьць - пад расейскі крымінальны капітал.
У гэты час адбываецца зьмена расейскай дыпляматычнай тэрміналёгіі. "Ніякіх саюзаў, - заяўляе цяпер У. Пуцін, - толькі адзіная дзяржава." Іхныя палітыкі й эксперты тут-жа растлумачылі, што "адзіная дзяржава" абазначае: анэксія Беларусі.
Гэта тыповая гітлераўская палітыка 30-х гадоў (германафіл У. Пуцін і іншы аматар Гітлера, ведаюць, што робяць).
Справа газэты "Пагоня" і яе выдаўцоў пачалася і вядзецца ў рэчышчы палітыкі вынішчэньня ўсяго беларускага. У апошні час мы бачылі, як дабілі некалі беларускую газэту "Свабода" (тут, як з "Белорусской газетой", застасавалі апэрацыю КГБ-ФСБ), як атакавалі й атакуюць "Народную Волю" (нягледзячы на яе плюра-кручанасьць-закручанасьць і ўсім вятрам адкрытасьць).
"Пагоня" ім мазоліла слых ужо сваёю назваю. Газэта была беларускага дэмакратычнага адраджэнскага накірунку. Пра Міколу Маркевіча, дэпутата парляманцскай Апазыцыі Народнага Фронту ў Вярхоўным Савеце ХІІ-га скліканьня яны таксама не забыліся.
Я хачу тут выразна падкрэсьліць, што калі-б (сьцеражы, Божа) анэксія Беларусі расейцам ўдалася-б, то беларуская нацыянальная інтэлігенцыя будзе зьнішчаная фізычна, сшальмаваная, згноеная ў рускіх турмах, выселеная і выгнаная. І Захад - "дазволіць". (Гавару гэта як чалавек, які ўжо крыху ведае гэты Захад і беларускую гісторыю таксама.)
Расея грунтоўна рухаецца да анэксіі Беларусі. Дзярждумай Расеі прыняты спэцыяльны закон (з прыцэлам на Беларусь) "О порядке принятия в Российскую Федерацию и образование в её составе нового субьекта Российской Федерации".
Рыхтуецца іншы закон "О борьбе с терроризмом". Гэты закон, па задуме, павінен дапамагчы расейцам (скарыстаўшы цяперашні страх Захаду перад тэрарызмам і вайну Амэрыкі з радыкальнымі ісламістамі) аб'явіць Беларускі Вызвольны Рух і фронтаўскі Адраджэнскі напрамак у палітыцы - "тэрарыстычным" і прыступіць да ліквідацыі "тэрарыстаў".
Успомніце кагэбоўскую прапаганду супраць БНФ за часы КПСС. Што яны казалі? "БНФ - гэта фашысты, паліцаі, будуць вешаць і расстрэльваць камуністаў, выганяць усіх рускіх, габрэяў ды праваслаўных, увядуць Вунію, навяжуць беларусам "белорусский язык", вернуць "кулакоў" і г.д. Партрэт "беларуса-тэрарыста" ўжо створаны. Гэта "оголтелый националист, фашист и русофоб, ненавидящий всё русское, Россию и руский народ", "выпячивает белорусский язык" і г.д. Застанецца толькі "выжечь калёным железом", "замочить в сортире" і г.д. Поўны набор рускай "палітычнай" лексікі. І мы ведаем, дзе і як яна рэалізуецца.
Тое, што рэжым праз судовую сыстэму ўжо зрабіў і робіць далей зь Міколам Маркевічам і Паўлам Мажэйкам - гэта ёсьць палітычная расправа, рэпрэсіі супраць беларускай нацыянальнай журналістыкі й інтэлігенцыі. Гэта складовая частка этнацыду беларусаў, якую праводзіць прамаскоўскі рэжым Лукашэнкі.
Я ня ўпэўнены, што лібэральны Захад сур'ёзна выявіцца ў гэтым пытаньні.
Нам, беларусам, трэба змагацца адкрыта. Называць рэчы сваімі імёнамі. Толькі тады можна скансалідавацца на абарону сябе і перамагчы.
Што ня можа ня ўражваць - гэта цалкам неадэкватная рэакцыя беларускай грамадзкасьці на рэзкі крок Расеі ў бок анэксіі Беларусі. Гэта проста шакуе. Там стаіць агентурны лямант і зграй, хваляць Пуціна, называюць яго "дэмакратам" і ледзь не "прыхільнікам" незалежнасьці Беларусі.
Такая-ж самая неадэкватная ацэнка ўжо пачынаецца ў справе Маркевіча і "Пагоні".
Тэхналягічная прычына тут вядомая. Паяднаньне нямецка-маскоўскіх інтарэсаў у Беларусі зрабіла "прафэсыйны эфэкт": стварэньне (спадаром Вікам) кіруемай лаяльнай да Расеі псэўдаапазыцыі, кантралюемай Захадам (немцамі) і Масквой і стварэньне (практычна, поўнасьцю кантралюемага КГБ-ФСБ) так званага "незалежнага" друку на расейскай мове (беларускі зьнішчаецца, і па намерах - мусіць быць ліквідаваны поўнасьцю).
Стварэньне сваёй "апазыцыі" й свайго "апазыцыйнага" друку (ці хоць бы кантроль над ім) ёсьць першасная палітычная задача любых замежных спэцслужбаў у краіне, якая зьяўляецца аб'ектам іхняй інкарпарацыйнай палітыкі. Гэта дае магчымасьць кантраляваць у краіне ня толькі альтэрнатыву, але і марыянэткавы рэжым і марыянэткавую ўладу.
Адсутнасьць рэальнай нацыянальнай сьведамасьці ў бальшыні беларускай сацыяльнай і інтэлектуальнай эліты паспрыяла таму, што ў Беларусі гэтую апэрацыю праводзяць амаль па поўнай праграме.
Адзінае, чаго яны ня здолелі зрабіць - зьнішчыць Народны Фронт. Нам удалося ўратаваць большую ягоную частку. Але пасьля расколу і аслабленьня Фронту яму стварылі інфармацыйны цень.
У сутыкненьні зь імпэрскай палітыкай Расеі ёсьць толькі адзін выхад, адна мадэль і адна альтэрнатыва паводзінаў - змагацца. Змагацца ўсімі спосабамі, ня даць нас стаптаць, забіць, ашукаць, зганьбаваць, прадаць ды купіць. Змагацца, паўтаруся, трэба адкрыта за беларускія нацыянальныя ідэалы, за нацыянальную незалежнасьць і свабоду, за беларускую мову і культуру, за нацыянальную маёмасьць, за ўвесь народ. Калі небясьпека для ўсіх - толькі беларуская ідэя можа скансалідаваць нацыю.
Трэба спыніць абсурд. Нас хочуць захапіць, ліквідаваць дзяржаву, забраць уласнасьць, зьнішчыць як нацыю, а лібэральныя дабрадзеі з Захаду сунуць зялёную паперку беларусу ў ручку і кажуць: давайце змагацца за дэмакратыю. Беларусу зьбіраюцца адрубаць галаву, а інтэрэсанты зь Бэрліну кажуць: вам трэба сур'ёзна падумаць пра прычоску, спадар беларус. Кудлатасьць, маўляў, цяпер у Парыжы ня ў модзе. (Зьнішчэньне нацыі, па лёгіцы гэтых тупіц, відаць, ня ёсьць парушэньнем правоў чалавека.)
Дэмакратыя не экспартуецца, спадары. Гэта ўнутраная справа грамадзтва, якую можна вырашыць толькі пры адной умове: калі будзем існаваць як незалежная дзяржава і дзеяздольная нацыя. Страціўшы галаву, па валасах ня плачуць.
Але ўдакладню, ёсьць і на Захадзе прыхільныя да Беларусі людзі, і я-б сказаў, - бальшыня. Праблема не ў неразуменьні Беларусі з боку Захаду, а ў супрацоўніцтве заходніх прарасейскіх палітычных колаў з Расеяй. Справа ў супадзеньні расейскіх і нямецкіх эканамічных інтарэсаў і геапалітычных плянаў у Паўночна-Ўсходняй Эўропе і ў дачыненьні да Беларусі.
Цяпер мусіць быць барацьба за Маркевіча і Мажэйку. За свабоду гэтых асобаў. Тут пытаньне прынцыпу і прэцэдэнту. У такіх абставінах усё беларускае грамадзтва павінна абараняць і змагацца за кожнага асобнага чалавека, бо ратуючы аднаго, абараняем усіх.

Зянон Пазьняк