БЕЛАРУСЬ ЗА МЕСЯЦ

КРЫЗЫС У БНФ
14-га сьнежня на паседжаньні Сойму БНФ намесьнік старшыні партыі Юры Хадыка зьвінаваціў Вячаслава Сіўчыка за дэструктыўную дзейнасьць і спробы стварыць новую структуру і прапанаваў выключыць таго з шэрагаў арганізацыі. Сіўчык у адказ заявіў, што сёнешняе кіраўніцтва Фронту нясе адказнасьць за развал арганізацыі, зазначыўшы, што БНФ і Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ мусяць аб'яднацца, бо паасобку яны слабыя. Сіўчык мае рацыю, абодва крылы БНФ страчваюць калісьці лідэрскія пазыцыі ў апазыцыі.
Цікава тое, што шэсьць з паловаю гадоў таму, пасьля Чарнобыльскага шляху-96, Сіўчык і Хадыка разам трымалі галадоўку ў менскай "валадарцы". Цяпер-жа яны знаходзяцца па розныя бакі барыкадаў.

КХП-БНФ СУПРАЦЬ
Беларуская апазыцыя намерылася ўзяць удзел у мясцовых выбарах, якія адбудуцца 2-га сакавіка 2003-га году. А вось КХП-БНФ заявіла пра іх байкот. Сваё рашэньне кіраўніцтва партыі матывуе тым, што разам з выбарамі ўлады рыхтуюць рэфэрэндум аб зьменах у канстытуцыі, якія дазволяць прэзыдэнту абрацца на трэці тэрмін. І толькі байкот выбараў сарве рэфэрэндум. У якасьці прыкладу, КХП-БНФ прыводзіць байкот парлямэнцкіх выбараў 2000-га году. Але цяжка сьцвярджаць, што той байкот удаўся.

ІВАШКЕВІЧ НА "ХІМІІ"
13-га сьнежня рэдактару газэты "Рабочы" Віктару Івашкевічу мусілі выдаць прадпісаньне на выезд да месца абмежаваньня волі. Іншымі словамі, мусілі куды-небудзь выслаць на "хімію". Намесьніку старшыні Партыі БНФ дастаўся ня самы горшы варыянт - яго накіравалі ў Баранавічы. Усяго толькі тры гадзіны на электрычцы зь Менску. А маглі накіраваць так, каб гадзін восем цягніком дабірацца, а потым пешкі празь лес паўдня. Так зрабілі ў адносінах да жыхара Горадні Паўла Мажэйкі, якога "пасялілі" ў Жлобіне.
А 16-га сьнежня ў штаб-кватэры БНФ прайшлі провады Віктара Івашкевіча. Адна з кіраўнічак "Хартыі-97" Людміла Гразнова ўручыла журналісту і палітыку прэмію "За асабістую мужнасьць", заснаваную гэтаю грамадзкаю ініцыятываю. А сябры на разьвітаньне здарылі трохлітровы слоік з гуркамі.
Ужо на наступны дзень Івашкевіч уладкаваўся на працу, яму дазволілі быць кур'ерам у мясцовай недзяржаўнай газэце "Інтэкс-пресс". Начальнік мясцовай папраўчай установы даў згоду.
Сп. Івашкевіч аптымістычна глядзіць на сваё зьняволеньне, кажучы, што ў Баранавічах шмат грамадзкіх арганізацыяў, моцныя дэмакратычныя асяродкі, ды й народ сьведамы. Нават суседзі па пакоі яшчэ да прыезду ведалі, хто ён. Журналіст плянуе аднавіць выданьне "Рабочага".

ПРЭМІІ "ХАРТЫІ-97"
Грамадзкая ініцыятыва "Хартыя-97" прысудзіла пятую нацыянальную прэмію "За асабістую мужнасьць", якая ўручаецца пачынаючы ад 1998-га году грамадзкім дзеячам, палітыкам, журналістам. Сёлета яе атрымалі Зінаіда Ганчар, жонка Віктара Ганчара, Ірына Красоўская, жонка зніклага разам з Ганчаром бізнэсоўца Анатоля Красоўскага, Сьвятлана Завадзкая, жонка былога апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага. Прэміяй таксама былі ўганараваныя журналісты "Пагоні" Мікола Маркевіч і Павал Мажэйка, а таксама Віктар Івашкевіч.
Прэмія была ўручаная ім асабіста 20-га сьнежня. Журналісты й каардынатарка "Хартыі" Людміла Гразнова наведалі Асіповічы й Жлобін, дзе адбываюць пакараньне журналісты.
А на наступны дзень, 21-га сьнежня, Маркевіча і Мажэйку наведалі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Валеры Фралоў і Сяргей Скрабец. Яны прывезьлі ў падарунак журналістам ватоўкі. Лідэр сёнешняй апазыцыі ў парлямэнце Валеры Фралоў (ён з Горадні)заявіў, што для яго справа гонару наведаць землякоў.
Мікола Маркевіч заўважыў, што дэпутаты "палаткі"былі першымі палітыкамі, якія наведалі іх. Прыяжджалі простыя партыйцы з усіх рэгіёнаў Беларусі, але ніводны кіраўнік апазыцыі так і не прыехаў. "Кіраўніцтва толькі й умее езьдзіць па Страсбургах і Вашынгтонах і там змагацца за правы чалавека ў Беларусі".

ДЗЕНЬ ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА
10-га сьнежня ў сьвеце і ў Беларусі адзначаўся Дзень правоў чалавека. У Менску на Кастрычніцкай плошчы прайшоў традыцыйны "Ланцуг неабыякавых людзей", у якім бралі ўдзел каля 250 чалавек, прайшлі таксама пікеты ў абласных цэнтрах. Было зладжана некалькі акцыяў па-за межамі Беларусі: у Брусэлі, Амстэрдаме, Варшаве, Вільні.
Найцікавей прайшла акцыя ля беларускае амбасады ў Варшаве, у якой бралі ўдзел беларускія студэнты, сябры розных партыяў, палітычныя і эканамічныя ўцекачы, а таксама мясцовыя жыхары. Пікетоўшчыкі трымалі плякаты "Дзе Ганчар?", "Дзе Завадзкі?", "Свабоду Маркевічу і Мажэйку!" Супрацоўнікі амбасады па старой завядзёнцы выклікалі паліцыю. Тая прыехала, праверыла дакумэнты і, не знайшоўшы парушэньняў, зьехала. Гэта-ж не Беларусь! Пакрыўджаныя паслы яшчэ колькі часу здымалі дэманстрантаў на відэа. Відаць, на ўсялякі выпадак.

СТРАЙК ПРАВАЛІЎСЯ
На пачатку сьнежня лідэр страйкаму прадпрымальнікаў Валер Леванеўскі заявіў, што 19-га сьнежня пройдзе масавы папераджальны страйк прадпрымальнікаў пад эканамічнымі й палітычнымі лёзунгамі, зь 1-га студзеня, пачнецца бестэрміновая забастоўка. Журналісты кпілі, што пачынаць зь 1-га студзеня забастоўку - вельмі слушна, бо людзі, накупляўшы прадуктаў і розных рэчаў перад Новым годам, палову студзеня на рынак ня ходзяць. Але выйшла яшчэ горш - не адбылася забастоўка і 19-га сьнежня. Страйкавала ня больш за 20% гандляроў. Выключэньне хіба склаў рынак "Паўднёвы" ў Горадні, дзе і працуе Леванеўскі. Абсалютовая большасьць прадпрымальнікаў Беларусі працавала, бо перад Новым годам самы продаж, і дзень прастою прыносіць калясальныя страты.

ВЫЙШАЎ НОВЫ СЛОЎНІК
У Польшчы падрыхтавана фундамэнтальная праца "Беларускі хрысьціянскі рух у 20 ст. Біяграфічна-бібліяграфічны слоўнік" (на польскай мове, 560 старонак). Яго аўтары - ведамыя дасьледчыкі Юры Туронак і Юры Гарбінскі. У слоўнік уключана 230 пэрсаналіяў, якія ў той ці іншы спосаб спрычыніліся да беларусізацыі праваслаўнае царквы, каталіцкага касьцёлу, ці пратэстанцкіх плыняў. Уключаныя ў даведнік і шэраг сьвецкіх асобаў, што спрычыніліся да хрысьціянскага руху ў Беларусі (лекар і пісьменьнік Станіслаў Грынкевіч, кнігавыдавец Язэп Найдзюк, сэнатар Польскай Рэспублікі ў 1922-28 гг. Вячаслаў Багдановіч ды інш.).
Кожны біяграфічны артыкул дапаўняецца падрабязнай бібліяграфіяй. Так, бібліяграфія твораў ксяндза Ўладзіслава Талочкі (1887-1942) налічвае 15 старонак. Пры падрыхтоўцы працы былі выкарыстаныя архівы Рыма, Лёндану, Варшавы, Беластоку, Вільні, Санкт-Пецярбургу, Масквы, Менску, матэрыялы, што захоўваюцца ў Беларускім інстытуце навукі і мастацтва (БІНіМ) ў Нью-Ерку.

"ДАРОГА ПРАЗ КУРАПАТЫ"
23-га сьнежня ў Палацы мастацтваў прайшла прэзэнтацыя зборніку "Дарога праз Курапаты". Гэта вынік некалькімесячных рэпартажаў журналістаў Беларускай службы Радыё Свабода з урочышча: ад пачатку вахты, калі з-за пашырэньня аўтадарогі, узьнікла небясьпека зьнішчэньня ўрочышча, і да канца мінулага лета. Набралося некалькі сотняў старонак. На прэзэнтацыі выступіў другі віцэ-прэзыдэнт ПЭН-цэнтру Валянцін Тарас, які адзначыў, што і прэзэнтацыя, і выхад кнігі ў сьнежні вельмі паказальныя. Бо колькі дзён таму ў Беларусі шырока адзначаўся 85-гадовы юбілей ВЧК-ГПУ.
З залі Палаца мастацтваў вялося прамое ўключэньне ў жывы этэр вечаровае праграмы Радыё Свабоды, у якой браў удзел у Празе Васіль Быкаў, якому нядаўна чэскія ўлады далі палітычны прытулак у гэтай дэмакратычнай краіне.

ПАМЁР СЯРГЕЙ ГРАХОЎСКІ
11-га сьнежня ня стала старэйшага беларускага пасьменьніка і паэта Сяргея Грахоўскага. Ен пражыў 89 гадоў і зьведаў усе колы пекла ГУЛАГу і быў апошнім з рэпрэсаваных у 20-50-я гады літаратараў.

ЗЬМЕНЫ Ў ГОЛДЫНГУ
Новым старшынём голдынгу "Літаратура і мастацтва" замест выбыўшага праваслаўнага змагара з жыда-масонамі Сяргея Касьцяна прызначаная былая рэдактарка "Всемирной литературы" Таіса Бондар. Аднак наўрад беларускія пісьменьнікі пабягуць на злом галавы друкаваць свае творы ў выданьнях холдынгу. Драматург Аляксей Дудараў заявіў, што ні за якія грошы там друкавацца ня будзе.

ЗЬНІЖКА ДЛЯ СЯБРАЎ БНФ
Жыхар Сьветлагорску прыпаркаваў аўтамабіль у неналежным месцы. Міліцыянт хацеў выпісаць шрыф у 5.000 рублёў, але даведаўшыся, што ўладальнік машыны сябра БНФ, ўзяў толькі 1.500 рублёў.

ШТРАФ ЗА СЬЦЯГ
А вось жыхарку Горадні, былую супрацоўніцу "Пагоні" Іну Салей аштрафавалі на 10 тыс. рублёў за тое, што на Дзень Волі вывесіла на гаўбцы сваёй кватэры бел-чырвона-белы сьцяг. Падстава - артыкул у Адміністарцыйным кодэксе, які прадугледжвае пакараньне за вывешваньне на сваіх бальконах адзежы, што сваім выглядам псуе зьнешні выгляд будынку. Жанчына абурылася, што горадзенцы вывешваюць галярэі майткаў і ніхто іх не штрафуе. Цікава, а калі вывесіць чырвона-зялены сьцяг, ці аштрафуюць?

МІСІС РАСЕЯ ЗЬ БЕЛАРУСІ
Міс "Беларусь - 88" Ліка Ялінская пабралася шлюбам з прадпрымальнікам з Грэцыі й пераехала жыць у Падмаскоўе. Цяпер яна завеца Анжаліка Агурбаш. А ў сярэдзіне сьнежня яна ўзяла ўдзел і выйграла конкурс "Місіс Расея-2002". Пераможца ў якасьці прызу атрымае бясплатную паездку на Паўночны полюс.

РЫХТУЕЦЦА СХОД
Ініцыятыўная група прадстаўнікоў беларускае інтэлігенцыі выступіла з Адозваю да беларускага грамадзтва, у якой цяперашні стан краіны характарызуецца як блізкі да крызыснага. На думку тых, хто падпісаў зварот, "сёньняшняе незадавальняючае становішча нашага грамадства склалася ў пэўнай меры і таму, што мы, інтэлігенцыя, не выконваем належным чынам сваю адказную місію. Гэтаму можна знайсці шмат тлумачэнняў, можна прывесці шэраг аб'ектыўных прычын, але ўсім нам неабходна зразумець, што ніхто не зробіць за нас справу, якую лёсам наканавана зрабіць менавіта нам".
Таму заяўнікі, сярод якіх вядомыя дзеячы беларускай культуры Анатоль Вярцінскі, Вольга Іпатава, Уладзімер Колас, Мікола Купава, Валеры Мазынскі ды інш., прапануюць для аналізу сытуацыі й распрацоўкі канкрэтных шляхоў выйсьця з крызысу склікаць у Мінску Ўсебеларускі сход інтэлігенцыі "Незалежная Беларусь - свабоднае і заможнае грамадзтва".

Уласны карэспандэнт