БЕЛАРУСЬ ЗА МЕСЯЦ

СХОД ІНТЭЛІГЕНЦЫІ
19-га студзеня ў Менску, у Палацы мастацтваў, адбыўся сход гарадзкой інтэлігенцыі. Яго ўдзельнікі мусілі вылучыць дэлегатаў на Ўсебеларускі сход інтэлігенцыі, які павінен прайсьці 16-га лютага. Удзельнікі сходу прынялі зварот да беларускай інтэлігенцыі й рэзалюцыю, у якой заклікалі вылучаць на рэгіянальных зьездах прадстаўнікоў інтэлектуальнай эліты на Ўсебеларускі сход. На форуме 16-га лютага, які пройдзе пад лёзунгам "Свабодная Беларусь - заможнае жыцьцё" мяркуецца абмеркаваць найбольш актуальныя праблемы па трох кірунках: навука, культура і духоўнасьць; стан грамадзтва; пытаньні эканомікі. У паседжаньні бралі ўдзел каля 200 прадстаўнікоў сталічнае інтэлігенцыі, амаль столькі-ж дэлегавалася на Ўсебеларускі сход.

ПУЦІН У МЕНСКУ
19-га студзеня ў Менск прылятаў Уладзімер Пуцін. У Нацыянальным аэрапорце расейскага прэзыдэнта сустракалі афіцыйныя асобы, а на Кастрычніцкай плошчы сталіцы дзеячы апазыцыі. Каля двух дзясяткаў актывістаў КХП-БНФ і "Маладога Фронту" пратэставалі супраць інтэграцыі Беларусі з Расеяй. Удзельнікі акцыі трымалі транспаранты "Рукі прэч ад Беларусі!", "Ніякага Саюзу з Расеяй", "Пуцін, прасі прабачэньня ў беларускага народу!". Апошні лёзунг нагадваў пра прапанову Пуціна аб далучэньні Беларусі да Расеі на правох звычайных абласьцей. Удзельнікі акцыі спалілі расейскія грошы й растапталі сьцяг усходняе суседкі. Міліцыя-ж паводзіла сябе даволі мірна, у справу антыінтэграцыі ня ўмешвалася, бо знаходзілася пад пільным наглядам журналістаў, у тым ліку і тэлевізыёншчыкаў.
На наступны дзень, 20-га студзеня, дзеячы апазыцыі паспрабавалі зладзіць паблізу Адміністрацыі прэзыдэнта "Ланцуг неабыякавых людзей", аднак Кастрычніцкую плошчу перакрылі міліцыянты й людзі ў цывільным. Таму акцыя прайшла на рагу праспэкту Скарыны й вуліцы Янкі Купалы. Удзельнікі трымалі ў руках партрэты зніклых вядомых у Беларусі людзей - Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Зьмітра Завадзкага, Юрася Корбана.

ЗВАЛЬНЕНЬНІ ЗЬ "БЕЛАРУСКАГА ЧАСУ"
Напярэдадні праваслаўных Калядаў з прафсаюзнае газэты "Беларускі час" звольнілі некалькіх журналістаў. Некаторыя зь іх мелі досьвед супрацоўніцтва зь незалежнымі структурамі: Уладзімер Дзюба - зь Беларускай Асацыяцыяй Журналістаў, Аляксандар Дубравін - з "Нашай свабодай", Алесь Хмяльніцкі - з "Радыё Рацыяй". Гэта не магло не непакоіць улады. Таму звальненьне незалежных журналістаў было справаю часу, пасьля таго, як з пасады галоўнага рэдактара ў канцы ліпеня быў зьмешчаны Аляксандар Старыкевіч.
Імкненьне в. а. галоўнага рэдактара Ірыны Германовіч зрабіць выданьне больш памяркоўным таксама не задаволіла ўлады й пэрсанальна старшыню Фэдэрацыі Прафсаюзаў Беларусі Леаніда Козіка. Тады й Германовіч звольнілі, а замест яе паставілі галоўнаю рэдактаркаю Сьвятлану Балашову, ведамую па працы ў прадзяржаўных "7 днях". Яна хуценька разабралася з унутранаю апазыцыяй, перавёўшы журналістаў на дзьвухгадзінны рабочы дзень і 0,25 стаўкі. Журналісты звольніліся па асабістым жаданьні. У Менску засталіся толькі галоўная рэдактарка, карэктар і вярстальнік. Між тым, за апошнія месяцы наклад газэты зьнізіўся з 40 тысячаў да 12.
Як зазначаюць незалежныя мэдыі, зьмяншаецца колькасьць падпішчыкаў ва ўсіх дзяржаўных СМІ. Так "Народная газэта" згубіла 40% падпішчыкаў, "Зьвязда" - 17%. Трымаць ранейшыя наклады дапамагае ведамасная падпіска ды павелічэньне колькасьці газэтаў у розьнічным гандлі. Але людзі, відаць, стаміліся ад рупараў лукашызму.

БНФ ПРЭЗЭНТАВАЎ ПРАГРАМУ
14-га студзеня ў сваёй штаб-кватэры Беларускі Народны Фронт прэзэнтаваў новую праграму дзеяньняў на будучыню. Паводле гэтае праграмы, Беларусь мусіць быць сувэрэннаю дэмакратычнаю прававою дзяржаваю, а з палітычных ладаў найбольш пасуе для яе парлямэнцкая рэспубліка, прэзыдэнт-жа павінен мець прадстаўнічыя функцыі й абірацца парлямэнтам. У сфэры эканамічнай палітыкі БНФ абвесьціў курс на пабудову рынкавай эканомікі, а таксама на разьвіцьцё малога і сярэдняга бізнэсу, рэфармаваньне падаткавай, бюджэтнай і грашова-крэдытных сыстэмаў, правядзеньне аграрнай рэформы, якая прадугледжвае ўвядзеньне прыватнай уласнасьці на зямлю. Адным з прыярытэтаў БНФ застанецца адраджэньне нацыянальнай культуры й мовы. Што тычыцца зьнешняе палітыкі, то Фронту Беларусь бачыцца неад'емнаю часткаю НАТО і Эўразьвязу.
Цяпер справа за дробязьзю - перамагчы на якіх-небудзь выбарах і зрэалізаваць праграму.

СІЎЧЫКА ВЫКЛЮЧЫЛІ
На Сойме Партыі БНФ, што прайшоў 12-га студзеня, было прынятае рашэньне аб выключэньні з шэрагаў сяброў Партыі Вячаслава Сіўчыка. Як адзначаецца ў пастанове за "разбуральную і дэструктыўную дзейнасьць Сіўчыка, які ўжо паўтары гады не бярэ ўдзелу ў працы арганізацыі, але пераконвае яе шараговых чальцоў не падпарадкоўвацца рашэньням Сойму". Адным з ініцыятараў выключэньня быў намесьнік старшыні Партыі БНФ Юры Хадыка. Ен, праўда, не выключае, што калі Сіўчык прыйдзе на сойм і папросіць прабачэньня за грахі, то будзе адноўлены. Наўрад гэта здарыцца, Сіўчык выглядае вельмі пакрыўджаным і заяўляе, што палітычнай барацьбы ня спыніць. Нагадаем, што ў сваіх выступах ён рэзка крытыкаваў кіраўніцтва БНФ і пэрсанальна Вінцука Вячорку і ставіў пад сумнеў мэтазгоднасьць падзелу Фронту на два крылы - Партыю БНФ і КХП-БНФ.

САЦЫЯЛ-ДЭМАКРАТЫ ІЗНОЎ ЯДНАЮЦЦА
Пасьля таго, як Міністэрства юстыцыі не зарэгістравала новую Аб'еднаную Сацыял-Дэмакратычную Партыю, яе кіраўніцтва пастанавіла далучыцца да Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Грамады, якую ачольвае Станіслаў Шушкевіч. Нагадаем, што АСДП складаецца з апанэнтаў БСДП "Народная Грамада" Міколы Статкевіча і прыхільнікаў зьмешчанай са сваёй пасады кіраўнічкі жаночай партыі "Надзея" Валянціны Палевіковай. Рашэньне аб аб'еднаньні было прынятае яшчэ 24-га жніўня, але Мінюст угледзеў парушэньні ў пададзеных на рэгістрацыю дакумэнтах і ў рэгістрацыі адмовіў.
13-га студзеня адбыліся перамовы кіраўніцтва АСДП і БСДГ, дзе былі вырашаныя прынцыповыя пытаньні аб'еднаньня. Чакаецца, што аб'яднаўчы зьезд пройдзе ў сакавіку.
Паводле-ж інфармацыі Міністэрства юстыцыі, на 1-га студзеня 2003-га году ў Беларусі зарэгістравана 18 партыяў.

АНАТОЛЬ БЕЛЫ ПАБІЎ СТАНІСЛАВА ШУШКЕВІЧА
Перад пасяеджаньнем Сходу менскае інтэлігенцыі ў фае Палацу мастацтваў да палітыка Станіслава Шушкевіча падскочыў Анатоль Белы, старшыня гістарычнага клюбу "Спадчына", і без тлумачэньняў ударыў вядомага палітыка ў твар.
У інтэрв'ю дзяржаўнай газэце "Вячэрні Мінск" Белы патлумачыў свой ўчынак так: Станіслаў Шушкевіч не пагадзіўся з тым, што ён ўзначаліў створаны са сваёй-жа ініцыятывы аргкамітэт па сьвяткаваньні 100-годзьдзя Беларускай Сацыялістычнай Грамады. І той (Белы) "не заўважыў, як ягоная рука апынулася на твары ведамага палітыка". Падчас паседжаньня Сходу С. Шушкевіч заявіў, што Белы ведамы правакатар і стукач яшчэ з лаўкі БДУ, і прапанаваў не выбіраць яго дэлегатам на зьезд беларускай інтэлігенцыі. Удзельнікі паседжаньня так і зрабілі.

ЦЯЖКА ЗЬБІЛІ РАДЗІМА ГАРЭЦКАГА
Увечару ў пятніцу 17-га студзеня, каля свайго дому, быў зьбіты акадэмік Радзім Гарэцкі. Ен вяртаўся з паседжаньня аргкамітэту па святкаваньні 85-годзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі, прычым было няпозна - палова на восьмую. Акадэміка ў цяжкім стане паклалі ў нэйрахірургічнае аддзяленьне 9-й клінічнай больніцы Менску.
Гэта ня першы напад на прадстаўнікоў інтэлігенцыі сталага ўзросту ў беларускай сталіцы. Раней былі зьбітыя кінарэжысэр Юры Хашчавацкі, тэатральны дзеяч Валер Мазынскі, навуковец Адам Мальдзіс, палітык Аляксей Кароль. А пісьменьнік Артур Вольскі так і ня здолеў канчаткова акрыяць пасьля пабояў.

СЛАВАМІР АДАМОВІЧ ПАДАЎСЯ Ў ЭМІГРАЦЫЮ
Паэт Славамір Адамовіч выехаў у Нарвэгію, дзе папрасіў палітычнага прытулку. У інтэрв'ю "Нашай Ніве" ён паведаміў, што жыве за палярным колам і чакае на нарвэскае грамадзянства. Таксама паэт быў зьдзіўлены, што ў гэтай краіне абарыгены слаба ведаюць пра Беларусь.

ІНФАРМАЦЫЙНЫ ПРЭСЫНГ ПА-БЕЛАРУСКУ
На УКВ-хвалях прыпынілася вяшчаньне расейскіх радыёканалаў "Маяк", "Юность" ды "Голос России". Паводле афіцыйнае вэрсіі Міністэрства інфармацыі, беларусам дорага каштуе рэтрансьляцыя расейскіх радыёстанцыяў. Іх цяпер заменяць беларускамоўным па форме і прадзяржаўным радыё "Сталіца".

ЮБІЛЕЙ МІНДОЎГА
У Менску створаны аргкамітэт па сьвяткаваньні 750-годзьдзя зь дня каранацыі ў Наваградку літоўскага князя Міндоўга (ён каранаваўся 6-га ліпеня 1253-га году, і гэты дзень справядліва можна лічыць адлікам гісторыі Вялікага Княства Літоўскага). Узначаліў грамадзкі камітэт Анатоль Грыцкевіч. Сьвяткаваць пачнуць яшчэ ў траўні: будзе праведзеная міжнародная канфэрэнцыя, пастаўленая опэра "Князь Наваградзкі". Непасрэдна 6-га ліпеня пройдзе ўрачыстае паседжаньне і сьвяточны канцэрт.

Уласны карэспандэнт

ПТУШКІ ЗЬМІТРА ХАЛАДЗІНСКАГА
На І міжнароднай выставе "Птушка, якая аб'ядноўвае нас", якая прайшла ў студзені ў Менску, бралі ўдзел арнітолагі зь Беларусі, Расеі, Украіны, Туркмэніі, Кітаю. А пераможцам стаў Зьміцер Халадзінскі з Маладэчна, які разам са сваім клюбам аматараў птушак прывёз на выставу 56 галубоў і 80 іншых птушак. Птушкі ацэньваліся па 100-бальнай сыстэме. Найпрыгажэйшымі былі прызнаныя самец і самка туркмэнскага агарана, якіх прывёз З. Халадзінскі. Птушкі атрымалі 94 і 92 балы адпаведна.
Пярнатыя абыходзяцца маладэчанцу ў немалую капейчыну. На іх трэба тры мяхі збожжа ў месяц і 1 кіляграм мяса ў тыдзень. Аднак, па словах Зьмітра Халадзінскага, галубы ўжо навучыліся зарабляць грошы. Яны "працуюць" у маладэчанскім ЗАГСе. З. Халадзінскі прыносіць іх маладым, каб тыя пусьцілі па птушцы ў неба. Есьць такое павер'е: хто выпусьціць голуба ў неба, той будзе шчасьлівы ўсё жыцьцё.

КРАДУЦЬ УСЕ
У Беларусі пачасьціліся крадзяжы, і Маладэчаншчына тут не выключэньне. Так у адзін з калядных вечароў у гаспадыні з Маладэчна з хлява скралі 16 курэй і 3 мяхі бульбы, а ў вёсцы Заскавічы злодзей з паветкі скраў кавалак мяса вагою 7 кіляграмаў. Але самы надзвычайны выпадак адбыўся 14-га студзеня, на "стары Новы год". Сярод белага дня ля дзіцячай паліклінікі злаўмысьнік скраў дзіцячы вазок. Злачынцу затрымалі.

Паводле"Рэгіянальнае газэты"