БЕЛАРУСЬ ЗА МЕСЯЦ

ХТО ПАЖАРТАВАЎ?
5-га лютага ў штаб-кватэры БНФ шукалі бомбу. Нейкі злаўмысьнік а 10.53 патэлефанаваў у міліцыю і паведаміў аб замініраваньні офісу. Міліцыянты разам з сабакамі з гадзіну беспасьпяхова шукалі бомбу. У БНФ зазначаюць, што ананімны званок мог зыходзіць ад канкурэнтаў-"ворагаў", бо набліжаецца дзень выбараў, і трэба інтэнсыўна працаваць. Таму дзень быў змарнаваны. А можа хто і пахуліганіў.

УСЕ НА ВЫБАРЫ!
Партыя БНФ выступіла з адмысловаю заяваю, дзе заклікала сусьветную супольнасьць не прызнаваць заплянаваныя на 2-га сакавіка выбары ў мясцовыя саветы. Падставаю сталі шматлікія парушэньні ў ходзе рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты. Так, партыя БНФ высунула 201 партыйца, зь іх зарэгістравалі толькі 112 чалавек. 40 кандыдатам адмовілі, 49 зьнялі свае кандыдатуры пад пагрозаю звальненьня з працы. Падставы для адмовы ў рэгістрацыі былі самыя розныя - ці нядбайна запоўненыя падпісныя лісты, ці "маўчаньне" пра грашовыя ганарары. Натуральна, прадстаўнікі ўлады такіх дробных заўвагаў ня мелі, ды й няма ў іх "левых ганарараў".
Усяго на выбарах у мясцовыя саветы будуць змагацца крыху больш за 25 810 чалавек, гэта ў сярэднім каля 1,1 чалавека на месца. У многіх акругах выбары будуць безальтэрнатыўныя. А найбольшае суперніцтва будзе ў Менскі гарсавет, дзе за 55 месцаў будзе змагацца ажно 165 кандыдатаў. У некаторых акругах сталіцы дэмакраты будуць змагацца адзін з адным.

МІНЮСТ ШКАДУЕ ТБМ
Пры канцы 2002-га году Міністэрства юстыцыі вынесла папярэджаньне ТБМ за тое, што актывісты арганізацыі ў верасьні ўсталявалі на Лідчыне, ля вёскі Беліца, крыж у гонар лідзкай шляхты, што палегла тут у баёх супраць расейскіх акупантаў у XVII-м стагодзьдзі.
Нягледзячы на дазвол мясцовага сельсавета, Мінюст выставіў ТБМ прэтэнзыі, палічыўшы крыж культавым збудаваньнем, і абвінаваціўшы мясцовую суполку ТБМ ў арганізацыі несанкцыянаванага мітынгу. Апрача таго, Мінюст заявіў аб адсутнасьці поўнай афіцыйнай назвы аб'еднаньня (ГА "Таварыства беларускай мовы" імя Франьцішка Скарыны) у рэклямцы ў мэтро (было напісана "Таварыства беларускай мовы"). ТБМ падаў у студзені скаргу ў Вярхоўны суд, але яе не задаволілі.
А ў лютым Мінюст нечакана адмяніў папярэджаньне. Злыя языкі кажуць, што гэта адбылося пасьля сустрэчы Алега Трусава з кіраўніком Адміністрацыі прэзыдэнта Ўралам Латыпавым у справе адкрыцьця Нацыянальнага ўнівэрсытэту, калі вышэйшыя чыноўнікі моцна зацікавіліся беларускаю справаю.

ТБМ ДЗЯКУЕ
Кіраўніцтва ТБМ выказала падзяку Вярхоўнаму суду і Мінюсту за вядзеньне справаводства ў судзе па-беларуску (справа пра лідзкі крыж, апісаная ў папярэдняй зацемцы). У лістах на імя старшыні Вярхоўнага суду Валянціна Сукалы й міністра юстыцыі Віктара Галаванава зазначалася, што, ня гледзячы на адмоўнае рашэньне справы, суд быў вельмі незвычайным, бо "ўсе прысутныя займелі добрую нагоду пачуць сапраўдную беларускую мову", на якой прамаўлялі ўсе прысутныя. Адзначалася таксама, што судзьдзя Вярхоўнага суду паказаў добрае, а прадстаўнік Міністэрства юстыцыі Аляксандар Харытон - "бездакорнае" валоданьне дзяржаўнаю беларускаю моваю і г.д.

ЗАКРЫВАЮЦЬ ГАЗЭТУ
У пачатку лютага Горадзенскі гаспадарчы суд задаволіў іск Смаргонскага райвыканкама аб спыненьні дзейнасьці прадпрымальніка Рамуальда Ўлана, уласьніка "Новай газэты Смаргоні". Р. Улан у 1996-м годзе заснаваў незалежнае выданьне, якое цяпер нават не канкурэнт абрыдлай "раёнцы". Напрыклад, наклад "Новай газэты" 8 000 асобнікаў, а "Сьветлага шляху" - 2 000. Незалежная газэта была бяльмом на воку раённай адміністрацыі. Апрача таго, Улан зажадаў адчыніць аналягічныя выданьні ў Ашмянах і Астраўцы, а тут яшчэ і выбары на носе. Вось цярпеньне мясцовай вэртыкалі й лопнула. Улана абвінавацілі ў парушэньне падатковага і працоўнага заканадаўства, невыкананьне правілаў пажарнай бясьпекі. Ня ў тым куце, відаць, вядро зь пяском стаяла.
Цяпер, згодна з рашэньнем суду, дзейнасьць прадпрымальніка мусіць быць скасаваная да 3-га траўня, а разам з гэтым і газэта мусіць закрыцца. Зволяць больш за дзесятак журналістаў. На гэта ў Смаргонскім райвыканкаме адказалі: працу на біржы знойдуць усім, таму хай журналісты не засмучаюцца.

СХОД ПЕРАНЕСЬЛІ
Сход беларускай інтэлігенцыі, які планаваўся на 16-га лютага, пройдзе роўна месяцам пазьней. Афіцыйная прычына - улады не далі згоду праводзіць зьезд у памешканьні Палацу Рэспублікі. Аднак, хутчэй за ўсё, не падрыхтаваліся як сьлед. Пачакаем.

ЗА ЛЕПШАЕ ЖЫЦЬЦЁ!
Актывісты "Хартыі-97" плянуюць правесьці 12-га сакавіка ў цэнтры Менску "Агульнанацыянальны марш "За лепшае жыцьцё!". Акцыя пройдзе пад сацыяльнымі лёзунгамі, галоўны зь іх - супраць зьбядненьня народу. Як заўважыў адзін палітоляг, такія акцыі ў цэнтры гораду ні да чаго не прыводзяць. На праспэкце Скарыны людзі выглядаюць сытымі, а з такімі сацыяльнымі клічамі трэба ісьці на ўскраіны. Але туды й АМОНаўцы з мэтай разгону ня схочуць ехаць, ды й тэлевізійнікі адмовяцца.

СУПРАЦЬ ВАЙНЫ
Паўтары тысячы чалавек сабраліся 15-га лютага на менскай плошчы Бангалёр, пратэстуючы супраць магчымай вайны ў Іраку. Арганізатарам акцыі была Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі. Удзел бралі камуністы розных масьцяў, нацыянал-бальшавікі ды інш. Самым цікавым быў выступ былога кіраўніка голдынгу "Літаратура і мастацтва" Сяргея Касьцяна, які абазваў палітыку ЗША і Вялікабрытаніі "фашызмам", а скончыў прамову воклічам: "Жыве Садам! Жыве Лукашэнка!"

ПАДАЛІ НАДЗЕЮ
Вярхоўны суд запатрабаў на азанаямленьне справу журналіста газэты "Пагоня" Паўла Мажэйкі, які адбывае "хімію". Пры канцы лютага мусіць быць вынесена канчатковае рашэньне.

ПЕРАТРУС БЕЗ ОРДЭРУ
15-га лютага ў кватэры горадзенскага прадпрымальніка, кіраўніка Рэспубліканскага страйкама Валера Леванеўскага міліцыя зладзіла ператрус. В. Леванеўскі акурат прыехаў зь Менску, дзе браў удзел у сустрэчы лідэраў прадпрымальніцкіх структураў, дзе дамовіліся пра сэрыю акцыяў пратэсту ўвесну.
Ператрус праводзілі 10 супрацоўнікаў міліцыі, не маючы на гэта нават ордэру. Канфіскавалі некалькі пачак улетак, забралі рызограф і зьніклі. Леванеўскі нават ня ведае куды скардзіцца, бо ўсё роўна дарэмна.

МОЛАДЗЬ СЬВЯТКУЕ
14-га лютага Малады Фронт зладзіў чарговую акцыю "любові" з нагоды Дня Сьвятога Валянтына. Напярэдадні лідэр арганізацыі Павал Севярынец заявіў, што па характары "акцыі любові" можна будзе меркаваць пра ўсю вясну-2003. На акцыю сабралося ня больш за 50 чалавек, уключна з журналістамі.
Удзень маладафронтаўцы абыходзілі амбасады эўрапейскіх дзяржаваў і ЗША, дзе ўручалі пэтыцыі. У першай пэтыцыі заклікалі не ствараць жалезную заслону на мяжы зь Беларусьсю. Маўляў, беларускі народ не вінаваты. У другой прапаноўвалі вылучыць лідэра кубінскай апазыцыі Освальда Пайю на Нобэлеўскую прэмію міру. "Што рабіць, калі беларусы не дацягваюць да прэміі міру", - сумна пракамэнтаваў П. Севярынец.
Увечары 14-га лютага маладафронтаўцы прайшліся ад плошчы Якуба Коласа да будынку Нацыянальнай Акадэміі Навук, а потым назад да Плошчы Перамогі. На рагу праспэкта Скарыны й вуліцы Казлова пазасталых удзельнікаў акцыі перанялі АМОНаўцы, затрымалі шэсьць чалавек. У панядзелак, 17-га лютага, прайшлі суды над маладымі людзьмі. Павал Севярынец і сябра ўправы МФ Артур Сінькевіч атрымалі па дзесяць сутак арышту, астатнія - меней.

ТУРКМЕНБАШЫ ПА-БЕЛАРУСКУ
Беларусы нарэшце дачакаліся. Кніга прэзыдэнта Тукрмэністана Сапармурата Ніязава "Рухнама" выйшла па-беларуску. Яе пераклад зрабілі Леанід Дранько-Майсюк, Анатоль Кудравец, Анатоль Бутэвіч і Мікалай Сільчанка. У інтэрв'ю "Радыё Свабода" Леанід Дранько-Майсюк патлумачыў свой удзел у перакладзе чыста эканамічнымі прычынамі - паэт ужо каторы месяц беспрацоўны.

Уласны карэспандэнт