БЕЛАРУСЬ ЗА МЕСЯЦ

Маразм па-беларуску
Пры канцы траўня урад прыняў унікальную пастанову: цяпер пачэснае імя "прэзыдэнт" можа насіць толькі найвышэйшая асоба ў краіне - Аляксандар Лукашэнка. Ад гэтага часу арганізацыям, фірмам, установам прапанавана перагледзець свае статуты й памяняць назвы сваіх кіраўнікоў-прэзыдэнтаў на дырэктароў, старшыняў, загадчыкаў і інш. Цікава, як цяпер быць з прэзыдэнтам Нацыянальнай акадэміі навук, прэзыдэнтам і віцэ-прэзыдэнтамі ПЭН-цэнтру, прэзыдэнтамі банкаў, фэдэрацый футболу, гакею і г.д?
Найтрапней пракамэнтаваў гэтае рашэньне штотыднёвік "Белорусская газета". Яна прывяла прыклад Ідзі Аміна, які кіраваў афрыканскай Угандаю ў 70-я гады. За часы свайго прэзыдэнцтва той зьнішчыў 300 тысяч палітычных апанэнтаў, а некаторых нават і зьеў. Гэта ўсім ведама. Куды менш вядомы наступны факт: Ідзі Амін - першы ў гісторыі цывілізацыі, хто абмежаваў права выкарыстаньня слова "прэзыдэнт" у сваёй краіне, пакінуўшы гэтую прывілегію толькі для сябе. Ад сябе дадамо, што Амін дапамагаў розным тэрарыстам, у 1976-м годзе абвесьціў сябе пажыцьцёвым прэзыдэнтам, але ў 1979-м годзе быў зрынуты й цяпер шчасьліва пражывае ў Саўдаўскай Арабіі.

Кат беларускай прэсы
Менавіта такую мянушку атрымаў міністар інфармацыі Беларусі Міхаіл Падгайны. За нейкія два тыдні траўня ён вынес некалькіх папярэджаньняў незалежным выданьням - "Навінкам", "Вячэрняму Століну", "Народнай Волі". Найбуйнешаму беларускаму незалежнаму выданьню "Белорусской деловой газете" і дадатку да яе "БДГ. Для служебного пользования" было вынесена ажно тры папярэджаньні - і газэту зачынілі.
У адной з публікацыяў - "Панскі імідж" - закраналася тэма прэзыдэнцкага самалёту (было праведзенае бліц-апытаньне: ці можа прэзыдэнт Беларусі карыстацца прэзыдэнцкім самалётам у сваіх мэтах). Мініфармацыі палічыла, што тут закрануты гонар і годнасьць Лукашэнкі.
Другое папярэджаньне было вынесенае за артыкул, прысьвечаны працэсу над былым дырэктарам Менскага трактарнага заводу, "Дзе "лявонаўскія" мільёны. Пракуратура ня можа знайсьці на гэта адказ…Шукае". Мініфармацыі паставіла ў віну газэце абнародваньне фактаў бяз санкцыі на гэта судзьдзі. Абвінавачаньне бязглуздае, бо працэс над Міхаілам Лявонавым быў адкрытым, а журналіст "Белорусской деловой" меў афіцыйны дазвол прысутнічаць у зале пасяджэньняў.
Трэцяе папярэджаньне было вынесена за публікацыю матар'ялаў прысьвечаных судовай справе Віктара і Андрэя Казекаў, зьвнавачаных у фінансавых злоўжываньнях і асуджаных на 12 і 10 гадоў пазбаўленьня волі адпаведна.
Цікава, што папярэджаньні былі апэратыўна вынесеныя на працягу трох дзён - 20, 21, 22 траўня. А 28-га траўня міністар інфармацыі Міхаіл Падгайны паведаміў, што ягонае ведамства прыпыняе ліцэнзію БДГ на тры месяцы на падставе артыкулу 16 закону "Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі".
З-га чэрвеня "Белорусская деловая газета" выйшла пад шапкаю выданьня незалежных прафсаюзаў "Салідарнасьць", якую рэдагуе Аляксандар Старыкевіч. Нумар штотыднёвіка цалкам аддадзены пад матар'ялы БДГ, нават вёрстка "Белорусской Деловой" захаваная. Ва ўступным артыкуле Старыкевіч напісаў: "Я разумею, што сёньняшні нумар дорага будзе каштаваць газэце і мне. Што-што, а прысылаць праверкі, фабрыкаваць абвінавачаньні й чыніць расправу яны ўмеюць. І я не чакаю, што, калі возьмуцца за мяне, раз'юшаныя суайчыньнікі кінуцца на дапамогу…Прыгожыя словы нічога ня вартыя без рэальных спраў. Таму замест таго, каб філязофстваваць аб свабодзе драку, я хачу ўступіць у бойку мацнейшым праціўнікам на баку калектыву БДГ. А там ужо, што будзе, тое будзе. Усе роўна прарвемся".
Мяркуецца, што і надалей БДГ будзе выходзіць пад шапкаю іншых выданьняў. Выходзіць газэта і ў інтэрнэце (www.bdg.by).

Салідарнасьць з "БДГ"
Лідэры сямі дэмакратычных партый выступілі ў абарону "Белорусской деловой газеты". У заяве, падпісанай лідэрамі партый, адзначаецца, што прысуды журналістам і папярэджаньні недзяржаўным выданьням "яскрава сьведчаць пра намер беларускіх уладаў канчаткова ліквідаваць тыя невялікія выспы свабоды слова, якія яшчэ засталіся ў інфармацыйнай прасторы краіны... У Беларусі рэзка падае ўзровень жыцьця, за рысай беднасьці жыве вялікая колькасьць насельніцтва, абвастраецца сацыяльна-эканамічная сытуацыя і ўзмацняецца міжнародная ізаляцыя. Усё гэта сьведчыць пра поўны правал палітыкі, якая праводзіцца А. Лукашэнкам на працягу яго амаль 9-гадовага праўленьня. Ва ўмовах падзеньня ўласнага аўтарытэту правячы рэжым імкнецца пазбавіць грамадзтва любой магчымасьці атрымліваць інфармацыю аб альтэрнатывах сёньняшняму курсу, які завёў Беларусь у тупік".
Заяву падпісалі лідэры Партыі БНФ Вінцук Вячорка, Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч, Беларускай партыі жанчын "Надзея" Валянціна Матусевіч, Партыі камуністаў Беларусі Сяргей Калякін, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікола Статкевіч, Беларускай партыі працы Уладзімір Страх, Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Станіслаў Шушкевіч.

"Новая газэта Смаргоняў" зноў выходзіць
Пасьля амаль паўгадовай барацьбы адноўлены выхад незалежнай смаргоньскай газеты. Нагадаем, што ня маючы магчымасьці зачыніць газэту на законных падставах - абраза, паклёп, ганьбаваньне прэзыдэнта, публікацыя непраўдзівых зьвестак і г. д., - мясцовыя ўлады (Горадзенскі абласны гаспадарчы суд) пайшлі іншым шляхам. Яны скасавалі ліцэнзію індывідуальнага прадпрыймальніка Рамуальда Ўлана, які быў да таго-ж выдаўцом і галоўным рэдактарам пэрыёдыка, паставіўшы яму ў віну парушэньне правілаў пажарнай бясьпекі й неадпаведнасьці ў заключэньні працоўнай дамовы з супрацоўнікамі. Улан не скарыўся і знайшоў новага выдаўца - прыватнае прадпрыемства "Фэрмерская гаспадарка "Колас". З гэтым выдаўцом газэта праіснавала ня больш за месяц. Ізноў былі знойдзеныя парушэньні ў статуце прадпрыемства, Смаргонскі раённы суд прызнаў прадпрыемства вінаватым ў "парушэньні правіл ажыцьцяўленьня прадпрымальніцкай дзейнасьці", аштрафаваў на 266 тысяч рублёў (133 амэрыканскія даляры), а прыбытак ад рэалізацыі выданьня канфіскавалі ў даход дзяржавы.
І вось Рамуальд Улан заявіў, што газэта аднаўляецца. Выдаўца знайшлі ў Лідзе, аднак, па словах Улана, гэтая структура прасіла сябе не афішаваць, "усьведамляючы, што ў яе дзейнасьці могуць быць праблемы". Першы нумар адноўленай газэты выйшаў 23-га траўня накладам у 5 з паловай тысяч асобнікаў. Аднак ёсьць яшчэ адна праблема: распаўсюд выданьня. Шапікі "Белсаюздруку" і дзяржаўныя крамы наадрэз адмаўляюцца браць незалежнае выданьне на рэалізацыю, таму трэба ствараць сваю сыстэму распаўсюду. Гэтая праблема ўласьцівая ня толькі для Смаргоняў. Так, у Барысаве мясцовая вэртыкаль забараніла продаж у дзяржаўных крамах незалежных і папулярных "Барысаўскіх навінаў". Маўляў, трэба адпаведны дазвол.
На выканкамаўскую раёнку такога дазволу не патрабуецца.

Інтэрнэт пад цэнзурай
Пасьля друкаваных выданьняў уладам на вочы трапіла і сусьветнае сеціва. 30-га траўня старшыня Аб'еднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька быў выкліканы ў рэспубліканскую пракуратуру "ў сувязі з ўзьніклай неабходнасьцю". Пракуратура зацікавілася сайтам АГП (www.ucpb.org) і палічыла, што вышэйзгаданы сайт замахнуўся на самае сьвятое, што ёсьць у беларусаў - на гонар і годнасьць прэзыдэнта Беларусі. Нібыта зьнявага ўтрымліваецца ў матар'ялах, зьмешчаных на інтэрнэт-старонцы АГП. Сайтаў у Беларусі пакуль яшчэ не зачынялі.

Штраф рэдактару
20-га траўня суд Маскоўскага раёну Менску аштрафаваў галоўнага рэдактара сатырычнай газэты "Навінкі" Паўлюка Канавальчыка на 100 базавых адзінак (гэта 1.400.000 рублёў ці 700 даляраў ЗША) за "распаўсюд заведама хлусьлівых зьвестак, якія ганьбяць гонар і годнасьць Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь". Падставаю для судовага разьбіральніцтва стала публікацыя ў адным з нумароў газэты "аналітычна-сатырычнага артыкулу", праілюстраванага двума варыянтамі перадвыбарнага плякату Лукашэнкі. Праз тыдзень газэта атрымала ў давесак папярэджаньне. Як адзначыла адна беларуская газэта, выстаўляць прэтэнзіі да "Навінак", гэта тое самае, што асудзіць часопіс "Вожык" за зьнявагу пачуцьцяў Таварыства аховы жывёлаў.

Гуманітарнаму ліцэю пагражае закрыцьцё
28-га траўня стаў чорным днём ня толькі для БДГ. У гэты-ж дзень быў прызначаны дырэктар у Нацыянальны дзяржаўны гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа. Ім стала Тацьцяна Шчарбацэвіч. Пасьля таго, як улады ў 1998-м годзе паспрабавалі забраць будынак ліцэя і перадаць яго Упраўленьню справамі прэзыдэнта і ўсемагутнаму ў той час Івану Ціцянкову, дырэктар навучальнай установы Ўладзімер Колас пагадзіўся панізіць свой статус да намесьніка дырэктара, каб выратаваць ліцэй. Таму ўвесь гэты час пасада дырэктара афіцыйна была вольнаю, але навучальнай установай фактычна кіраваў Уладзімер Колас, а дапамагалі яму два намесьнікі - Лявон Баршчэўскі й Ірына Сідарэнка.
Прызначэньне Шчарбацэвіч выклікала адмоўную рэакцыю выкладчыкаў, бацькоў, самых ліцэістаў. Новая дырэктарка да прызначэньня нічога ня ведала пра ліцэй, нават імёны выкладчыкаў ёй нічога не гавораць. Больш за тое, яна не ўмее па-беларуску, заяўляючы, што ў краіне “двуязычие”. А пры сустрэчы зь ліцэістамі й выкладчыкамі пагражала нават выклікаць АМАП.
Між тым, увечары 31-га траўня на былога кіраўніка ліцэя, калі ён вяртаўся дахаты, была зробленая спроба нападу, але Колас здолеў абараніцца.

КХП-БНФ падала ў суд на Лукашэнку
Сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі - БНФ падалі пазоў у Вярхоўны суд Беларусі супраць прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі, а таксама Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу. Заяўнікі просяць суд прызнаць, што саюзная дамова паміж Беларусьсю і Расеяй, заключаная 8-га сьнежня 1999-га году, "карэнным чынам зьмяняе ўмовы іх жыцьця, парушае канстытуцыйныя правы, а пункт 1 дамовы супярэчыць артыкулу 1 Канстытуцыі". Пазовы, праўда, былі перададзеныя зь Вярхоўнага ў Ленінскі раённы суд сталіцы, які й павінен вырашыць пытаньне аб завядзеньні справы. Адпаведны пазоў быў пададзены і ў Канстытуцыйны суд краіны. Прадстаўнікі КХП-БНФ просяць прызнаць, што дамова аб стварэньні саюзнай дзяржавы не адпавядае Канстытуцыі краіны.
На думку заяўнікаў, прынятая саюзная дамова парушае іх правы як грамадзян: узнікла пагроза, што іх сыны ці ўнукі могуць стаць удзельнікамі расейскіх войнаў і лякальных "гарачых" канфліктаў.

На штраф зьбіраюць талакою
Сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ з Жодзіна зьбіраюць грошы на пагашэньне штрафу, які тамтэйшы суд наклаў на Анатоля Рабкаўца, бацьку траіх дзяцей і цяпер часовага беспрацоўнага. 23-га сакавіка сп. Рабкавец каля Галоўпаштамту беларускай сталіцы браў удзел у сьвяткаваньні Дня Волі, зладжаным КХП-БНФ, за што цяпер асуджаны за "удзел у несанцыянаваным мерапрыемстве і карыстаньні забароненай сымболікай" і аштрафаваны на 400 тысяч рублёў (200 даляраў). У выпадку няўплаты штрафу судовыя выканаўцы пагражаюць апісаць маёмасьць. Таму калегі па партыі й вырашылі скінуцца на штраф і падтрымаць свайго таварыша.

Завочны суд
12-га траўня суд Савецкага раёна Менску завочна засудзіў намесьніка старшыні Партыі БНФ Юрыя Хадыку на 15 сутак арышту за ўдзел у акцыі "За лепшае жыцьцё!" што адбылася ў Менску 12-га сакавіка сёлета. Ю. Хадыка на судзе ня быў, бо хаваецца ад уладаў. Цяпер, калі міліцыя схопіць Хадыку, ён будзе вымушаны адсядзець 15 сутак. Уласны карэспандэнт

Да канфэрэнцыі не гатовыя
Міністар прыродных рэсурсаў і навакольнага асяродзьдзя Беларусі Лявонці Харужык, які знаходзіўся ў Кіеве на Усеэўрапейскай канфэрэнцыі міністраў аховы прыроды, не падпісаў ніводнага з прынятых на канфэрэнцыі пратаколаў.
Краіны-ўдзельніцы падпісалі пратаколы аб рэгістрах выкідаў і пераносе забруджвальнікаў, аб стратэгічнай эканамічнай ацэнцы (фактычна, аб уплыве грамадзкасьці на прыняццё рашэньняў у сфэры экалёгіі) і аб грамадзянскай адказнасьці й кампенсацыі ўрону, нанесенага трансмежавымі прамысловы-міх аварыямі.
Беларуская дэлегацыя патлумачыла сваю адмову ад падпісаньня пратаколуў недастатковым фінансавым забеспячэннем выканання і недахопам часу на іх абмеркаванне і ўзгадненне з усімі зацікаўленымі бакамі.
BARCNEWS