БЕЛАРУСЬ ЗА МЕСЯЦ
Пахаваньне Быкава
Васіль Быкаў памёр увечары 22-га чэрвеня ў 62-угодкі пачатку нямецка-савецкай вайны.
Дзяржава плянавала, што клопаты возьме на сябе камісія на чале зь міністрам культуры Леанідам Гулякам. Аднак з раніцы 25-га чэрвеня, калі ў Доме літаратара паставілі труну зь целам пісьменьніка і крыж, прадстаўнікі дзяржавы ўсталявалі побач чырвона-зялёны сьцяг. Удава пісьменьніка папрасіла прыбраць лукашэнкаўскі штандар, а сын Сяргей накрыў цела бацькі бел-чырвона-белым сьцягам. Пасьля гэтага афіцыйныя прадстаўнікі дэманстратыўна пакінулі Дом літаратара. Лукашэнка-ж у гэты дзень не знайшоў у сабе мужнасьці прыйсьці й зьехаў у Сьветлагорскі раён.
Да Дому літаратара прыйшлі дзясяткі тысяч чалавек - студэнты, пэнсыянэры, бізнэсоўцы, інтэлігенцыя, рабочыя, акрэдытаваныя ў Менску амбасадары эўрапейскіх дзяржаваў, палітыкі. Былі дэлегацыі пісьменьнікаў з Расеі, Украіны, Летувы, Польшчы. Каб разьвітацца з клясыкам нацыянальнай літаратуры трэба было адстаяць у чарзе 2-3 гадзіны. З-за такой вялікай колькасьці народу - па розных ацэнках у акцыі ўзяло ўдзел ад 30 да 50 тыс. чалавек - грамадзянская паніхіда была перанесеная амаль на гадзіну.
Той, хто ня здолеў разьвітацца з Быкавым у Доме літаратара, праводзіў яго на праспэкце Скарыны. Труну зь целам пісьменьніка каля 10 тысяч чалавек суправаджалі да Ўсходніх могілак. Над працэсіяй луналі дзесяткі нацыянальных сьцягоў. Гэта быў адзіны выпадак за апошнія гады, калі міліцыя не арыштоўвала за "незарэгістраваную сымболіку". Не рашыліся.
Затое ўвечары Беларускае тэлебачаньне пачало зводзіць рахункі. Сюжэт пра сьмерць Быкава быў паказаны толькі на 25-й хвіліне галоўнай інфармацыйнай праграмы "Панарама", пасьля падрабязнай справаздачы з наведваньня Лукашэнкам Сьветлагорскага цэлюлозна-папяровага камбінату, рэпартажу з Іраку і сюжэту пра паляваньне ў Талачынскім раёне. У сюжэце пра пахаваньне яшчэ раз прайшліся па апазыцыі, якая - бачыце - не захацела па-людзку пахаваць так горача любімага ўладамі пісьменьніка. Прагучала нават фраза: "Труну цягалі па горадзе да позьняга вечара".
У Беларусі так і не была абвешчаная афіцыйная жалоба, у дзень пахаваньня Быкава па тэлеканалах ішлі забаўляльныя праграмы. Канал ОНТ наагул шырока адзначыў гадавіну сваёй працы. У той час як жалобная працэсія рухалася пр вуліцах да Ўсходніх могілак на Кастрычніцкай плошчы, амаль пад вокнамі прэзыдэнцкай адміністрацыі, на ўсю моц грымела вясёлая музыка.
А выпадак затрыманьня актывістаў КХП-БНФ у Віцебску наагул ня мае апраўданьня. 25-га чэрвеня актывісты КХП - БНФ і БСДП "Народная Грамада" сабраліся на Плошчы Свабоды, каб ушанаваць памяць пісьменьніка. Яны трымалі бел-чырвона-белы сьцяг з чорнаю стужкаю і партрэт Быкава ў чорнай рамцы. Прыкладна праз паўгадзіны міліцыя разагнала ўдзельнікаў акцыі, а актывісты КХП-БНФ Барыс Хамайда і Ян Таўпыга былі затрыманыя і дастаўленыя ў міліцэйскі пастарунак. Іх папярэдзілі за "правядзеньне незаконнага пікетаваньня".Ліцэй зачынілі
На пачатку чэрвеня не дабіўшыся разуменьня ў Міністэрстве адукацыі ліцэісты, іх бацькі й выкладчыкі вырашылі выйсьці на вуліцы.
Напачатку яны накіравалі адпаведную заяву ў Менгарвыканкам, дзе прасілі дазволу на пікеты ля Міністэрства адукацыі (каля Плошчы Незалежнасьці) і ў Міхайлаўскім сквэры (недалёка ад Галоўпаштамту). Гарадзкія начальнікі адправілі заяўнікаў на плошчу Бангалёр. Аднак бацькі й дзеці ўспрынялі гэтую прапанову як цынічную і зьневажальную і вырашылі зладзіць на вуліцах Менску несанкцыянаваную акцыю "Я люблю ліцэй".
Раніцаю 19-га чэрвеня яны сабраліся ў двары ліцэя з плякатамі, дзе было напісана "Я люблю ліцэй" на 15 мовах, мапамі, падручнікамі, а таксама раздрукоўкамі публікацый у айчыннай і замежнай прэсе пра ліцэй.
Спробы выйсьці на вуліцы былі спыненыя байцамі АМАП, якія заблякавалі выхад. На праспэкт Скарыны ліцэісты, іх бацькі, выкладчыкі - усяго больш за 200 чалавек - выйшлі праз прылеглыя двары. Два кварталы да Кастрычніцкай плошчы ўдзельнікі акцыі ішлі па ходніках, не афішуючы наглядную агітацыю. І толькі на плошчы, ля Палаца Рэспублікі, яны разгарнулі плякаты й транспаранты.
Арыштаў гэтым днём не было. А вось пікет ліцэістаў, зладжаны 24-га чэрвеня на плошчы Якуба Коласа, без затрыманьняў не абышоўся. Супрацоўнікі міліцыі затрымалі "для высьвятленьня асобы" выкладчыка і перакладчыка Лявона Баршчэўскага, журналіста "Нашай Нівы" Зьмітра Дзядзенку і студэнта Беларускага Калегіюму, які фатаграфаваў акцыю, Антона Ляву. Празь некаторы час затрыманых выпусьцілі, але перазапісалі дыктафонную стужку Зьмітра Дзядзенкі, дзе былі зафіксаваныя загады міліцыі на затрыманьне, і павыдалялі фотафайлы зь лічбавай камэры А. Лявы.
25-га чэрвеня урад прыняў пастанову аб ліквідацыі Нацыянальнага гуманітарнага ліцэя. На наступны дзень Міністэрства адукацыі выдала адпаведны загад, давяло яго да выкладчыкаў, рэкамэндаваўшы стварыць Менскі дзяржаўны ліцэй (зь беларускай мовай навучаньня), які будзе падпарадкоўвацца гарадзкому аддзелу адукацыі.
Хадыку пасадзілі
16-га чэрвеня ў Мінску быў арыштаваны намесьнік старшыні Партыі БНФ Юры Хадыка. Гэта адбылося раніцай, калі палітык сядаў у аўтамабіль ля дому, дзе пражывае. У гэты момант да машыны падбег высокі, спартовага выгляду чалавек у цывільным. Адчыніўшы дзьверы, ён пачаў гвалтам цягнуць адтуль палітыка. Пры гэтым крычаў, што зьяўляецца супрацоўнікам міліцыі. Ю. Хадыку даставілі ў суд Савецкага раёну сталіцы.
Нагадаем, што 19-га траўня сп. Хадыку завочна засудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у арганізацыі маршу "За лепшае жыцьцё". Першы раз яго затрымалі 24-га сакавіка, але ў судзе высьветлілася, што міліцыянты склалі пратакол з парушэньнямі. Дакумэнт адправілі на дапрацоўку, а Хадыку "ласкава прапанавалі" завітаць у суд празь нейкі час. Аднак той не зьявіўся. 19-га траўня ў адсутнасьць палітыка яго засудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Амаль месяц Юры Хадыка хаваўся ад міліцыі. Па праўдзе кажучы, нельга сказаць што гэта быў пераход на нелегальнае становішча, ён, як і раней, хадзіў на працу, займаўся грамадзкімі працамі.
Адразу пасьля арышту ў судзе Савецкага раёну завялі справу "аб непавазе да суду", аднак сп. Хадыка запатрабаваў адваката і разгляд перанесьлі на 2-га ліпеня. Абвінавачаны паскардзіўся, што падчас затрыманьня яму пашкодзілі калена. Аднак лекары ў шпіталі, куды прывезьлі яго на абсьледаваньне, прызналі стан здароўя задавальняючым і адправілі назад - разьмеркавальнік - адседжваць 15 сутак. Між тым, 23-га чэрвеня Юрыю Хадыку споўнілася 65 гадоў. Гэтую дату ён сьвяткаваў у турме.
1-га ліпеня сп. Хадыка выйшаў на волю, а ўжо на наступны дзень быў аштрафаваны на 14 тыс. рублёў (каля $7) за "непавагу да суду". Судзьдзя Аксана Рэлява гэткім чынам кваліфікавала незьяўленьне палітыка па позвах у суд.
Арышт пасьля іспыту
А вось актывістку маладзёжнага руху "Зубр" Тацьцяну Елавую арыштавалі 18-га чэрвеня адразу пасьля апошняга іспыту ў школе (між іншым, па гісторыі Беларусі). Месяцам раней дзяўчыну таксама завочна засудзілі на 15 сутак за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі ў падтрымку англа-амэрыканскай кампаніі ў Іраку супраць Садама Хусэйна. Акцыя пад назваю "Далоў тыранаў", зладжаная 3-га красавіка, выказвала салідарнасьць зь дзеяньнямі краінаў антыірацкай кааліцыі па вызваленьні краіны ад дыктатуры.
Штраф у $1000
На такую суму былі аштрафаваныя два актывісты Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі - БНФ Уладзімер Плешчанка і Аляксандар Салаўян. Міліцыя іх затрымалі за тое, што яны зьбіралі ў цэнтры Віцебску подпісы пад зваявамі ў суд на дзеяньні "антыбеларускага рэжыму па здачы суверэнітэту і незалежнасьці Беларусі і плянаў анэксіі нашай краіны агрэсіўнай Расеяй". Сябраў партыі даставілі ў суд, дзе кожны быў аштрафаваны на 150 базавых велічыняў (2 мільёны 100 тысяч рублёў, ці 1000 даляраў ЗША).
Назад у СССР
Менгарвыканкам прыняў унікальнае рашэньне: аб перайменаваньні станцыі мэтро "Ракаўская" ў "Спартыўную". Канфлікт разгарэўся ў канцы красавіка, калі ў гасьцявой кнізе на сайце Менгарвыканкама нейкі чалавек, які падпісваецца "Михаил Мойсеевич, Голландия", выказаў сваё "фэ" назве "Ракаўская". Маўляў, у яго з гэтым словам дрэнныя асацыяцыі - ракавыя пухліны, на якія так хварэе зьнявечаная Чарнобылем беларуская зямелька. Намесьнік мэра сталіцы Мікалай Ярохаў адрэагаваў імгненна, ён адказаў Міхаілу Майсеевічу, што адпаведныя захады ўжо прынятыя - "Ракаўская" будзе перайменаваная ў "Спартыўную". Пасьля гэтага ў недзяржаўнай прэсе і на сайце Менгарвыканкама разгарнулася гарачая дыскусія, большасьць удзельнікаў якой жорстка крытыкавалі пазыцыю сталічнай мэрыі. Аднак на пасяджэньні гарвыканкама была пастаўленая кропка: назва "Спартыўная" прынята з ўлікам таго, што побач са станцыяй знаходзіцца будынак, які прадстаўляе вялікую гістарычную каштоўнасьць, - Лядовы хакейны палац, ну і адпаведна ў мэтах "папулярызацыі здаровага ладу жыцьця". Мэр Паўлаў паставіў канчатковую кропку, заявіўшы, што назва "Спартыўная" яму падабаецца - "сучасная".
Дадамо, што кіраўніцтва менскага мэтрапалітэну прыняло рашэньне станцыі "Плошча Незалежнасьці" надаць ранейшую назву - "Плошча Леніна". Маўляў, жыхары сталіцы блытаюцца: абвяшчаюць у цягніку "Плошча Незалежнасьці", а шыльдачкі сьведчаць, што прыехалі на станцыю "Плошча Леніна". Бедныя, ня знаюць куды ісьці. Застаецца толькі вярнуць Плошчы Незалежнасьці яе "гістарычную назву".
Будаўнікі назаўсёды пакідаюць Курапаты?
Улады Менскай вобласьці й сталічнага раёну ліквідавалі каля Курапатаў пляцоўку фірмы "Вігэўрабуд", а будаўніцтва катэджнага пасёлку "Сонечны", які плянавалі пабудаваць у непасрэднай блізкасьці ад урочышча, у ахоўнай зоне мэмарыялу забаронена. Яшчэ 28-га красавіка старшыня Менскага аблвыканкаму Мікалай Дамашкевіч загадаў Менскаму райвыканкаму скасаваць дамову на арэнду зямлі пад будаўніцтва зь фірмаю "Вігэўрабуд". Аднак толькі 20-га чэрвеня з будаўнічай пляцоўкі былі вывезеныя ўсе будаўнічыя матар'ялы, а пляцоўка засыпаная зямлёю. Прыбіраюцца таксама агароды праваслаўнага Спасава падвор'я, якія зьявіліся там незаконна. Землі вакол Курапатаў будуць закансэрваваныя да вызначэньня і зацьверджаньня ўрадам ахоўнай зоны мэмарыялу.
Уласны карэспандэнт
Памятны знак у гонар Васіля Быкава
19-га чэрвеня, у дзень нараджэньня Васіля Быкава, ў Старых Дарогах быў урачыста адкрыты памятны знак у ягоны гонар.
На здымку: Старыя Дарогi. Музей выяўленчага мастацтва. Фонд Анатоля Белага. Памятны знак у гонар Васiля Быкава. Аўтар праекта А. Белы. Медал'ер Уладзiмiр Мелехаў.