БЕЛАРУСЬ ЗА МЕСЯЦ
Апазыцыя яднаецца супраць трэцяга тэрміну Лукашэнкі
Кіраўнікі пяці апазыцыйных партыяў ухвалілі плян па недапушчэньні трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну А. Лукашэнкі. Гэты дакумант быў прыняты 22-га ліпеня на паседжаньні лідэраў пяці палітычных партыяў - Аб'еднанай грамадзянскай партыі, Партыі БНФ, Партыі камуністаў Беларусі, Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады й Беларускай партыі працы.
Плян складаецца з двух блёкаў. Першы прадугледжвае дзеяньні апазыцыйных палітычных партыяў "да абвешчаньня ў той ці іншай форме мерапрыемстваў, якія дазволілі-б падоўжыць тэрмін знаходжаньня прэзыдэнта ва ўладзе". У гэтай частцы пляна прадугледжваецца інфармацыйна-растлумачальная кампанія, якая тычыць магчымага рэфэрэндуму, а таксама сэрыя сустрэчаў лідэраў пяці партыяў, дэпутатаў мясцовых саветаў, абраных ад гэтых партыяў, з прадстаўнікамі грамадзкасьці ў рэгіёнах.
Другі блёк павінен уступіць у сілу пасьля таго, як стане ведама дата рэфэрэндуму альбо іншага мерапрыемства, якое можа зрабіць магчымым удзел А. Лукашэнкі ў наступных прэзыдэнцкіх выбарах. Гэты этап прадугледжвае правядзеньне кангрэсу грамадзянскіх сілаў Беларусі, на якім павінен быць выпрацаваны плян сумеснай працы шырокай грамадзянскай кааліцыі.

"Контур" зачыняць?
Будзе рэфэрэндум па працягу прэзыдэнцкага тэрміну ці не, але Мінюст вырашыў на ўсялякі выпадак перастрахавацца і зачысьціць палітычнае поле.
Вось, прыкладам, упраўленьне юстыцыі Віцебскага аблвыканкаму падало пазоў аб ліквідацыі грамадзкага аб'еднаньня "Цэнтар моладзёвых ініцыятываў "Контур". Падставаю для пазову аб ліквідацыі "Контура" стала тое, што са жніўня 2000-га году кіраўнічы орган аб'еднаньня не знаходзіцца па месцы юрыдычнага адрасу. Аб'еднаньне абвінавачваецца таксама ў парушэньні патрабаваньняў дэкрэта прэзыдэнта ад 12-га сакавіка 2001-га году №8 і падатковага заканадаўства: на думку органаў юстыцыі, аб'еднаньне выкарыстоўвала замежную дармовую дапамогу без атрыманьня дазволу на яе выкарыстаньне.
Між іншым, "Ратушу" ў Горадні й "Грамадзянскія ініцыятывы" ў Гомелі таксама зачынілі.

10 год І-му зьезду беларусаў сьвету
6-га ліпеня ў Менску ў Доме літаратара, прайшла ўрачыстая вечарына, прысьвечаная 10-годзьдзю I-га зьезду беларусаў свету. Нагадаем, што праводзіўся форум 8-10-га ліпеня 1993-га году. Арганізатары акцыі ў гэтым годзе ЗБС "Бацькаўшчына" і Саюз беларускіх пісьменьнікаў.
Адчыніў вечарыну экс-прэзыдэнт "Бацькаўшчыны" акадэмік Радзім Гарэцкі. У сваёй прамове ён зазначыў, што ў 1993-м годзе ўдзельнікі форуму аптымістычна глядзелі ў будучыню. "Нам здавалася, што зьезд - толькі пачатак моцнага працэсу нацыянальнага адраджэньня". Нажаль, надзеі ня спраўдзіліся. "У хуткім часе мы пераканаліся, што зьезд быў апагеем гэтага працэсу: У будучыні нам не ўдалося склікаць такую маштабную сустрэчу беларусаў сьвету і дамагчыся такога адзінства волі й мэтаў нацыі". Спадар Гарэцкі зазначыў, што "са зьменай палітыкі дзяржавы, кіраўніцтва якой пачало вяртаць краіну ў савецкае мінулае, зьмянілася стаўленьне да нацыянальнага адраджэньня, дэмакратычных сіл, многіх прадстаўнікоў беларускай дыяспары".
У імпрэзе бралі ўдзел як прадстаўнікі мясцовай інтэлігенцыі, так і беларусы замежжа - Расеі, Летувы, Польшчы, Украіны. З прывітальным словам да ўдзельнікаў вечарыны зьвярнуўся старшыня Беларускага саюзу ў Польшчы Яўген Вапа, ад беларусаў Летувы - Хведар Нюнька, Масквы - Антон Сабалеўскі. Выступалі й беларусы мэтраполіі - лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікола Статкевіч, старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў, былы міністар замежных спраў Пятро Краўчанка, старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч, пісьменьніца Лідзія Савік.
Пасьля ўрачыстай часткі адбыўся сьвяточны канцэрт, у якім узялі ўдзел вядомы сьпявак, заслужаны артыст Беларусі Віктар Скарабагатаў, трыё камэрнай музыкі "Вытокі" ды калектыў сярэднявечнай музыкі "Стары Ольса".

Хоць тут лідэры
Нягледзячы на ўсе запэўніваньні ўраду аб стабілізацыі нацыянальнай валюты, Беларусь у першым паўгодзьдзі заняла першае месца сярод краінаў СНД і Балтыі па тэмпах росту курсу амэрыканскага даляра.
Курс даляра ў краіне павялічыўся ў гэты час на 7,29 адсоткаў (з 1.920 да 2.060 рублёў). Далей ідуць Таджыкістан - 3 адсоткі, Малдова - 2,35, Грузія - 0,96, Азэрбайджан - на 0,49, Узьбекістан - на 0,41 і Украіна - на 0,01.
У Арменіі за паўгодзьдзе даляр наадварот патаньнеў на 0,02 адсотка (з 584,89 да 584,80 драма), у Латвіі - на 4,21 (з 0,594 да 0,569 лата), у Расеі - на 4,52 (з 31,7844 да 30,3483 рубля), у Казахстане - на 4,88 (з 155,6 да 148 тэнгэ), у Эстоніі - на 8,37 (з 14,93642 да 13,68611 кроны), у Летуве ажно на 8,81 (з 3,3114 да 3,0196 літа), у Кыргызстане - на 10%. У Туркмэністане курс даляра не зьмяніўся (5.200 манатаў). У гэтай несумненна цікавай краіне даляр узгадняе свой курс з дэкрэтамі Туркмэнбашы - Сапармурата Ніязава.
У ліпені рост амэрыканскага даляра прадоўжыўся. На 30-га ліпеня курс, устаноўлены нацыянальным банкам Беларусі, складаў - 2.072 рублі. Падаем дзеля цікавасьці таксама курсы замежных валют краінаў з найбольшай беларускай прысутнасьцю, устаноўленыя Нацыянальным банкам на 30-га ліпеня:
эўра - 2385 рублёў,
аўстралійскі дал. - 1379 рублёў,
брытанскі фунт с. - 3.376 рублёў,
канадыйскі даляр - 1498 рублёў,
латыскі лат -3654 рублі.
летувіскі літ - 691 рубель,
польскі злоты - 541 рубель,
расейскі рубель -68,50 рубля
украінская грыўна - 389 рублёў,
чэская крона - 75 рублёў,

Перамога Сапацькова
Упершыню ў гісторыі міжнароднага фэстывалю "Славянскі базар" у Віцебску гран-пры конкурсу маладых выканаўцаў і 10 тысячаў даляраў заваяваў наш зямляк Максім Сапацькоў, вакаліст Гомельскай філярмоніі.
Першае месца і 6 тысяч даляраў атрымала сьпявачка з Малдовы Надзея Трохін. А яшчэ адзін айчынны выканаўца Ўладзімер Аўчароў разам з сэрбскаю сьпявачкаю Аленай Тамашавіч занялі другое месца, падзяліўшы 4 тысячы даляраў.
Адметна, што як толькі Максім Сапацькоў узяў Гран-пры Міністэрства культуры Беларусі адразу заявіла, што будзе ўсяляк дапамагаць хлопцу - і маральна, і матар'яльна. Між тым, у пачатку ліпеня міністар культуры Леанід Гуляка ўласнаручна выключыў Максіма са сьпісу выканаўцаў, якія мусілі браць удзел ва ўрачыстым канцэрце, прысьвечаным Дню рэспублікі. Маўляў, нецікава сьпявае. Як бачым, праз два тыдні думка міністра кардынальна зьмянілася.

У Горадні паставяць помнік Быкаву
"Горадзенская ініцыятыва" мае намер зьвярнуцца да мясцовых уладаў з прапановаю паставіць помнік Васілю Быкаву ў абласным цэнтры ля дому па вуліцы Сьвярдлова, дзе пісьменьнік жыў.
Таксама актывісты "Горадзенскай ініцыятывы" прапануюць назваць вуліцу імём пісьменьніка, наладзіць штогадовыя літаратурныя чытаньні, стварыць мэмарыяльны "кабінэт" пісьменьніка ў мясцовай друкарні, дзе знаходзілася рэдакцыя "Гродзенскай праўды", а таксама мэмарыяльны пакой у доме-музэі Элізы Ажэшкі, былым памяшканьні Саюзу пісьменьнікаў.
Васіль Быкаў пражыў у Горадні 24 гады. Напачатку працаваў у мастацкіх майстэрнях, пасьля - у газэце "Гродзенская праўда". Менавіта ў Горадні Быкаў напісаў "Жураўліны крык", "Трэцюю ракету", "Альпійскую баляду", "Сотнікава", "Абеліск", "Дажыць да сьвітаньня" ды шэраг іншых.

Помнік Кармілкіну
17-га ліпеня на Ўсходніх могілках Менску адкрылі помнік ведамаму фотажурналісту, летапісцу БНФ Уладзімеру Кармілкіну.
На вэртыкальнай паліраванай стэле з чырвонага граніту - бронзавы барэльеф фатографа, зьмешчаныя даты ягонага жыцьця (15.02.1934-14.07.2002) і словы "Летапісец вольнай Беларусі". Аўтар помніка - скульптар Алесь Шатэрнік.
Выступаючы на адкрыцьці помніка, старшыня менскай гарадзкой рады БНФ Уладзімер Кішкурна прапанаваў заснаваць прэмію імя Ў. Кармілкіна, якой узнагароджваць тых беларускіх фотажурналістаў, якія прафэсыйна адлюстроўваюць барацьбу дэмакратычных сілаў супраць таталітарызму.

Беларуская Масква
Тэлежурналіст расейскага Першага каналу Віктар Дзятліковіч зрабіў сайт "Беларуская Масква". Гэта ягоны прыватны праект, адрасаваны беларусам расейскай сталіцы, якія цікавяцца жыцьцём нашай дыяспары. На сайце зьмяшчаецца інфармацыя па-беларуску (тарашкевіцай) і па-расейску пра "беларускія месцы" ў Маскве (рэстараны, кавярні), назіраньні за беларускаю Масквою, цікавыя гісторыі, зьвязаныя з суайчыньнікамі, якія жывуць у расейскай сталіцы, навіны. Насамрэч, на сайце вельмі шмат цікавых рэчаў.

Аднавіўся "Дзень"
24-га ліпеня аднавіўся выхад незалежнага перыёдыка "Дзень". Першы нумар надрукаваны накладам 5 тысяч асобнікаў і цалкам прысьвечаны Васілю Быкаву, да таго-ж частка нумару падрыхтаваная былымі журналістамі газэты "Пагоня". Галоўны рэдактар выданьня - Генадзь Барбарыч, які пераканы, што "цяпер важна не апускаць рукі й працягваць рабіць сваю справу".

У Беларусі ў жніўні падвышаюцца пэнсіі
Міністар працы й сацыяльнай абароны Антаніна Морава заявіла аб тым, што ўсе віды пэнсій, якія выплачваюцца па працы й сацыяльнай абароне ў Беларусі, будуць павялічаныя на 17 адсоткаў; мінімальныя пэнсіі - на 14 адсоткаў.
Мінімальны памер працоўнай пэнсіі складзе ў месяц 64 тысячы 130 рублёў. Па курсе на 30-га ліпеня - гэта 31 (трыццаць адзін! амэрыканскі даляр), сярэдняя па ўзросьце - 118 тысяч 500 рублёў у месяц. Гэта амаль 57$ (пяцьдзясят сем амэрыканскіх даляраў). Максымальная пэнсія ў месяц у Беларусі складзе 183 тысячы 370 рублёў (ці 88,5амэрыканскіх даляраў).
Дзяржава абяцае і надалей клапаціцца аб пэнсіянэрах.

Журналісты перамаглі
Упершыню каманда беларускіх журналістаў стала ўладальнікам VII-га Кубку Свабоды імя Генадзя Карпенкі. Традыцыйны штогадовы турнір, які прысьвячаецца памяці ведамага палітыка і футбольнага судзьдзі, прайшоў 27-га ліпеня на стадыёне Парку Чалюскінцаў у Менску.
Сёлета ў турніры, прымеркаваным таксама да 13-х угодкаў падпісаньня Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце, бралі ўдзел пяць камандаў: Аб'еднанай грамадзянскай партыі, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), Партыі БНФ, Партыі камуністаў Беларусі й зборная каманда журналістаў.
Турнір праходзіў па кругавой сыстэме. Кожная каманда згуляла з другой па адным матчы. Перамогшы ва ўсіх чатырох гульнях, каманда журналістаў ўпэўнена заняла першае месца.
Астатнія месцы: другое - каманда АГП; трэцяе - ПКБ; чацвёртае - БСДП (НГ). Апошняе месца ў Партыі БНФ.
Нагадаем, што ў мінулым годзе ў Кубку Генадзя Карпенкі перамагла каманда КХП-БНФ.
Уласны карэспандэнт

Адмова рэабілітаваць Ларысу Геніюш
9-га ліпеня Беларускі Гельсынскі камітэт зьвярнуўся да кіраўніка дзяржавы з просьбаю рэабілітаваць паэтку. У 1949 годзе Ларыса Геніюш была асуджаная да 25 гадоў зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў падрыўной дзейнасьці супраць СССР. Яна датэрмінова была вызваленая ў 1956-м годзе і да сваёй сьмерці ў 1986-м годзе жыла ў пасёлку Зэльва на Горадзеншчыне пад наглядам КГБ.
У лісьце БГК да Лукашэнкі адзначаны шэраг юрыдычных матываў: Геніюш была асуджаная, не зьяўляючыся грамадзянкаю БССР, з матар'ялаў яе справы вынікае, што ёй інкрымінавалася сяброўства ў арганізацыях "Беларуская Рада" і "Беларуская народная самапомач", якія, адзначае Беларускі Гельсынскі Камітэт, не вялі антысавецкай ці прафашыстоўскай дзейнасьці. Апроч іншага, камітэт адзначае, што артыкулы крымінальнага кодэксу, паводле якіх Ларыса Геніюш была асуджаная, былі скасаваныя ў 1960-м годзе, што паводле заканадаўства мусіць цягнуць за сабою скасаваньне прысуду і рэабілітацыю.
У 1999-м годзе БГК ужо зьвяртаўся ў Генпракуратуру Беларусі з просьбаю апратэставаць прысуд Ларысе Геніюш і яе мужу Яну. Справа была накіраваная ў Вярхоўны суд, які пастанавіў, што Ларыса Геніюш увогуле не падлягае рэабілітацыі. Было таксама паведамлена, што матывы гэтага могуць быць абвешчаныя толькі самой рэпрэсаванай.
Цяперашні зварот Гельсынскага камітэту Аляксандар Лукашэнка пакінуў без адказу, пераадрасаваўшы яго Вярхоўнаму суду. А Вярхоўны суд пацьвердзіў сваю ранейшую пазыцыю, адказаўшы, што Ларыса Геніюш была абгрунтавана прызнаная непадлягаючай рэабілітацыі.
Радыё Свабода