БЕЛАРУСЬ ЗА МЕСЯЦ

Спроба вярбоўкі
Кіраўніка Менскай абласной філіі партыі БНФ Алеся Міхалевіча спрабаваў завербаваць КДБ. Пра гэта сам Алесь распавёў на абласной канфэрэнцыі Партыі БНФ, што адбылася 15-га лістапада. Днём раней да Міхалевіча зьвярнуўся супрацоўнік КДБ з прапановаю "ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва". Малады чалавек адкінуў гэтыя прапановы.
Дарэчы, на згаданай канфэрэнцыі Міхалевіча якраз абралі кіраўніком абласной арганізацыі Партыі БНФ, а ягонымі намесьнікамі - Паўла Батуева, Юрася Зянковіча, Сяргея Мудрачэнку. 20 - 21-га сьнежня мяркуецца чарговы зьезд Партыі БНФ і руху БНФ "Адраджэньне", і канфэрэнцыя рэкамэндавала пераабраць кіраўніком партыі Вінцука Вячорку, а намесьнікамі абраць Алеся Міхалевіча, Галіну Сямдзянаву і Аляксея Янукевіча.

Севярынца прагналі
На пасяджэньні Сойма БНФ "Адраджэньне"(ня блытаць з Партыяй БНФ) з шэрагаў руху выключылі некалькі былых актывістаў, сярод іх - Павал Севярынец, Вячаслаў Сіўчык, Яўген Скочка, Аляксей Шэін.
Севярынец заявіў журналістам, што выключэньне нелегітымнае і прайшло з грубымі парушэньнямі статуту арганізацыі, бо выключыць з шэрагаў "Адраджэньня" можа толькі зьезд арганізацыі. На думку Паўла, усё гэта робіцца дзеля таго, каб не дапусьціць яго ніякім чынам на зьезд партыі й руху БНФ "Адраджэньня".

Плешчанку аштрафавалі
Сябра віцебскай суполкі КХП-БНФ Уладзімер Плешчанка быў аштрафаваны на 150 базавых велічыняў (2 млн. 475 тыс. рублёў ці 1150 амэрыканскіх даляраў). Плешчанка і Аляксандар Салаўян былі затрыманыя міліцыяй падчас правядзеньняў "Дзядоў" у Віцебску. Праз два тыдні адбыўся суд, Салаўяна папярэдзілі, а Плешчанку аштрафавалі.

"Народную волю" таксама
У №489 "Беларус" пісаў пра тое, што газэту "Народная воля" аштрафавалі на 2 тысячы даляраў, аўтараў матэрыялу ў газэце журналістку Марыну Коктыш і былую супрацоўніцу Беларускае тэлевізіі Элеанору Язерскую на 500 даляраў.
Падстава - абраза гонару і годнасьці уіраўніка Белтэлерадыёкампаніі Ягора Рыбакова за артыкул надрукаваны яшчэ ў 2001-м годзе, у якім спн. Язерская звінаваціла кіраўнікоў БТ, сярод іх і Рыбакова, у развале тэлебачаньня, а таксама ў тым, што яны спрычыніліся да сьмерці некаторых супрацоўнікаў. Рыбакоў праз два гады вырашыў пакрыўдзіцца і падаў у суд, патрабуючы з "Народнай волі" 100 тысяч даляраў, а з аўтарак матар'ялу 10 тыс. даляраў. Суд зьменшыў цану ў 50 разоў. Рыбакова гэта не задаволіла і ён падаў скаргу ў Менскі гарадзкі суд, настойваючы на ранейшай цане. Гэтым разам суд падвысіў штраф, абавязаўшы газэту сплаціць 50 млн. рублёў (прыкладна 23,3 тыс. даляраў), а Язерскую і Коктыш на 3 мільёны руб. (каля 1400 амэрыканскіх даляраў).

Акцыя...
Яшчэ ў пачатку мінулага месяцу было абвешчана, што 24-га лістапада "Малады фронт", у сёмыя ўгодкі антыканстытуцыйнага лукашэнскага плебісцыту, плануе зладзіць акцыю пад лёзунгам "Не - трэцяму рэфэрэндуму". Яна мелася быць шырокаю, сваю падтрымку нават выказалі шэраг палітыкаў. На нейкі момант падалося, што дэманстрацыя будзе некалькітысячнай. Але не атрымалася.
На акцыю на плошчы Якуба Коласа сабралося 150 чалавек, зь іх - 90 міліцыянтаў, каля 40 апазыцыянераў-маладафронтаўцаў, астатнія - журналісты. Палітыкі, што прадэкляравалі сваю падтрымку, не прыйшлі.
Некаторых дэманстрантаў пачалі арыштоўваць яшчэ на падыходах да плошчы. Прайсьці па праспэкце Скарыны ў бок Плошчы Перамогі таксама не ўдалося. Амонаўцы пачалі хапун. Усяго затрымалі 17 чалавек, зь іх - 9 непаўнагадовых. Затрыманая таксама была барацьбіт-адзіночка Аксана Новікава. Няпоўнагадовых і тых, хто адшукаў у кішэні журналісцкае падсьведчаньне адпусьцілі. На наступны дзень адбыліся суды, трох дэманстрантаў асудзілі на 15 сутак, аднаго - на пяць.
2-га сьнежня "маладафронтаўцы" вырашылі распачаць акцыю салідарнасьці з асуджанымі. Штодня а 18-й гадзіне яны зьбіраюцца стаяць са сьвечкамі каля спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку (на Акрэсьціна), дзе знаходзіліся маладафронтаўцы Артур Фінькевіч і Зьміцер Дашкевіч, а таксама актывіст Беларускае партыі свабоды Васіль Парфянкоў. Так, Артур Фінькевіч сядзіць на Акрэсьціна 30 сутак за распаўсюд улётак аб акцыі 24-га лістапада (двойчы асуджаны). Як заявіла сакратарка Маладога фронту Вольга Куўшынава "Сьвечкі ёсьць сымбалем сьвятла і свабоды. Гэтым мы хочам засяродзіць увагу грамадзтва на тым, што адбываецца. На тым, што за памкненьні да дэмакратыі моладзь саджаюць і паступаюць зь ёй вельмі жорстка. Гэтым мы хочам прадэманстраваць сябрам нашых арганізацыяў, што мы на іх не забыліся".

"Крыніцы" ня будзе
З наступнага году адное з самых папулярных і перадавых выданьняў канца 80-х пачатку 90-х часопіс "Крыніца" спыняе існаваньне. Пасьля таго, як "Крыніца" разам з газэтаю "Літаратура і мастацтва", часапісам "Полымя" была ўключана ў сумнавядомы холдынг "Літаратура і мастацтва", часапіс страціў лепшых супрацоўнікаў, а наклад пачаў імкліва падаць. Не дапамагла і падназва "Славянскі сьвет" ды арыентацыя на панславізм і "восточнославянское братсво". Наклад зьнізіўся да 100 асобнікаў, але і тыя не разыходзілася. І вось цяпер прынята рашэньне пра закрыцьцё "Крыніцы".
Памяняўся рэдактар у газэты "Літаратура і мастацтва". Віктара Шніпа замяніў Анатоль Казлоў.

Івашкевічу амністыю не далі
Рэдактару газэты "Рабочы" Віктару Івашкевічу, які за абразу прэзыдэнта адбывае "хімію" ў Баранавічах, адмовілі ва ўмоўна датэрміновым вызваленьні. Цікава, што ініцыятыва аб умоўна датэрміновым вызваленьні сыходзіла ад адміністрацыі Баранавіцкай папраўчай установы адкрытага тыпу, аднак Берасьцейскі абласны камітэт выкананьня пакараньняў пакінуў заяву не задаволенай.
Праўда, Івашкевіч не бядуе, заявіўшы, што невядома як складзецца жыцьцё і раптам зноў давядзецца сесьці за палітыку. Наступным разам скарыстацца ўмоўна датэрміновым вызваленьнем ужо ня зможа. І тут ужо не прынцыпова: выходзіць на волю ў лістпадзе ці сьнежні - тэрмін Івашкевіча заканчваецца 16-га сьнежня.

Супраць рэфэрэндуму
29-га лістапада на Камароўскім рынку беларускае сталіцы ў часе правядзеньня акцыі "Грамадзкае галасаваньне "Трэці тэрмін", затрымалі васьмёх прадстаўнікоў ініцыятыўнае групы "Наша альтэрнатыва".
Акцыя на Камароўцы доўжылася 10 хвілінаў - удзельнікі распаўсюдвалі ўлёткі з заклікам ня браць удзелу ў меркаваным рэферэндуме па трэцім прэзыдэнцкім тэрміне Лукашэнкі. Міліцыянты ў цывільным затрымалі ўдзельнікаў акцыі "за несанкцыянаваны распаўсюджваньне друкаванай прадукцыі бяз выходных зьвестак". Затрыманых пратрымалі ў пастарунку некалькі гадзін і адпусьцілі, склаўшы пратаколы (распаўсюд незарэгістраванай друкаванай прадукцыі).
Цікава, каб удзельнікі мерапрыемства раздавалі мінакам улёткі за трэці прэзыдэнцкі тэрмін, ці затрымала-б іх міліцыя?

Завадзкага прызналі памерлым
28-га лістапада суд Фрунзенскага раёну Менску прызнаў апэратара расейскага тэлеканала ОРТ Зьмітра Завадзкага памерлым. Зроблена гэта па ініцыятыве ўдавы журналіста - Сьвятланы Завадзкай. Па словах Сьвятланы, гэтую заяву яна падала дзеля таго, каб вырашыць некалькі маёмасных праблемаў.
Нагадаем, што Зьміцер Завадзкі зьнік 7-га ліпеня 2000-га году, ягоную машыну знайшлі ў аэрапорце "Мінск-2". Мяркуецца, што ў сьмерці апэратара ОРТ вінаватыя сумнавядомыя лукашэнскія "швадроны сьмерці".

Помнік Геніюш
У Зэльве ля Траецкай царквы ў канцы лістапада быў адкрыты помнік Ларысе Геніюш, беларускай паэтцы, шматгадоваму вязьню сталінскіх лягероў.
Аўтар праекту - менскі скульптар Міхась Інькоў. На высокім пастамэнце - серабрыстая выява паэткі, якая вырастае з крылаў.
Помнік зроблены на ахвяраваньні тутэйшых беларусаў і беларусаў ЗША і ўрачыста асьвячоны праваслаўным сьвятаром.

"Выпадковы прэзыдэнт"
У лістападзе ў Менску адбылася прэзэнтацыя за зачыненымі дзвярыма кнігі "Выпадковы прэзыдэнт". Аўтары Сьвятлана Калінкіна і Павал Шарамет (галоўная рэдактарка "Белорусской деловой газеты" і былы карэспандэнт расейскага канала ОРТ у Менску).
У кнізе апісваецца мэханізм прыходу Лукашэнкі да ўлады, ягонае атачэньне, будучыя пэрспэктывы, праліваецца сьвятло на выкраданьне вядомых беларускіх палітыкаў і апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага (гэта падцьвярджаецца дакумэнтамі КДБ) і іх знішчэньне лукашэнскімі "швадронамі сьмерці". Асобным раздзелам друкуецца дзёньнік Паўла Шарамета падчас ягонага знаходжаньня ў гарадзенскай турме (журналіст правёў тры месяцы ў турме за нелегальны пераход літоўскай мяжы і паказ гэтага лёгкага пераходу па тэлебачаньні).
Уласны карэспандэнт

Закрываюць шапікі
Паводле рашэньня Менгарвыканкаму, зьнесеныя кіёскі, а цяпер ад пачатку сьнежня і да сакавіка забаронены яшчэ і гандаль садавінай, гароднінай і кветкамі з вулічных латкоў і адкрытых пляцовак. Сваё рашэньне чыноўнікі патлумачылі намерам абараніць пакупнікоў ад нізкаякаснай прадукцыі ды жаданьнем надаць вуліцам прывабнейшы выгляд. Аднак не сакрэт, што гэткім чынам улада намагаецца прымусіць людзей карыстацца крамамі.
Там, дзе шчэ ўчора ўдзень і ўвечары прадавалі й куплялі, сёньня тырчаць пянькі ад зьвезеных шапікаў. Паспаліты люд ціха абураецца. Чаму-ж не чуваць змаганьня мікракамэрсантаў? Дзе яна, нацыянальная буржуазія?
Адказ на паверхні: наколькі яна не нацыянальная, настолькі-ж не буржуазія. Шапікі й рынкі ў Беларусі па сутнасьці зьяўляюцца канцавым зьвяном тавараправоднай сыстэмы, вытворчая база якой знаходзіцца ў Кітаі, Турцыі й Расеі. Над плыняй гэтых пераважна нізкаякасных рэчаў і прадуктаў раяцца перакупшчыкі рознага рангу. Большасьць зь іх - выхадцы з Каўказу і Азіі. Беларусы ў гэтай сыстэме - ня ўласьнікі, а пара тысяч наёмных работнікаў - прадаўцоў і грузчыкаў, ды яшчэ колькі сотняў тых, хто выбіўся крыху вышэй, каб самому арандаваць і наймаць.
Каму-каму, а нацыянальнаму руху тутака лавіць няма чаго.
Наша Ніва