БЕЛАРУСЬ ЗА МЕСЯЦ

Разбурылі царкву
"Беларус" ужо паведамляў пра па-дзеі вакол дамавое царквы, якую будаваў Ян Спасюк у пасёлку Пагранічным на Горадзеншчыные.
2-га жніўня, акурат на сьвята Ільлі-прарока, храм паводле рашэньня Бераставіцкага райвыканкама зруйнавалі. У інтэрв'ю журналістам Спасюк зазначыў, што БАПЦ у Беларусі ў хуткім часе адновіцца. "Зерне кінутае, і праз гады мы зьбяром нядрэнны ўраджай. А сёньня застаецца толькі цярпець". Беларуская тэлевізія і дзяржаўныя газэты вінавацяць Спасюка ў раскольніцтве і дзеяньнях у шкоду Беларускай Праваслаўнай Царквы, якая насамрэч зьяўляецца ўсяго толькі Беларускім экзархатам, падпарадкаваным Маскве.

Сацыял-дэмакраты аь'ядноўваюцца
У суботу 24-га жніўня ў Менскім міжнародным адукацыйным цэнтры адбыўся агульны зьезд дзьвух беларускіх сацыял-дэмакратычных партыяў. Бралі ўдзел дэлегаты Беларускай партыі "Надзея" Валянціны Палевіковай, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі, створанай у канцы 2001-га году зь ліку апанэнтаў БСДП "Народная Грамада" М. Статкевіча, старшынём якое стаў Аляксей Кароль.
На агульным зьезьдзе, прысутнічала больш за 160 дэлегатаў, Тут былі дэлегаты й Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады, старшыняём якое ёсьць Станіслаў Шушкевіч. Праўда, сам Шушкевіч не прысутнічаў, бо лічыць, што сацыял-дэмакраты Караля і Палевіковай павінны кааптавацца ў БСДГ. Агульны зьезд вырашыў аб'яднацца. Тым больш, што ў склад аб'еднанай партыі увайшоў Алег Трусаў, кіраўнік ТБМ, найбольшай нацыянальнай арганізацыі Беларусі.
Старшынём новастворанай партыі абраная Валянціна Палевікова, першым намесьнікам Аляксей Кароль. Партыя будзе мець назву Аб'еднаная сацыял-дэмакратычная партыя.

Лукашэнка запрашае Папу
Падзеі ў Маскве, калі Лукашэнку прапанавалі пазбыцца суверэнітэту і губэрніямі ўвайсьці ў склад Расеі, моцна зьмянілі дзяржаўныя адносіны да незалежнасьці. Ужо і апытаныя БТ "выпадковыя мінакі" на менскіх вуліцах як адзін на чыстай беларускай мове кажуць пра абавязкавае захаваньне незалежнасьці (яшчэ паўгады таму яны казалі па-расейску амаль адваротнае). То Лукашэнка заяўляе, што нягледзячы на супэрнацыяналістычнасьць паасобных прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі, іхняя думка для яго вельмі каштоўная і ён уважліва да яе прыслухоўваецца.
Лукашэнка таксама сказаў, што хоча, каб у Беларусь прыехаў Папа Рымскі ды сустрэўся з Маскоўскім партыярхам Аляксіем ІІ. А РПЦ узяла і сапсавала сэнсацыю. Кажуць, візыт Аляксія магчымы, і супраць Папы ня супраць, толькі Ватыкан мусіць адмовіцца ад падтрымкі вуніі й празелітызму ў Расеі й ва Ўкраіне. Адно незразумела, прычым Беларусь да Расеі й Украіны.

Маркевічу і Мажэйку зьменшылі тэрмін
15-га жніўня адбыўся разгляд скаргі горадзенскіх журналістаў Міколы Маркевіча і Паўла Мажэйкі. Судовая калегія, пакінула бязь зьменаў прысуд, але выкарыстала пункт 9 закону аб амністыі ды зьменшыла тэрміны пакараньня на адзін год. Цяпер Маркевіч мае 1,5 гады абмежаваньня волі ("хіміі"), а Мажэйка - год хіміі.
29-га жніўня суд вызначыў месца адбыцьця пакараньня. Маркевічу загадалі пасяліцца ў Асіповічах, а Мажэйку ў Жлобіне.
Звычайна асуджаныя застаюцца у той вобласьці, дзе жылі. Журналістаў-жа адправілі на ўсход Беларусі, відаць, каб сваякі не адведвалі часта.

Судзяць Івашкевіча
Суд над галоўным рэдактарам газэты "Рабочы" пачнецца 11-га верасьня. Яго вінавацяць у зьнявазе і паклёпе на А. Лукашэнку. Гэта пагражае пазбаўленьнем волі тэрмінам да 5 гадоў.
Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 9-га верасьня 2001-га году ў спэцвыпуску газэты быў зьмешчаны матарыял пад назвай "Злодзей мусіць сядзець у турме". У артыкуле распавядалася пра велізарныя эканамічныя злачынствы, да якіх меў адносіны Лукашэнка. Дарэчы, той нумар, да падпішчыкаў ня трапіў, бо яго цалкам сканфіскавалі.
Цяпер будзе суд. У рэчышчы асуджэньня Маркевіча і Мажэйкі Івашкевічу цяжка чакаць нечага добрага.
Журналісты адзначаюць, што дзень суда наўмысна прызначылі на 11-га верасьня, каб увага сусьветнай грамадзкасьці была адцягнутая ад Беларусі й прыкаваная да леташніх падзеяў у ЗША.

Лёс "Нашай Свабоды"
2-га жніўня суд Маскоўскага раёну Менска задаволіў пазоў старшыні Камітэту дзяржкантролю Анатоля Тозіка да газэты "Наша свабода" і ейнага журналіста Міхаіла Падаляка. Тозік вінаваціў газэту ў тым, што тая надрукавала артыкул М. Падаляка, які ганьбіў яго дзелавую рэпутацыю, зьневажаў гонар і годнасьць.
Суд прызнаў, што зьвесткі, пададзеныя журналістам не адпавядаюць сапраўднасьці ды абавязаў газэту выплаціць 100 млн. рублёў ($55 тыс), М. Падаляку - 5 млн. ($2,5 тыс.)
На просьбу Анатоля Тозіка грошы мусяць пералічыць на будаўніцтва вясковай бальніцы на Піншчыне.
Вялікі штраф спыніў выхад пэрыядычнага выданьня. Журналісты толькі выпусьцілі нумар, які распавядаў пра суд над газэтаю.
Напрыканцы жніўня Павал Жук абвясьціў, што газэта прыпыняе свой выхад, бо арыштаваныя рахункі, і немагчыма аплаціць паслугі друкарні. Галоўны рэдактар заклікаў людзей, чытаць "Нашу свабоду" ў сеціве, але там навіны апошнім разам абнаўляліся 24-га траўня.

Тыднёвік "Новы час"
Таварыства беларускай мовы зрабіла новы праект, выдаўшы газэту "Новы час". 16-бачынавая газэта мусіць у перспэктыве выдавацца раз на тыдзень і знаёміць чытача з навінамі беларускай культуры, жыцьцём інтэлігенцыі ды іншымі надзённымі пытаньнямі. Галоўны рэдактар Кастусь Тарасаў, які быў намесьнікам галоўнага рэдактара ўжо былой "Нашай свабоды". Газэта абяцае быць цікавай.

Козік узяў рэванш
Галоўны рэдактар газэты "Беларускі час" Аляксандар Старыкевіч быў звольнены са сваёй пасады загадам Л. Козіка (адбылася гэта падзея 8-га жніўня). На сустрэчы з калектывам газэты Козік параіў журналістам быць бліжэй да народа і не займацца палітыканствам.

Касьцян сыйшоў
Сяргей Касьцян падаў у адстаўку з пасады кіраўніка голдынгу "Літаратура і мастацтва", сыходзіць і Таіса Бондар - кіраўнічка выдавецтва "Всемирная литература". Кажуць, што Касьцян прызначыў кіраўніком "Всемирной литературы" Міраслава Адамчыка, брата Адама Глёбуса, і цяпер выдавецтва будзе звацца "Сусьветная літаратура" і арыентавацца на школьныя патрэбы, перакладаючы на беларускую мову творы сусьветнай клясыкі.

Манэты ў гонар Дамейкі
Нацыянальны банк Беларусі адбіў памятныя манэты ў гонар Ігната Дамейкі наміналам у 20 і 1 рубель. На рэверсе - выява І. Дамейкі, а таксама рэльефная выява геалягічнага малатка, а таксама ўстаўка з каменя дамейкіта і яго хімічная формула

Зачыняюць кінатэатар
Зачыняюць менскі кінатэатар "Зьмена". Кажуць, што нерэнтабэльны.
Між тым, творчая інтэлігенцыя мяркуе, што зачыняюць яго з-за таго, што кінатэатар быў цягам апошніх гадоў асяродкам беларушчыны. Тут дэманстраваліся беларускія кінастужкі, у тым ліку і "Дарога на Курапаты", а таксама ладзіліся сустрэчы з творчай інтэлігенцыяй.

Іспыт "Белага Легіёну"
25-га жніўня патрыятычная арганізацыя "Белы легіён" зладзіла для сваіх сябраў іспыты на атрыманьне "Сталёвага бэрэту". Іспыты былі нялёгкія: трэба было прабегчы 30 кілямэтраў, 3 кілямэтры кросу, выканаць фізычныя практыкаваньні. У выніку шэсьць сябраў арганізацыі атрымалі ганаровыя ўзнагароды.

Фэст у Будславе
Ужо ў другі раз ў Будслаўскім касьцёле праходзіць ня толькі ведамы фэст 2-га ліпеня, але ладзіцца яшчэ адзін -- на сьвята Ўнебаўзяцьця Маці Божай (15-га жніўня), у гонар чаго названы касьцёл. Падзеі пачынаюцца ходам са сьвечкамі вакол парку, ночы няспаньня ў касьцёле. Раніцою ладзяць ход са станцыі Будслаў да касьцёла і ўсю дарогу пяюць песьні ў гонар Маці Божай Будслаўскай.
Найбольш вернікаў было са свае парафіі й суседніх, але ўжо пачынаюць прыяжджаць і здалёку. У будучым зьбіраюцца пашыраць ведамасьць жнівеньскага фэсту, каб зьбіраліся людзі з розных куткоў Беларусі.

Хрысьціянскі летнік
У Занарачы на Мядзелшчыне два тыдні праходзіў міжнародны хрысьціянскі маладзёвы летнік. Ідэя такога летніка зьявілася некалькі гадоў таму у каталіцкага біскупа зь Нямеччыны доктара Хамайера, каб зьбіраць моладзь з розных краінаў сьвету. Летнік у папярэднія гады ладзіўся ў розных краінах Усходняй Эўропы. І вось сёлета ўпершыню ён прайшоў у Беларусі. Занарач сабрала каля двухсот чалавек зь Беларусі, Нямеччыны, Летувы, Украіны, Румыніі, Сэрбіі, Баўгарыі.
Моладзь працавала на дабраўпарадкаваньні новае царквы, паставілі агароджу, зрабіла сходы да храма. Нароўні з усімі працаваў і 73-гадовы біскуп.
Адметнасьць летніка ў тым, што сабраліся ў ім і праваслаўныя, і каталікі, і вуніяты. Дзень пачынаўся і завяршаўся агульнаю малітваю у паходным храме - разам былі вернікі розных канфэсыяў.

Уласны карэспандэнт