БЕЛАРУСЬ ЗА МЕСЯЦ

ДЗЕНЬ ВАЙСКОВАЕ СЛАВЫ
Сьвяткаваньне Дня Вайсковае Славы, першага сьвята, што адчыняе палітычную восень, сёлета не сабрала шмат народу. Гэтым разам на канцэрт, зладжаны Беларускім Народным Фронтам, што адбыўся на плошчы Бангалёр, прыйшло каля 100 чалавек.
На пляцоўцы перад Нацыянальнай акадэміяй навук Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя БНФ зладзіла мітынг, там таксама было ня больш за 100 чалавек.
Сьвята Вайсковае Славы, якое адзначаюць ў гонар перамогі над маскалямі пад Воршаю, у першыя гады незалежнасьці адзначалі масава і весела.

ПЕРАСЬЛЕД ПРЭСЫ
Скарга Паўла Жука, галоўнага рэдактара "Нашай Свабоды", пададзеная на вырак суда, прыняты на карысьць старшыні Камітэта дзяржкантролю Анатоля Тозіка, была пакінутая бязь зьменаў. Такім чынам газэта і журналіст Міхаіл Падаляк мусяць агулам сплаціць пазоўніку 105 млн. рублёў штрафу за маральную шкоду і зьнявагу асобы пазоўніка.
Павал Жук заявіў, што спыняе змаганьне зь "вятракамі" й пачынае працаваць над новым праектам пад назваю "Время". Газэта мусіць выдавацца раз на тыдзень, выходзіць па панядзелках на 24-х бачынах. Першым намесьнікам галоўнага рэдактара будзе Міхаіл Падаляк.

Між тым, старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Леанід Козік зьвярнуўся ў Міністэрства інфармацыі з просьбаю зачыніць самую масавую недзяржаўную газэту Беларусі "Народная Воля". Падстава - няправільнае асьвятленьне на старонках газэты пазачарговага зьезду ФПБ.

АКЦЫЯ АПАЗЫЦЫІ
Прадстаўнікі беларускіх апазыцыйных партыяў (БНФ, АГП, Аб'еднанай сацыял-дэмакратычнай партыі, Беларускай партыі працы, Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады, ПКБ, ліберал-дэмакраты) 23-га верасьня на сваім супольным паседжаньні вырашылі правесьці ў лістападзе сумесную акцыю, накіраваную супраць зьбядненьня народу і ў падтрымку суверэнітэту краіны. Пакуль назву акцыі ня вызначылі, але, кажуць, што абавязкова будуць прысутнічаць наступныя лозунгі: "Незалежнасьць", "Дабрабыт", "Без дыктатуры". Да іх мяркуе далучыцца "Хартыя-97", якая спачатку жадала правесьці аўтаномна чарговы марш-пратэст "За лепшае жыцьцё", але, відаць, перадумала.
Мяркуецца, што сумесная акцыя апазыцыі пройдзе 17-га лістапада і пачнецца а 12-й гадзіне, стартаваўшы з плошчы Якуба Коласа.

АКЦЫЯ КХП БНФ
29-га верасьня ў сквэры Янкі Купалы сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ (больш за 100 чалавек) зладзілі акцыю ў абарону незалежнасьці Беларусі. Яны трымалі плякаты "Ніякіх саюзаў зь імпэрскай Расеяй!", "Беларуская салідарнасьць - наш супраціў расейскай акупацыі!", "Расейскія ваенныя базы - прэч зь Беларусі!"
На мітынгу быў зачытаны зварот лідэра КХП БНФ Зянона Пазьняка, які заклікаў ствараць камітэты абароны Беларусі ад расейскае агрэсіі, а ўдзельнікі акцыі прынялі рэзалюцыю, у якой выказалі пратэст супраць агрэсыўных дзеяньняў расейскага кіраўніцтва адносна Беларусі.
Пасьля заканчэньні мітынгу пачаўся традыцыйны ў такіх выпадках хапун. Былі затрыманыя выконваючы абавязкі кіраўніка КХП БНФ у Беларусі Юры Беленькі, прэс-сакратар Валеры Буйвал, актывісты партыі Ўладзімер Плотнікаў і Канстанцін Кашэль.

ЗЬБІЛІ КАРАЛЯ
13-га верасьня позна ўвечары невядомыя злодзеі зьдзейсьнілі напад на аднаго зь лідэраў беларускіх сацыял-дэмакратаў Аляксея Караля. Яго зьбілі ды скралі дарожную торбу, грошы й пашпарт. Аляксей Кароль у той дзень вяртаўся зь Вільні, дзе знаходзіўся па запрашэньні летувіскіх сацыял-дэмакратаў. У той-жа дзень вярталася разам з Каралём зь Вільні лідэрка Аб'еднаных сацыял-дэмакратаў і жаночай партыі "Надзея" Валянтына Палевікова. Ля пад'езду дому, дзе яна жыве, яе таксама чакалі няведамыя. Аднак выратавала тое, што жанчына ішла з сынам і ягонымі сябрукамі.

ПРЫСУД ІВАШКЕВІЧУ
Суд доўжыўся два дні: 11-га і 16-га верасьня. Пракурор прасіў тры гады абмежаваньня свабоды ("хіміі"), а судзьдзя даў два гады "хіміі". Віктар Івашкевіч у інтэрв'ю журналістам заявіў, што не прызнае свае віны:"За выказанае слова крытыкі на адрас прэзыдэнта, грамадзянін, можа быць рэпрэсаваны". Згодна з амністыяй, прысуд мусіць быць зьменшаны на адзін год.
А мы мусім запомніць імёны "герояў працэсу". Судзьдзю завуць Уладзімер Кобышаў, пракурор - Канстаньцін Чагін.

АДМОВА МІНЮСТА
Міністэрства юстыцыі адмовілася прызнаць IV зьезд Беларускай партыі жанчын "Надзея", які адбыўся 24-га жніўня. На тым зьезьдзе было прынятае рашэньне аб самаропуску партыі й уваходжаньні яе сяброў у новую Аб'еднаную сацыял-дэмакратычную партыю (АСДП). У заяве Міністэрства юстыцыі адзначаецца, што "прымаючы рашэньне аб ліквідацыі партыі, дэлегаты "Надзеі" перавысілі свае паўнамоцтвы".
Такім чынам пад пагрозаю непрызнаньня зьезд, які прыняў рашэньне аб аб'еднаньні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Аляксея Караля, "Надзеі" й БСДГ. Давядзецца сацыял-дэмакратам кааптавацца ў БСДГ Шушкевіча.

СКРАЛІ ПОДПІСЫ
13-18-га верасьня ў Варшаве ў канфэрэнцыі бралі ўдзел дзьве беларуская дэлегацыя, як ад "афіцыйнага" Менску, так і апазыцыйная. Сярод апошніх была і функцыянэрка "Хартыі-97" Людміла Гразнова.
Падчас свайго выступу сп-ня Гразнова распавяла пра перасьлед у Беларусі журналістаў недзяржаўных СМІ. І пусьціла па шэрагах зварот, каб эўрапейскія дэлегаты падпісаліся за Мажэйку, Маркевіча ды Івашкевіча. Эўрапейцы пачалі ахвотна падпісвацца, але калі сьпіс апынуўся на адрэзку паміж дэлегацыямі Азэрбайджана ды Бэльгіі, ён нечакана зьнік.
Акурат між гэтымі дэлегацыямі сядзела афіцыйная дэлегацыя зь Менску.

ПАДТРЫМКА ЖУРНАЛІСТАЎ
Напрыканцы верасьня першы сакратар амбасады ЗША ў Беларусі Тэд Контак і трэці сакратар Ян Тэрнэр наведалі месцы ўтрыманьня Міколы Маркевіча і Паўла Мажэйкі, адпаведна ў папраўчых установах Асіповічаў і Жлобіна. Маркевіч працуе вартаўніком на прадпрыемстве ў Асіповічах, а Мажэйка - разнарабочым на прыватным тартаку.
Візыт насіў неафіцыйны характар, але прадстаўнікі амэрыканскайе амбасады заявілі, што і надалей будуць такім чынам падтрымліваць асуджаных журналістаў.

ЗЬЕЗД ПІСЬМЕНЬНІКАЎ
24-га верасьня ў Менску прайшоў пазачарговы зьезд Саюзу Беларускіх Пісьменьнікаў. Да яго два месяцы была прыцягнутая вялікая ўвага. Ніякіх расколаў, якія плянаваліся, не адбылося. Праўда, не прыехаў на зьезд Васіль Быкаў, не схацеўшы гуляць у палітычныя гульні.
Не абышлося і бязь "сьмешных рэчаў". Рэдактар "Бюлетэня Адміністрацыі Прэзыдэнта Беларусі" Эдуард Скобелеў распавядаў дэлегатам пра масавае зьбядненьне народу ў заходніх краінах ды наступ там-жа на правы рабочых. А напрыканцы прапанаваў паставіць помнік Лукашэнку. Яго асьвісталі.
Новым старшынём абраны малады пісьменьнік і выкладчык БДУ Алесь Пашкевіч. На выбарах яму супрацьстаяў рэдактар дзіцячага часапіса "Вясёлка" Ўладзімер Ліпскі.
У склад Рады СБП абраныя 45 чалавек, сярод іх: Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Ніл Гілевіч, Сяргей Законьнікаў, Вольга Іпатава, Уладзімер Арлоў.

МІЛІЦЭЙСКІ ТЭРОР
У ноч з 8-га на 9-е верасьня ў Горадні зьбілі журналіста і музыканта. Ен не сьвяткаваў у той дзень ні Дня вайсковае славы, не стаяў зь пікетам у абарону асуджаных журналістаў з "Пагоні", хоць дагэтуль неаднаразова браў удзел у дэмакратычных акцыях.
26-гадовы Стас Пачобут, лідэр моладзёвага панк-гурта "Deviation" і карэспандэнт газэты "Навiнкi", у той дзень вяртаўся зь дня народжаньня. На вуліцы Пушкіна яго спынілі міліцыянты й загадалі сесьці ў машыну. Стас адмовіўся і запатрабаваў паказаць дакумэнты. Тыя ў адказ надзелі яму кайданкі й пачалі зьбіваць, а потым кінулі галавою аб асфальт. Зьбіцьцё працягнулася ў машыне. Калі даставілі хлопца ў Ленінскі РАУС, яго кінулі тварам аб ганак. Калі Пачобута пазьней прывезьлі ў шпіталь хуткай дапамогі, у яго зафіксавалі страсеньне мазгоў, а таксама выявілі, што зламаная ськівіца. Ад зьбіцьця моцна заплыло вока, і ўзьнікла пагроза страты зроку.
Брат Стаса Андрэй Пачобут і сябры намагаліся распачаць крымінальную справу супраць міліцыянтаў, але тыя ўсяляк адмаўляюць зьбіцьцё і кажуць, што Стас сам (!) упаў галавою аб асфальт а потым на прыступкі ганку, таму і пабіўся моцна.

СЬВЯТА КОЛАСА
21-га верасьня на Стаўпеччыне адбылося рэспубліканскае сьвята паэзіі "Па шляху Якуба Коласа", прысьвечанае 120-годзьдзю зь дня народжаньня паэта. Некалькі тысячаў чалавек наведалі мясьціны, зьвязаныя зь імем паэта: фальварак Акінчыцы, дзе нарадзіўся Кастусь Міцкевіч (цяпер у межах Стоўпцаў) ды Мікалаеўшчыну, разьмешчанаую ў маляўнічай лукавіне Нёмана. Найвышэйшыя чыноўнікі дзяржавы й ад літаратуры кляліся ў любові да творчасьці Коласа, імкнучыся даказаць, што рупяцца і пра Беларусь, і пра Коласа.

ЗЬБІЛІ МАЛЬДЗІСА
23-га верасьня а 11-й вечара няведамыя зьдзейсьнілі напад на слыннага навукоўца і беларусіста Адама Мальдзіса. Напад быў зроблены каля дому, дзе жыве прафэсар. Яго зьбілі ды адабралі "дыплямат" з паперамі. Паважанага навукоўца заўважыла жонка, якая выглянула ў вакно і ўбачыла мужа, які ляжаў на зямлі і стагнаў. Выклікалі "хуткую дапамогу". Сам Адам Мальдзіс адхіліў палітычную вэрсію нападу, заявіўшы, што зьвязвае выпадак зь меркаванымі Другімі беларуска-японскімі чытаньнямі, прысьвечанымі Язэпу Гашкевічу, ўраджэнцу Беларусі, першаму консулу Расеі ў Японіі.

РЭЙТЫНГ ЗЬНІЖАЕЦЦА
Рэйтынг Лукашэнкі ў верасьні чарговы раз зьнізіўся і складаў напрыканцы месяца 27%. Спэцыялісты прагназуюць, што з пагаршэньнем жыцьця і матэрыяльных умоваў ён будзе і надалей пакрысе паўзьці ўніз.
Але тое-ж апытаньне выявіла, што сярод партыяў найбольшы рэйтынг мае Беларуская лібэральна-дэмакратычная партыя Сяргея Гайдукевіча, але гэта толькі каля 6,5%! Два БНФ і сацыял-дэмакраты ўціскаюцца ў межах ад 2,5 да 3,9% працэнтаў.

НАПАД НА ЖУРНАЛІСТА
Увечары 28-га верасьня няведамыя напалі на журналіста недзяржаўнага "Радыё Рацыя" Генадзя Кесьнера. Гэта адбылося а 9-й гадзіне вечара на аўтобусным прыпынку на вуліцы Ясеніна, што ў крымінагенным мікрараёне Малінаўка. Журналіст вяртаўся дахаты, ён выйшаў з аўтобусу, і тады няведамыя нанесьлі некалькі ўдараў па галаве. Генадзь страціў прытомнасьць, а калі ачуняў, то выпадковыя мінакі дапамаглі яму дабрацца дахаты, адкуль яго ўжо забрала машына "хуткай дапамогі". У больніцы лекары канстатавалі, што ў журналіста чэрапна-мазгавая траўма. Цікава, што ні прыватных рэчаў, ні грошай у яго ня скралі.

СЬВЯТА АГІНСКАГА
22-га верасьня ў Залесьсі, што на Смаргоньшчыне, адбылося сьвята, прысьвечанае 237-годзьдзю зь дня народжаньня Міхала Клеафаса Агінскага. Зладзілі яго супрацоўнікі музэя Агінскага. Цікава, што той музэй невялічкі: дырэктар, два навуковыя супрацоўнікі й вартаўнік. Старэйшы супрацоўнік музэя Сяргей Верамейчык адначасова ўзначальвае дзіцячую студыю "Альтанка". На сьвяце выхаванцы "Альтанкі" выканалі песьні, прысьвечаныя Агінскаму. А пасьля на флейтах сыгралі музычныя творы знакамітага земляка.
Гэта ўжо 12-е сьвяткаваньне ўгодкаў вялікага музыкі. Папрыяжджалі госьці з усіх куткоў Беларусі, але найбольш было землякоў.

ПАСТАВІЛІ КРЫЖ
У вёсцы Ляды, што на Ігуменшчыне, 22-га верасьня стараньнямі мясцовых актывістаў, якіх узначальвае старшыня мясцовай філіі БНФ і сябра мастацкай суполкі "Пагоня" Генадзь Матусевіч, быў пастаўлены крыж. Ен цяпер стаіць на месцы баёў паўстанцаў Каліноўскага з расейскімі карнікамі ў 1863-м годзе. На крыжы выбітыя словы: "Божа, барані Беларусь!"

"ДЗЕЯСЛОЎ"
Напрыканцы верасьня ў Беларусі зьявілася новае літаратурнае выданьне - "Дзеяслоў" (Літаратурна-мастацкае і публіцыстычнае выданьне). Зроблены ён сіламі тых літаратараў, якія не схацелі працаваць разам з уладаю ва ўжо паднявольных "Полымі", "Крыніцы", "Нёмане". Галоўны рэдактар Барыс Пятровіч (Сачанка), былы намесьнік галоўнага рэдактара "Полымя", намесьнікі - Алесь Пашкевіч і Эдуард Акулін. Часапіс падзяляецца на 4 разьдзелы: паэзія, проза, пераклады, публіцыстыка і крытыка.
У першым нумары, які шыракафарматны й налічвае 256 бачынаў, друкуюцца версэты Алеся Разанава, паэма "Палянэз" Уладзімера Някляева, вершы Леаніда Дранько-Майсюка, Алеся Пісьмянкова, Яна Чыквіна, Міхася Скоблы; урыўкі з новай кнігі Сьвятланы Алексіевіч, апавяданьне Андрэя Федарэнкі "Чарнавікі і пісьмы", абразкі Янкі Брыля, аповесьць Юрыя Станкевіча.
Дадамо, што выданьне мае наклад 1.000 асобнікаў. У прадмове выдаўцы пішуць: ""Дзеяслоў" - выданьне адкрытае для ўсіх. У гэтым можна пераканацца па першаму выпуску. Усё вартае: таленавітае, адметнае, шчырае, сьмелае - будзе друкавацца на старонках выданьня. "Дзеяслоў" пастараецца не расчараваць ні сваіх сяброў, ні сваіх ворагаў. Крытэрыем для "Дзеяслова" будзе найперш літаратурная вартасьць і якасьць твору, а не палітычная заангажаванасьць".

ЖАХЛІВАЕ ЗАБОЙСТВА
Напрыканцы верасьня міліцыянты затрымалі 63-гадовую жыхарку вёскі Чамяры-2 Ганну Семянюк, якая прызналася ў тым, што яшчэ ў студзені пасьля сваркі забіла свайго сына сякераю, а потым разам з мужам закапалі цела ў хляве. Вяскоўцам яна заявіла, што сын зьехаў.

ПРА ВЕЧНАСЬЦЬ І МІР
17-га верасьня Лукашэнка ладзіў для журналістаў прэсавую канфэрэнцыю. Як звычайна, было весела і цікава. Напрыканцы шоў, калі прыгатаваныя загадзя пытаньні скончыліся, Лукашэнка папрасіў пытаць яшчэ. Журналіст Беларускай службы Радыё Свабоды Валянцін Жданко задаў пытаньне: што будзе рабіць Лукашэнка ў 2006-м годзе, паколькі канстытуцыя забараняе абірацца на трэці тэрмін. У адказ Лукашэнка заявіў, што ніякіх хітрыкаў рабіць ня будзе, а толькі "па-чэснаму" праз рэфэрэндум будзе прынятае рашэньне аб магчымасьці абірацца на трэці тэрмін. А "потым чэсныя прэзыдэнцкія выбары". Апроч таго, Лукашэнка моцна павесяліў публіку заявіўшы, "што ён самы чэсны і самы веруюшчый прэзыдэнт у сьвеце". Напэўна, больш веруючы за Яна Паўла ІІ.

Уласны карэспандэнт