БЕЛАРУСЬ ЗА МЕСЯЦ

ПАДТРЫМКА ПАЛЯКАЎ
4-га кастрычніка найбуйнейшае польскае выданьне "Газэта Выборча" распачала акцыю ў падтрымку зьняволеных беларускіх журналістаў Міколы Маркевіча, Паўла Мажэйкі, Віктара Івашкевіча, а таксама супраць закрыцьця незалежных беларускіх газэтаў. Чытачам "Газэты Выборчай" прапаноўвалася дасылаць пратэсты Лукашэнку на адрас рэдакцыі. Пад пратэстамі падпісалася паўтары тысячы чалавек, сярод якіх быў і ляўрэат нобелеўскай прэміі ў галіне літратуры Чэслаў Мілаш.
24-га лістапада журналісты перадалі пратэсты ў амбасаду Беларусі ў Польшчы.
У Беларусі працягваецца акцыя, ініцыяваная Беларускай асацыяцыяй журналістаў, па адмене трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу (за паклёп на прэзыдэнта, за абразу прэзыдэнта, за абразу службовай асобы), пад якія можна падвесьці любога журналіста і любую недзяржаўную газэту.

ДЗЯДЫ
Каля тысячы чалавек сабралася на Дзяды ў Курапатах. Як і ў мінулыя гады, акцыі ладзілі розныя групы. Прыхільнікі Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыяй БНФ (каля паўтысячы) зьбіраліся ля станцыі мэтро Парк Чалюскінцаў, Партыі БНФ (каля 150 чалавек) - ля станцыі мэтро "Усход". Пабачыўшы, што іх прыхільнікаў значна меней, "вячоркаўцы" мусілі далучыцца да больш масавай групы КХП БНФ, і аб'еднаная група разам рушыла да Курапатаў, дзе адбыўся супольны мітынг.

АНАРХІСТЫ МІТЫНГАВАЛІ
У халодны марозны дзень 7-га лістапада беларускія камуністы (старшыня Сяргей Калякін) сабраліся на мітынг, каб ушанаваць Дзень кастрычніцкай рэвалюцыі. Яны амаль подбегам прайшлі ад Акадэміі навук да плошчы Бангалёр. На імправізаваным мітынгу шмат казалі пра сьветлыя і прыгожыя ідэі бальшавіцкага перавароту, пра тое, што рэвалюцыя вывела паўфеадальную, бедную, п'яную Расею ў перадавыя краіны сьвету, пра тое, што Беларусь займала ў гэтай сям'і пачэснае месца.
Разьвесялілі журналістаў, прысутных на акцыі, беларускія анархісты. Калі камуністы зацягвалі свае лозунгі, кшталту: "Ленін, партыя, кастрычнік, камунізм", анархісты скандавалі: "Сталін, Бэрыя, ГУЛАГ".

АКЦЫЯ 17-га ЛІСТАПАДА
17-га лістапада ў Менску прайшла акцыя апазыцыі ў абарону незалежнасьці Беларусі. "Беларус" ўжо пісаў, што 23-га верасьня лідэрамі асноўных апазыцыйных партыяў (БНФ, АГП, Аб'еднанай сацыял-дэмакратычнай партыі, Беларускай партыі працы, Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады, ПКБ, Ліберал-дэмакратаў) быў падпісаны адмысловы пакт, які прадугледжваў аб'яднаць намаганьні ў правядзеньні акцыі. Напярэдадні адмовіліся ад яе правядзеньня лібэрал-дэмакраты, Партыя камуністаў Беларусі, Партыя працы. Лідэр АГП Анатоль Лябедзька прапаноўваў не праводзіць акцыю ўвосень, а рыхтавацца да веснавых мерапрыемстваў. Нечаканым нават быў дазвол гарвыканкаму на правядзеньне шэсьця ад плошчы Якуба Коласа да Акадэміі навук.
17-га лістапада на плошчы Якуба Коласа сабралася каля тысячы чалавек. Яны несьлі бел-чырвона-белыя сьцягі, штандары Эўразьвязу, плякаты: "Жыве незалежная Беларусь!", "Абаронім незалежнасьць Беларусі", "Беларусь - у Эўропу", "Беларусь - у НАТО!". Удзельнікі шэсьця дайшлі да Акадэміі навук, дзе адбыўся мітынг, выступілі некалькі вядомых беларускіх палітыкаў: Юры Хадыка, Валянціна Палевікова, Павал Севярынец. Старшыня партыі БНФ Вінцук Вячорка заклікаў Лукашэнку сысьці ў адстаўку.
Пасьля мітынгу частка ўдзельнікаў (каля 50 чалавек) прыйшлі да будынку амбасады Расіі, каб перадаць зварот да Пуціна ў абарону незалежнасьці Беларусі. Расейцы пэтыцыю не прынялі.
Цікава, што сайт Радыё Рацыі у сваім рэпартажы назваў колькасьць удзельнікаў акцыі (RR падало лічбу ў 1,5 тыс.) вялікай колькасьцю людзей. Відаць, у Беларусі новыя стандарты на колькасьць людзей на акцыях.

ПЭРСОНА НОН-ГРАТА
Як ведама, Лукашэнку ня толькі не пусьцілі на саміт НАТО ў Прагу, але наагул забаранілі выяжджаць у краіны Эўразьвязу і ЗША, абвесьціўшы пэрсонай "нон грата". Самы цікавы камэнтар адносна гэтага даў супрацоўнік польскага Цэнтру спэцыяльна-эканамічных дасьледаваньняў Пётра Казаржэўскі заявіўшы, што Лукашэнку нельга ніякім чынам раўняць з тым-жа Садамам Гусэйнам. Гусэйн - гэта асоба, а беларускі прэзыдэнт нашмат драбнейшы. Так што для яго быць пэрсонай "нон грата" вялікі гонар.

ЗАКРЫВАЮЦЬ ГАЗЭТУ
Толькі 1-га лістапада выйшаў першы нумар недзяржаўнай газеты "Местное время", як Міністэрства інфармацыі абвесьціла, што анулюе пасьведчаньне аб рэгістрацыі. Знайшлі нейкія неадпаведнасьці ў дакумэнтах. Пасьпелі выдаць толькі тры нумары.

САНЭТЫ КУПАЛЫ
У Мінску выйшла кніга "Санэтаў" Янкі Купалы. Ейная прэзэнтацыя прайшла ў Дзяржаўным літаратурным музэі паэта. Адметнасьць кнігі ў тым, што ў прыгожа аформленае выданьне ўвайшлі 22 санэты паэта па-беларуску, а таксама перакладзеныя на ангельскую, гішпанскую, нямецкую, польскую, расейскую, украінскую, францускую мовы. Беларускі паэт і былы рэдактар часапіса "Полымя" Сяргей Законьнікаў зазначыў: "А які ўзор публіцыстыкі ў артыкулах Купалы 20-х гг. Тут ёсьць чаму павучыцца сёньняшнім журналістам, якія пры ўсіх іх талентах, жывуць праблемамі суседняй краіны". Вельмі слушна

У ЖНІЎНІ 1936-га
18-га лістапада на Малой сцэне тэатра Янкі Купалы адбылася незвычайная прэм'ера. Ставілася п'еса гісторыка Віталя Скалабана "У жніўні 36-га". У аснове - стэнаграмы допытаў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Петруся Броўкі, якія захоўваюцца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь. П'еса была паказаная ў жанры дакумэнтальнага спэктаклю - тут акторы ня граюць пэрсанажаў, а толькі чытаюць тэксты па ролях. Суправаджаўся паказ музыкай Віталя Залатарова да "Ліста беларускіх пісьменьнікаў".
Сам Віталь Скалабан зазначыў, што гэта толькі адна зь мільёну трагедый, што захоўваюцца ў фондах беларускіх архіваў.

ПРЭМІЯ ПЭН-ЦЭНТРУ
25-га лістапада была ўручаная штогадовая прэмія імя Франьцішка Багушэвіча, заснаваная Беларускім ПЭН-цэнтрам. Гэтым разам яе ўручылі кандыдату гістарычных навук Ніне Стужынскай, даьследчыцы беларускага супраціву 20-х гадоў. Сп-ня Стужынская атрымала прэмію за кнігу "Беларусь мяцежная. З гісторыі антысавецкага ўзброенага руху ў 20-ыя гады". Кніга выйшла ўвесну 2001-га году. Аўтарка зазначыла, што матэрыял для кнігі зьбіраўся 10 гадоў, а яе асноўнай ідэяй зьяўляецца барацьба з абрыдлым штампам пра тое, што беларусы памяркоўная нацыя. Калі трэба было, яны станавіліся агрэсыўнымі: баранілі радзіму, дом, сям'ю.

МУЗЭЙ ГЭБРАЙСКАГА ГЕТА
У Менску адчыніцца гістарычная лябараторыя, прысьвечаная менскаму гета. Яна разьмесьціцца ў будынку на рагу вуліц Сухой і Калектарнай, у тым раёне, дзе ў вайну было гэбрайскае гета. У гістарычнай лябараторыі будзе архіў, бібліятэка, будуць сабраныя дакумэнты па гета і лягеру сьмерці "Трасьцянец".
24-га лістапада ля гэтага будынку адкрыўся помнік брэмэнскім гэбраям, якіх дэпартавалі зь Нямеччыны ў Менск падчас гітляроўскага рэжыму.
"Гэбрайскае пытаньне" становіцца актуальным апошнім часам у Менску. Вось прэзыдэнт Сусьветнага згуртаваньня беларускіх гэбраяў сабраў 75 подпісаў са 109 дэпутатаў пад зваротам да Лукашэнкі з просьбаю спыніць будаўніцтва жылога дому на месцы былой сінагогі ў Менску, а таксама спыніць канчатковае разбурэньне Халоднай Сінагогі (была пабудаваная ў 1570-м годзе) у Менску.
Наадрэз адмовіўся падпісваць зварот адыёзны Сяргей Касьцян, заявіўшы, што ў нас славянская краіна, а не гэбрайская і жыда-масонская, а яе хочуць ператварыць у аплот сіянізму. "Дурні тыя дэпутаты, хто падпісаў зварот", - былі ягоныя словы.

НОВЫ ДЫСК ШАЛКЕВІЧА
20-га лістапада ў Доме ветэранаў адбылася прэзэнтацыя новага дыска Віктара Шалкевіча "Добрай раніцы", выпушчанага Беларускай музычнай альтэрнатывай. Гэты дыск - найлепшыя песьні паэта за 10 гадоў. Гэта "Жлобская нацыя", "Смутны беларускі блюз", "Хамская ўлада", "Песьня пра таварышча Сапегу", "Ціхі анёл" ды іншыя. На імпрэзе Шалкевіч прасьпяваў свае найлепшыя песьні, а "Таварышча Сапегу" сьпявала ўся заля.

АСУДЗІЛІ СЫНА В. КОРБУТ
Суд ЗША прысудзіў сына гімнасткі Вольгі Корбут і Леаніда Барткевіча, 23-гадовага Рычарда Барткевіча, да 3,5 гадоў турмы. Яго прызналі вінаватым у тым, што зь лістапада 2001-га году да лютага 2002-га году на каляровым прынтэры ў бацькоўскім доме пад Атлянтай ён вырабляў 100-даляравыя банкноты (усяго каля 40 банкнотаў). Калі выявілі падробкі, спачатку думалі на Вольгу Корбут, але аказалася, што дарма. Маці на судзе не прысутнічала, яна цяпер жыве ў Флёрыдзе.

Уласны карэспандэнт