"Беларускі й беларусаведны друк на Захадзе"

Два стагодзьдзі беларускага друку на эміграцыі
ў Нью Еркаўскай Публічнай біліятэцы
Гэты артыкул ёсьць анонсам і прэзэнтацыяй беспрэцэдэнтнай у гісторыі нашае культуры Бібліяграфіі - двутамовіка Зоры й Вітаўта Кіпеляў "Беларускі й беларусаведны друк на Захадзе". У ёй - пуцявіны эміграцыі й беларускага слова на Захадзе, вынікі зробленага за 200 гадоў і, што ня менш істотна, закладзіны новых фундамэнтальных досьледаў. Пра канцэпцыю і зьмест Бібліяграфіі трохі пазьней, а пакуль што невялічкая

ПЕРАДГІСТОРЫЯ
У гістарычна-культурным разьвіцьці беларускай нацыі сталася так, што беларускае кнігадрукаваньне пачалося не на Бацькаўшчыне.
Др. Франьцішак Скарына пераклаў і выдрукаваў у беларускай мове Біблію ў Празе ў 1517-м годзе - годзе, які ўважаецца за пачатак беларускага кнігадрукаваньня.
Сьледам за Скарынам і іншыя ліцьвіны-беларусы друкавалі кнігі ў Заходняй Эўропе. Гэтак, ведамая палемічная кніга Марка Антонія ў перакладзе ў беларускую мову была выдрукаваная ў Франкфурце ў 1616-м годзе. Казімір Семяновіч надрукаваў сваю працу "Artis Magnae Artilleriae" ("Вялікае мастацтва артылерыі") у лацінскай мове ў 1650-м годзе ў Амстэрдаме, у французкай мове ў Парыжы ў 1651-м г., у нямецкай мове ў Франкфурце ў 1676-м г., у Лёндане ў ангельскай мове ў 1729-м годзе. Дарэчы, лацінскае, нямецкае й ангельскае выданьні кнігі К. Семяновіча ёсьць у Нью Еркаўскай Публічнай Бібліятэцы. У Заходняй Эўропе друкаваў свае кнігі й Галіяш Капіевіч-Капіеўскі.
Згаданыя ды іншыя друкі належаць да старога беларускага кнігадруку. Але ведама, што й новы беларускі друк пачаўся не ў Беларусі, а навонках яе.
Аляксандр Рыпінскі пачаў друкаваць свае творы ў Парыжы (1840-м г.). Верш Паўлюка Багрыма "Заграй, заграй, хлопча малы" быў выдрукаваны ў Лёндане ў 1854-м годзе. "Гутарка старога дзеда" зьявілася ў Парыжы ў 1862-м годзе, а крыху пазьней, на пачатку 20-га стагодзьдзя ў Лёндане пачалі друкавацца першыя палітычныя ўлёткі ў беларускай мове. Па-за Беларусьсю пачаў друкаваць свае творы й Франьцішак Багушэвіч. Нью Еркаўская Публічная Бібліятэка мае Багушэвічаў "Смык беларускі" (Poznan, 1894) а таксама ўлёткі, якія друкаваліся ў Лёндане. Раньнія беларускія выданьні выходзілі таксама ў Цюрыху, Жэневе, Львове, Кракаве, Пазнані ды Пецярбургу.
Гэткім чынам можна сьцьвердзіць, што й новы беларускі друк пачаўся па-за Беларусьсю і ніколі не прыпыняўся. Наадварот, ад першай чвэрці 20-га стагодзьдзя беларускае кнігадрукаваньне і часапісапісьменства з Заходняе Эўропы пашырылася на амэрыканскі кантынэнт, а з паловы таго-ж стагодзьдзя й на аўстралійскі.
Укладальнікі бібліяграфіі ставілі за мэту зарэгістраваць новы беларускі друк па-за Беларусьсю, які існуе вось ужо па-над 150 гадоў і дагэтуль не сыстэматызаваўся.

ПАПЯРЭДНІКІ
Спробы рэгістрацыі беларускага друку па-за межамі Беларусі аднак рабіліся. Гэтак у Менску ад 1925-м году Летапіс беларускага друку пачаў улічваць некаторыя беларускія выданьні па-за БССР. Але ўлік друку дыяспары спыніўся ў 1930-х гадох. Нью Еркаўская Публічная Бібліятэка мае поўны камплект Летапісу.
Наступная спроба ўліку беларускае эмігранцкае перыёдыкі была ў Вільні. У 1949-м годзе вельмі малым накладам была выдадзеная "Библиография белорусских периодических изданий 1861-1944" ведамага бібліёграфа Владаса Абрамавічюса. У гэтай бібліяграфіі, укладзенай па месцу выданьня, улучаная і перыёдыка, друкаваная ў Бэрліне, Нью Ерку, Парыжы, Празе й Чыкага.
У 1953-м годзе Мюнхэнскім Інстытутам па вывучэньню гісторыі й культуры СССР быў выдадзены паказьнік перыядычных выданьняў эміграцыі за гады 1919-1952. У разьдзеле "Бібліяграфія эміграцыйнай перыёдыкі на беларускай мове" было зарэгістравана 84 назовы.
Замежны друк спарадычна ўлічваўся ў беларускіх эмігранцкіх газэтах ды часопісах. Газэта "Бацькаўшчына" рабіла часам на сваіх бачынах агляд друку. Дарэчы тут зазначыць і некаторыя недакладнасьці й памылкі, якія траплялі ў друк. Прыкладам, у нумары 21-22 (152-153) "Бацькаўшчыны" за 31-га траўня 1953-га году паведамлялася, што выйдуць наступныя кнігі: "Зборнік Узвышэнскае прозы, Зборнік Узвышэнскае паэзіі, кніга Т. Грыба" аднак кнігі гэтыя ніколі ня былі выдрукаваныя. У дадзенай бібліяграфіі зазначаныя і іншыя недакладнасьці, якія мелі месца ў эміграцыйным друку.
Парыскі часапіс "Моладзь" у нумары 18 за 1950-ы год зрабіў добры рэгістр беларускай перыёдыкі, што выходзіла ў гадох 1945-50 (72 назвы). У пачатку 1970-х гадоў Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва пачаў сыстэматычны ўлік выданьняў дыяспары й выдаваў каталёгі публікацыяў даступных праз Інстытут.
На эміграцыі былі й іншыя бібліяграфіі. Прыкладам, Сьпісы выданьняў Грамадаўцаў (Народным Шляхам, № 2, жнівень 1952 г); Сьпіс беларускіх кружэлак выдадзены ЗБМА ў 1962-м г.; Кароткія бібліяграфіі беларускіх публікацыяў у Канадзе, прыгатаваныя А. Грыцуком у пачатку 1970-х гадоў. Рабіліся спробы ўлічыць рукапісныя выданьні, скаўцкі друк, студэнцкі друк і г. д.
Больш грунтоўнымі й сыстэматычнымі бібліяграфічнымі ўлікамі былі працы Міколы Панькова. У 1948-м годзе быў падрыхтаваны "Паказчык Беларускіх Выгнанскіх Друкаў травень 1945 - 1-га лістапада 1948" ("Бацькаўшчына", 12 сьнежня 1948 г.). Затым у 1952-м годзе М. Панькоў выдаў у Нью Ерку публікацыю, якую можна назваць першай беларускай бібліяграфіяй дыяспары, - "Паказьнік беларускіх выданьняў на чужыне за 1945-1950 гг.". У 1988-м годзе гэтая бібліяграфія была пашыраная й дапоўненая, аднак з прычыны сьмерці аўтара засталася у рукапісе.

Вітаўт Кіпель на адным са сходаў БАЗА ў фундацыі імя Крэчэўскага

УНІКАЛЬНАЯ КАЛЕКЦЫЯ
У 1999-м годзе Зора і Вітаўт Кіпелі падаравалі Нью Еркаўскай Публічнай Бібліятэцы калекцыю беларускага й беларусаведнага друку - 171 скрынку перыёдыкі й манаграфічных выданьняў: кніжак, адозваў, памфлетаў. Калекцыя "Беларускі й беларусаведны друк на Захадзе" ахоплівае каля 90 адсоткаў усяго, што друкавалася беларускімі арганізацыямі, прыватнымі асобамі, друкарнямі на эміграцыі, пачынаючы ад 19-га стагодзьдзя. Калекцыя ўнікальная, бо адзіная ў сьвеце такой паўнаты й цэльнасьці. Відавочна, дапаўненьні да калекцыі будуць: трэба мець на ўвазе, што на эміграцыі ня было адзінага цэнтру. Але Нью Еркаўская Публічная Бібліятэка становіцца адным з цэнтраў досьледаў беларускага эміграцыйнага друку - побач з Нацыянальнаю Бібліятэкаю ў Менску, Скарынаўскаю ў Лёндане ды Кангрэсоваю ў Вашынгтоне.
Пад тэрмінам "Беларускі й беларусаведны друк на Захадзе" разумелася друкаваная прадукцыя, якая стваралася беларусамі, беларускімі арганізацыямі, цэрквамі, установамі ў беларускай і небеларускіх мовах (ангельскай, нямецкай, французкай і інш.). У паняцьце "Беларускі й беларусаведны друк на Захадзе" ўлучыліся гэтак сама друкі-кнігі, улёткі, падручнікі, што ствараліся-друкаваліся небеларускімі ўстановамі, арганізацыямі, асобамі небеларускага паходжаньння, але якія маюць значэньне для беларускай культуры - прыкладам, лісты-дэкрэты-пасланьні Папы Рымскага ці Канстантынопальскага Патрыярха, дзяржаўныя друкі Кангрэсу ЗША ці Міжнароднае Лігі Правоў Чалавека, якія тычацца Беларусі.
Улучаныя ў Бібліяграфію таксама працы аўтараў-беларусаў на тэмы небеларускія, але ў тых працах выказаныя беларускія пагляды. Зарэгістраваныя таксама і працы аўтараў-беларусаў перакладзеныя ў заходнія мовы, а гэтаксама падручнікі выдрукаваныя ў Бэрліне па замове з БССР. Такасама ўлучаныя ў Бібліяграфію перавыданьні эмігранцкіх аўтараў на Бацькаўшчыне. Улічаныя й некаторыя друкі Місіі БССР у ААН ды прадстаўніцтва БССР у ЮНЭСКА ў Парыжы, якія ня былі зарэгістраваныя Летапісам Друку БССР.
Агульна кажучы, укладальнікі Бібліяграфіі, карыстаючыся дасьведчаньнем трыццацігадовае працы ў Нью Еркаўскай Публічнай Бібліятэцы, імкнуліся зарэгістраваць як мага болей беларусаведнага друкаванага матар'ялу, які амаль ніякімі бібліяграфіямі ня ўлічваўся.

Геаграфічныя і храналягічныя рамкі
Ахопленыя Бібліяграфіяй беларускія друкі Заходняй Эўропы (на захад ад Польшчы), Паўночнай і Паўднёвай Амэрыкаў і Аўстраліі, а менавіта, Англія, Бэльгія, Гішпанія, Данія, Італія, Нарвэгія, Нямеччына, Фінляндыя, Люксэмбург, Францыя, Чэхія, Швайцарыя, Швэцыя, Югаславія, Мадзяршчына, Канада, Мэксыка, Аргентына, Бразілія, Аўстралія. Краіны былога СССР не ўлучаліся за выняткам аднае беларусаведнае кнігі, выдадзенае ў Владзівастоку (Расея), і некалькі кніжак з Польшчы.
Зарэгістраваныя друкі ад першай паловы 19-га стагодзьдзя да 2000-га году ўлучна.

Кніга І-ая Пэрыядычныя выданьні
У гэтай частцы Бібліяграфіі ўлучаныя беларускамоўныя часапісы, газэты, бюлетэні, абежнікі, цыркуляры друкаваныя беларускімі арганізацыямі, выдавецтвамі, асобамі. Таксама зарэгістраваныя іншамоўныя перыядычныя друкі, якія выдаваліся-рэдагаваліся беларусамі, а гэтаксама іншамоўныя друкі, у якіх беларускія арганізацыі былі сувыдаўцамі.
Усяго зарэгістравана 414 перыядычных выданьняў, якія па зьместу можна падзяліць на колькі катэгорыяў: грамадзка-палітычныя; літаратурна-грамадзкія; рэлігійныя; арганізацыйныя (бюлетэні, абежнікі, камунікаты); часапісы студэнтаў, моладзі, скаўтаў; вэтэранскія й вайсковыя; навукова-прафэсыйныя; гумар і сатыра.
Перыёдыка разьмешчаная альфабэтычна паводля назову, са спасылкамі да арганізацыяў-выдаўцоў.
Напрыканцы І-й кнігі пададзены Слоўнік скаротаў ужываных у беларускім эміграцыйным друку.

Кніга ІІ-ая. Манаграфічныя друкі
У манаграфічнай частцы Бібліяграфіі друкі разьмешчаныя храналягічна. У межах аднаго году разьмяшчэньне падаецца ў альфабэтычным парадку, спачатку кірылічным, затым лацінскім.
Улучаныя кнігі, брашуры; адбіткі разьдзелаў кнігаў (найчасьцей у асобных пераплётах); адбіткі брашурна-манаграфічнага профілю з часапісаў; дысэртацыі, манаграфіі з сэрыйных выданьняў; аднаразовыя камунікаты (улучна з прэсавымі); ўлёткі, адозвы, каталёгі, дакумэнты (пашпарты, пасьведчаньні); статуты, праграмы партыяў; канцэртныя праграмкі (калі была інфармацыя пра Беларусь); мапы; плякаты; паштоўкі - агулам каля 4500 пазыцыяў.
Сэрыйныя выданьні. Беларускі друк дыяспары налічвае дзесяткі сэрыяў, некаторыя нумараваныя, некаторыя без нумароў. У Бібліяграфіі сэрыйныя выданьні, пераважна кнігі, рэгістраваліся паасобна з пазначэньнем сэрыяў.
Буйнейшыя з сэрыяў гэткія: Замежная Беларусь (Прага, 1926); Народная Бібліятэка/Бібліятэчка (Бэрлін,1943-45); Бібліятэка Каліноўцаў (Бэрлін, 1944). Бібліятэка Сучаснасьці; Скаўцкая Бібліятэка; Бібліятэка Беларускіх Гаспадарнікаў на Чужыне; Беларуская Рэлігійная Бібліятэчка - сэрыі гэтыя друкаваліся ў розныя гады ад 1945-га да 1949-га ў Заходняй Нямеччыне. Бібліятэка Беларускага Вызвольнага Фронту (Аўстралія, другая палова 1950-ых гадоў); Бібліятэка Беларускай Думкі (ЗША, 1960-ыя гады); Выбраныя Дыялёгі (ЗША, 1970-1980-ыя гады) і інш. Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва запачаткаваў некалькі сэрыяў, якія прадаўжаюцца: Беларускія Паэты й Пісьменьнікі на Эміграцыі (выйшла 11 кнігаў), Бібліяграфічная Сэрыя (5 кнігаў у 6 тамах), сэрыя Да Гісторыі Эміграцыі (2 кнігі).
Календары. Ва ўспамінах зазначаецца, што беларускія студэнты ў Празе мелі свой нацыянальны рукапісны каляндар, аднак укладальнікам гэтае Бібліяграфіі таго календара расшукаць не ўдалося. Спрабаваў укласьці беларускі нацыянальны каляндар Язэп Варонка ў Чыкага, але мэты не асягнуў, а затрымаўся на "Рускім народным календары" (1928-ы год), хоць і дадаў календару беларускія элемэнты. Беларускія календары-кнігі на эміграцыі рэгулярна пачалі выдавацца ў Аргентыне ў 1940-м годзе.
Па Другой Сусьветнай вайне календары выдавалі беларускія арганізацыі, мастацкія супалкі, газэты, прадпрыймальнікі. Найболей календароў выдавалі царкоўныя структуры: прыходы, епархіі, брацтвы, сястрыцтвы. Як звычай у беларускіх календарох падаваліся нацыянальныя сьвяты, рэлігійныя (праваслаўныя й каталіцкія), тэлефоны беларускіх арганізацыяў, а часам і інфармацыя пра Беларусь.
Каталёгі. Улічваліся каталёгі выставаў, паасобных мастакоў, кніжна-бібліятэчнае дзейнасьці, гандлёвых прадпрыемстваў і г. д. Укладальнікі імкнуліся зарэгістраваць у меру магчымасьці ўсё, што зьяўлялася, бо гэты від друкаванае прадукцыі параўнаўча новы для дыяспары.
Дысэртацыі. Рабіліся намаганьні ахапіць беларусаведныя дысэртацыі магістарскага (кандыдацкага) й доктарскага ўзроўняў. Да месца тут будзе зазначыць, што ў бібліяграфію траплялі й студэнцкія й вучнёўскія артыкулы-сэмінары, калі такія распаўсюджваліся сярод грамадзтва.
Паштоўкі. Беларускія паштоўкі на эміграцыі пачалі друкавацца ды распаўсюджвацца ад пачатку 1920-ых гадоў, найбольш коламі БНР, а пазьней добры пачын перанялі мастакі, розныя выдавецтвы, арганізацыі, найчасьцей моладзі. Паштоўкі друкаваліся вялікімі накладамі. Прыкладам, арганізацыя моладзі ў Кліўлендзе ў гадох 1950-60-ых выдала каля 50 відаў паштовак агульным накладам каля 40 тысячаў. Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва паштоўку прысьвечаную 100-ым угодкам Максіма Багдановіча выдаў накладам 3 тысячы. Паштоўка Памятнага Крыжа ў Канадзе была аддрукаваная накладам 5 тысячаў; угодкавая паштоўка БНР, 1918-1988, накладам 3 тысячы. Найбольшы-ж бадай наклад беларускай паштоўкі быў у 1919-м годзе, выдадзенай БНР лікам 10 тысячаў асобнікаў. У Бібліяграфіі была спроба зарэгістраваць першыя выданьні паштовак, а перадрукі маглі быць і ня ўлічаныя.
Паштовыя-непаштовыя маркі. Бібліяграфія імкнулася зарэгістраваць усе беларускія паштовыя маркі выдадзеныя па-за Беларусьсю. Часам маркі гэтыя наклейваныя на канвэрты гасіліся паштовымі ведамствамі. У перыяд паштовага страйку у Ангельшчыне ў 1971-м годзе беларускія маркі нават прызнаваліся ангельскім паштовым ведамствам ("Беларус" , № 167, 1971).
Канвэрты. Від гэтае прадукцыі таксама шырака распаўсюджаны на эміграцыі. У Бібліяграфіі ўлічаныя канвэрты, прысьвечаныя беларускім гістарычным гадавінам, выдатным беларускім падзеям, рэлігійным угодкам, юбілеям пісьменьнікаў.
Іншыя друкі. Улічана Бібліяграфіяй шмат рэлігійных друкаў, лісткі з малітвамі, нотныя лісткі, іконкі; наклейкі з нацыянальнымі сымбалямі; квіткі; рэклямныя ўлёткі; падстаўкі пад келіхі; плякаты; пахавальныя карткі-нэкралёгі ды іншае.
Укладальнікі - сучасьнікі-удзельнікі пары найбольшага разьвіцьця друку на эміграцыі, а гэта гады 1940-ыя да гадоў 1990х - імкнуліся зарэгістраваць усё, што ўважалі істотным як для беларускага руху, культуры, гэтак і зь бібліяграфічнага гледзішча. У значнай меры друк эміграцыі - выяўленьне нацыянальнае думкі, дзяржаўніцкіх інтарэсаў, свабоды. Эміграцыйны друк - гэта мікракосмас беларускага дзяржаўніка, незалежніка, прадпрыемцы ў вялікім рэчышчы штодзённага жыцьця вольнага чалавецтва. Беларускі друк на эміграцыі гэта адначасна і частка Беларусі, якую эміграцыя прадстаўляла і якою ганарылася праз даўгія гады ў сужыцьці зь іншымі дзяржавамі й народамі. Гэткім чынам, з мэтаю, каб не загінула тое, што рабілася і аб чым укладальнікі ведалі, паўстала думка апрацаваць гэтую Бібліяграфію.
Адначасна з гэтаю-жа мэтаю пачалося расьпісваньне-індэксаваньне некаторых перыядычных выданьняў, насамперш газэтаў "Бацькаўшчына" й "Беларус". На сёньня расьпісваньне скончанае, ідзе апрацоўка матар'ялу й неўзабаве трэба чакаць на яшчэ адную важную бібліяграфію.

Зора Кіпель на працы ў Нью Ёркскай Публічнай Бібліатэцы.

КАЛЕКЦЫЯ БЕЛАРУСКАГА ДРУКУ НА ЗАХАДЗЕ
Акрамя ўкладаньня бібліяграфіі вялося сыстэматычнае зьбіраньне ўсіх выданьняў дыяспары. Сабраная калекцыя ўключае амаль 90% усяго ўлічанага ў Бібліяграфіі. Выданьні, якіх няма ў калекцыі, пазначаныя ў Бібліяграфіі зорачкай (*) ды па-магчымасьці пададзеная крыніца, адкуль інфармацыя пра дадзеныя пазыцыі ўзятая. Калекцыя закаталягаваная пад кодамі: *QM 99-5211 і *QM 99-5212, а гэтая Бібліяграфія зьяўляецца, ў пэўнай меры, каталёгам да калекцыі, якой ужо цяпер могуць карыстацца дасьледчыкі. Чатыры копіі Бібліяграфіі, закаталягаваныя пад кодам *R-Slav. Div. 75-106, далучаныя да галоўнага каталёгу Славяна-Балцкага аддзелу Нью Еркаўскай Публічнай Бібліятэкі. У будучыні мяркуецца мікрафільмаваньне калекцыі з мэтаю ейнага перахаваньня ды распаўсюджваньня.
Натуральна, калі дэмакратыя вернецца ў Беларусь, мікрафільмы калекцыі будуць перададзеныя ў шматлікія беларускія бібліятэкі, бо бясспрэчна: калекцыя эміграцыйнага друку - частка беларускае культуры й мусіць быць даступнаю на Бацькаўшчыне. А тым часам Нью Еркаўская калекцыя Зоры й Вітаўта Кіпеляў - адзінае месца для ўсеабдымнага й поўнага вывучэньня беларускае эміграцыі.
Напрыканцы неабходна згадаць імёны тых, хто бескарысьліва дапамагаў ў зьбіраньні матар'ялаў для гэтае Бібліяграфіі: сьв. п. Мітрапаліт Мікалай, а. Александар Надсон і ягоны супрацоўнік Юрась Лаўрык, Людміла Рабок; спадары Янка Запруднік, Віталь Кажан, Алесь Міцкевіч, Антон Шукелойць, Сяргей Шупа, Браніслаў Даніловіч, сьв. п. Антон Даніловіч, Васіль Мельяновіч, Міхась Белямук, Мікола Латушкін, Міхась Наумовіч, Лявон Шыманец, Юры Туронак, Міхась Сенька, сьв. п. Нікодым Жызьнеўскі; спадарства Міхась і Валянціна Пашкевіч, Вера і Вітаўт Рамукі, Лёля й сьв. п. Янка Міхалюкі, Івонка й сьв. п. Янка Сурвіллы; спадарыня Вольга Грыцук і спадарыні Ірэна Пануцэвіч і сьв. п. Людвіка Бяленіс. Дзякуй ім усім! Але найперш - дзякуй зьбіральнікам-захавальнікам калекцыі, укладальнікам-стваральнікам Бібліяграфіі. На іх і падобным да іх трымалася й трымацца будзе беларуская культура.
Лявон ЮРЭВІЧ