БЕЛАРУСЫ Ў БЭЛЬГІІ АКТЫВІЗУЮЦЦА
У Антвэрпане ў Бэльгіі 1-га чэрвеня адбылося першае набажэнства ў новым беларускім прыходзе Ўваскрашэньня Хрыстовага грэка-каталіцкае царквы, якое адслужыў а. Ян Майсейчык у памешканьні мясцовае бэльгійскае царквы Heiligeharikerk. З Лёндану прыехаў Апостальскі Візытатар для беларусаў грэка-каталікоў замежжа а. Аляксандар Надсон, дзякуючы дапамозе якога змагла адкрыцца гэтая місія ў Бэльгіі. Хор пакуль яшчэ ня створаны, таму сьпявалі студэнтка Лювэнскага Каталіцкага ўнівэрсытэта Юля Бадзей, доктар багаслоў'я Ірына Дубянецкая, якая таксама прыехала зь Лювэна і сп. Янка Жучка. У набажэнстве прынялі ўдзел каля 60 чалавек пераважна нядаўніх эмігрантаў зь Беларусі. Прысутнічалі таксама некалькі беларусаў пасьляваеннае хвалі эміграцыі. Шмат хто прыйшоў зь дзеткамі. Усё прайшло вельмі ўрачыста і прыгожа. Наступнае набажэнства павінна было адбыцца праз два тыдні.
З маладых эмігрантаў прысутнічалі сп. Ігар Лазарчук, кіраўнік Беларускага Цэнтру ў Бэльгіі, ягоная намесьніца спн. Галіна Матшына, а таксама чальцы нядаўна зарэгістраванага ў Бэльгіі Беларуска-Эўрапейскага Задзіночаньня сп. Зьміцер Піменаў і ягоны намесьнік Вадзім Кабанчук. Прысутнічалі таксама госьці зь некаторых іншых эўрапейскіх краінаў.
Можна з упэўненасьцю сказаць, што беларуская грамадзкая актыўнасьць у Бэльгіі набірае моц ня гледзячы на некаторыя перашкоды.
Жадаючыя далучыцца да дзейнасьці беларускіх арганізацыяў у Бэльгіі могуць зьвяртацца ў Беларускую Місію па тэлефону O498-83-45-57 (код Бэльгіі 0032) альбо ў Беларускі Цэнтар тэл. 0497-11-74-69 ці 0495-61-25-31, адрас электроннай пошты Беларуска-Эўрапейскага Згуртаваньня: bez_bielarusy@hotmail.com.
Мікалай РАМАНАЎ