Дэманстрацыя ў Брэгенцы (Аўстрыя)
Ідэя правесьці дэманстрацыю ў горадзе Брэгенц у Аўстрыі, каб зьвярнуць увагу эўрапейскай супольнасьці на жахлівае становішча ў Беларусі, дзе правіць дыктатарскі рэжым маскоўскага паслугача Лукашэнкі, была мая. Арганізацыяй займаўся таксама я, а дапамагалі мне актывісты некаторых аўстрыйскіх партыяў, найбольш "Зялёныя". І дапамога гэтая была вельмі значнаю: яны дамовіліся зь мясцовымі ўладамі, запрасілі журналістаў, пашылі беларускія нацыянальныя сьцягі, далі матар'ялы, каб намаляваць плякаты, надрукавалі запрашэньні й улёткі.
За месяц да дэманстрацыі я разаслаў праз электронную пошту запрашэньні ўсім беларусам, якія жывуць у Аўстрыі й суседніх краінах. Адрасы ўзяў на старонцы www.knihi.com . За тыдзень да акцыі разаслаў яшчэ 2500 запрашэньняў аўстрыйцам, на падтрымку якіх таксама разьлічваў.
Цікавая зьява, беларусы, якія напачатку падтрымалі ідэю правядзеньня дэманстрацыі, не дапамаглі нічым. Тыя, хто паабяцалі прыйсьці маляваць плякаты, раздаваць улёткі, падтрымаць акцыю сваім удзелам, усе яны потым адмовіліся, спасылаючыся хто на хваробу, хто на занятасьць, а хто і на запалоханасьць беларускімі ўладамі. Дапамагла мне толькі адная дзяўчына-беларуска Ліана Бур-ва, якая жыве ў Вене. Яна зрабілі пераклад лёзунгаў на ангельскую і нямецкую мовы. Вялікі ёй дзякуй!
Калі пачалася акцыя, прыехалі карэспандэнты з тэлеканалу ORF і аўстрыйскага прэсагенцтва. У тэленавінах быў кароценькі рэпартаж, 2-3 хвіліны, паказалі аднаго хлопца дэманстранта.
Калі я ў суправаджэньні паліцыянтаў ішоў па вуліцах раздаваць улёткі, да мяне далучылася група маладзёнаў з партыі "Зялёных". Яны былі са мною да канца акцыі. За гэта я ім шчыра ўдзячны.
А так званыя палітуцекачы зь Беларусі спазьніліся на тры гадзіны й прыйшлі не на пляц, дзе я стаяў з маладымі аўстрыйцамі, а ў пакойчык, дзе я жыву, калі я ўжо вярнуўся.
Вось так прайшла гэтая дэманстрацыя. Я лічу гэта толькі пачаткам. Зь сябрамі, якія жывуць у Вене, а іх там ужо нямала, мы плянуем правесьці акцыі ля беларускай амбасады й прадстаўніцтваў розных міжнародных арганізацыяў.
Хочацца яшчэ раз падзякаваць актывістам аўстрыйскіх партыяў, якія мне дапамагалі. Чаму на дэманстрацыю не прыйшлі простыя аўстрыйцы, якім я разсылаў запрошэньні? Напэўна таму, што вельмі мала ведаюць пра Беларусь і становішча там. Каб ведалі хоць палову таго, што там робіцца, то, упэўнены, яны не засталіся-б убаку.
Андрусь КЛЕН

На здымках: арганізатар акцыі з аўстрыйскімі сябрамі на вуліцы гораду Брэгенцу.