"Бізнэс" на бязграматнасьці й жабрацтве
Адзін прадпрымальнік адчыняе ўласную краму, другі - цырульню, трэці - сваю газэту, чацьвёрты... круціцца, верціцца, здабывае хлеб надзённы, а дзяржава, не абцяжарваючы сябе ні новымі ідэямі, ні патрэбнымі высілкамі, садзейнічае далейшаму абнішчаньню людзей і робіць "бізнэс" на іх бязграматнасьці й жабрацтве. У любой цывілізаванай краіне такога "бізнэсмэна" прыцягнулі-б да крымінальнай адказнасьці. Але гэта ў цывілізаванай. Нажаль, Беларусь ня мае нічога агульнага з цывілізацыяй, дзякуючы "асабліваму шляху разьвіцьця".
Каб даказаць вышэй прыведзены тэзіс, паглядзім, што адбываецца ў сфэры адукацыі, аказаньня паслугаў насельніцтву і сацыяльнай сфэры. Адукацыйныя праграмы зараз распрацаваныя так, што яны займаюцца дэскрэдытацыяй аднаго школьніка ў вачох другога. Як адчувае сябе той самы троечнік перад выдатнікам, думаю, зразумела: як тавар айчыннай вытворчасьці перад таварам "мэйд ін..." - яму сорамна за свой нізкі гатунак. Комплекс непаўнавартаснасьці перажывае большасьць школьнікаў, якім не "па зубах" новыя патрабаваньні. А яны зараз такія, што былыя выпускнікі інстытутаў не заўсёды справяцца з школьнымі заданьнямі. Атрымоўваецца, што троечнікі, лічыце, будучая рабочая сіла, адсейваюцца, а выдатнікі, якім адкрытыя дарогі, і якіх ня так ужо і шмат, пасьля заканчэньня ВНУ вымушаныя выбіраць: альбо кланяцца дзяржаве, працаваць на яе і "закрываць амбразуры", ратуючы яе імідж, альбо быць незалежным жабраком на радзіме ці шчасьлівым чалавекам за мяжою. Адныя зьяжджаюць з краіны, другія, свае для дзяржавы, застаюцца на яе службе. Ну а рабочую сілу, у асноўнай масе неадукаваную ні сацыяльна, ні юрыдычна, ні палітычна, можна эксплуюатаваць, як хочацца і мець немалыя барышы, што і робіцца.
Амаль кожная паперка, патрэбная для нейкага афармленьня, у нас зараз платная, а аформіць яе многія няздольныя, бо ня ведаюць як, ведаў не хапае. І тут для паслугаў грамадзянаў дзяржаўныя канторы, кансультанты, якія зробяць усё, але зьдзяруць, не спытаўшы, ці гэта ваш тыднёвы заробак, ці месячная пэнсія. Подобныя паслугі ёсьць і ў іншых краінах, але там і заробкі й сацыяльныя выплаты ні ў якое параўнаньне зь беларускімі не ідуць. Садраны з замежжа вопыт паўсюдных платных паслугаў пры нізкай сацыяльнай абароненасьці грамадзянаў выглядае зьдзекам. На самой справе дзяржава мэтанакіравана праводзіць палітыку пашырэньня цемрашальства і неадукаванасьці грамадзянаў, а затым за кошт бязграматных людзей папаўняе свой бюджэт. Як ведама, людзі, што не валодаюць інфармацыяй, ня маюць дастатковых ведаў, баязьлівыя, сацыяльна і палітычна неактыўныя, а таму памыкаць імі вельмі лёгка і проста.
Апошнім часам газэты Беларусі шмат пішуць пра крэдыты, якія даюць насельніцтву банкі пад працэнты. Раней іх бралі на будаўніцтва, набыцьцё мэблі, буйнагабарытных тавараў. Зараз, калі жыцьцё ў краіне з вуснаў кіраўніка "шчасьлівае да немагчымасьці", гэтыя "шчасьлівыя" грамадзяне ўжо ня могуць без крэдытаў ні вучыцца на платным аддзяленьні, ні пабудаваць гараж, ні зрабіць рамонт у кватэры, ні ўставіць зубы, ні набыць патрэбныя лекі. Усё пералічанае для людзей, але яно ляжыць мёртвым грузам на складах ды плесьнее, бо ў "шчасьлівых" грамадзянаў няма грошай. Каб неяк выйсьці з сытуацыі, пачынаюць даваць крэдыты. Здавалася-б добра. Але працэнты па тых крэдытах даходзяць да 30, 40, 50 і нават больш. Дзяржава робіць бізнэс на жабрацтве людзей. Яна сьпекулюе людзкім безграшоўем і нажываецца на элементарным чалавечым жаданьні жыць.
Мала хто задумваецца, чаму ў "шчасьлівай" краіне Лукашэнкі працуючы чалавек ня здольны купіць сабе лекі, уставіць зубы, набыць лядоўку ці пыласос без крэдыту дзяржавы. За мяжою ў працуючага чалавека такіх праблемаў не было і няма. У нас-жа падобная абдзіралаўка выстаўляецца як клопат пра чалавека. Усемагчымыя прагназісты, палітолягі, журналісты робяць рознага кшталту прагнозы пра будучыню Беларусі, разгортваюць перад чытачом свае сцэнары й меркаваньні. Ва ўсялякім разе, гэта не журналісцкая справа. Журналісты павінны ўмець чытаць сярод радкоў і дакладна паведамляць факты таго, што адбываецца, што робіцца зараз. Ведаючы сапраўдны стан рэчаў, людзі, магчыма, задумаюцца, што трэба рабіць, каб падобных фактаў абдзіраньня і спэкуляцыі на жабрацтве не было. І тады ня трэба будзе прагнозаў і сцэнараў. Іх напішуць самыя людзі сваім выбарам.
Ну а пакуль беларусы, што бамжы на сьметніку часу: бяз мовы, без інфармацыі, без заробкаў, без упэўненасьці ў дзень заўтрашні. Дзякуючы гэтаму дзяржава, у асобах яе кіраўнікоў і падхалімаў, адчувае сябе непагрэшнай і непераможнай, фінансава моцнай і да безсумленнасьці прадпрымальніцкай.
Галіна СУТУЛА
г. Глыбокае