Ў ПАРЛЯМЭНЦЕ БРЫТАНІІ

СТАРШЫНЯ РАДЫ БНР ПАПЯРЭДЖВАЕ БРЫТАНСКІХ ПАЛІТЫКАЎ
НЕ РАЗЬЛІЧВАЦЬ НА ДАПАМОГУ РАСЕІ Ў ДАЧЫНЕНЬНІ ДА БЕЛАРУСІ

У сваім выступленьні падчас прыняцьця ў брытанскім парлямэнце, зарганізаванаым групаю дэпутатаў British Belarus all Party Parliamentary Group у супрацоўніцтве з Англа-Беларускім Таварыствам і Згуртаваньнем Беларусаў Вялікабрытаніі, Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла падзякавала брытанскім дэпутатам за ўсё, што яны робяць, каб дапамагчы Беларусі стацца незалежнай эўрапейскай дэмакратыяй, аб якой мы ўсе марым. Сп-ня Сурвілла выказала шкадаваньне, што Беларусь ня мела такіх сяброў у 1918-м годзе ў Вэрсалі, сказаўшы, што "калі-б яны былі, то ў гэты момант мы рабілі-б захады, як і нашыя балтыйскія суседзі, каб увайсьці ў Эўразьвяз. Заміж гэтага наш прыгожы край ізаляваны, а народ прыгнечаны, і Беларусі пагражае паважная небясьпека зноў страціць сваю незалежнасьць".
"Прыемна чуць, што Вы сабе ўсьведамляеце, што цяперашні рэжым у Менску не рэпрэзэнтуе сабою беларускі народ. "Інтэграцыйныя ігры" з Масквою прывялі да недапушчальнае заявы Пуціна летам 2002-га году пра магчымасьць анэксыі Беларусі Расейскай Фэдэрацыяй. Ня гэтага хоча наш народ. Гэта ні ў якім выпадку ня можа быць выбарам для Беларусі" - сказала Старшыня Рады БНР.
У адказ на спадзяваньні, выказаныя некаторымі брытанскімі дэпутатамі, што супольна з Расеяй яны ўсё-ж забясьпечаць правы чалавека і дэмакратыю для Беларусі, сп-ня Сурвілла парадзіла ім не спадзявацца на дапамогу Расеі. "Расея заўсёды працавала толькі для свае ўласнае карысьці, і гэтым разам будзе рабіць таксама толькі тое, што будзе адказваць ейным інтарэсам."

ЛМ